Сэрца на далонi (на белорусском языке)
Шрифт:
У Кухарава пры гэтых словах блiснулi вочы, i ён горача падзякаваў старшынi гарсавета. Яму, магчыма, больш, чым каму другому, хацелася, каб Выселкi сталi прыгажэйшым раёнам. Калi, скруцiўшы чарцяжы, Кухараў выйшаў, Гукан кiўнуў услед:
– Бачылi, якая моладзь расце.
– Прабiўная, - адказаў Гамбiцкi.
– Адукаваная, - уздыхнуў Кушнер.
Гукан пайшоў за свой стол, сеў у крэсла, перагарнуў паперы, выбiраючы, якой заняцца ў першую чаргу. Спытаў:
– Як выхадны правялi?
– Ездзiў дзяцей праведаць у лагер. Сустрэў хлопцаў з завода. Ехалi назад заехалi ў чайную
Гамбiцкi хмыкнуў, ён нiяк не мог звыкнуцца з гэтай святой прастатой намеснiка.
– А я працаваў. Нам, творчым работнiкам, няма калi i адпачыць.
Гукан i Кушнер не паверылi, што архiтэктар сапраўды працаваў, але змаўчалi.
Гукан сказаў:
– А я так хораша парыбалiў. Каля Дзятлава. На такую мясцiну натрапiў... Акунi, дурнi, аднаго возьмеш, вядзеш, другiя следам iдуць, гатовы на бераг выскачыць. Кiлаграмы чатыры нацягаў. А пасля насмяшыў мяне адзiн дзiвак. Сямён Парфёнавiч адкiнуўся на спiнку крэсла i весела засмяяўся.
– Далiбог, даўно ўжо не смяяўся так. Шыковiч. Яны там у ляснiцтве дачу сабе адгрохалi. З Ярашам. Харомiна! Жывуць, як паны. Дык вось... Прыйшоў Шыковiч на бераг. П'яненькi, безумоўна. Сеў на абрыве. Бубнiў, бубнiў нешта. I раптам - боўць. У раку! Я гляджу - адзiн капялюш плыве. Ледзь я выцягнуў яго. Задрамаў, аказваецца, чалавек. Ха-ха-ха...
Нiколi яшчэ Гукан не смяяўся так на службе. Ва ўсякiм разе, Гамбiцкi не чуў, а таму ў першы момант нават разгубiўся. I толькi крыху пазней, калi старшыня выцiраў хусцiнкай вочы, архiтэктар захлiпаў смехам дробным, перарывiстым. Кушнер не засмяяўся зусiм. Яму чамусьцi не спадабалася гэтая весялосць, i ён сказаў:
– Я нiколi не бачыў Шыковiча п'яным.
I гэтым асек Гуканаў смех. Старшыня ўмiг замкнуўся: патушыў вочы, сцяў вусны. Нахiлiўся над сталом, прыгладзiў рэдкiя сiвыя валасы.
– Ну, будзем працаваць!
Гамбiцкi выкацiўся.
Кушнер падышоў да акна i, выглядаючы на вулiцу, сарваў каштанавы лiст.
Старшыня ўзлаваўся:
– Колькi разоў я прасiў цябе: не чапай лiсця. Дурная звычка! Гэтак ты за лета ўвесь каштан абскубеш.
– Увесь не дастану.
Сямён Парфёнавiч кiпеў. Больш чым за год сумеснай працы ён нiяк не мог зразумець: сапраўды гэты чалавек заўсёды кажа тое, што думае, цi часам робiць гэта дзеля таго, каб паздзекавацца з другiх? Вось як цяпер: "Увесь не дастану".
– Калi намеснiк старшынi гарсавета будзе так скубцi зялёныя насаджэннi, не ведаю, калi мы выканаем рашэнне абкома...
Кушнер засмяяўся:
– Будзем мець апраўданне: усю зелянiну папсаваў Кушнер.
Гукан не адказаў. Схiлiўшы галаву набок, пачаў пiсаць рэзалюцыю на нейкай паперы. I Кушнер зноў выказаў тое, што падумаў:
– Мне здаецца, Шыковiч не насмяшыў цябе, а сапсаваў настрой. Чым?
Гукан падняўся, цяжка, па-старэчаму абапiраючыся на стол рукамi. Папрасiў падкрэслена ветлiва:
– Iван Фёдаравiч, давай зоймемся справамi.
Кушнер усмiхнуўся i
– Я еду на будоўлю школы-iнтэрната.
Калi за iм зачынiлiся дзверы, Сямён Парфёнавiч нервова прайшоўся па кабiнеце, спынiўся перад акном, палюбаваўся на каштан, каб супакоiцца. Лiсце хутка абсыхала, падымала вострыя зубчыкi ўгору, мяняла колер з ярка-зялёнага на зялёна-матавы. Дзесьцi ў верхавiне шамацелi нябачныя птушкi. Усё, як заўсёды, як учора, пазаўчора. А спакой не прыходзiў. Зноў з'явiлася трывога ў душы.
"Шыковiч не насмяшыў цябе, а сапсаваў настрой. Чым?" Сапраўды, чым? Калi не лiчыць крыху шумнай размовы аб кульце асобы, Шыковiч паводзiў сябе карэктна i гасцiнна. Увогуле ўсё з учарашняга дня падабаецца. I цяпер у вушах стаiць шум дажджу. А ў вачах - струменi вады, што льюцца са страхi. Усяродку дачы моцна пахне свежаю сасной, апетытнай юшкай i смажанай рыбай...
Што яшчэ гаварыў Шыковiч? Ага, кароткая размова на беразе аб падполлi, да якой ён потым не вярнуўся нават тады, калi падвыпiў. Што ён сказаў? "Хачу пiсаць аповесць. Дакументальную. Глянуць глыбей. Разабрацца". У чым? У чым ён хоча разабрацца? Безумоўна, штурхае яго на гэта Яраш. Ну што ж, няхай разбiраецца. Магчыма, яму, Гукану, трымацца за ацэнку, якую ён даў падполлю дзесяць год назад, i не вельмi трэба цяпер. Упартасць, нязгода з iншымi поглядамi была б незразумелай... А ўвогуле, каб яго воля, ён не дазволiў бы кожнаму пiсаку корпацца ў мiнулым. Не твая гэта справа. Пiшы пра тое, што бачыш вакол сябе. Быў ты на фронце - пiшы пра фронт. А я кiраваў падполлем - я i напiсаў пра падполле.
А ўрэшце, усё гэта глупства. Не ў характары Шыковiча заглядваць вельмi глыбока. Не хопiць пораху.
"Я ведаю, якая ў цябе глыбiня, хапаеш адны вярхi. Табе здаецца, што гэта ты напiсаў за мяне кнiжку. Няўдзячны чалавек. Што б ты напiсаў без маёй партызанскай дзейнасцi, без маiх матэрыялаў i расказаў? Гультай. Я цябе сiлком садзiў за рабочы стол. Мая кнiжка памагла табе стаць на ногi. Не забывай гэтага!"
Непрыкметна агульныя думкi набылi канкрэтную форму - водпаведзi Шыковiчу, успамiн пра якога чамусьцi раздражняў. Праўда, Сямён Парфёнавiч стараўся захаваць аб'ектыўнасць. Ён, напрыклад, упiкнуў самога сябе за тое, што ў апошнiя гады як бы забыўся на чалавека, якi памог яму. "Пiсьменнiкi - народ самалюбiвы, трэба было яго прыласкаць". Але такая аб'ектыўнасць мала памагала. Чым больш ён думаў, тым больш расла злосць на гэтага чалавека. "Бач, раскрычаўся! Пiсьмы яго прымушалi пiсаць!.. Перапрацаваўся... Зазнаўся - вось у чым бяда".
Гукан не пачуў нават, калi ў кабiнет увайшоў сакратар выканкома Гарусевiч. Гэты малады чалавек, надзвычай акуратны ва ўсiм - у адзеннi, у справах, у захаваннi рэжыму жыцця, заўсёды з'яўляўся i знiкаў бясшумна, як цень. Нават Гукан, сам педант у жыццi i рабоце, здзiўляўся, адкуль у гэтага вясковага хлопца такая звышакуратнасць. Iдзе самае бурнае пасяджэнне, вырашаюцца важнейшыя пытаннi, а ён, Гарусевiч, калi наступае пэўны час, бясшумна знiкае i, як стала вядома, у сябе ў кабiнеце выпiвае шклянку баржому i з'ядае бутэрброд, якi прыносiць на службу ў кiшэнi.