Сэрца на далонi (на белорусском языке)
Шрифт:
У доктара ў апошнiя гады частая з'ява - такiя вось нечаканыя адкрыццi прыгожага. Так, напрыклад, зусiм нядаўна ён адкрыў хараство васiльеўскага "Мокрага лугу", якi раней бачыў многа разоў i нiяк не мог зразумець, чым карцiна адрознiваецца ад звычайных падобных пейзажаў, якiя пiшуць iх абласныя мастакi. Яшчэ раней ён гэтак жа адкрыў "Вiшнёвы сад". У маладосцi некалi не даседзеў на спектаклi да канца.
Маша ўбачыла, адчула, што ён глядзiць на яе, як на жанчыну, i ўся ўстрапянулася, спалоханая i ўзрадаваная. Так i застыла з паднятымi рукамi. Не, яна не проста была ўлюбёна ў гэтага дужага, разумнага, таленавiтага
Позiркi iх сустрэлiся. У Машы спынiлася сэрца. Яраш адчуў адказнасць за кожны свой рух у гэты мiг. Ён умеў валодаць сваiмi пачуццямi. Патушыў недакураную папяросу (палiў ён цяпер толькi пасля цяжкiх аперацый), адкiнуўся на спiнку канапы i сказаў проста, даверлiва:
– Стамiўся я, Маша...
Яна выдыхнула паветра, апусцiла рукi i... зрабiлася зямной. Але што гэта? Вочы... Яе залатыя вочы раптам адплылi некуды, на iх месцы закалыхалiся зялёныя хвалi мора. Ён нiколi не бачыў у яе праяў сентыментальнасцi, яна заўсёды была строгая i маласлоўная. Што ж яе кранула так? Радасць душэўнай блiзасцi? Цi крушэнне апошняй надзеi? Ён падняўся, падышоў, лёгка абняў за плечы - так ён рабiў часта, гэткi амаль несвядомы сяброўска-паблажлiвы жэст старэйшага - i пачуў, як дробна дрыжаць яе плечы. Ён сказаў:
– Не трэба, Маша. Мы з вамi добрыя сябры. Мы застанемся сябрамi, праўда?
Яна ўсмiхнулася з удзячнасцю, прыгнулася, каб вызвалiць плячо з-пад яго рукi, i пайшла да дзвярэй.
Яраш сеў i запалiў другую папяросу.
Хвiлiн праз колькi Маша з'явiлася ў дзвярах i звычайным голасам напомнiла:
– У чатыры ў вас кансультацыя ў трэцяй бальнiцы.
Яна была не толькi лепшай аперацыйнай сястрой, але i яго добраахвотным сакратаром - заўсёды ўсё помнiла.
– Дзякуй, Маша.
– Ён уздыхнуў i зноў чамусьцi паўтарыў: - Стамiўся я сёння.
Яраш не любiў трэцяй бальнiцы з-за галоўнага лекара яе Тамары Гаецкай. Да вайны яны разам вучылiся ў медвучылiшчы. Разам паступалi ў iнстытут. I ўжо тады Тамара заляцалася да яго. Але вайна iх разлучыла. Тамара паспела эвакуiравацца, скончыла iнстытут, была на фронце. Вярнулася ў родны горад i адразу заняла кiруючую пасаду ў аддзеле аховы здароўя. Лекар яна была бяздарны, але арганiзатар неблагi, а галоўнае, мела вялiкую прабiўную сiлу да ўсiх дайсцi, усё дастаць, знайсцi... Яраша яна таксама адразу знайшла. I вельмi хацела прыгрэць, прысвоiць. Але ён быў непахiсны i цвёрды. Што яна нi рабiла, на якiя хiтрыкi нi iшла, ён толькi ў адным не вытрымаў - разы два прыняў яе матэрыяльную дапамогу. Яму было дужа цяжка, пакуль канчаў iнстытут, бо малы Тарас хоць i знаходзiўся ў цёткi Любы, але быў яго сынам, i ён лiчыў сваiм абавязкам штомесячна высылаць на ўтрыманне хлопца. Тамара гэта ведала i ўмела памагчы тактоўна i хiтра.
А калi ён ажанiўся з Галiнай, Тамара проста ашалела. Можна сказаць, што яна паставiла сабе за жыццёвую мэту: спакусiць яго, зрабiць палюбоўнiкам. I вось ужо пятнаццаць год дамагаецца гэтай мэты, не грэбуючы нiчым. Сама даўно ўжо замужам, мае сына i ўсё адно нiяк не ўтаймуецца. Прыстае нахабна, цынiчна - на людзях, на нарадах, сходах. Заляцаецца ў прысутнасцi Галiны i свайго мужа. Гэтыя яе заляцаннi, званкi на дом, запрашэннi давялi Галiну да хваробы, бо рэўнасць яе набыла паталагiчны характар, стала псiхозам. Антону, гордаму волату, колькi разоў прыходзiлася ўнiжана пераконваць жонку, што ён нiколi нават не дакрануўся да гэтай жанчыны, акрамя звычайнага прывiтальнага поцiску рукi - як з усiмi людзьмi. Галiна люта, не па-чалавечаму ненавiдзела Гаецкую.
Неяк, калi яны добра пасябравалi, Яраш паскардзiўся Шыковiчам, як адна дурнiца атручвае яму жыццё i сямейнае шчасце. Кiрыла сказаў тады не то жартам, не то сур'ёзна:
– А ведаеш, я на тваiм месцы паказаў бы ёй сваю мужчынскую сiлу. I, запэўняю цябе, яна адразу б сцiхла. Зрабiла б гэта глыбокай тайнай. Беспамылковы псiхалагiчны ход.
Яраша ўразiла, што Кiрыла мог сказаць так пры жонцы. Што было б, каб ён сказаў гэта пры Галiне! А Валя засмяялася, ляпнула мужа далоняй па лысiне i сказала:
– Каб яна была ў цябе, гэтая сiла.
Галiна ў сваю чаргу скардзiлася Валi, i разумная, аб'ектыўная настаўнiца больш паверыла ёй - такая ўжо жаночая псiхалогiя.
...Яраш не даехаў да бальнiцы. Ён рабiў так часта, каб потым непрыкметна праскочыць прахадную i цераз скверык, абышоўшы галоўны корпус, трапiць у хiрургiчны. Так ён пазбягаў сустрэчы з Тамарай Аляксандраўнай, якая яўна падпiльноўвала яго са свайго кабiнета. Праўда, яна часта з'яўлялася ў аддзяленне, але там, пры хворых, мусiла паводзiць сябе стрымана i карэктна. Ярашу былi агiдныя ўласныя манеўры. Ён даўно адмовiўся б ад кансультацый у гэтай бальнiцы, але аддзяленнем тут загадваў здольны малады хiрург Майзiс. Яраш любiў гэтага хлопца i не мог адмовiць яму ў дапамозе. Увогуле, ён стараўся зрабiць усё, каб яго малодшыя калегi як мага менш рабiлi памылак.
На гэты раз праскочыць непрыкметна не ўдалося: у прахадной затрымала калгаснiца з трохгадовым сынам. Хлопчыку пры нараджэннi няўмелая акушэрка вывiхнула ножкi. Яраш тут жа на лавачцы ў скверыку паглядзеў малога.
– О, цераз паўгода будзе танцаваць!
Маладая мацi залiлася слязамi ад шчасця.
– Я напiшу вам запiску, каб Мiшу паклалi ў маё аддзяленне. Ах, шкада, што я адпусцiў машыну!
– Ой, доктар, што вы! Я данясу.
– Далёка. Горача.
– Хiба нам прывыкаць! Абы выпрасталi яго ножкi. Сыночак, родненькi, скажы дзякуй.
Хлопчык смела i вельмi сур'ёзна, як дарослы, сказаў:
– Дзякуй, дзядзя.
– О, ты, брат, герой!
– Ён усё пытае: мама, цi буду i я бегаць, як Лёнька? Старэйшы наш. Будзеш, сыначка, будзеш бегаць!
Яраш напiсаў запiску.
I тут з'явiлася яна, Тамара Аляксандраўна. Падплыла па чорнай асфальтавай дарожцы, быццам статуя, уся
асляпляльна белая: белыя басаножкi, белы халат, белыя валасы, твар нiбы вымыты малаком, толькi бровы ды вейкi крыху падчорнены ды нафарбаваны губы. Яна невысокая, сярэдне для сваiх год распаўнелая, пышнагрудая - па-свойму прыгожая. Многiм мужчынам яна падабалася. Гаецкая ведала гэта, i тым больш яе прыводзiла ў шаленства поўная няўвага таго, хто даўно падабаўся ёй.
– Прафесар Яраш, што за прыватная кансультацыя? У маёй клiнiцы?
Калгаснiца спалохалася белай доктаркi.
– Сынок мой, доктарка. Ножкi ў яго... А тут сястра з нашай вёскi... Прыязджай, кажа, мы папросiм доктара...
Яраш, нiчога не адказаўшы, пачаў тлумачыць жанчыне, як праехаць у iх бальнiцу.
– Палажыце яго ў нас, - кiўнула на малога Тамара Аляксандраўна.
– Дзякую, - адказаў Яраш.
– Я хачу даць цiкавую аперацыю нашаму артапеду. Я сам буду асiсцiраваць яму...