Рускія народныя казкі
Шрифт:
Салдат Сямён спадабаўся Мар'і-царэўне, і яна яму таксама спадабалася. Ды не было часу доўга гаманіць. Помніў Сямён пра справу, пачаў з царэўнай развітвацца. Яна яго за белыя рукі ўзяла, сваім жаніхом назвала.
Тут добры малойца стукнуўся аб падлогу, зрабіўся ясным сокалам, прыхапіў меч-кладзянец і вылецеў з царскіх пакояў. Мар’я-царэўна праз акно яму ўслед глядзела, пакуль бачыць магла ў небе сокала.
Доўга ці не доўга ляцеў сокалам — крылы стаміліся, шэрым зайцам паскакаў, потым аленем шпарканогім пабег і пад вечар трапіў да сваіх войскаў.
Спіць салдат Сямён, ніякага гора-ліха не чуе над сабою.
На той час баярын, што абяцаўся за дзесяць дзён з’ездзіць па меч-кладзянец, міма праходзіў. Глядзіць ён — царскі ганец спіць і побач меч-кладзянец ляжыць. Спачатку баярын здзівіўся, а потым выхапіў шаблю, адсек салдату Сямёну галаву. Кінуў цела ў яр, забраў меч-кладзянец і панёс цару:
— Вось, цар-гасудар, абяцаўся я за дзесяць дзён справіцца, а здолеў за адзін дзень вярнуцца, не тое што салдацік-хвалько. Ён і дваццаці вёрст яшчэ не паспеў прайсці: як сюды ехаў— сустрэў яго. Праз паўгода ў сталіцу трапіць!
Цар здзівіўся, узяў меч у рукі:
— Той самы!
Баярына пахваліў і пытаецца:
— Што новага ў сталіцы? Ці ўсё добра? I як цябе Мар'я-царэўна сустрэла? Я ж пісьмо сваё з салдатам паслаў.
— У сталіцы ўсё спакойна. Чакаюць цябе, царская вялікасць, з перамогаю. А Мар'я-царэўна мне, твайму баярыну, і без пісьма паверыла — я ёй усё на словах расказаў — і падала меч-кладзянец ды кланяцца загадала,
Назаўтра раніцай павёў цар свае войскі на ворага і нашчэнт разбіў варожыя полчышчы ў тым баі. Палавіну чужаземных салдат пасеклі, астатніх у палон узялі. Толькі каралю з блізкімі генераламі ўдалося ўцячы.
Загадаў цар усім сваім войскам адпачываць. Выкацілі бочкі з віном, пачастункаў панаставілі і давай банкетаваць. Трубы трубяць, барабаны б'юць, музыка іграе, песні пяюць. А як адбанкетавалі, адсвяткавалі, рушыла войска дадому. Усюды іх па дарозе з радасцю сустракаюць, віншуюць-вітаюць...
Многа ці мала мінула часу — убачыў Месяц у яры забітага салдата Сямёна і кажа Ветру ды Сонцу:
— Служыў Сямён верай і праўдай, ды загінуў не ў баі, а ад нечай ліхой рукі. Трэба яго ажывіць, з бяды выбавіць.
Сонца пасылае:
— Ляці, Вецер, за трыдзевяць зямель, у трыдзесятае царства, дастань у царыцы-даўганоскі жывой і мёртвай вады.
Расстараўся Вецер жывой і мёртвай вады, вярнуўся.
Папырскалі цела Сямёна мёртваю вадою — загаіліся раны, прырасла галава, як была. Папырскалі жывою вадою— уздыхнуў салдат Сямён, расплюшчыў вочы, на ногі падняўся:
— Бацюхны, ці не праспаў я часам?
Сам навокал азіраецца, шукае меч-кладзянец.
— Век бы ты тут спаў, каб мы цябе не ажывілі,— Сонца, Вецер ды Месяц кажуць.— Позна цяпер. тут цара шукаць: вайна даўно скончылася і ўсё войска з перамогаю
Салдат Сямён Сонцу, Ветру ды Месяцу ўсё пра службу сваю расказаў, за помач падзякаваў і пабег шэрым зайцам. Потым зрабіўся шпарканогім аленем. Бяжыць, спяшаецца — дарога не блізкая.
Якая вялікая зямля наша — канца-краю ёй няма!
Бег-бег аленем, прытаміўся, зрабіўся ясным сокалам. Ляціць над лясамі дрымучымі, над палямі шырокімі, над быстрымі рэкамі, над гарамі высокімі. Пад ім сёлы, гарады раскінуліся, раскошна стаяць.
I вось паказалася сталіца.
Апусціўся ясны сокал паблізу заставы, перакуліўся цераз сябе — зрабіўся добрым малойцам.
А ў горадзе ўсе дамы ўпрыгожаны. З гармат страляюць, у званы звоняць, і народ апрануты па-святочнаму. Усе смяюцца, шумяць, «ура» крычаць.
Пытаецца салдат Сямён у гараджан:
— Што за свята ў вас у горадзе?
Дзівяцца прахожыя:
— Відаць, ты здалёку прыйшоў, калі нічога не ведает! Нядаўна вярнуліся з перамогаю нашы войскі. I вось увесь народ праслаўляе сваіх салдат ды ваяводаў, а больш за ўсіх славіць баярына, які за адны суткі меч-кладзянец з палаца на поле бою цару прынёс. Сёння
прызначана вяселле: жэніцца той баярын з Мар'яй-царэўнай, і клічуць увесь народ у палац на вясельны банкет.
Салдат Сямён папрасіўся ў адной бабулькі на пастой. Адпачнуў крыху, потым памыўся, прыбраўся, узяў гуселькі і пайшоў на вяселле.
На царскім двары сталы панастаўлены. Піцення-ядзення стаіць поўным-поўна. Тыя сталы для ўсіх гараджан.
А на самым высокім ганку за асобным сталом, на вачах ва ўсіх, цар з царыцаю, жаніх з нявестаю ды блізкія баяры сядзяць. Усе на банкеце п'юць, ядуць, весяляцца. Адна нявеста невясёлая.
Народ за крайнім сталом перагаворваецца:
— Не па сваёй волі Мар'я-царэўна за баярына ідзе. Кажуць, сілком аддаюць.
Прымасціўся салдат Сямён каля апошняга стала, выпіў чарку маладога віна і пачаў на гусельках іграць ды жаласна прымаўляць:
— Авохці мне ды перавохці мне! Забылася пра мяне краса дзяўчына-душа. А нядаўна ж яна, краса дзяўчына-душа, Словам ласкавым сустракала, Жаніхом сваім называла. Праз акенца мяне, яснага сокала, выпускала...Мар'я-царэўна страпянулася, як пачула песню. Пачала па баках азірацца і ўбачыла салдата Сямёна.
З месца паднялася, адлучылася на хвілінку з-за стала, вярнулася і кажа:
— Цар-гасудар, не загадвай караць, дай мне слова сказаць!
Цар дазволіў:
— Гавары, мая любая дачушка.
Мар'я-царэўна пакланілася на ўсе чатыры бакі, а цару з царыцаю асобна:
— Ці ведаеш ты, цар-гасудар, што не той мой жаніх, што каля мяне сядзіць, а той мой жаніх, што за крайнім сталом на двары на гусельках іграе?