Порт у тумане (на белорусском языке)
Шрифт:
Чуваць было, як праехалi тры машыны: прадстаўнiкi пракуратуры вярталiся ў Кан пасля прыёму ў мэра. А цела капiтана Жарыса ў гэты час ужо ляжала ў халодным моргу Iнстытута судова-медыцынскай экспертызы.
Усе маўчалi. У куце пастуквалi па абшарпаным стале костачкамi дамiно памочнiкi шлюзаўшчыкоў. I адчувалася ўжо, што загадка Жарысавай смерцi занепакоiла спакваля i партавiкоў, цiснула на кожнага з iх, здавалася, павiсала ўжо ў паветры i не давала думаць нi пра што iншае... Твары нахмурылiся. Сама малады таможнiк не выцерпеў i ўстаў.
–
Мэгрэ працягнуў свой капшук суседу, якi, набiўшы люльку, перадаў яго далей. Тады пачуўся голас Дэлькура. Той таксама ўстаў, бо не мог тут болей трываць.
– Колькi я вiнен вам, Марта?
– За дзве порцыi?.. Дзевяць франкаў семдзесят пяць сантымаў... Плюс тры дзесяць за ўчарашняе...
Цяпер ужо ўсталi ўсе. Праз зачыненыя дзверы ў шынок цягнула халодным паветрам. Пацiснулi адзiн аднаму рукi.
На вулiцы, ахутанай туманам, кожны пайшоў у свой бок. Чуваць быў стук абцасаў, якi перакрыла раптам сiрэна.
Мэгрэ, нерухомы, прыслухоўваўся нейкi час да крокаў - яны былi то цяжкiя, то няўпэўненыя, то рабiлiся раптам хуткiя...
I камiсар зразумеў, што немаведама як, але страх працяў гэтых людзей.
Яны баялiся, усе, што iшлi цяпер дамоў, баялiся ўсяго i нiчога - нейкае няяснае небяспекi, нечага нядобрага, што нельга было пакуль яшчэ прадказаць, баялiся i цемры i святла.
"Што, калi гэтым не скончыцца?" - думалi, мусiць, яны.
Мэгрэ вытрас з люлькi попел i зашпiлiў палiто.
IV. "СЭН-МIШЭЛЬ"
– Ну як?
– занепакоена пытаўся гаспадар гатэля, як толькi Мэгрэ браўся за новую талерку.
– Нiчога, - адказваў камiсар, якi, па праўдзе сказаць, i не заўважаў, што ён еў.
Мэгрэ сядзеў адзiн у гатэльным рэстаранчыку на сорак - пяцьдзесят чалавек. Жыццё ў гатэлi вiравала толькi ўлетку, калi ў Вiстрэам прыязджалi адпачыць на беразе мора. Мэбля - як i ва ўсiх пляжных гатэлях. Вазачкi на сталах.
Нiчога агульнага з Вiстрэамам, якi цiкавiў камiсара i якi ён, адчуваючы задавальненне, пачынаў разумець.
У кожным расследаваннi ён больш за ўсё не любiў менавiта пачатку: за няёмкасць першых сустрэч i розныя падманлiвыя меркаваннi.
Напрыклад, ужо сама назва - Вiстрэам. У Парыжы яму чамусьцi здавалася, што гэта - партовы гарадок, як Сэн-Мало. А потым, у першы ўжо вечар, Мэгрэ зразумеў, што гэта - змрочны куток зямлi, населены суровымi i маўклiвымi людзьмi.
Цяпер ён ведаў Вiстрэам i пачуваў сябе ў iм як дома. Не дужа самавiты гарадок, у якi вядзе абсаджаная дрэўцамi дарога. Адзiн толькi порт i заслугоўвае ўвагi: шлюз, маяк, Жарысаў дом, шынок "Марацкi прытулак". Цiкава было назiраць жыццё гарадка, якое раней здалося загадкавым, цяпер рабiлася ўсё больш зразумелым: два шлюзаваннi на дзень, рыбакi з кашамi, жменька людзей, якiя толькi тым i займаюцца, што сочаць за праходам суднаў, якiя вяртаюцца з кабатажнага плавання, iх капiтаны...
Ключа да разгадкi тайны пакуль не было. Усё заставалася загадкавым. Але добра
– Вы тут надоўга?
– спытаўся гаспадар, падаючы каву.
– Не ведаю.
– Здарылася б гэта ў сезон, былi б у мяне вялiкiя страты...
Цяпер Мэгрэ дакладна адрознiваў чатыры Вiстрэамы: Вiстрэам-порт, Вiстрэам-гарадок, Вiстрэам буржуазны, з некалькiмi вiламi, як у мэра, уздоўж дарогi, i, нарэшце, Вiстрэам курортны, якi часова не iснуе.
– Пойдзеце куды-небудзь?
– Пайду пагуляю крыху перад сном.
Пачынаўся прылiў. Было халадней, чым напярэдаднi, бо туман, не радзеючы, ператвараўся ў кропелькi ледзяной вады.
Усё наўкол было чорнае, вокны i дзверы зачыненыя. Вiднелася толькi вiльготнае вока маяка. Са шлюза даносiлiся галасы.
Кароткi гудок карабля. Наблiжалiся два агнi - чырвоны i зялёны. Уздоўж шлюза плыла нейкая велiзарная маса.
Цяпер Мэгрэ зразумеў, што з мора iшоў параход. Камiсар убачыў чалавечую постаць. Зараз марак прыме з судна швартоў i замацуе яго на першым кнехце. Потым капiтан загадае даць заднi ход, каб судна спынiлася.
Мiма Мэгрэ, неспакойна гледзячы на пiрсы, прайшоў Дэлькур.
– Што здарылася?
– Не ведаю...
Ён хмурыў бровы, з усёй сiлы ўзiраючыся ў мора, нiбыта можна было, напружыўшы волю, разгледзець што-небудзь у гэтай непрагляднай цемрадзi. Двое рабочых ужо збiралiся зачыняць вароты шлюза. Дэлькур крыкнуў iм:
– Пачакайце крыху!
I раптам вымавiў здзiўлена:
– Гэта ён...
У той самы момант метраў за пяцьдзесят ад iх пачуўся голас:
– Гэй, Луi! Стаў фок i падыходзь левым бортам.
Голас даносiўся знiзу, з цёмнай дзiркi, ад пiрсаў. Светлячок наблiжаўся. Цяпер можна было ўжо разгледзець збольшага чалавека на палубе. Зазвiнелi колцы ветразей, якiя са звонам упалi на леер.
Потым мiма Мэгрэ праплыў, як выцягнуць руку, разгорнуты грот-парус.
– Ну i ну!
– прабурчаў капiтан.
– Злаўчылiся ж!
Павярнуўшыся да паруснiка, Дэлькур крыкнуў:
– Дайце наперад! Носам да левага борта парахода, iнакш не зачынiць вароты...
Нейкi чалавек саскочыў на зямлю са швартовым i, упёршыся рукамi ў бокi, выглядваў нешта ў цемры.
– "Сэн-Мiшэль"?
– спытаўся Мэгрэ.
– Ён самы... Яны iшлi з хуткасцю парахода...
Унiзе, на палубе, гарэла толькi адна маленькая лямпачка, якая асвятляла бочку, груду канатаў, чалавека, што бег ад руля да носа шхуны.
Адзiн за адным падыходзiлi шлюзаўшчыкi i, не верачы вачам, глядзелi на судна.
– На месцы, хлопцы!.. Давайце!.. Гэй там, каля дзержакоў!
Калi вароты зачынiлiся, вада пайшла праз засаўкi i судны пачалi падымацца. Слабы агеньчык наблiзiўся яшчэ больш. Палуба была ўжо на ўзроўнi прычала, i чалавек на ёй загаварыў з начальнiкам порта: