Млын на Сініх Вірах
Шрифт:
Трубайла. Я прыпомніў, яны казалі, што гэты млын, да яснай халеры, ляжыць на нейкіх Сініх Вірах у непасрэдным суседстве з вёскай Чарнабогі. Яны гаварылі досыць ціха, але я чуў.
Штаркенфауст. Цікава. Вы золата. Эверт, налі шклянку чалавеку.
Трубайла. За здароўечка пана. То добра, душу пакропіць. Але я скарыстаюся выпадкам, каб нагадаць. Па субстытуцыі я – другі спадчыннік. Мой старэйшы брат загінуў, і зараз калішні хутар павінен належаць мне. Можа, вы можаце гэта аформіць?
Штаркенфауст. Добра. Добра. Эверт, яшчэ чарку чалавеку.
Трубайла. Як кажуць, каб не дзірка ў роце – хадзіў бы ў злоце.
Штаркенфауст. Вам трэба апавясціць пра гэта. Маёру Ранцоў я перадам сам. А вы зараз жа спяшайцеся ў горад, да Адлерберга. Перадайце, патрэбны ўсе яго рэзервы: мы абавязкова нападзём на след брыгады цераз гэты млын. Ясна? Можаце ісці.
Трубайла выходзіць.
Сінія Віры? Трэба распытацца ў людзей.
Ламсдорф. Дазвольце падняць трывогу?
Штаркенфауст. Не, нашто непакоіць перадчасна людзей. Спачатку паабедаем. Сёння суп з чарнаслівам, мой улюбёны. Ранцоў няма – ну і ляд з ім.
Занавеску зашморгнулі.
Тэкля. Што ж гэта робіцца, га? Людзі добрыя? Зусім разгубілася я. Што рабіць? Марыська там! Цыкмун! Млын забяруць, што ж тым, у пушчы, рабіць? Тысячы іх, жанчыны, дзеці маленькія з голаду пухнуць будуць! Іхняя якая правіна, што будуць яны пакутаваць за нашы грахі? ...А можа, нічога? Можа, яшчэ не дабяруцца да млына? Можа, не лезці на ражон? Не, абавязкова дабяруцца. Распытаюць людзей, прачэшуць пушчу на поўдзень – натрапяць. Нашы ж людзі. I мне будзе сорам. Каляда тады паручыўся за мяне, калі судзіць хацелі, на такое месца паставіў цяпер, давярае. А тады і ён у вочы плюне. Марыська адвернецца. Такога сораму сваёй хаце я не зраблю. Але як? Як мне іх папярэдзіць, як гэтых прымусіць маўчаць?.. Так... так... толькі гэта, толькі гэта. Даруйце мне, людзі, калі каму саграшыла. Трэба ўхадзіць. Зажылася на свеце, старая торба.
I ўжо рашуча ідзе за занавеску.
Паны афіцэры, дазвольце аканіцы зачыніць. Лес, ведаеце, можа нешта небяспечнае здарыцца.
Штаркенфауст. Зачыняй.
Тэкля (ціха). Зачыню я тваю труну.
Пайшла. Паступова з грукатам зачыняюцца аканіцы. Паўцемра. Эверт запальвае свечы. Тэкля вяртаецца.
Тэкля. Ну вось, зараз не скуголіць, не замовы чытаць. Станавіся перад панам-богам, раба божая Тэкля, а то і проста ў яму.
Лезе на печку, дастае стуль пучок сухой травы.
Зараз чыста, толькі вось у каструлю (робіць гэта і далей, як кажа), на ежу, дзе магчыма, у кохвей. Многа трэба сыпаць, многа, каб адразу. А цяпер ратуй мяне, маці Багун-трава, даруй, што ўжываю я цябе для такіх... свіней, будзь моцны, рабі адразу справу тваю. Выратуй, божухна, Марыську, і Цыкмуна, і таварыша Каляду, хаця і бязбожнік ён, і дзетак нашых, птушанятак малых. А мяне, калі зробіш так, як прашу, хаця і ў пекла пасадзі, я не паскарджуся, на ўсё святая воля твая.
Эверт. Матка, накрывай на стол.
Тэкля носіць на стол стравы. Афіцэры пачынаюць есці, толькі Штаркенфауст сядзіць і нюхае ежу.
Штаркенфауст (да Тэклі). Чым гэта ежа сёння пахне такім... дзіўным?
Тэкля (халодна). Можа, кмінам, можа... я гуркі з парэчкавым лісцем салю.
Штаркенфауст, павагаўшыся, пачынае есці. Тэкля адышла да печкі, зашморгнула занавеску, ціха кажа.
Ежце, ежце.
3 вуліцы заходзіць маёр Ранцоў, спыняецца ў дзвярах і размаўляе з кімсьці за сцэнай.
Ранцоў. Будзьце ўважнымі, інакш гэта дрэнна скончыцца для вас, Фрыдрых.
Штаркенфауст (з-за занавескі). Маёр, просім да нас, мы ўжо пачалі, і тут ёсць для вас тое-сёе цікавае.
Ранцоў. Зараз, зараз, панове.
Тэкля застыла каля печкі, як жывая статуя адчаю.
Ранцоў (за дзверы), Пачакайце, Фрыдрых, вы ўжо паслалі людзей да старога зімніка? Не? Добра. Мне патрэбна праінструктаваць іх (да Штаркенфауста). Я зараз прыйду, панове, адну хвіліначку.
Пайшоў. Тэклю адпусціла. 3 палёгкаю адвяртаецца ад печкі, але тут жа зноў перапалашылася.
Тэкля. А як жа гэты смоўж, шляхціц гэты? Пра яго я зусім забылася. Ну да млына, каб папярэдзіць, можна і Апанаса Жаўрука паслаць, а як затрымаць Трубайлу?
Лёгкі стук у дзверы, заходзіць пераапрануты ў жабрака Віктар Сміхальскі.
За занавескаю дзвэнкаюць нажы.
Тэкля (шэпча). Ты яшчэ чаго тут, блазень? Не бачыш, куды прыйшоў?
Віктар. Цётка Тэкля, што яны тут намерваюцца рабіць? Вас на млыне два тыдні не было, мяне Каляда паслаў, непакояцца ўсе, ці не пранюхалі наконт нас.
Тэкля. Добра, добра, Віценька, што прыйшоў. Млын на валаску вісіць. Трубайла тады ў выканкоме падслухаў частку размовы, расказаў афіцэрам і зараз пайшоў у горад да каменданта, папярэдзіць пра млын. Пакуль што ведаюць толькі гэтыя афіцэры. Але іх я паспрабую не выпусціць. Бяжы, хлопча, спачатку да Жаўрука і накіруй яго на млын, папярэдзіць. Людзі на млыне няхай, на ўсякі выпадак, гатуюцца. А ты бяжы ў горад, прамуй пушчаю, можа, дагоніш. Калі дагоніш, абавязкова забі, забі неадменна. Лепей усе кулі выстралі, як сумнявацца, ці жывога ты яго пакінуў. Калі не дагоніш – папярэдзь Дзюбку: Трубайлу трэба прыкончыць хоць у самым будынку гестапа, пакуль не расказаў пра млын. Бяжы, хлопча, паўтары тысячы людзей залежаць ад цябе. А гэтых (паказвае на занавеску) я ўжо сама... затрымаю.
Віктар. Трэба і вам бегчы, цётка Тэкля. Іначай загінеце.
Тэкля (горка). Мне бегчы нельга. Можа падвесці мой сродак, давядзецца іншы ўжываць.
Віктар. Чаго гэта?
Тэкля. Ты яшчэ не зразумееш, хлопча. Скажы ўсім, што я хутка памру, ужо зараз памерла. Хай не памінаюць ліхам. А Калядзе скажы, што і травы могуць іншы раз спатрэбіцца. Спатрэбілася і Тэкля Каваль, ведзьма, яе нагаворнае зелле. Можа, не заўсёды ў турму, можа, і крыж на магіле можна іншы раз паставіць ведзьме. Бяжы, хлопча...