Пярсцёнак Лёвеншольдаў (на белорусском языке)
Шрифт:
Узяць хаця б Эрыка Iварсана. Быў ён чалавек багаты, валодаў вялiкiмi ўгоддзямi i мноствам хат. Калi i вадзiўся за iм якi грэх, дык толькi той, што быў горды i празмерна клапацiўся пра свой гонар. Але таму i цяжка было зразумець, што якi-небудзь скарб у свеце мог прымусiць яго пайсцi на ганебны ўчынак.
Яшчэ менш можна было западозрыць ягонага брата Iвара. Вядома, ён быў бедны, затое жыў у свайго брата на хлебе, атрымлiваючы ад яго чаго толькi пажадае. Ён быў такi дабрадушны i раздаваў усё, што ў яго было! Няўжо такому чалавеку магло прыйсцi ў галаву ўчынiць забойства i разбой?
Што
Але, з iншага боку, не варта было забываць i генерала, пра якога людзi змалку чулi столькi розных легенд i гiсторый, якога ведалi, бадай, не горш за роднага бацьку, генерала, якi быў высокi ростам, магутны i варты даверу. А цяпер ён памёр, i ў яго ўкралi самае дарагое з ягонай маёмасцi.
Генерал ведаў, што калi Iнгiльберт Бордсан уцякаў з дому, пярсцёнак быў у яго, iнакш Iнгiльберт спакойна накiраваўся б сваёй дарогай i не быў бы мёртвым. Генерал, пэўна, таксама ведаў, што сяляне з Ольсбю ўкралi пярсцёнак, iнакш бы iм нiяк не сустрэўся на дарозе ротмiстр, iх не ўзялi б пад варту i не трымалi б пад арыштам.
Так, складана было разабрацца па справядлiвасцi ў такой справе, але на генерала спадзявалiся нават больш, чым на самога караля Карла. I амаль на ўсiх судовых разборах, якiя вялiся ў бедных хацiнах, быў вынесены абвiнаваўчы прысуд.
Вялiкае здзiўленне, вядома, выклiкала тое, што павятовы суд, якi засядаў у судовай палаце на ўзгорку ў Брубю, учынiўшы абвiнавачваемым найстрогае дазнанне, але так i не выкрыўшы iх i не схiлiўшы да прызнання вiны, вымушаны быў апраўдаць сялян, якiх абвiнавацiлi ў забойстве i разбоi.
Аднак на волю iх не выпусцiлi, бо прыгавор павятовага суда павiнен быў зацвердзiць каронны суд, а каронны суд палiчыў сялян з Ольсбю вiнаватымi i прыгаварыў iх да павешання.
Але i гэты прыгавор не быў выкананы, паколькi яго павiнен быў спярша зацвердзiць сам кароль.
Пасля таго як быў вынесены i аб'яўлены каралеўскi прыгавор, прыхаджане, вярнуўшыся з царквы, адклалi свой абед; iм не цярпелася расказаць тым, хто заставаўся дома, якiм быў гэты прыгавор.
А ён абвяшчаў: зусiм вiдавочна, што хтосьцi з абвiнавачваемых - забойца i злодзей, але паколькi нiводзiн з iх не прызнаў сябе вiнаватым, то няхай iх рассудзiць Божы суд.
На блiжэйшым цiнгу iм неабходна ў прысутнасцi суддзi, засядацеляў i ўсiх прыхаджан згуляць адзiн з адным у косцi. Таго, хто выкiне менш за ўсё ачкоў, варта прызнаць вiнаватым i пакараць за ўчыненае злачынства смерцю праз павешанне, а двух астатнiх адразу вызвалiць, каб яны вярнулiся да свайго звычайнага жыцця.
Мудры быў той прыгавор, справядлiвы. Усе жыхары далiн Вермланда былi iм задаволены. Хiба не выдатна з боку старога караля, што ў гэтай цёмнай справе ён не ўявiў, быццам бача ясней, чым iншыя, а звярнуўся да Ўсявышняга? Цяпер ужо нарэшце можна паверыць у тое, што праўду немагчыма схаваць.
Да таго ж у гэтай судовай справе было штосьцi надта асаблiвае, яна вялася не чалавекам супраць чалавека; iстцом у гэтай цяжбе быў нябожчык нябожчык, якi патрабаваў вярнуць ягонае багацце. У любых iншых абставiнах можна было яшчэ вагацца, цi патрэбна звяртацца да гульнi ў косцi, але толькi не ў гэтых. Нябожчык генерал ужо дакладна ведаў, хто ўтаiў яго дабро. Вось i ў каралеўскiм прыгаворы самым вартым было тое, што ён даваў старому генералу магчымасць караць або дараваць.
Магло нават падацца, быццам кароль Фрэдрык* хацеў прадставiць канчатковае рашэнне генералу. Магчыма, ён ведаў яго ў даўнiя ваенныя гады i яму вядома было, што на гэтага чалавека можна спадзявацца. Зусiм не выключана, што якраз гэта i мелася на ўвазе. А так цi не так, сказаць цяжка!
* Кароль Фрэдрык (1676-1751) - кароль Швецыi (1720-1751). Быў жанаты на Ўльрыцы Элеаноры, сястры Карла XII, з'яўляўся яго ваенным паплечнiкам i пасля яго смерцi дамогся права на атрыманне ў спадчыну шведскага трона.
Як бы там нi было, усе, чаго б гэта нi каштавала, хацелi прысутнiчаць на цiнгу ў гэты дзень, калi будзе аб'яўлены божы прысуд. Кожны, хто не быў занадта стары, каб iсцi, цi занадта малы, каб паўзцi, накiраваўся ў дарогу. Такой знамянальнай падзеi, як гэта, не здаралася ўжо шмат гадоў. Тут нельга было задавольвацца тым, каб пасля, ды яшчэ ад iншых пачуць, як усё скончылася. Не, тут абавязкова трэба было прысутнiчаць самому.
Вядома, што сядзiбы i маёнткi раней былi рассеяны па ўсёй акрузе, вядома i тое, што тады можна было цэлую мiлю праехаць, ды так i не сустрэць нi душы. Але калi людзi з усяго павета сышлiся на адной i той жа плошчы, то ўсе так i ахнулi - колькi народу! Цесна прыцiснутыя адно да аднаго, незлiчонымi радамi стаялi яны перад судовай палатай. Здавалася, нiбы пчалiны рой, чорны i цяжкi, звiсае перад вулеем летнiм днём. Людзi нагадвалi пчалiны рой яшчэ i тым, што былi не ў сваiм звычайным настроi. Яны не былi маўклiвыя i ўрачыстыя, якiмi заўсёды бывалi ў царкве; не былi яны вясёлыя i лагодныя, як заўсёды на кiрмашах: яны былi лютыя i раздражнёныя, апанаваныя нянавiсцю i прагай помсты.
Чаго ж тут здзiўляцца? З малаком мацi ўсмакталi яны жах перад лiхадзеямi. Вечарамi iм спявалi калыханкi пра валацуг, якiя былi аб'яўлены па-за законам. У iх уяўленнi ўсе зладзеi i забойцы былi вылюдкамi, чортавым насеннем, яны iх i за людзей не лiчылi. Думка аб мiласэрнасцi да такiх вырадкаў iм i ў галаву не прыходзiла. Яны ведалi, што такiм вось страшным i подлым стварэнням сягоння будзе вынесены прысуд, i радавалiся гэтаму. "Слава табе госпадзi, цяпер ужо гэтаму крыважэрнаму д'яблу прыйдзе канец, разважалi яны.
– Ужо цяпер ва ўсякiм выпадку яму не ўдасца болей шкодзiць нам".