Сцэнарыст
Шрифт:
“А дзе гаспадар?”
“Я за яго”.
“Не, сапраўдны. Рыжы каторы”.
“У паліклініцы”.
“А ты яму хто? Сын?”
“Работнік. – І, зглынуўшы сліну, дадаў: – Сірата… Бацька загінуў. Гэта айчым”.
“Пагаварыць трэба. Падыдзі пасля вунь туды. Я пачакаю”.
Пайшоў. Тэлефон застаўся ляжаць на прылаўку. Можа, забыў, а мо знарок пакінуў, каб праверыць. Лагун кінуўся ўслед. Дагнаў і аддаў. Матацыкліст буркнуў нешта пра наіўнасць, потым падзякаваў. З’явіўся Отчык – падвесялелы, як заўсёды, і адпусціў Лагуна.
“Табе васямнаццаць ёсць?”
“Не”.
“Ты разумееш, што калі ты пакахаў маю сястру, цяпер ты як сумленны чалавек павінен дачакацца паўналецця і жаніцца?”
Лагун сядзеў ні жывы ні мёртвы. І зноў, трэба ж, адзінае, што круцілася ў галаве і на языку – дурное: абяцаць не значыць жаніцца.
“Выставіць бы табе рахунак за такія справы. Нікому іншаму не дараваў бы. Але я не монстр. Ды і ты не падобны на гвалтаўніка, на аферыста, калі шчыра”.
Лагун не знайшоў нічога лепшага, як ціхім голасам падзякаваць.
“Толькі не будзь наіўным. Вучыся пазнаваць і пазбягаць такіх, як я з сястрою. Гэта я табе з мужчынскай салідарнасці раю. Не звязвайся больш з ёю. Табе трэба не такая дзяўчына. Яна ў дзяцінстве з арэляў упала, галавой стукнулася. Больш яна да цябе не будзе чапляцца. Тым больш нам ехаць неўзабаве”.
Асмялелы Іван кіўнуў. Ён ужо бачыў, разумеў, што чарговы раз пранесла хмару над ім, спрацавала яго маска наіўнай сціпласці, і слова “сірата” памагло.
“А скажы, гэты, – паказаў матацыкліст на Отчыка (латок быў відаць адсюль, Отчык, вогненна-руды, з бакенбардамі, як у ірландца, аддалёк пазіраў на іх), – моцна цябе эксплуатуе?”
Лагун гмыкнуў, што можна было разумець і так, і гэтак, адзначыўшы сабе, што, на яго шчасце, размова перакідваецца на іншую тэму і трэцюю асобу.
Матацыкліст сам адказаў:
“Я ведаю такіх людзей. Жмоты і скнары. Па ім відаць. Бойся рыжых і лысых, – дадаў шматзначна, з тыпова рускай бесцырымоннасцю. – Дык я чакаю”.
“Чаго?”
“Расказвай”.
І Лагун расказаў. Пра маланку, пра купца зямлі (утаіўшы тэлефонны званок, бо баяўся, і не без падстаў, што матацыкліст можа занадта ўвішна ўзяцца за разблытванне), пра перамену прозвішча. Апошняе матацыкліста сама больш зацікавіла.
“Так проста прозвішчы не мяняюць. Значыць, ад нечага ці ад некага хаваецца. Каб заблытаць след пасля цёмных спраў. Можа, гэта бізнес яго – шукаць прадаўцоў зямлі, потым гаспадары загадкавым чынам знікаюць, ён жэніцца на ўдовах. А зямлю потым перапрадае. А можа, ён кінуў каго, сядзеў у турме і менавіта таму памяняў прозвішча. Можна вызначыць па наколках. У яго ёсць?”
Лагун успомніў абліванні Отчыка халоднай вадою.
“Няма, здаецца”.
“А можа, яшчэ прасцей, – працягваў разважаць матацыкліст. – Пад скурай льва хаваецца ліса. Мо ён толькі тым і займаецца, што жаніцьбамі. Гэта яго
Лагун слухаў і дзівіўся з такой нястрыманай фантазіі. Яму ў навіну была гэтая непадробная зацікаўленасць чужымі справамі, так уласцівая рускім, якая павінна раскрыць, паказаць славутую шырыню душы, разрыванне на грудзях кашулі дзеля блізкага свайго.
“Так і тут. Ты ўпэўнены, што ён у паліклініку ходзіць, а не да палюбоўніцы? Можа, ён ужо нагледзеў іншы ўчастак зямлі. Так што глядзі, каб неўзабаве твая маці і сёстры не апынуліся на вуліцы”.
“Што ж рабіць?”
“Я навучу”.
7
Ужо вечар лёг, цені сталі доўгімі, а яны ўсё сядзелі за столікам. Уладальнікі кіёскаў і латкоў згортваліся, Отчык таксама. Ён пазіраў на іх, чакаючы Лагуна, але паклікаць не асмельваўся. У матацыкліста былі адказы на ўсе да адзінага пытанні. Лагун не паспяваў задаваць іх. Матацыкліст ведаў літаральна ўсё, у тым ліку і тое, як далей Лагуну жыць.
“Вучыцца трэба. Выбірацца адсюль. З’язджаць. З такім характарам, з такой знешнасцю можна стаць, ну, не ведаю – знакамітым кінаакцёрам. Ніколі не думаў? Любіш кіно?”
“Люблю. Але не паступлю. Там конкурс вялізны”.
“А ты паступі на любое аддзяленне, дзе недабор. Цяпер жа не праблема – падаў дакументы і паступіў. Каб замацавацца. А там пяройдзеш на кінематаграфію”.
У яго так проста было ўсё.
“А грошы? На вучобу?”
“У яго возьмеш”.
“Не дасць”.
“Намякні, што ведаеш, куды ён ходзіць. Каб ён быў у тваіх руках. А як інакш? Толькі так”, – шчыра, з абсалютнай перакананасцю ў сваёй праваце вучыў матацыкліст.
“А калі не дасць?” – паўтарыў Лагун.
“А я на што? Я ўмею гаварыць з такімі. Спасылайся ва ўсім на мяне”, – і махнуў Отчыку рукой.
“А як з вамі звязацца, праз ВК?” – спытаў Лагун.
“Ніколі яго не меў, – адказаў матацыкліст. – Хрэнь поўная. Вось… набяры мяне, адбі нумар. Калі што, звяртайся. Толькі не цягні, хутка мы з’язджаем”.
Яны развіталіся сябрамі. Так Лагун пазбегнуў вялікіх непрыемнасцяў, акрамя таго нечакана, на голым месцы, набыў апекуна, заступніка, настаўніка, які падказаў, што яму рабіць далей.
Пасля таго Лагун добра падумаў. Увосень яму будзе васямнаццаць. Нічога больш яго тут не трымала. Падраслі сёстры, сталі памочніцамі маці, маглі замяняць яго. Ды і маці ўжо акрыяла. У сярэдзіне лета, нікому нічога не сказаўшы, ён паехаў у сталіцу. Выбраў прыборабудаўнічы факультэт – адзіны, дзе былі вакансіі. Яго 208 балаў хапіла з запасам – пры прахадным 169. У прыёмнай камісіі зноў былі пушчаны ў ход яго правераныя сродкі: чырвань, ціхі голас, апушчаныя вочы плюс слова “сірата”, хоць яго за язык ніхто не цягнуў.