Порт у тумане (на белорусском языке)
Шрифт:
Яшчэ адзiн прыпынак у Кане, пасля - Вiстрэам.
"У гэтым гарадку каля тысячы жыхароў, - сказаў камiсару адзiн саслужывец, родам з тых мясцiн.
– Порт невялiкi, але важны, бо звязаны з Канам каналам, па якiм праходзяць караблi ў пяць тысяч тон i болей".
Мэгрэ не спрабуе ўявiць сабе гэты гарадок. Ён ведае па вопыце, што ўсё роўна памылiцца. Пакуль што ён проста едзе туды, i позiрк яго раз-пораз падае на парык, якiм прыкрыты ўсё яшчэ ружовы шрам.
Да таго, як капiтан знiк, у яго былi густыя, вельмi
"Я так думаю, што яго хацелi забiць", - сказала Жулi ў кабiнеце.
У яго стралялi, гэта факт! Але потым давялi да ладу такiя выдатныя дактары...
Калi ён знiк, грошай пры iм не было. А знайшлi яго з пяццю тысячамi франкаў у кiшэнi!
Ёсць над чым падумаць.
А тут яшчэ Жулi адкрывае раптам сумачку.
– Зусiм забылася! Я прывезла карэспандэнцыю гаспадара.
Пошта не дужа багатая. Праспекты фiрм, якiя гандлююць марацкiмi таварамi, квiтанцыя на ўплату сяброўскiх унёскаў у прафсаюз капiтанаў гандлёвага флоту... Паштоўкi ад сяброў, якiя яшчэ плаваюць, адна - з Пунта-Арэнас*...
* Горад i порт у Чылi.
Лiст з Нармандскага банка ў Кане. Бланк запоўнены на машынцы:
"...маем гонар паведамiць вам, што праз пасрэднiцтва Нiдэрландскага банка ў Гамбурзе на Ваш рахунак 14 173 пераведзена сума ў 300 000 франкаў".
А Жулi ўжо колькi разоў казала, што капiтан небагаты! Мэгрэ глядзiць па чарзе на абаiх спадарожнiкаў.
Трасковая iкра... Гамбург... Чаравiкi нямецкай вытворчасцi...
Адзiн толькi Жарыс мог бы ўсё растлумачыць! Жарыс, якi шырока i зычлiва ўсмiхаецца, як толькi прыкмячае, што Мэгрэ глядзiць на яго.
– Кан. Цягнiк iдзе да Шэрбура. Пасажыры на Вiстрэам Лiён-сюр-Мэр, Люк...
Сем гадзiн вечара. Туман такi густы, што святло лiхтароў на платформе ледзь прабiваецца праз яго малочную заслону.
– Чым цяпер паедзем?
– пытаецца Мэгрэ ў Жулi, прабiраючыся праз шчыльны натоўп пасажыраў.
– Больш няма чым. Цяпер прыгарадны ходзiць толькi два разы на дзень.
Каля вакзала стаяць таксi, можна садзiцца. Але Мэгрэ хоча есцi. Ён не ведае, што чакае яго ў Вiстрэаме, i прапануе Жулi павячэраць у буфеце.
Капiтан Жарыс усё такi ж памяркоўны. Есць усё, што яму даюць, усё роўна як паслухмянае дзiця. Нейкi чыгуначнiк круцiцца каля iх стала, разглядвае Жарыса, пасля пытаецца ў Мэгрэ:
– Цi не начальнiк гэта вiстрэамскага порта?
I круцiць пальцам каля скронi. Мэгрэ кiвае, i той адыходзiць. Вiдаць, яму нялёгка паверыць у тое, што ён бачыць.
А Жулi ўсё незадаволеная:
– Дванаццаць франкаў за гэтакую вячэру! Дый згатавана не на масле. Нiбыта нельга было павячэраць дома...
Мэгрэ думае: "Стрэл у галаву... Трыста тысяч франкаў..." Ён пiльна ўзiраецца ў нявiнныя
На вакзале да iх пад'язджае таксi - старая прыватная машына. Рысоры бязбожна скрыпяць. Мэгрэ i яго спадарожнiкi з цяжкасцю ўмяшчаюцца на прамятым сядзеннi. Жулi сядзiць памiж мужчынамi, i яны ўвесь час навальваюцца на яе.
– Не памятаю, цi замкнула я садовую брамку, - шэпча яна. Вiдаць, яе ўжо адольваюць розныя гаспадарчыя клопаты.
Выязджаючы з горада, машына лiтаральна ўразаецца ў сцяну туману. Шафёр прытарможвае. Але ўсё роўна перад самым носам узнiкаюць раптам, быццам зданi, конь i павозка. Паабапал дарогi - прывiдныя дрэвы, дамы...
Прыходзiцца ехаць яшчэ цiшэй. Машына ўжо ледзь паўзе: дзесяць кiламетраў у гадзiну. Ды зноў з туману раптам выскоквае нехта на ровары - i ледзь не пад колы. Спынiлiся. Усё абышлося добра.
Машына ўязджае ў Вiстрэам. Жулi апускае шкло.
– Едзьце да порта, - кажа яна шафёру, - пасля будзе развадны мост, за iм i дом - каля маяка.
Ад гарадка да порта - з кiламетр шашы, абапал якой - бледныя светлячкi газавых лiхтароў. Каля моста ўбачылi святло ў нейкiм вялiзным акне, пачулi шум.
– Шынок "Марацкi прытулак", - растлумачыла Жулi.
– Тут партавiкi бавяць звычайна час.
За мостам шашы, лiчы, ужо няма - дарога губляецца ў балотах, што падступаюць да самага берага рэчкi Орны.
Тут увогуле нiчога няма, апроч маяка i двухпавярховага домiка з невялiкiм садам.
Таксi спыняецца. Мэгрэ назiрае за Жарысам, якi выходзiць сам з машыны i ўпэўнена кiруецца да брамкi.
– Бачыце, пан камiсар!
– ускрыквае Жулi. Яна ажно дрыжыць ад радасцi.
– Ён пазнаў дом! Я проста ўпэўнена, што ўрэшце ён ачуняе.
Яна ўстаўляе ключ у замок, адчыняе брамку - тая скрыпiць - iдзе па гравiйнай сцежцы. Мэгрэ плацiць шафёру, даганяе Жулi. Таксi ад'язджае, i ўсё навокал тоне ў цемры.
– Запалiце, калi ласка, сярнiчку! Не магу нiяк трапiць у замок...
Успыхвае запалка. Жулi адчыняе дзверы. Пад нагамi ў Мэгрэ прабягае нешта цёмнае. Жулi, якая ўвайшла ўжо ў калiдор, запальвае святло, здзiўлена глядзiць на падлогу, шэпча:
– Гэта ж кошка выскачыла, здаецца?
Прывычна здымае капялюш i палiто, вешае, адчыняе дзверы кухнi, запальвае там святло, мiжволi паказваючы гэтым, што менавiта на кухнi прымаюць гасцей у доме.
Кухня - прасторны пакой з выкладзенымi керамiчнаю плiткаю сценамi, нашараваным пяском вялiкiм драўляным сталом. Паўсюды зiхацяць начышчаныя да бляску рондалi.
Капiтан прывычна iдзе да плеценага крэсла каля печкi, садзiцца.
– Я ж, здаецца, калi ад'язджала, выпусцiла кошку, - кажа Жулi сама сабе. Вiдаць, што яна занепакоеная.
– Але, вядома... Усе дзверы зачыненыя... Пан камiсар, калi ласка, давайце пройдзем разам па пакоях... Мне адной страшна...