Порт у тумане (на белорусском языке)
Шрифт:
– А яе брат?
– Я яго нiколi не бачыў... Мне казалi, што нягодны чалавек...
Перабраўшыся праз шлюз, яны падыходзiлi цяпер да агароджы Жарысавага дома, каля якой усё яшчэ ашывалiся некалькi хлопчыкаў.
– А чаго ён памёр?
– Стрыхнiн.
Выгляд у Мэгрэ быў сама рашучы. Ён ступаў паволi, засунуўшы рукi ў кiшэнi, у роце была люлька, якая пасавала яго шырокаму твару, - у яе ўваходзiла чвэрць пачка махоркi.
На нагрэтай сонцам агароджы ляжала белая кошка. Прыкмецiўшы людзей, яна ўскочыла i
– Вы не будзеце заходзiць?
– здзiвiўся мэр, убачыўшы, што Мэгрэ чамусьцi спынiўся.
– Хвiлiнку! Як вы думаеце, цi была Жулi каханкаю ў капiтана?
– Не ведаю, - з раздражненнем адказаў Гранмэзон.
– Вы часта бывалi ў яго доме?
– Нiколi! Жарыс служыў у мяне, а ў такiх выпадках...
Зрабiўшы невялiкую паўзу, мэр усмiхнуўся - шматзначна, з годнасцю вялiкага пана.
– Пакончым з гэтым хутчэй, - дадаў ён, - калi вы не пярэчыце. Неўзабаве абед, у мяне будуць госцi...
– Вы жанаты?
Мэгрэ ўпарта распытваў мэра, паклаўшы рукi на клямку брамкi.
Гранмэзон паглядзеў на яго зверху ўнiз (ён быў вышэйшы - прыкладна метр восемдзесят пяць). Камiсар заўважыў, што мэр крыху касавокi.
– Мушу вас папярэдзiць, што калi вы i далей будзеце гаварыць са мною такiм тонам, то для вас гэта можа скончыцца непрыемнасцю... Пакажыце мне тое, што вы павiнны паказаць.
Мэр сам адчынiў брамку. Калi ён ступiў на ганак, палявы вартаўнiк, якi ахоўваў дом, пачцiва адышоўся ўбок.
Праз зашклёныя дзверы кухнi Мэгрэ кiнулася ў вочы, што ў пакоi сядзелi абедзве жанчыны, але Жулi не было.
– Дзе яна?
– спытаўся камiсар.
– Паднялася да сябе... Зачынiлася i не хоча выходзiць...
– Чаму гэта раптам?..
Жонка дазорцы з маяка растлумачыла:
– Ёй стала лепш... Праўда, яна яшчэ плакала, але ўжо меней, толькi калi гаварыла... Я прапанавала ёй з'есцi што-небудзь, i яна адчынiла шафу...
– Ну i што?
– Не ведаю... Мне здалося, яна спалохалася... Кiнулася адразу ж па лесвiцы, мы i пераглянуцца не паспелi, як яна зачынiлася на ключ...
У шафе не было нiчога асаблiвага: посуд, кошык з яблыкамi, талерка з марынаванымi селядцамi, дзве мiскi з рэшткамi лою - мусiць, нядаўна там было мяса.
– Я чакаю, пакуль вы зробiце ласку заняцца справаю, - нецярплiва сказаў мэр з калiдора.
– Ужо ж палова дванаццатай... Мне здаецца, што паводзiны гэтай Жулi...
Мэгрэ замкнуў шафу, паклаў ключ у кiшэню i, цяжка ступаючы, рушыў да лесвiцы.
III. КУХОННАЯ ШАФА
– Адчынiце, Жулi!
Нi слова адказу. Чуваць адно, як дзяўчына кiнулася на ложак.
– Адчынiце!
Зноў маўчанне. Тады Мэгрэ ўдарыў плячом у дзверы, i замок вылецеў.
– Чаму вы не адчынялi?
Яна не плакала. На твары - нiякага хвалявання. Больш таго, яна спакойна скурчылася на ложку i, застылая, глядзела на шклянку вады на крэсле. Калi камiсар падышоў да дзяўчыны, яна ўскочыла i кiнулася да дзвярэй.
– Пакiньце мяне адну!
– вымавiла яна.
– Добра. Толькi аддайце мне цыдулку, Жулi.
– Якую цыдулку?
Дзяўчына, пэўна, спадзявалася, што як будзе дзёрзкая, дык не выдасць сябе, што манiць.
– Капiтан дазваляў вашаму брату наведваць вас?
Маўчанне.
– Значыцца, не дазваляў. А ваш брат усё-такi прыходзiў! I, здаецца, прыходзiў той ночы, калi знiк Жарыс.
Яна кiнула на яго злосны позiрк - здавалася, вось-вось выбухне нянавiсцю.
– "Сэн-Мiшэль" стаяў у порце, i, натуральна, брат мог зайсцi да вас. Адно пытанне: калi ён прыходзiць, вы яго кормiце?..
– Жывёлiна!
– выцiснула Жулi.
Мэгрэ гаварыў:
– Ён прыходзiў сюды ўчора, калi вы былi ў Парыжы. Не застаўшы вас тут, пакiнуў цыдулку. А для ўпэўненасцi, што вы яе знойдзеце, паклаў у кухонную шафу... Дайце мне гэтую цыдулку.
– У мяне яе ўжо няма!
Мэгрэ паглядзеў на халодны камiн, на зачыненае акно.
– Дайце мне яе!
Жулi ўся сцiснулася i была цяпер падобная не на дарослую дзяўчыну, а на раззлаванае дзiця. Злавiўшы яе позiрк, Мэгрэ зычлiва сказаў:
– Дурнiца!
Цыдулка была пад падушкаю, на якой Жулi толькi што ляжала. Але замест таго, каб прыцiхнуць, упартая дзяўчына зноў пачала наступаць на Мэгрэ, спрабуючы вырваць цыдулку. Яго ж такiя паводзiны проста пацяшалi.
– Ну, годзе!
– нарэшце пагрозлiва вымавiў ён, перахапiўшы руку дзяўчыны.
Цыдулка была кароткая. Адразу ж кiнулiся ў вочы нязграбныя лiтары i мноства памылак: "Калi вернешся з гаспадаром, глядзi за iм, бо ёсць чалавек, якi мае на яго зуб. Я вярнуся з суднам праз два-тры днi. Катлет не шукай, я iх з'еў. Твой брат навек".
Мэгрэ апусцiў галаву, настолькi збiты з панталыку, што забыўся ўжо зусiм на дзяўчыну.
Праз чвэрць гадзiны начальнiк порта сказаў яму, што "Сэн-Мiшэль" цяпер, мабыць, у Фекане i прыйдзе сюды, калi не пераменiцца вецер, ноччу.
– Вы ведаеце, дзе якое судна ў якi час?
Мэгрэ занепакоена паглядзеў на зiхоткае мора - недзе ўдалечынi вiднеўся адзiнокi дымок.
– Памiж портамi iснуе сувязь. Паглядзiце, вось спiс суднаў, якiя мы чакаем сёння, - паказаў капiтан Дэлькур на чорную дошку, што вiсела на сцяне партовай канторы: там былi напiсаны крэйдаю назвы суднаў.
– Знайшлi што-небудзь?.. Не верце надта таму, што расказваюць... Нават калi гэта людзi сур'ёзныя!.. Ведалi б вы толькi, колькi тут можа быць розных дробных разлiкаў!.. Зайздрасць, якая-небудзь крыўда, - сказаў Дэлькур, памахаўшы рукой капiтану судна, што выходзiла ў мора. Потым, зiрнуўшы ў бок шынка, уздыхнуў.
– Убачыце самi!