Порт у тумане (на белорусском языке)
Шрифт:
– Прабачце, вы - начальнiк порта? Камiсар Мэгрэ з крымiнальнай палiцыi... Я толькi што прывёз дадому вашага калегу.
– Жарыса?.. Значыць, гэта праўда ён?.. Сёння ранiцай мне расказвалi... Праўда, што ён?..
– кранае начальнiк порта пальцам скроню.
– У гэты момант... Звычайна вы ўсю ноч праводзiце ў порце?
– Не, не больш пяцi гадзiн запар: толькi ў прылiў. У гэты час узровень вады даволi высокi, каб судны маглi ўвайсцi ў канал або выйсцi ў мора. Час прылiву непастаянны... Сёння, напрыклад, ён толькi што пачаўся i
Чалавек трымаецца проста, размаўляе з Мэгрэ як з роўным: урэшце ён - такi ж самы чыноўнiк на службе.
– Прабачце...
Ён глядзiць у мора, дзе i не вiдаць нiчога, аднак адразу ж аб'яўляе:
– Паруснiк з Булонi. Ашвартаваўся каля пiрса, чакае, калi адкрыюць шлюз.
– Вам паведамляюць пра судны, якiя прыбываюць?
– Часцей паведамляюць. Асаблiва пра параходы. Амаль усе яны ходзяць па раскладзе: з Ангельшчыны вязуць вугаль, з Кана - руду...
– Давайце пойдзем вып'ем чаго-небудзь, - прапануе Мэгрэ.
– Пакуль не магу: мушу быць тут да канца прылiву...
Начальнiк порта аддае каманды падначаленым, якiх не бачыць, але хто з iх дзе, ведае выдатна.
– Вы расследуеце справу Жарыса?
З боку гарадка наблiжаюцца крокi. Па варотах шлюза праходзiць мужчына. Ён аказваецца пад лiхтаром, i тут Мэгрэ прыкмячае за яго спiнаю дула стрэльбы.
– Хто гэта?
– Мэр. Iдзе паляваць на качак... У яго ёсць будан на беразе Орны. Яго памочнiк, мусiць, ужо там, рыхтуецца да начлегу...
– Як вы думаеце, гатэль яшчэ адкрыты?
– "Унiверсаль"? Вядома. Але спяшайцеся: гаспадар хутка закончыць гуляць у карты i пойдзе спаць... Тады ўжо не падымецца нiзашто на свеце...
– Да заўтра, - кажа Мэгрэ.
– Бывайце. Буду ў порце з дзесяцi ранiцы, з пачаткам прылiву.
Яны пацiскаюць адзiн аднаму рукi, хоць практычна яшчэ i не знаёмыя. А ў тумане, у якiм Мэгрэ раз-пораз на каго-небудзь наскоквае, па-ранейшаму вiруе жыццё.
Камiсара разбiрае нейкi неспакой, наплывае трывога, ён прыгнечаны. Нiбыта побач - чужы свет, якi жыве сваiм зусiм асаблiвым жыццём. У цемры - людзi або, напрыклад, паруснiк, якi чакае сваёй чаргi за два-тры крокi ад вас, - а знаку нiякага.
Мэгрэ зноў праходзiць мiма рыбака, што застыў пад лiхтаром. Камiсару хочацца сказаць яму што-небудзь.
– Бярэ?
Замест адказу чалавек сплёўвае ў ваду, а Мэгрэ iдзе далей, злуючы на сябе: ну нашто ён гэта ляпнуў?
Шум аканiц, якiя зачыняюць у Жарысавым доме, - вось апошняе, што ён чуе, уваходзячы ў гатэль. Страшна, мусiць, Жулi: нiяк не забудзе пра кошку, што выскачыла з дому, як толькi адчынiлi дзверы...
– Гэты гудок так i будзе выць усю ноч?
– незадаволена пытаецца Мэгрэ, убачыўшы гаспадара гатэля.
– Пакуль туман... Але да гэтага прывыкаеш...
* * *
Спаў камiсар неспакойна, як спяць, калi балiць страўнiк, або ў дзяцiнстве, калi чакаюць якой-небудзь важнай падзеi. Двойчы падымаўся, падыходзiў да акна, прыцiскаўся тварам да халоднага шкла, але не бачыў нiчога, апроч пустыннай дарогi i промня маяка, якi, здавалася, шукаў у заслоне туману месца, каб праткнуць гэтую сцяну. I ўсё выў i выў гудок, нават гучнеў i яшчэ больш халадзiў кроў.
Прачнуўшыся другi раз, Мэгрэ паглядзеў на гадзiннiк. Было чатыры гадзiны ранiцы. У порт, стукаючы па асфальце сабо*, iшлi з кашамi за плячыма рыбакi.
* Сабо (фр.) - чаравiкi на драўлянай падэшве або выдзеўбаныя з дрэва.
А неўзабаве нехта загрукатаў у дзверы i расчынiў iх, не чакаючы дазволу. Мэгрэ ўбачыў збянтэжаны твар гаспадара гатэля.
У акно ўжо свяцiла сонца, але, нягледзячы на гэта, гудок усё яшчэ выў.
– Хутчэй! Капiтан памiрае!..
– Якi капiтан?
– Капiтан Жарыс. Жулi прыбегла ў порт, каб тэрмiнова выклiкалi вас i доктара.
Мэгрэ, не прычэсваючыся, нацягнуў штаны, надзеў, не зашнуроўваючы, чаравiкi, схапiў пiнжак, а пра накладны каўнерык i зусiм забыўся.
– Што-небудзь глынулi б?.. Кубак кавы?.. Шкляначку рому?..
Дзе тут ужо да гэтага! Няма калi. На вулiцы, нягледзячы на сонца, было даволi холадна, вiльготна. Праходзячы цераз шлюз, камiсар убачыў мора, зусiм спакойнае, бледна-блакiтнае. Вiднелася, праўда, толькi вузенькая палоска: каля берага доўгi шлейф туману размыў небакрай.
На мосце да Мэгрэ падышоў нейкi чалавек.
– Вы - камiсар з Парыжа? Я палявы вартаўнiк. Рады пазнаёмiцца. Вам ужо расказалi?
– Што?
– Кажуць, гэта проста жахлiва!.. А вось i доктарава машына.
Рыбацкiя лодкi ў порце лянiва пагойдвалiся на вадзе, па якой прабягалi каляровыя блiкi. Ветразi былi ўзнятыя, мабыць, на прасушку. На кожным напiсаны чорнаю фарбаю нумар.
Перад капiтанавым домiкам, побач з маяком стаяла некалькi жанчын. Дзверы былi адчыненыя. Мэгрэ абагнала доктарава машына.
– Кажуць, яго атруцiлi... Нiбыта ён пазелянеў, - не адставаў ад камiсара палявы вартаўнiк.
Мэгрэ ўвайшоў у дом якраз у той самы момант, калi заплаканая Жулi, з прыпухлымi павекамi i чырвоным тварам, паволi спускалася з другога паверха. Яе толькi што выставiлi з пакоя, дзе доктар аглядаў капiтана. На ёй было накiнута палiто, з-пад якога вiднелася доўгая белая начная кашуля, на нагах - пантофлi.
– Гэта жудасна, пан камiсар!.. Вы не можаце сабе ўявiць... Падымайцеся хутчэй!.. Можа быць...
Калi Мэгрэ ўвайшоў у спальню, доктар, якi нахiлiўся над ложкам, выпрастаўся. Па яго твары было ясна вiдаць, што капiтану ўжо нiчым не паможаш.
– Я з палiцыi...
– А, добра... Усё скончана. Магчыма, яшчэ дзве-тры хвiлiны можа... Пэўна, гэта стрыхнiн, калi я не памыляюся...
Ён падышоў да акна i расчынiў яго: капiтану, здавалася, не хапала паветра. А за акном - усё тая ж карцiна: сонца, порт, лодкi з узнятымi ветразямi, рыбакi, якiя перакладвалi рыбу, што так i зiхацела луской, з перапоўненых кашоў у скрынi.