Млын на Сініх Вірах
Шрифт:
Бабы плачуць.
Лірнік. Кінутых дзяцей шмат ходзіць па нашых дарогах, людзі. Хоць яны нашы, хоць яны яўрэйскія – бярыце іх, выдавайце за сваіх, крэўных. Усе пад богам, усе людзі, А не возьмеце – цяжка вас пакарае сумленне ваша.
Дзюбка. А гэта, Андрэй, прарок. Няхай спявае. Гэта іншы раз мацней за пракламацыю...
На плошчы з’яўляецца Адлерберг з салдатам. Лірніка штурхнулі, ён
Лірнік.
А Дарота, Дарота Лепша перлаў і злота. Як забачыў круль-цыган, Дык Дароту спадабаў і г. д. Вялю дробна шкла набіць I Дароту босу вадзіць.Адлерберг. О, апошні магікан. Сфатаграфуй яго, Ганс. Якую гэта песню ты спяваеш, стары, і калі яе ў вас спяваюць?
Лірнік. Спяваюць яе, калі зваляцца халера альбо чума на нашу краіну.
Адлерберг зразумеў, пайшоў далей, са сцэны. Раптам цераз паркан сігае да Дзюбкі Віктар і шэпча яму нешта на вуха.
Віктар (голасна). Але я не паспеў забіць Трубайлу, я яго не дагнаў, хоць і бег нацянькі. I тут я даведаўся, што ён пайшоў у камендатуру, але там каменданта не было і ён пайшоў сюды, на рынак, шукаць яго. Загінуць нашы! Што рабіць, пан Дзюбка!
Дзюбка. Адлерберга ён тут не адшукае, ён толькі што быў і пайшоў. Але часу марнаваць нельга. Андрэй, ты ведаеш Трубайлу? Ідзі да гестапа і пільнуй яго там. Пабачыш – забі яго ў маю душу. Лёс атрада на яго языку. (Андрэй пайшоў.) А калі з’явіцца тут? Ты пытаешся, што рабіць? Забіць яго тут жа, на вулцы. I зробіш гэта ты.
Віктар (трохі разгубіўся). На вулцы? Але ж гэта тут, на людзях. Уцячы нельга. Гэта не ўначы, у завулку... Гэта верная смерць!
Дзюбка (з яго твару знікла ўсякая лагоднасць, зніклі адметы дабрадушнага дзівака, зараз гэта зусім другі, жорсткі чалавек).А для тых, што ў лесе, гэта не верная смерць, калі гэты ірад раскажа ўсё? Бяры пісталет.
Віктар. Д-добра. Ой, што гэта? Ой!
Ён пачынае схіляцца на траву і ўпаў бы, каб Дзюбка не падхапіў.
Дзюбка. Што з табою, сынок, што?
Віктар. Сэрца!.. Сэрца нешта... Шпарка бег... Сэрца.
Траціць прытомнасць. Дзюбка асцярожна апускае яго на траву пад дрэвам. Між тым на плошчы з’яўляецца Трубайла, падыходзіць да Высакароднага злодзея.
Трубайла. Можа, пан будзе такі ласкавы і скажа мне, ці не бачыў
Высакародны злодзей. Не, я такімі людзьмі не займаюся. Да таго ж, мне здаецца, што там пачынаецца аблава на маіх бліжніх двухногіх. А вы што, прыйшлі за сваімі срэбранікамі?
Трубайла. Но-но, хаме! Жарты? Ты ведаеш, з якою асобаю размаўляеш? Глядзі, як бы цябе не пацягнулі да Кажамякі на шост.
Дзюбка пабачыў Трубайлу. Ён разгублена стаіць над непрытомным Сміхальскім, потым рашуча бярэ ў яго з кішэні пісталет.
Дзюбка. Ах, як недарэчна. Што ж рабіць? Канспірацыя? Якая тут да д’ябла канспірацыя? Канспірацыя тут, вядома, дрэнная, але на кватэры маёй пуста... А там, у лесе, людзі... Што ж, пайду сам.
Павольна ідзе да Трубайлы. У гэты час на рынку пачынаецца гвалт: ідзе аблава. Людзі бягуць па аднаму ў розныя бакі.
Дзюбка. Пан шукае каменданта горада?
Трубайла. Так, па важнай справе.
Дзюбка. Ну што ж, я пакажу.
Карыстаючыся тым, што людзі бягуць, што вакол мітусня, страляе Трубайлу ў грудзі. Той падае, забіты напавал.
Баба Ерэтычка. Ав-вой! А божухна! А што ж гэта робіцца! Самагон папілі чысты, жытні, людзей сярод белага дня на вуліцах страляюць (бяжыць з кошыкам са сцэны).
Дзюбка (стаіць нерухома). Чалавека забіў! Першы раз у жыцці забіў. Як жа ж гэта? (Здзіўлена глядзіць на рукі, – яны чыстыя.)
Высакародны злодзей (кранае Дзюбку за плячо). Месьё... Перметэ ву... унасіць ногі. Тут дрэнна для сумленных людзей. Можа быць аблава. I схавайце ў кішэнь вашу гармату. Можа, мы пойдзем да вас у краму? Не бойцеся мяне, я тады прывёў да таварыша Каляды гэта самае панашэнне чалавекаў, якое зараз ляжыць тут прыгожым і халодным на зямлі.
Асцярожна вядзе Дзюбку праз фортку ў краму.
Дзюбка. Як... я яго бахнуў.
Злодзей. Ну і падумаеш, бахнулі. I на здароўечка! Калі чалавек перастае быць чалавекам, дык смерць для яго толькі сваяродная праява філантропіі.
Пабачыў Сміхальскага, які яшчэ сядзіць на траве, трымаючыся за грудзі.
А гэта што за божая кароўка?
Дзюбка. Ён хворы... А тут мне пашанцавала, бо маглі б і схапіць.
Злодзей. Бож-жа мой, гэта ж таварыш начальнік! Хоць ён і адпусціў вусы, але яму тут зусім не месца. Яго могуць пазнаць.