Чтение онлайн

на главную

Жанры

Шрифт:

“Ды гэта для студэнтаў знарок прыдумана, – усклікнула начальніца. – Раней разгружалі вагоны, а цяпер кошыкі і вазкі ў гіпермаркетах збіраюць. Калі не саромеешся і не лянуешся, разлічвай на 150-200 даляраў. Практычна пад нагамі на дарозе валяюцца”.

– А праўда, што ўсяго чатыры гадзіны?

– Праўда. Лёгкая праца.

Банкаўская картка, сацыяльны пакет, працоўная кніжка, усё як належыць. Афіцыйна праца называлася “дворнік”. Вячэрняя змена, з 19 да 23. Праўда, далёка дабірацца, на другі канец горада, паўтары гадзіны, але сама праца напачатку была да несур’ёзнасці лёгкая. Лагун, як у філь­ме “Тэрмінал”, дзе галоўны герой тым самым займаўся, збіраў па зале, састаўляў адзін у адзін вазкі, наверх –

кошыкі; а часцей дысцыплінаваныя пакупнікі самі вярталі іх куды трэба, на месца. У яго быў дзед-зменшчык, які працаваў ад раніцы да прыходу Лагуна; выконваў сёе-тое дворніцкае: прыбіраў ад паперак і акуркаў прылеглую да гіпера тэрыторыю, падмятаў задні двор. Там стаялі сметніцы, і Лагун раз бачыў, як дзед па-гаспадарску корпаецца ў іх. Пераадольваючы гідлівасць, Лагун падышоў бліжэй, паглядзеў і быў здзіўлены яго здабычай: усё якаснае, ва ўпакоўках каўбаса і сыр, садавіна-гародніна не горшыя, чым у краме ў скрынках.

Акрамя зменшчыка, Лагун меў справу з ахоўнікамі. Гэта была асобная каста. Яны стаялі каля касаў, у некаторых рукі за спінай ці складзеныя на грудзях. Усе ганарыстыя, асабліва тыя, хто сядзеў у аператарскай – сядзелі, пільна ўзіраючыся ў маніторы. Лагуна адразу папярэдзілі, што ўсё пад камерамі назірання. Калі хто што ўбачыць ці знойдзе, імгненна дакладваць ахове. Таму, ведаючы, што кожны яго крок адсочваецца, Лагун знарок стараўся трымацца відных месцаў. Ён нават не заходзіў у пакой адпачынку – стол, дзве лавы, дзе пілі каву і перакусвалі. Тым больш, не было патрэбы, бо напачатку за чатыры гадзіны ён проста не паспяваў стаміцца і прагаладацца. Аднак неўзабаве стала ясна, чаму на такую нібыта лёгкую працу так мала ахвочых. Пачала балець, колам станавіцца спіна. Холад, скразнякі, голад да моташнасці. Твары, твары, рукі, рукі. У вачах мільгацелі каўбасы, масла, мяса, хлеб, звінелі бутэлькі спіртнога, галасы, касы, крокі, людзі. Начны аўтобус, метро, засынанне на лекцыях. І зноў кошыкі. Гэта было зусім не тое, аб чым ён марыў. Нейкая безвыходнасць, безнадзейнасць пачынала авалодваць ім. Што наперадзе, аб тым стараўся нават не думаць. І толькі зрэдку, урыўкамі, па-ранейшаму тупа верыў у нейкую сваю зорку, наіўна лічачы, што калі нешта моцна хацець, дык яно ўжо напалову выкананае. (Зрэшты, ён нават не ўяўляў, да чаго блізка быў ад ісціны і як крута неўзабаве зменіцца яго жыццё.)

Праз тыдзень пасля Новага года стаяў калядны мароз, дзьмуў вецер, мяла завіруха. Лагун сядзеў на кукішках каля камер захоўвання, прыхінуўшыся да сцяны. У жываце хадзілі моташныя хвалі ад голаду, па спіне беглі дрыжыкі. Ён глядзеў праз шкляныя дзверы на зоркі, якія таксама свецяць зараз над родным домам, і думаў: усё, хопіць, трэба вяртацца – хай сабе і пераможаным, ні з чым. Ён зайшоў у гандлёвую залу і ўбачыў у адным з вазкоў пальчаткі, а пад імі смартфон. Ён схапіў іх і кінуўся да дзвярэй. Каля выхаду сутыкнуўся нос у нос з задыханым дзедам.

– Успомніў, калі рукі замерзлі. Вось дзякую, добрая душа. Я твой даўжнік.

– Ну што вы. Тут відэакамеры паўсюль.

– Ну, не толькі ж камеры. Ёсць яшчэ такая рэч, як сумленне. Студэнт?

– Студэнт.

– Не мясцовы?

– Не мясцовы.

Дзед хацеў нешта яшчэ спытаць, ды не паспеў, бо Лагуна паклікалі. Скончылася змена. Гіпер вось-вось зачыніцца. Калі Лагун выпраўляўся дамоў, убачыў, што каля ячэек камер захоўвання яго чакаюць. Той самы дзед.

– Можна цябе папрасіць? Правесці мяне? Я жыву недалёка.

Пасля, калі ішлі, быў студзёны студзеньскі калядны вечар, свяцілі ліхтары і іскрыўся сіні снег. Дзед гаварыў, Лагун напаўвуха слухаў.

– Мне галоўнае тэлефон, надта многа там інфармацыі, ён мне адначасова і блакнот, і дыктафон – так зручна, ідзеш сабе і надыктоўваеш ціха, ніхто ўвагі не звяртае, думаюць, проста размаўляе

з кімсьці чалавек.

– А навошта вы надыктоўваеце? – спытаў Лагун.

– Для кінастудыі. Я там працую. Сцэнарыстам.

Лагун у гэтым месцы спатыкнуўся, ды так, што дзед прытрымаў яго. Сэрца адазвалася салодкімі ўдарамі. Зноў лёс мякка, але настойліва падво­дзіў яго, перасякаў з кіно; вось і гэтую сустрэчу інакш, як знак, не назавеш.

– Мы прыйшлі. Я тут жыву. Запрашаю да сябе, – сказаў дзед і паспяшаўся растлумачыць: – Жонка з дзецьмі ў Паставах, я адзін. Не бойся.

– Я не баюся.

Двухпакаёвая кватэра. Столік, на якім бутэлькі і закускі. Штучная елачка, па-старадаўняму ўпрыгожаная шклянымі цацкамі і гірляндай лямпачак. Цёпла. Светла. Утульна. Спіну можна расслабіць, ногі выдаўжыць. Страўнік бурчыць і галава злёгку кружыцца ад здаровага голаду, ад пахаў ежы. А наперадзе, гаспадар сказаў, ванна.

– А ведаеш што? – заставайся начаваць, – заявіў ён. – Куды ў такую ноч ехаць. Свежая бялізна, чыстая пасцель.

Нагадвала якуюсь калядную гісторыю. Лагун зразумеў, што трэба расказаць пра сябе, што дзед чакае гэтага. І коратка! Вельмі коратка! Каб не ўскладняць, расказаў усё, як і іншым: маўляў, сірата, дзве сястры, маці, працуюць на чужога дзядзьку; мары жыць па-чалавечы, жаданне выбіцца ў людзі; не забыў пра здымкі свае статыстам у масоўцы; сціпла паведаміў, што рэжысёр хваліў яго (чаго не было), прызнаўся, што і сюды прыязджаў знарок на кінастудыю (так і было), ды не атрымалася ўладкавацца. Дзед слухаў, вочы ў яго туманіліся, ён, пазіраючы перад сабой, нібы прыкідваў нешта.

– Сірата, – паўтарыў ён. – Значыць, ты ўжо з малых гадоў паспытаў горыч жыцця. А скажы, якія ў цябе планы? Надалей?

Лагун адказаў, што ніякіх асабліва планаў, да вясны перабіцца, а там, можа, у войска. І ў сваю чаргу спытаў:

– А цяжка стаць сцэнарыстам?

– Як табе сказаць. Трэба, па-першае, проста нарадзіцца творчым чалавекам. Затым стаць літаратарам. Для гэтага пажадана гадоў дзесяць чытаць адну класіку, вучыць на памяць, потым выкінуць яе з галавы, яшчэ гадоў пяць ездзіць, хадзіць, вандраваць па Беларусі і па ўсім свеце, слухаць, запамінаць, запісваць. Пажадана пасядзець у турме, адпачыць на Багамах, пабыць багатым, затым жабраком, выйграць у латарэю і прайграць у рулетку, як Дастаеўскі. Жаніцца, развесціся, нарадзіць дзіця, калі зможаш. І вось тады, як застануцца жаданне і сілы, успомніць усё, што чытаў, перамяшаць з тым, што бачыў і перажыў, дадаць тое, што яшчэ хацелася б убачыць і перажыць, – і ўжо тады са спакойнай душой засесці за пісанне. Хоць і сцэнарыяў, бог з імі.

– А я б, здаецца, усё гэта з радасцю прайшоў бы, – вырвалася ў Лагуна. Выпітае віно і вялікі кавалак смажанага мяса разняволілі яго язык і думкі.

– Ты так моцна любіш кіно?

– Ага, – Лагун зглынуў. Што павінна было азначаць – больш за ўсё на свеце.

– І хочаш навучыцца пісаць сцэнары?

– З дзяцінства, можна сказаць, марыў.

– Ну што ж. Можа, сам лёс паслаў мне цябе. Падумаем, што можна зрабіць, як табе памагчы.

Лагун пасля нядоўгага маўчання спытаў:

– А нашто гэта вам? Ну, памагаць мне? Што вам з гэтага?

– Хачу проста дабро зрабіць табе. Харошы ты вельмі хлопец.

– Але з мяне няма чаго ўзяць. Я нічым не змагу вам адплаціць.

– Нічога не трэба. Я ўжо ў такім веку, калі трэба збіраць як мага больш добрых спраў. Мо і спатрэбяцца на апошняй таможні.

Лагуну гэтыя словы былі і незразумелыя, і падазроныя. Як праз сон, даносіліся гукі. А дзед працягваў.

– Першую частку жыцця атрымліваеш радасць, калі ўсё робіш для сябе. Другую – для сям’і, для дзяцей. А вось трэцяя, апошняя частка – і я акурат у ёй знаходжуся – радасць ад таго, што робіш дабро зусім чужым, незнаёмым.

Поделиться:
Популярные книги

Проданная невеста

Wolf Lita
Любовные романы:
любовно-фантастические романы
5.80
рейтинг книги
Проданная невеста

Прометей: каменный век

Рави Ивар
1. Прометей
Фантастика:
альтернативная история
6.82
рейтинг книги
Прометей: каменный век

Отвергнутая невеста генерала драконов

Лунёва Мария
5. Генералы драконов
Любовные романы:
любовно-фантастические романы
5.00
рейтинг книги
Отвергнутая невеста генерала драконов

Все ведьмы – стервы, или Ректору больше (не) наливать

Цвик Катерина Александровна
1. Все ведьмы - стервы
Фантастика:
юмористическая фантастика
5.00
рейтинг книги
Все ведьмы – стервы, или Ректору больше (не) наливать

Курсант: назад в СССР 9

Дамиров Рафаэль
9. Курсант
Фантастика:
попаданцы
альтернативная история
5.00
рейтинг книги
Курсант: назад в СССР 9

Ретроградный меркурий

Рам Янка
4. Серьёзные мальчики в форме
Любовные романы:
современные любовные романы
5.00
рейтинг книги
Ретроградный меркурий

Не ангел хранитель

Рам Янка
Любовные романы:
современные любовные романы
6.60
рейтинг книги
Не ангел хранитель

Особое назначение

Тесленок Кирилл Геннадьевич
2. Гарем вне закона
Фантастика:
фэнтези
6.89
рейтинг книги
Особое назначение

Инкарнатор

Прокофьев Роман Юрьевич
1. Стеллар
Фантастика:
боевая фантастика
рпг
7.30
рейтинг книги
Инкарнатор

Законы Рода. Том 2

Flow Ascold
2. Граф Берестьев
Фантастика:
фэнтези
аниме
5.00
рейтинг книги
Законы Рода. Том 2

Бальмануг. Студентка

Лашина Полина
2. Мир Десяти
Любовные романы:
любовно-фантастические романы
5.00
рейтинг книги
Бальмануг. Студентка

Академия

Сай Ярослав
2. Медорфенов
Фантастика:
юмористическая фантастика
попаданцы
аниме
5.00
рейтинг книги
Академия

Романов. Том 1 и Том 2

Кощеев Владимир
1. Романов
Фантастика:
фэнтези
попаданцы
альтернативная история
5.25
рейтинг книги
Романов. Том 1 и Том 2

Сила рода. Том 3

Вяч Павел
2. Претендент
Фантастика:
фэнтези
боевая фантастика
6.17
рейтинг книги
Сила рода. Том 3