Сэрца на далонi (на белорусском языке)
Шрифт:
– Дзiўная ў цябе фiласофiя! Ведаеш, з якога арсенала?
– Давай, Кiрыла, без арсеналаў. Я думаю пра жывых людзей, пра iх сэрцы, а не пра адносiны памiж дзяржавамi. Хоць у палiтыцы таксама забываюць i варта забываць... Iнакш нiколi б не канчалася варожасць.
– Ты думаеш пра Зосю.
Галiна ўстрапянулася, балюча ёкнула сэрца: "Але, ён думае пра яе. Чаму ён так хвалюецца за яе?" I ў гэты мiг у душу яе ўпала зерне раўнiвай падазронасцi - упершыню да пацыенткi мужа.
Яраш узяў сваю мiсачку, пачаў сёрбаць юшку. Кiрыла кiнуў у касцёр ламачча. Дым пацягнула на жанчын. Яны закашлялiся, але з лавачкi не сышлi. Агонь
– Дык вось што я табе скажу!
– гучаў быццам здалёк голас Шыковiча.
– Можа, ты забыўся цi хочаш забыцца. У цябе праца не менш гераiчная, чым у падполлi. Навука, ад якой ты шкадуеш адарваць адну хвiлiну на што iншае. Але май на ўвазе, што яна, Зося, нiчога не забыла i нiколi не забудзе. I мiльёны не забудуць. I ты не асцерагай яе ад мiнулага. Яна не баiцца яго.
Галлё з боку Яраша разгарэлася, i агонь асвятлiў яго постаць. Чырвоны ад водблiску полымя, вялiкi i нерухомы, з мiсачкай у руках, ён нагадваў правадыра невядомага племя надзвычай дужых i прыгожых людзей. Галiна, убачыўшы мужа ў такой паставе, адчула новы прыступ страху ад думкi, што можа страцiць яго. Валянцiна Андрэеўна глядзела на Яраша з захапленнем i патаемнай жаночай зайздрасцю.
Ён варухнуўся i няўлоўным рухам чараўнiка кiнуў пустую мiсачку ў цемру.
– Дык i я табе скажу. Слухай. Ты ж не даследуеш падполле ў поўным аб'ёме. Ты - як дэтэктыў. Цябе захапiла гiсторыя аднаго чалавека, яго загадкавая смерць, i ты ўзрадаваўся выпадку знайсцi востры сюжэт.
– Яго ўвесь час хiлiла да дэтэктыва, - сказала Валянцiна Андрэеўна з iскрынкамi смеху ў голасе. Ёй было хораша, весела i хацелася, каб мужчыны паспрачалiся больш горача.
– Але ты нiчога такога не знойдзеш. Цяпер я больш, чым раней, упэўнены, што Савiч не быў нi ворагам, нi героем. Ён звычайны стары лекар, якi хацеў памагаць людзям у любых абставiнах. Iнфекцыянiст, ён баяўся эпiдэмiй, якiя заўсёды прыносiць вайна. Каб сачыць за санiтарным станам роднага горада, пайшоў на службу да акупантаў. Вось табе ўвесь твой дэтэктыўны сюжэт.
Касцёр разгарэўся. Святло яго выхапiла з цемры ладны круг, колькi дубоў, сосен i дзiўна пафарбавала iх: кара сосен пачырванела, а мох на старых дубах стаў што снежны iней- сiвы-сiвы. Над галавой зашамацела лiсце - ад гарачага паветра. Страляў залатымi кулькамi-вугальчыкамi касцёр. Яраш, яшчэ больш пачырванелы, прыўзняўся на руках i адсунуўся далей ад агню. Шыковiч стаяў з другога боку вогнiшча, шырока расставiўшы ногi, заклаўшы рукi за спiну.
– Тое, што ты расказаў, доктар, ёсць найлепшы сюжэт. Але я сюжэтаў не шукаю, май на ўвазе. Савiч абвешчаны здраднiкам. А ты сам сцвярджаеш, што ён сумленны чалавек, няхай сабе i не герой. Дык што ж, па-твойму, пакiнуць яго ворагам? Не паварушыцца, каб даказаць яго сумленнасць, рэабiлiтаваць яшчэ адно добрае iмя, як рэабiлiтаваны iмёны тысяч нi ў чым не вiнаватых людзей?
Шыковiч пачакаў пярэчанняў. Але Яраш маўчаў. Ён згаджаўся. Больш таго, ён не разумеў самога сябе - чаму раптам уздумалася адгаворваць сябра ад такой пачэснай i высакароднай справы? Не, ён бадай што разумеў - чаму, бо думаў пра гэта яшчэ ў бальнiцы. Цяпер, калi Зосi зроблена, ён упэўнены, удалая аперацыя i яна, па сутнасцi, пачне новае жыццё - новае ва ўсiм (аб гэтым ён паклапоцiцца), яму чамусьцi не хочацца, каб хто-небудзь цi што-небудзь вяртала яе да мiнулага. Добра, калi Шыковiчу ўдасца даказаць тое, што хочацца даказаць. Ён, Яраш, упэўнены, што
– Маўчыш?
– пераможна спытаў Шыковiч.
– Май на ўвазе, што абыякавасць да лёсу людзей, якiх мы ведалi, з якiмi працавалi, якiя вучылi нас, прынесла вялiкую шкоду ў пэўны час. Так, я паставiў у цэнтры справу Савiча, бо нельга ахапiць усяго адразу. Але, знаёмячыся з дакументамi, я выяўляю ўсё новых i новых герояў. Хiба для гэтага не варта пачыхаць ад архiўнага пылу? Хiба пыл гэты такi шкодны?
– наступаў Кiрыла так напорыста i рашуча, што ледзь не ўлез у агонь - наблiзiўся да кастра так блiзка, што яму прыпякло калена. Адступiў, нахiлiўся, каб пагладзiць калена, але як толькi прытулiў нагрэтую штанiну да цела - заенчыў:
– Гару, ратуйце!
Жанчыны засмяялiся. Антон ледзь прыкметна ўсмiхнуўся. Такая раптоўная задумлiвасць яго сур'ёзна ўстрывожыла Галiну.
"Залiшне ён думае пра гэтую Зосю", - падумала яна.
14
У папцы было нямнога дакументаў. Фота ў памер паштоўкi. Спакойны i просты, з шырокiм iлбом i глыбокiмi залысiнамi хударлявы твар чалавека год шасцiдзесяцi. Вось ён якi, Савiч! Шыковiч доўга ўглядаўся ў рысы гэтага твару.
Данясенне безыменнай разведгрупы аб здраднiках i нацыяналiстах, якiя займалi кiруючыя пасады ва ўправе i палiцыi. Бургамiстр Цiшчанка стаяў у гэтым спiсе першым. Лучынскi - другiм, Савiч - дзевятым, перадапошнiм. Вiдаць, данясенне перадавалася групай па радыё, а таму характарыстыкi былi вельмi лаканiчныя: адзiн-два факты. Толькi факты, без усялякiх тлумачэнняў.
"Цiшчанка Мiкадзiм Фёдаравiч, бургамiстр. Пры арганiзацыi гета ўласнаручна страляў у жыдоў, забiваў дзяцей.
Лучынскi (Склота, Усаў Iван Селiвонавiч), начальнiк палiцыi, шпiён, агент СД. Катуе арыштаваных. Кiруе расстрэламi. Павесiў дзевяць калгаснiкаў сяла Вялоцiчы, заложнiкаў".
Самая разгорнутая характарыстыка давалася рэдактару фашысцкага лiстка, нацыяналiсту Хмару - на добры абзац. Супроць прозвiшча Савiча стаяла: "Загадвае аддзелам управы. Заражае людзей iнфекцыйнымi хваробамi!"
У той суровы ваенны час, пры той падазронасцi, якая мела месца, i такое агульнае абвiнавачванне пераконвала. Безумоўна, што i лейтэнант Шыковiч тады паверыў бы яму: усё можа зрабiць чалавек, якi пайшоў на службу да фашыстаў! Але цяпер, ведаючы па расказах Яраша i другiх Савiча, Шыковiч адразу зразумеў, што ў разведчыкаў не было нiводнага факта злачыннай дзейнасцi лекара-iнфекцыянiста, акрамя таго, што ён загадвае аддзелам управы, i яны яўна выдумалi гэтае - "Заражае людзей iнфекцыйнымi хваробамi". Якiх людзей? Якiмi хваробамi?
Шыковiч не вытрымаў i выказаў сваё меркаванне капiтану Сербаноўскаму. Той адарваўся ад нейкiх папер, якiя перачытваў, уважлiва выслухаў, неазначальна гмыкнуў, сказаў:
– Чытайце далей.
Шыковiч не проста чытаў, ён вывучаў дакументы, як сапраўдны дэтэктыў, звяртаючы ўвагу на кожную дэталь. Данясенне было напiсана на машынцы i, безумоўна, з'яўлялася копiяй. Але на iм стаяла ажно шэсць нумароў i шыфраваных лiтар. Супроць прозвiшчаў Лучынскага i Хмары былi пастаўлены крыжыкi сiнiм алоўкам, наперадзе Савiча - чырвоная "птушка".