Слова сапраўднага лад
Шрифт:
Калі ж параўнаць наш літаратурны клопат з агульнасаюзным, дык пэўна будуць відавочныя і многія агульныя моманты, і свае, толькі нашы, турботы.
Агульныя — асэнсаванне сучаснай прозай народных характараў, гістарычных шляхоў народа, філасофскае ўзбуйненне і выяўленне сацыяльных і маральна-этычных праблем. Як і ў рускай літаратуры, мабыць, у першую чаргу, «ваеннай» і «вясковай» прозай. Але не толькі. Хіба змесціш у гэтыя няпэўныя тэматычныя межы створанае многімі нашымі празаікамі старэйшага і сярэдняга пакаленняў, што зрабілі непараўнана многа для сучаснага беларускага прыгожага пісьменства. Іван Мележ, Янка Брыль, Васіль Быкаў, Іван Шамякін, Іван Навуменка, Алена Васілевіч, Мікола Лобан, Васіль Вітка, Ян Скрыган, Аркадзь Марціновіч, Алесь Адамовіч, Уладзімір Караткевіч, Іван Чыгрынаў, Вячаслаў Адамчык, Іван Пташнікаў, Міхась Стральцоў, Віктар Карамазаў, Барыс Сачанка, Анатоль Кудравец, Віктар Казько, Алесь Жук... Агульнае — публіцыстыка (Карамазаў, Будзінас, Казловіч) больш пільна
А ўвогуле стыхія побыту, як і стыхія другаснасці ўладна прысутнічаюць і ў нас. Праўда, больш у «вясковай» і ў «ваеннай» прозе. Існуе некалькі варыянтаў сюжэтаў, якія вандруюць з твора ў твор, у розных пісьменнікаў розных пакаленняў. Пра гэтыя вандроўныя сюжэты: ўжо згадвалася ў дыскусіі: самотныя бацькі ці адзін з іх у вёсцы, дзеці — найчасцей няўдзячныя і нядбалыя — у горадзе, «налёты» на вясковыя ласункі дзяцей і недарэчныя падарожжы бацькоў у горад. І галоўныя героі сапраўды, нават у маладых, больш дзяды і бабулі (У. Навумовіч, «ЛІМ»). Ёсць некалькі найбольш распаўсюджаных варыяцый «ваеннай» тэмы. І, як адзначаў А. Пяткевіч («ЛІМ»), гэта абумоўлена рэчаіснасцю, уваходзіць у мастацкую рэальнасць тое, што многія адмоўныя героі — яшчэ з тых часоў, часоў вайны, нават у маладых. Дарэчы сказаць, побач з варыяцыямі «ваеннай» тэмы, ёсць і відавочныя мастацкія здзяйсненні, у тым ліку і ў маладзейшых літаратараў, у тых, хто не ведаў асабіста вайны. У першую чаргу «Радавыя» А. Дударава. Няпростую сувязь з ваеннай парой можна прасачыць у аповесці П. Лецкі «Па цаліку», у няскончанай аповесці Р. Семашкевіча «Ясень».
Можна яшчэ знайсці шмат агульных турбот, але — многа ў нас клопату такога, што ўжо клопат толькі наш. І нам пакуль што не выпадае наракаць на засілле ў творах нашых пісьменнікаў, скажам, герояў «вядомых, звышвядомых, значных» — мастакоў, архітэктараў, кінарэжысёраў, дыпламатаў, на засілле якіх у рускай прозе так скардзіцца І. Дзядкоў (Лит. газ., 1985, 31 ліп.) Бо пакуль што герой-гараджанін, герой-інтэлігент у нашай прозе з'ява не частая. Хаця, мне здаецца, прафесія героя ўвогуле не можа быць крыміналам. У рускай літаратуры былі не толькі «Хори и Калинычи», як прыгадвае Дзядкоў, былі і князь Балконскі, і фельдмаршал Кутузаў, і цар Пётр І. А калі крануць літаратурную геаграфію шырэй, дык і Адрыян Леверкюн Томаса Мана — кампазітар, і доктар Фаустус не боты шыў. Хаця былі і ў нас пісьменнік Андрэй Грынкевіч, князь Загорскі, хірург Яраш, архітэктар Карнач, героі Алены Васілевіч... Аднак...
І не выпадкова звярнуў пільную ўвагу А. Пяткевіч па аднатоннасць, аднастайнасць, тэматычную і жанравую беднасць. Таксама толькі ўжо наш клопат.
Бясспрэчныя поспехі нашай літаратуры ў тым спосабе пісьма, калі «думка... раствараецца ў выяўленні, знікае ў ім» (І. Залатускі). Калі гэтым спосабам валодаць дасканала, ён стварае тую натуральнасць, нязмушанасць, пластычнасць пісьма, якім так вабіць чытачоў беларуская літаратура.
Але з цягам часу ўсё больш адчуваецца патрэба ў філасофскай, умоўна-алегарычнай, асацыятыўнай, так званай інтэлектуальнай прозе. Ды, урэшце, і проста «гарадской». Па многіх прычынах. У тым ліку і па той, што зусім на паверхні. Скажам, скідваць з рахунку сённяшні дэмаграфічны расклад, колькі насельніцтва ў горадзе, колькі ў вёсцы, ніяк не выпадае.
Эмансіпацыя думкі — з'ява рэдкая ў беларускай літаратуры. Настолькі рэдкая, што кожнтую спробу ў гэтым напрамку мы сустракаем, можа, і з залішнім даверам. Хаця... «Суцэльна новае» не пазнаецца... «Чым больш прымітыўнае эстэтычнае ўсведамленне, тым для яго патрэбна больш старога, каб успрымаць новае» (Д. Ліхачоў). Мала хто з нас пагодзіцца з самазнішчальнай версіяй пра недастаткова сфарміраванае ці прымітыўнае ўсведамленне, ёсць боязь паддацца ілюзіі адкрыцця, калі там усяго толькі старанная падробка. Але яшчэ больш, можа, важна не прамінуць патрабавальнай і добразычлівай увагай нейкі парастак сапраўднага. Аднак і не паддацца «літаратурнаму санкюлоцтву» (І. Гётэ), не паставіць пасрэднасць на месца таленту.
Зноў жа. Здаецца, так проста, талент гэта талент. Ні больш ні менш. А як у нашых ацэнках аб'ектыўны сацыяльна-філасофскі змест, эстэтычная ёмістасць твора суадносяцца з суб'ектыўным кодам прачытання? І ці заўсёды мы ўспрымаем твор у той сістэме каардынат, у якой ён створаны? Таму што, скажам, зыходзячы з пазіцый жорсткага рэалізму, падпарадкаванага канкрэтнаму факту, можна колькі хочаце абурацца пэўнымі спосабамі асэнсавання рэчаіснасці,
Усё гэта пісьменнікі адметнай творчай індывідуальнасці, са сваёй манерай пісьма. Хаця ніхто не можа прагназіраваць і прадгадваць, у якім кірунку будзе стварацца наступны твор. Згадаем, якімі радаснымі і нечаканымі былі «Ніжнія Байдуны» і «Золак, убачаны здалёк» Янкі Брыля. А хто ж ведае, што з'явіцца раптам перад грамадскасцю, якое творчае празарэнне ў выніку «раптоўнага супадзення свядомай і падсвядомай дзейнасці» (Ф. Шэлінг) любога з названых пісьменнікаў. І такіх празаікаў, як Віктар Казько, Віктар Карамазаў, Анатоль Кудравец, Алесь Жук. Кожны з іх апошнім часам выявіў і здольнасць да эксперыменту і ў многім здзейсненасць спробы.
У кожнага свой шлях. Свядома ці падсвядома Уладзімір Караткевіч нездарма звяртаўся і да сучаснасці, і да гістарычнай тэмы, згадваючы, што лагічнае веданне адназначнае, гістарычнае ж веданне не выключае лагічнага, але дадае і момант часу. Гістарычнае ж веданне змяшчае ў сабе магчымую супрацьлегласць (Ф. Шэлінг). І надае рухомую дзейснасць створанаму.
Высокі лёт абагульняючай думкі... Духоўная вышыня... Этычная ёмістасць... І дэталі, падрабязнасці, побыт... Празаік Грэкава лічыць, што з іх і складаецца фактура твора, без іх знікае жывое дыханне рэчаіснасці (Лит. газ., 1985, 30 лістап.). Пра строгі іх адбор вядуць гаворку ў сваіх бліскучых артыкулах А. Станюта і М. Стральцоў («ЛІМ»), хаця артыкул М. Стральцова «Калі гаварыць пра жанры» пайшоў за межамі гаворкі «Сучаснасць і сучасная літаратура». Не збіраючыся ні дапяць да ісціны ў апошняй інстанцыі і зусім не ад «свербу падсумавання» (А. Клышка), хачу ўсё ж свае тры грошыкі ўкінуць.
Ужо згадваемы раман «Алімпіяда» І. Пташнікава. Нібыта і насцярожвае празмерная дэталізацыя, часам нават натуралістычныя падрабязнасці (сцэны з Фірагам, некаторыя з «маналогаў» няні Сцяпанаўны), падрабязнасці, якіх не сустрэнеш нават у апісанні армейскага побыту ў такім, скажам, гранічна аголеным, перанасычаным жорсткай, знішчальна падрабязнай праўдай рамане, як «Толькі пакліч» Джэймса Джонса. Але... Чытаеш-чытаеш — і «фламандской школы пестрый сор» (А. Пушкін) выяўляецца мастацкай праўдай. Нібыта ступіў на глыбокае ворыва, добра ўгноенае, паветра зусім не азаніравана, ногі гразнуць, але гэта сапраўдная глеба. Зямля. Пташнікаў увогуле валодае таямніцай стварэння амаль фізічна адчувальнага — не макракосма і не мікракосма — прыроднага жыцця. У канкрэтных сацыяльных абставінах. І ўмее надаць канкрэтнаму выпадку значэнне сімвала. Згадаем хаця б адну з самых моцных сцэн у рамане — выратаванне Алімпіядай калгаснага статка, племяннога быка Сіментала. Стыхія натуры, прыроды, жорсткасць яе — і высокі сэнс чалавечага ўчынку, такога, якімі вымяраецца жыццё чалавека. Жыццё ў еднасці з людзьмі і прыродай — хіба можна забыцца на тое імгненне, калі выратаваная жывёліна, бык Сіментал «замычэў... жаласна і пачаў лізаць сваім шорсткім гарачым языком ёй рукі: пальцы, далоні, рукавы. Лізаў, як ліжа карова сваё цяля ў першы дзень, калі тое паявіцца нa свет...».
Нельга, праўда, не згадаць і не пагадзіцца з тымі словамі Ю. Сураўцава на пленуме СП БССР, што, на жаль, характару, роўнага Алімпіядзе, сярод маладых герояў у рамане няма. Ну, але ж такі закід можна рабіць і ўсёй рускай «вясковай» прозе. А вобразна выяўленая мастацкая ідэя тут відавочная.
І. Пташнікаў цвёрда прытрымліваецца традыцыйнай хранікальна-апавядальнай манеры пісьма, з выразным пластычным малюнкам. Як, дарэчы, гэтай манеры прытрымліваюцца ўвогуле аўтары «Полымя». Добрая, вывераная мова, устойлівы побытавы антураж, трывалае, немітуслівае, непаспешлівае пісьмо. І ў тых, хто друкуецца ў часопісе даўно, і ў тых, хто не так даўно пачаў асвойваць старонкі паважанага часопіса. З. Прыгодзіч, М. Кусянкоў, М. Клебановіч, Г. Марчук, Т. Бондар...