Сэрца на далонi (на белорусском языке)
Шрифт:
– За вудзiльна! Хапайся за вудзiльна!
– закрычаў Гукан.
Шыковiч схапiўся за вудзiльна i, фыркаючы, адплёўваючы ваду, вылез на бераг. А капялюш паплыў па цячэнню далей - у мора.
– Што здарылася?
– Задрамаў, - адказаў Шыковiч, круцячы галавою, каб вылiць ваду з вушэй.
– Задрамаў?
– Гукан так зарагатаў, што ластаўкi спалохана кiнулiся за раку, далей ад такога грому.
Шыковiчу нiколi не давялося чуць, каб суровы, скупы на словы i ўсмешкi старшыня так рагатаў. Ён нiяк не мог супакоiцца, выцiраў слёзы, гладзiў
3
Звычайна Гукан прыходзiў у выканком за паўгадзiны, а то i больш да пачатку работы. Гэта было зручна. Па-першае, дысцыплiнавала падначаленых, хоць, калi сакратарка паспрабавала прыходзiць раней за яго, ён забаранiў ёй рабiць гэта. Яна павiнна з'яўляцца без пяцi дзевяць, не раней i не пазней. Гукан любiў парадак i ўмеў яго падтрымлiваць.
Па-другое, такiм чынам яму ўдавалася абмiнуць большасць кватэрных прасiцеляў, якiя падпiльноўвалi штодня. Нарэшце, у пустым, добра праветраным кабiнеце, у вокны якога лезлi галiны каштанаў, хораша думалася i была магчымасць найлепшым чынам спланаваць свой рабочы дзень.
Гукан умеў гэта рабiць, не як другiя кiраўнiкi, i меў волю выконваць такiя аднадзённыя планы.
У панядзелак Сямён Парфёнавiч заспаў. Гэта яго злавала i смяшыла, калi ён таропка iшоў па абмытых дажджом вулiцах. Такога з iм не здаралася ўжо год дваццаць - каб ён праспаў. Без будзiльнiка, без старонняй дапамогi ён мог дакладна ў назначаны час усхапiцца на ногi. А тут раптам праспаў да палавiны дзевятай. Вiнаваты ўчарашнi адпачынак.
"А ўрэшце, гэта няблага, што арганiзм яшчэ здольны атрымлiваць такую зарадку i гэтак выключацца", - разважаў ён iдучы.
Успамiнаў учарашнi дзень. Многа было прыемнага. Асаблiва рыбалка. Рэдка каму шанцуе так. I дождж, якi захапiў iх на лузе. А потым, як ён гатаваў разам з дзвюма далiкатнымi ўважлiвымi жанчынамi юшку, пакуль гаспадары ездзiлi ў вёску ў краму, i рагатаў, расказваючы iм, як звалiўся ў раку Кiрыла Шыковiч. Жанчыны таксама смяялiся, хоць Ярашава жонка сказала, што Кiрыла мог зрабiць гэта знарок - для смеху.
У прыёмнай ужо чакалi людзi. Чалавек дзесяць. Гукан прывiтаўся. Яго адразу абкружылi.
– Таварыш старшыня!
– Сямён Парфёнавiч!
– Таварыш Гукан!
Ён спынiўся сярод пакоя, узвышаючыся над самым рослым з наведвальнiкаў. Зняў габардзiнавую кепку, выцер складзенай у чатыры столкi хусцiнкай лоб i шыю. Агледзеў прысутных, жадаючы адгадаць, хто з чым.
– Чакайце. Можаце лiчыць мяне бюракратам, кiм хочаце, але давайце адразу высветлiм нашы ўзаемаадносiны. Заяўляю рашуча: па кватэрных пытаннях не прымаю. У пятнiцу прыёмны дзень, калi ласка, прашу.
– Я два месяцы не магу трапiць да вас!
– злосна крыкнула маладая жанчына ў простай сукенцы з бледным стомленым тварам.
– Магло быць, - спакойна згадзiўся Гукан.
– Справы i выезды двойчы сарвалi мне прыёмны дзень. Прымалi мае намеснiкi.
– А я хачу да вас!
– Нэла, - звярнуўся Гукан да сакратаркi, - была гэтая грамадзянка на прыёмах?
Маленькая чорненькая Нэла заружавелася, нясмела i няўпэўнена адказала:
– Была.
– Запiшыце яе на пятнiцу першай на чаргу.
– I ласкава звярнуўся да жанчыны: - Чакаю вас роўна ў дзевяць.
Жанчына збянтэжылася. Старшыня добра ведаў вось такiх, раззлаваных, якiя iшлi з яўным намерам пакрычаць, пасварыцца, i ўмеў улагодзiць iх цi хаця б збiць ваяўнiчы запал.
Жанчына пераключылася на Нэлу, каб тая не забылася запiсаць яе першай.
– Вы, таварыш маёр, наконт дарогi?
– Твар Гукана ўмiг пасуравеў, вочы зрабiлiся калючымi i глядзелi не на маёра, а мiма, як бы шукалi кагосьцi другога.
– Дарогу мiма школы-iнтэрната закрываем. Вы хочаце, каб дзецi глыталi пыл i газы ад вашых машын? Не будзе! Вам далi праезд, прывядзiце яго ў парадак.
– Мост.
Гукан раздражнёна звярнуўся да ўсiх:
– Мост цераз канаву - казе пераскочыць. Праблема, бачыце! Што ж мне дзяцей паслаць, каб збудавалi вам гэты мост? Пасаромелiся б гаварыць. Такая часць!..
Чалавекi два з наведвальнiкаў засмяялiся.
– Таварыш Гукан!
– Не рабiце сакрэтаў там, дзе iх няма. Увесь горад ведае вашу часць, дзе вы стаiце i кудой вы ездзiце. Усё! Ёсць рашэнне выканкома!
Гукан крута павярнуўся да трэцяга наведвальнiка, iнтэлiгентнага чалавека ў акулярах.
– Вы?
– Я, уласна кажучы, таксама...
– Дамовiлiся. У пятнiцу.
– У вас што?
– Я наконт iнтэрната...
– Да Кушнера. Няхай дае прапановы.
Гукан шукаў вачамi наведвальнiка, у якога магла б быць такая справа, каб усе зразумелi: так, гэта першачаргова i важна, мы можам i пачакаць.
Яго позiрк спынiўся на зусiм маладым чалавеку, амаль юнаку, модна апранутым: светлы касцюм, карычневая сарочка, вузенькi гальштук. Ён стаяў збоку, слухаў размову старшынi гарсавета з наведвальнiкамi, i ў вачах яго, крыху блiзарукiх, прыжмураных, свяцiлася iранiчная ўсмешка.
У такiх, што не лезуць назойлiва наперад, не заглядваюць лiслiва ў вочы i не вельмi нават дамагаюцца прыёму, - у iх бываюць самыя цiкавыя справы.
– А вы, таварыш?
– цераз галовы другiх звярнуўся да яго Гукан.
– Я?
– паказаў на сябе пальцам юнак i як бы здзiвiўся.
– Я хачу прапанаваць новую планiроўку мiкрараёна на Выселках.
– I ён падняў скрутак ватманскай паперы.
– О!
– узрадаваўся Гукан, у сваю чаргу паказаўшы пальцам на хлопца.
– З гэтага мы i пачнем! Бо гэта на сённяшнi дзень самае галоўнае. Прашу вас.
I наведвальнiкi моўчкi i пачцiва расступiлiся, вызвалiўшы старшыню са свайго кола i даючы дарогу да дзвярэй кабiнета маладому архiтэктару.
У прыёмнай было ўжо душна. А ў кабiнеце - цудоўны вiльготны халадок; зачынiш за сабой дзверы i быццам трапляеш у другi свет. Вокны выходзiлi на паўночны бок, на цiхую вулiцу. Гукан кiўнуў на доўгi стол.