Сцэнарыст
Шрифт:
– Плагіят.
– А калі так паставіць пытанне: якая розніца? Па вялікім рахунку, усё нашае жыццё плагіят. Мы маем якасны прадукт – тэкст. Гэта галоўнае. А хто яго стварыў, ці не ўсё роўна? Марк Твэн казаў…
Яна перабіла:
– Чым лепшы сцэнар, тым большая верагоднасць, што ад яго нічога не застанецца.
– Але нашто так далёка заглядваць? Гэта ж не справа журы. Вам трэба ацаніць твор. А ўжо зробяць з яго фільм ці, як звычайна, скалечаць – гэта вас не тычыцца. Не трэба блытаць сцэнар і фільм.
Інга зморшчыла кірпаты нос, збіраючыся чыхнуць. І чыхнула.
– Падай, калі ласка, сурвэтку.
– Будзь здарова. Ты ж ведаеш, што табе паможа. Горнае паветра, плюс марское, – сказаў муж. –
Кожны год, нават два разы на год, яны выбіраліся на Поўдзень, і там ад хваробы сапраўды не заставалася следу.
– Што ты збіраешся рабіць? – спытаў ён.
– Цярпець. Прымаць гістаміны. Капацца, – яна расціснула далонь і падала яму цёплы флакончык.
– Я сцэнар маю на ўвазе.
– Я хачу з ім сустрэцца. І паглядзець яму ў вочы. Зразумець, што ён з сябе ўяўляе. Я не павінна была б гэтага рабіць, але…
– А нельга яго запрасіць да нас?
– Не кажы абы-чаго.
– Шкада, што нельга зняць на камеру.
– Не будзь малым дзіцём.
Інга ўстала, выцягнула з мужавых пальцаў флакончык, які ён паспеў прысвоіць, увогуле маючы звычку блытаць сваё і чужое, узяла са стала рукапіс.
– Дзе аловак?
– Вось, прабач.
Яна пайшла, але спынілася і спытала:
– Ты ўсё ведаеш. Чаму лятаюць у сне?
Ён пачаў ахвотна і дэталёва, як той ямала-ненец цікаўнай журналістцы, тлумачыць, што заснавальнікі псіхалогіі разглядвалі гэта пад рознымі ракурсамі: Фройд, як заўсёды, звязваў з сексуальнымі памкненнямі, Альфрэд Адлер – з жаданнем прыгнятаць іншых, Карл Юнг – з імкненнем вызваліцца ад абмежаванняў і разарваць рамкі ўмоўнасцяў…
– Не, – перабіла яна. – Мне больш падабаецца, што гэта памяць пра нашы ранейшыя жыцці.
11
Кінастудыя жыла сваёй звычайнай хаатычнай мурашынай мітуснёй, якая называлася творчым жыццём. З кабінета ў кабінет, з курылкі да кава-аўтамата ці проста ўзад-уперад па доўгім калідоры з выцертым паркетам сноўдаўся, як непрыкаяны, творчы люд, у асноўным незанятыя рэжысёры кшталту Скіндзера. Яны з зайздрасцю паглядвалі на дзверы з шыльдамі-назвамі прынятых да вытворчасці фільмаў. У самым кутку калідора, пасля “Здымачнай”, “Аператарскай”, “Агучкі” і “Кастынгу” ішлі запар тры кабінеты сцэнарна-рэдактарскага аддзела. Дамаседы, якія там працавалі, выгодна вылучаліся сярод іншых кінастудыйшчыкаў. Ім заўсёды быў гарантаваны занятак: чытаць, правіць і абмяркоўваць сцэнарыі, якія сцякаліся сюды кожны дзень неперасыхаючымі ручаінамі. Праца хоць і лічылася кабінетнай, была самая што ні на ёсць творчая, бо ў ёй немагчыма было вызначыць, а тым больш спланаваць, аб’ём работы. Усё залежала ад асабістых здольнасцяў рэдактара. Каму, як, напрыклад, Інзе з яе ўменнем прабягаць тэкст па дыяганалі, хапала гадзіны. Іншым, як малодшай рэдактарцы Рыце, мала было і двух дзён. Увогуле ж шлях сцэнарыя быў доўгі і бюракратычна-пакручасты: ад малодшага рэдактара твор паступаў вышэй па інстанцыі – проста рэдактару, ад яго – намесніку галоўнага, Інзе, ад яе – галоўнаму рэдактару Камару, адтуль – мастацкаму рэдактару. На кожным узроўні ішло скарачэнне, адсячэнне, адсейванне. Нарэшце сцэнар дабіраўся да гендырэктара Хрушчанкі, які не чытаў зусім, а накладаў рэзалюцыі: на рэдсавет, вярнуць аўтару, купіць ідэю або, вельмі рэдка – запусціць у вытворчасць.
Інга зайшла ў кабінет, набрала нумар, звыкла пачула “пакіньце паведамленне на галасавую пошту”. Пасядзела ў задуме, апамяталася ад уласнага чыху і зразумела, што сёння не зможа прымусіць сябе нават разгарнуць якуюсь папку. Яна рашуча, нават сярдзіта сабралася і сама паехала да гэтага Лагуна. Каля інтэрната ледзь удалося прыпаркаваць машыну. Во студэнцтва пайшло. У вестыбюлі ёй насустрач з-за стала падняўся вахцёр – адстаўнік, пенсіянер, нібы паўстаў з часоў яе маладосці. Цюцелька
– Добры дзень, я вам званіла, чаму вы не прыходзіце?
І толькі тут да яе дайшло, што гэта можа быць не ён, не адзін жа ён жыве ў пакоі.
– Мне ніхто не званіў, – неяк развязна і разам з тым ветліва сказаў малады чалавек. – Але я быў бы не супраць. Сядайце, калі ласка.
Яна адчула палёгку ад памылкі. Неўзабаве ад гаваркога суседа пад чырыканне папугая яна даведалася пра гэтага Лагуна ўсё, што трэба: ціхоня, сірата, падпрацоўвае, апошні час мала жыве ў інтэрнаце, што справы яго дрэнь, ледзь ліпіць, бедны, але ганарысты, вучобу заваліў, але армія на носе, гэта разумеюць, таму і цягнуць яго, каб не псаваць хлопцу анкету і жыццё. Любіць кіно, здымаўся ў масоўцы, хваліў рэжысёр.
– Я вас вельмі папрашу, – на развітанне сказала яна, – перадайце яму, каб сам патэлефанаваў абавязкова.
– Без праблем.
Не паспелі зачыніцца за ёю дзверы, як сусед набраў Лагуна: “Ну, ты малайчына, – заявіў, прыцмокваючы. – Дабіўся-такі свайго. Такая дама прыходзіла… З самой кінастудыі!”
Лагун быў на сваіх кошыках у дзённую змену. Навіна ўжо не застала яго знянацку. Пара, вырашыў ён і, папрасіўшы начальніцу падмяніць яго, пайшоў на кінастудыю. Калі Інга вярнулася, ён стаяў каля дзвярэй яе кабінета. На гэты раз яна, яшчэ не сказаўшы ні слова, адразу пазнала, хто гэта. Хлопчык-анёл, з саламянымі валасамі, блакітам у вачах, вушаты, худы, хоць і па-падлеткаваму выцягнуты, з чыстым нявінна-наіўным тварам, з па-вясковаму апушчанымі рукамі, як у людзей, якія фізічна працуюць.
– Чаму вы не адказваеце на званкі?
– Нумар памылкова апынуўся ў галасавой пошце, – хрыпатым падлеткавым баском адказаў ён, падняў на яе вочы і – пачырванеў. Ён ўмеў чырванець! “Сцоцкі класненькіе”, – успомніла Інга ранішняга ямала-ненца і ледзь стрымала смех, адвярнулася. У кабінеце запрасіла яго сесці, стараючыся непасрэднасцю раскаваць яго.
– Сядайце. Не трэба быць такім сарамлівым.
Ён прысеў. Усе прыгатаваныя ёй словы вылецелі з галавы. Надта ж ён быў не падобны на хітрага, закаранелага плагіятара.
– Вы ж гэта самі напісалі? – не столькі спытала, колькі сцвердзіла яна.
– Напісаў? Сам.
Вушы ў яго на святле пунсавелі.
– Вы былі на моры?
– На жаль, не. – І дадаў. – Не меў матэрыяльнай магчымасці. Я сірата.
– Гэта я ўжо ведаю. Аднак вы, ніколі не быўшы на моры, здорава яго апісваеце. І ўсё астатняе. Скажыце, а як вам прыйшоў у галаву сам сюжэт? Адкуль у вас такі вопыт?
Ён дастаў з кішэні смартфон.
– У асноўным з інтэрнэту. Усё ж гэта даступна. Цяпер нават лепш нідзе не бываць. Вастрэй будзе адчуванне.