Сцэнарыст
Шрифт:
– …Так, існуюць пэўныя цяжкасці, і мой калектыў пра іх ведае. Кожны тыдзень я праводжу дзве нарады, на якіх знаёмлю мой калектыў з усімі праблемамі кінастудыі. – Гендырэктар убачыў Інгу і запрашальна паказаў рукою, каб заходзіла. Інга зайшла, ён кіўнуў на крэсла, а сам працягваў: – Студыя ў складаным становішчы… дэбітарская запазычанасць… але, нягледзячы ні на што, мы спрабуем працаваць, так – працаваць.
Нарэшце паклаў трубку.
– Слухаю вас.
Хрушчанка быў маленькі, кучаравы, з птушыным, завостраным на канцы носам, з чорнымі шчотачкамі броваў, якія
– Мы з вамі калегі. У плане алергіі.
– Спадзяюся, не толькі ў гэтым плане.
Яна паклала перад ім папку, дзе была выпіска з вынікамі конкурсу, пратакол-заключэнне журы і старонка сінопсіса “Месца”. Хрушчанка прабег усё вачамі, упіўся ў сінопсіс, прачытаў і адклаў асадку.
– Сучасная тэма?
– Паводле ўмоваў конкурсу.
– Як па мне, – сказаў ён, – уся гэтая сучасная тэма лішняя. Я б яе ўвогуле адмяніў.
– Што вы прапаноўваеце?
– А чым вам не падабаецца, дапусцім, вось гэтая рэч: “Світанкі над Прыпяццю ціхія”? Па-мойму, цікавая, надзённая рэч.
Інга ўважліва на яго паглядзела, гонячы ад сябе нядобрае прадчуванне. Гэтыя “Світанкі” быў амаль слова ў слова перадраны сюжэт з вядомага савецкага фільма пра жаночы батальён, які ў карэльскіх лясах і балотах пад кіраўніцтвам немаладога старшыны адбіваецца ад фашысцкага дэсанта.
– Харошая тэма, – сказала яна. – Галоўнае, арыгінальная.
– Я ведаю, – улавіў ён іронію, – вы маеце зуб на мяне. Не вы канкрэтна, а ўсе. Думаеце, стары рэтраград і таму падобнае.
– Не час пра гэта, – перабіла яна. – У нас жа быў нядаўна ваенны фільм. Па вашым сцэнарыі, дарэчы.
– Ну і што? Яшчэ адзін здымем. Ваеннай тэмы многа не бывае. Ці вы лічыце, што гэта так ужо бездапаможна? – з лёгкім дакорам спытаў ён.
– Проста нікчэмна. І па тэме не падыходзіць. Тэма конкурсу: кранальны лірычны сучасны фільм.
– Але ж і патрыятызм ніхто не адмяняў. Падумайце самі. З аднаго боку правераны, абкатаны, надзейны сцэнар, з другога – малазразумелы тэкст нейкага нікому невядомага першакурсніка. Я ўжо не кажу, што на вайну заўсёды ёсць заказ, а значыць, і фінансаванне. А нашы фінансавыя справы ахавыя.
Звычайна Інга ніколі ні з кім не ваявала, нервы даражэй. Але тут найшла каса на камень. Надта рэзала вочы несправядлівасць. Яна сказала:
– Добра. Калі ласка. Я асабіста згодная. Але што рабіць з меркаваннем журы? Там маўчаць не будуць. Абавязкова паўстане пытанне наконт нашай прафесійнай прыдатнасці. А так як фармальна старшыня журы вы…
– Пачакайце, – маладушны, як і ўсе такія людзі, Хрушчанка імгненна здаў назад. – Я ж не супраць! Я проста выказаў сваю сціплую думку. Цалкам магчыма, што і ваш сцэнарый нечага варты.
– Ён не мой.
– Мы вось як зробім. Прынясіце мне гэты сцэнар.
–
– На гэты раз хачу парушыць традыцыю. Я прачытаю, падумаю. І вы падумайце.
Аднёсшы яму сцэнар, па дарозе назад Інга заглянула да галоўнага рэдактара, Камара, і застала там Рыту. Інзе ад аднаго іх выгляду стала лягчэй. Гэта былі свае людзі, аднадумцы, сябры. Сярод іх Інга адтайвала. Паміж сабой яны маглі гаварыць практычна на любыя тэмы, хоць і напаўголаса. Камар, ці, як некаторыя называлі яго, – Комар, з бародкай на вузкім твары, з пазалочанымі тонкімі акулярамі на хударлявым носе, хоць і лічыўся сярод студыйшчыкаў тугадумам і кар’ерыстам, быў затое добры, інтэлігентны, прыстойны. Рыта – наіўная, мілая яе малодшая сяброўка, шчырая, без задніх думак… І трэба ж, цяжка паверыць, што нейкі нягоднік скарыстаўся гэтай дабрынёй і наіўнасцю. Як такую можна было кінуць? І яшчэ горш – як такую можна звальняць?
– Вось, – нібы апраўдваючыся, сказаў Камар, – ламаю галаву, як памагчы чалавеку. Звальняюць па сканчэнні дамовы.
– Я ведаю, – сказала Інга. – Я таксама пастараюся памагчы.
– Што з вамі? – спытаў Камар. – Вы бледная.
– Уяўляеце, што толькі што адбылося.
Яна ўсё расказала ім, сваім людзям, і закончыла:
– Так усплыло, што ёсць яшчэ сцэнар, які актыўна, проста падазрона актыўна падтрымлівае Хрушчанка.
– Яшчэ б яму не падтрымліваць, – пасміхнуўся Камар. – Гэта яго сцэнар.
– Як?!
– Так. Мы самі вінаватыя. Забылі ва ўмовах конкурсу ўказаць, што свае, кінастудыйныя, не маюць права ўдзельнічаць.
– Але ж гэта і так само сабой было зразумела. Што ў людзей хопіць сумлення, этыкі…
– Вы не ўлічылі, з кім маеце справу.
– Як жа так можна? Да такога апускацца?
Камар гмыкнуў, што азначала – можна, яшчэ і не такое можна.
– А на якую тэму ў яго? – пацікавіўся ён.
– На ваенную.
– Зразумела. Што б ні пісалі, атрымліваецца акм.
– У яго проста элементарная зайздрасць да маладога, да гэтага Лагуна, – уставіла Рыта.
Усе былі настроены супраць абрыдлага гендырэктара. Галоўнае, яму пад восемдзесят, а ён сядзіць і не думае сыходзіць.
– І нічога з гэтым не зробіш!
– Тут сістэму мяняць трэба.
– Разумею, грэх такое казаць, але калі-небудзь думаеш: хутчэй бы Бог яго прыбраў.
– Такія не паміраюць.
– З іншага боку, новы начальнік рэдка лепшы за папярэдняга.
– Чаму? – стрымана пакашляў Камар. – Горшага не будзе.
– Мне таксама здаецца, што хто заўгодна, абы не ён.
Так яны абмывалі чужыя костачкі. Інга супакоілася, акрыяла і адлегла душой. На развітанне яшчэ перапытала проста так, дзеля парадку:
– Дык я, калі што, магу на вас спадзявацца? Калі дойдзе да рэдсавета, падтрымаеце мяне?
– Што за пытанне!
– Мы адна каманда.
Наколькі лягчэй у Інгі стала на душы, настолькі ж горш фізічна. Яна ледзь даехала дахаты. Праклятая алергія не праходзіла. Тым жа вечарам Інга захварэла па-сапраўднаму, з тэмпературай, з выклікам доктара, які прапісаў лекі і пасцельны рэжым.