Млын на Сініх Вірах
Шрифт:
Тэкля. Жоравы лятуць, Апанас. Смешна гэта, а я б таксама з імі паляцела. Што мяне трымае? Цяжка мне. А яны сабе палятуць далёка-далёка, аж за мора сіняе. Я памятаю, дзяўчынкаю ляжаш на мяжы, палынок, бадзякі ў траве, павуцінкі плывуць. I ўсё такое чыстае, і жоравы крычаць. Замахала б рукамі, узляцела, прыстроілася ў хвост іхняму кліну. Нельга.
Жаўрук. Надта ўжо цяжка. Месяц як шукаюць партызан – не вытанцоўваецца. Злыя, як асеннія мухі. Твой гэты маёр хаця нічога?
Тэкля. Скнара! Цукар на пальцах пералічвае. Учора котка, калі я за дровамі пайшла, сцягнула каўбасу. Бягу з дровамі – аж мне гэта
Жаўрук. Іначай не магу. Ты ж ведаеш, як было, каб ім у пекле патэльні падмазвалі, з гэтым Мацкевічам. Калісьці я і ён заляцаліся да маёй жонкі будучай. Тая мяне выбрала. Паскудзіў ён мне як мог. Біліся два разы на год абавязкова. Дваццаць пяць год прайшло, сам ён жанацік, дзеці вялікія, думаеш, ён мне дараваў, харцызяка? Прызначылі яго месяц таму старастам. Здаецца, ніхто на яго пакуль што не скардзіцца, адзін я толькі. Дня не праходзіць, каб не прычапіўся да якога-небудзь глупства і немцам не данёс. А ў тых справа кароткая – адшмагаць палкамі, і скардзіся пасля нямецкаму богу. Білі, праўда, шануючы, гады, не знімалі світкі, дык я пад яе на тое месца, на якім нават цар сядзіць, кажушаную латку нашыў. Дапамагло пару раз. Дык што ж ты думаеш, на трэці дзень, падлюкі, знялі не толькі світку, але і нагавіцы, і тады, вядома, латка не дапамагла. Ведаеш, Тэкля, я добры чалавек, але да таго мяне зацкавалі – дай час, прыйдуць нашы. Вазьму стрэльбу, зайду да яго ў хату, скажу “маліся” – і, хаця б жонка маліла за яго на каленях, трахну яму ў лоб. Так і ўяўляю: сядзіць ён, капусту жарэ, а я яму ў лоб. Каб мазгі ў міску паплылі. Жыццём дзяцей бажуся, так і зраблю, дальбог. Раз’юшыўся, азвярэў народ.
Паўза.
А ты ўсё варыш, нябога?
Тэкля. А што ж мне рабіць? На ражон лезці? Сёння ў іх гулянка нейкая будзе. Вось і гатую. Кохвей ім на спіртоўцы іхняй вары, суп вары, як той каралеўне, што жадала пірагоў з жабамі, рысавы, з сухімі слівамі, лыжкай не правернеш. Наша сумленная груца, па-іхняму, ежа для свіней ды для нас. Але я, Апанас, на ражон не палезу з-за таго толькі, што яны ядуць, як свінні. Я вялікага дабра ад савецкай улады не бачыла, арыштаваць хацелі за гэтыя вось травы. Я памерці па-людску жадаю, а не на шворцы, як сабака які, даруй мне божа.
Жаўрук (устае). Злая ты баба, Тэкля... Ты вось пра арышт памятаеш, а пра тое, што дачка твая з дзярма, з хлопства, у ваяводы папала, на доктара вывучылася – дык гэта не, не памятаеш.
Тэкля. А ты мяне не вучы. Мне не многа ласкавых слоў за жыццё перапала, дык і я, таксама захачу – бурчаць стану, захачу – лаяцца буду.
Жаўрук. Я б на тваім месцы, Тэкля, не так рабіў, але што ж, твая справа.
Жаўрук пайшоў, Тэкля ўвіхаецца ля печкі, бурчыць. Праз некаторы час заходзяць Штаркенфауст, Вольфганг Ламсдорф, Фердынанд Эверт, яшчэ два драбнейшыя афіцэры. Прайшлі ў чыстую палову хаты.
Эверт. Нун, гусь, бяры свае ногі ў ахапак і гатуйся частаваць. Маёра чакаць не будзем. Што гэта ты задумалася? Мо замуж хочаш? За мяне?
Тэкля (ціха). Гусь такому кабану дурному,
Эверт. О-о, дурань матка. Глядзі, пух-пух будзе.
Штаркенфауст. Эверт, хадзі сюды. Няма чаго з ёю размовы весці. А ты, жанчына, рабі свае справы, інакш заробіш на старасці год. Гэта табе не саветы. (Кажа ціха.) Справы дрэнныя, панове. Што зрабілі за гэты месяц? Нічога?
Эверт. Ну, гэта як хто. Я не без прыемнасці правёў час. Жанчыны тут – Венеры Бельведэрскія.
Штаркенфауст. Поспехам асаблівым вы, аднак, не карысталіся. Вы, Эверт, наогул, хвалько. I было б значна лепей, калі б вы займаліся не спадніцамі, а сваімі справамі. I яшчэ я даведаўся: калі малы сын гэтага... Жаўрука залез у вашу банку з варэннем – вы толькі вынеслі яго за вушы з хаты, як самавар.
Эверт. Дурань, бубэ.
Штаркенфауст. Вы спрыялі дрэнным інстынктам гэтага народа. Яны ўсе, як адзін, зладзеі. Трэба было б, на першы раз, адлупіць, а калі паўторыць – стрэліць на месцы, як збрадлівага сабаку.
Ламсдорф (нервова). I наогул, Эверт, вы з вашай лагоднасцю дрэнна скончыце. Справы дрэнныя! Мясцовыя жыхары – шыбенікі! Дзікі край! За гэты час прачасалі ўсю паўночную частку пушчы – ані слядоў, ані намёкаў на гэты млын і на інсургентаў. Ненавіджу! У кожнай хаце па пяць дзяцей і кожны – будучы бандзюк. Калі б знішчыць кожнага чацвёртага – і то б не дапамагло. Што мы, урэшце, будзем рабіць, Штаркенфауст, шляхі невядомыя, паглыбляцца ў пушчу – небяспечна!
Штаркенфауст. Шукаць. I не трэба быць панікёрам, Ламсдорф. Будзем паглыбляцца ў пушчу па рэчках і ручаях...
Ламсдорф. Якія губляюцца ў дрыгве, упадаюць у лясныя азёры, утвараюць з межытокамі сапраўдныя лабірынты! Вы звар’яцелі, Штаркенфауст, не гледзячы на ваш халодны, як нож, розум!
Штаркенфауст. Я, перш за ўсё, не крычу. А вось калі вы будзеце так хвалявацца – месца ў бедламе вам забяспечана.
Ламсдорф. I добра. Лепей бедлам, як гэтыя лясы і ваша суседства. Прыхлопнуць брыгаду нам не ўдасца, хутчэй яны нас прыхлопнуць.
Штаркенфауст. Бацька мой сумленна загінуў за месяц да майго нараджэння, у першую вайну. Дык вось, калі мы іх не знойдзем, я згаджуся загінуць не ад сумленнай кулі, як бацька, а ганебнай смерцю.
Ламсдорф. Як вы не разумееце, рух на чыгунках спыніўся! Дыверсіі. Смерць! Жах! Жыхароў савецкая ўлада сапсавала канчаткова. Нават наш велікапышны дуб, Эверт, разумее, што мы... нічога не можам зрабіць з гэтым народам.
Штаркенфауст. Я не крыўджуся на вас, я добра бачу, гэта ад нерваў. Затое, калі гэта скончыцца, я даб’юся таго, каб не толькі гэтых лясных разбойнікаў павесілі, але і жыхароў навакольных вёсак. Тады я падумаю, што мне адказаць вам, Ламсдорф. Я ўпэўнены, я перажыву апошняга з іх, мала таго, даб’юся, каб гонар знішчыць гэтага, апошняга, належаў мне.
Эверт. А зараз выпіць трэба, панове.
Афіцэры наліваюць. 3 вуліцы ўбягае Трубайла.
Трубайла. Дазвольце, паны афіцэры. Прашу прабачэння. Я, вядома, не адважыўся б, калі б не такі дэцыдуёнцы момант. Але я, нарэшце, успомніў тое, пра што гаварыў пану ІПвальбе.
Штаркенфауст. Гэта пра млын? Кажыце.
Тэкля Каваль прыслухоўваецца.