Пярсцёнак Лёвеншольдаў (на белорусском языке)
Шрифт:
Стаяў цудоўны асеннi дзень: сiняе неба, усеянае белымi хмаркамi, дрэвы з зялёным, ледзь кранутым жаўцiзной лiсцем. Над галовамi людзей бесперапынна праляталi на поўдзень чароды пералётных птушак. Нязвыкла было бачыць такую процьму птушак адразу ў адзiн дзень. Людзям здавалася, што гэта, магчыма, нездарма. Цi не было гэта знакам, што гасподзь ухваляе намеры чалавечыя?
Калi пастар змоўк, выйшаў наперад старшыня павятовага суда i зачытаў каралеўскi прыгавор. Прыгавор быў падрабязны, з мноствам мудрагелiстых моўных зваротаў, якiя з цяжкасцю даходзiлi да натоўпу. Але людзi зразумелi, што
Затым ленсман узяў у рукi iгральныя косцi i папрасiў суддзю i сяго-таго з прысутных кiнуць гэтыя косцi, каб праверыць, цi не фальшывыя яны. З нейкiм дзiўным хваляваннем прыслухоўваўся народ да стуку iгральных касцей на барабаннай шкуры. Гэтыя кубiкi, якiя загубiлi нямала людзей, няўжо цяпер iх палiчылi вартымi паведамiць волю боскую?!
Як толькi косцi былi апрабаваны, арыштантаў вывелi наперад. Спачатку кубак перадалi Эрыку Iварсану, самаму старэйшаму з усiх. Але ленсман тут жа растлумачыў яму, што зараз рашэнне не будзе яшчэ канчатковым. Зараз iм патрэбна кiнуць жэрабя толькi для таго, каб кожнаму вызначыць сваю чаргу гуляць.
Першы раз Паўлю Элiясану выпала найменш, а Iвару Iварсану найбольш ачкоў. Значыць, яму першаму i патрэбна было пачынаць.
Трое абвiнавачваемых былi апрануты ў тое ж самае адзенне, якое было на iх, калi яны, спускаючыся з гор, са свайго летняга сэтара, сустрэлi ротмiстра. Цяпер гэта адзенне было бруднае i ўсё падранае. Такi ж зношаны выгляд, як у кафтанаў, быў i ў iх гаспадароў. Аднак усiм падалося, быццам Iвар Iварсан трымаўся з трох як бы лепш за ўсiх. Вiдаць, таму, што ён былы салдат, загартаваны шматлiкiмi пакутамi баёў i палону. Трымаўся ён усё яшчэ прама, i выгляд у яго быў мужны i бясстрашны.
Калi Iвар Iварсан выйшаў наперад да барабана i ўзяў кубак з касцямi з рук ленсмана, то хацеў быў паказаць яму, як патрэбна трымаць кубак i як гуляць у косцi. На вуснах старога мiльганула ўсмешка.
– Не ўпершыню гуляць мне ў косцi, ленсман, - сказаў ён такiм гучным голасам, што ўсе пачулi.
– Бенгт-асiлак з Хедэбю ды я не раз, бывала, забаўлялiся вечарамi гэтай гульнёй там, у стэпавых краях. Але не спадзяваўся я, што мне давядзецца згуляць з iм яшчэ раз.
Ленсман хацеў быў прыспешыць яго, але натоўпу спадабалася слухаць Iвара. Вось храбрэц! Ён яшчэ мог жартаваць перад такiм рашаючым выпрабаваннем.
Iвар абхапiў кубак абедзвюма рукамi, i ўсе ўбачылi, што ён молiцца. Прачытаўшы "Ойча наш", ён гучна ўсклiкнуў:
– А цяпер прашу цябе, госпадзi Iсусе Хрысце, каму вядома, што я не вiнаваты, злiтуйся нада мной i падары мне найменш ачкоў: у мяне ж няма нi дзяцей, нi каханай, якiя будуць плакаць па мне!
Вымавiўшы гэтыя словы, ён з такой сiлай шпурнуў косцi на барабанную шкуру, што тыя загрукаталi.
I ўсе, хто стаяў перад салдацкiм частаколам, пажадалi ў той мiг, каб Iвара Iварсана вызвалiлi. Яны палюбiлi яго за храбрасць i дабрату i нiяк не маглi зразумець, чаму гэта яны лiчылi яго злодзеем.
Амаль невыносна было стаяць так далёка, не ведаючы, што выпала на касцях. Суддзя з ленсманам нахiлiлiся над барабанам, каб паглядзець, засядацелi i ўсе асобы знатнага саслоўя, якiя прысутнiчалi пры гэтым, падышлi блiжэй i таксама пачалi глядзець, якi вынiк. Здавалася, усе збянтэжылiся, некаторыя кiвалi Iвару Iварсану, сёй-той пацiскаў яму руку, а натоўп так нiчога i не ведаў. Па радах прабег гнеўны шум.
Тады суддзя зрабiў знак ленсману, i той падняўся на ганак судовай палаты, дзе яго лепш бачылi i чулi:
– Iвар Iварсан выкiнуў на абедзвюх касцях па шасцёрцы, больш ачкоў набраць нельга!
Людзi зразумелi, што Iвар Iварсан прызнаны невiнаватым, i ўзрадавалiся. А многiя пачалi крычаць:
– Будзь здароў, Iвар Iварсан!
Але тут здарылася такое, што вельмi здзiвiла ўсiх. Паўль Элiясан радасна закрычаў i, сарваўшы з галавы сваю вязаную шапачку з кутасiкам, падкiнуў яе ў паветра. Гэта адбылося так нечакана, што стражнiкi не паспелi перашкодзiць яму. Усе толькi ахнулi. Праўда, Iвар Iварсан быў Паўлю Элiясану ўсё роўна што бацька, але цяпер, калi справа iшла аб ягоным жыццi, няўжо ён i сапраўды радаваўся таму, што iншага прызналi невiнаватым?
Хутка быў усталяваны парадак: начальства адышло направа, арыштанты са стражнiкамi - налева, iншыя гледачы адсунулiся блiжэй да судовай палаты, так што барабан зноў застаўся пасярэдзiне, нiчым не заслонены, i ён вiдзён з усiх бакоў. Цяпер настала чарга Эрыка Iварсана перанесцi смяротнае выпрабаванне. Але, узяўшы ў рукi кубак з касцямi, ён паспрабаваў выпрастаць сагнутую спiну i сказаў:
– Дзякуй Богу, што брат мой Iвар апраўданы, бо хоць у гэтай справе я таксама невiнаваты, ён заўсёды быў лепшы за мяне. I малю Госпада нашага Iсуса Хрыста, каб ён даў мне выкiнуць найменей ачкоў, каб дачка мая магла павянчацца з тым, каго яна кахае, i жыць з iм шчаслiва да канца дзён сваiх.
З Эрыкам Iварсанам здарылася тое, што часта бывае са старымi: уся яго былая моц, здавалася, пайшла ў голас. Яго словы пачулi ўсе i ўскалыхнулi народ. Ужо вельмi ж непадобна было на Эрыка Iварсана прызнаць, што хтосьцi больш варты за яго, ды яшчэ жадаць сабе смерцi дзеля чужога шчасця. Ва ўсiм натоўпе не знайшлося б цяпер нiводнага чалавека, хто па-ранейшаму лiчыў бы яго разбойнiкам i злодзеем. Са слязамi на вачах малiлiся людзi Богу, каб Эрык выкiнуў пабольш ачкоў.
Ён i не патурбаваўся патрэсцi ў кубку косцi, а толькi, падняўшы кубак уверх i апусцiўшы яго ўнiз, выкiнуў косцi на барабанную шкуру. Вочы яго былi надта старыя, каб убачыць ачкi на кубiках, i ён, нават не зiрнуўшы на iх, стаяў, утаропiўшыся ў прастору.
Але суддзя i iншыя паспяшалiся да барабана. I ўсе прачыталi на iхнiх тварах тое ж здзiўленне, што i ў мiнулы раз.
А натоўп, якi стаяў перад салдацкiм частаколам, быццам зразумеў усё, што адбылося, яшчэ задоўга да таго, як ленсман аб'явiў вынiк справы. Нейкая жанчына ўсклiкнула:
– Няхай уратуе цябе Гасподзь, Эрык Iварсан!
I ўслед пачуўся шматгалосы крык:
– Дзякуй i хвала Госпаду за тое, што ён дапамог табе, Эрык Iварсан!
Вязаная шапачка Паўля Элiясана ўзляцела ў паветра, як i першы раз, i ўсе зноў ахнулi. Няўжо ён не думае, чым гэта пагражае яму самому?