Стамбульскi экспрэс (на белорусском языке)
Шрифт:
Нiнiч кiнуўся бегчы, але яму замiналi цяжкiя боты. "Глядзi ты, - думаў ён, - ставяцца да мяне, як да сабакi.
– Аднак секунду пасля яму ў голаву стрэльнула iншая думка: - Увогуле, iм добра гуляць са мною ў карты: пэўна, зарабляюць у дзень столькi, колькi я ў тыдзень, i жалаванне атрымлiваюць поўнасцю", - падумаў ён, нагадаўшы, колькi вылiчваюць у яго самога за ежу, кватэру i дровы.
– Маёр у сябе?
– спытаў ён, уваходзячы ў каравулку, i баязлiва пагрукаў у дзверы. Ён мог перадаць паведамленне цераз сяржанта, але таго не было ў каравулцы, дый невядома, калi яшчэ з'явiцца магчымасць выканаць такое адказнае даручэнне, - за гэта могуць павысiць па службе, тут, глядзiш, павялiчаць жалаванне,
– Заходзьце.
Маёр Петкавiч сядзеў за пiсьмовым сталом тварам да дзвярэй. Ён быў невысокага росту, хударлявы, з вострымi рысамi твару i насiў пенснэ. Вiдаць, у яго родзе была прымесь чужой крывi - валасы ў яго былi бялявыя. Ён чытаў нейкi стары нямецкi падручнiк па стратэгii i кармiў сабаку кавалачкамi кiлбасы. Нiнiч з зайздрасцю паглядзеў на печ, у якой весела патрэскваў агонь.
– Ну, што здарылася?
– узлавана спытаў маёр, нiбыта школьны настаўнiк, якому перашкодзiлi правяраць вучнёўскiя сшыткi.
– Звонiць начальнiк палiцыi, пан маёр, i выклiкае вас да тэлефона ў кантору начальнiка станцыi.
– А хiба наш тэлефон не працуе?
– спытаў маёр, адклаўшы кнiгу i не вельмi ўдала iмкнучыся схаваць сваю цiкаўнасць i ўсхваляванасць: яму хацелася стварыць уражанне, нiбыта ён у блiзкiх адносiнах з начальнiкам палiцыi.
– Не, пан маёр, майстар з горада яшчэ не прыехаў.
– Шкада! А дзе сяржант?
– Ён на хвiлiнку выйшаў, пан маёр.
Маёр Петкавiч схапiў пальчаткi i нацягнуў iх на рукi.
– Вам лепей пайсцi са мной. Можа, мне спатрэбiцца сувязны. Вы ўмееце пiсаць?
– Крышачку магу, пан маёр.
Нiнiч баяўся, што маёр возьме сабе iншага пасыльнага, аднак той толькi сказаў:
– Тады хутчэй.
Нiнiч i сабака пайшлi следам за маёрам цераз каравулку i перасеклi рэйкi. У пакоi начальнiка станцыi Лукiч, якi па-ранейшаму сядзеў у кутку, старанна рабiў выгляд, што працуе, а прыёмшчык багажу круцiўся каля дзвярэй, падлiчваючы здадзеныя месцы на вялiкiм аркушы паперы.
– Лiнiя зусiм свабодная, пан маёр, - сказаў Лукiч, кiнуўшы за спiнай у маёра пахмурны погляд на Нiнiча. Ён зайздросцiў салдату - той стаяў блiзка да апарата.
– Алё, алё, алё, - кiсла вымавiў у трубку маёр Петкавiч.
Салдат злёгку нахiлiў галаву да тэлефона. Цераз вялiкую адлегласць памiж гранiцай i Белградам даносiўся гук гэтага добра пастаўленага i ўладарнага голасу з такiм дакладным вымаўленнем, што нават Нiнiч, якi быў за два крокi ад апарата, мог улавiць асобна кожнае слова. Яны падалi адно за адным, нiбы паток шпiлек, якiя ўтыкалiся ў глыбокую цiшыню. Лукiч i прыёмшчык багажу дарэмна затаiлi дыханне: запасны паравоз на лiнii ўжо спынiў сваё пыхканне.
– Гаворыць палкоўнiк Хартэп.
"Гэта i ёсць начальнiк палiцыi, - падумаў Нiнiч.
– I я чую яго голас. Як жа будзе ганарыцца мною мая жонка сёння ўвечары. Гэтая гiсторыя абыдзе ўсе казармы, тут ужо на яе можна паспадзявацца. Ёй асаблiва няма чым ганарыцца мною, яна здавальняецца тым, што ў яе ёсць", - падумаў ён прастадушна, не пераацэньваючы сябе.
– Так, так, гэта маёр Петкавiч.
Уладарны голас зрабiўся цiшэй. Цяпер Нiнiч улоўлiваў толькi ўрыўкi асобных фраз:
– Нi ў якiм разе... Белград... Трэба пашукаць у цягнiку...
– Даставiць яго ў казарму?
Голас загучаў больш рэзка.
– Не. Трэба, каб яго бачыла як мага меней людзей... На месцы.
– Але паслухайце, - запярэчыў маёр Петкавiч.
– У нас тут для гэтага нiчога не падрыхтавана. Што мы тут будзем з iм рабiць?
– ...усяго некалькi гадзiн...
– Трыбунал? Ну гэта ўжо супраць усякiх iнструкцый.
Голас у трубцы цiха засмяяўся.
– Я сам... з вамi... за снеданнем...
– А калi
– ...я сам, - няясна вымавiў голас, - вы, маёр, капiтан Алексiч. Голас загучаў яшчэ цiшэй.
– Без шуму... у вузкiм коле...
– I потым вымавiў ясней: - Ён хутчэй за ўсё не адзiн... падазроныя асобы... з любой нагоды... мытня. Прымiце пад увагу. Толькi без залiшняга шуму i мiтуснi.
– Ёсць яшчэ што-небудзь да мяне, палкоўнiк Хартэп?
– з прыкметным асуджэннем спытаў маёр Петкавiч.
Голас зрабiўся болей ветлiвым.
– Так, так. Наконт снедання. Мяркую, што ў вас там няма вялiкага выбару... На станцыi... як след прапалiце ў печы... што-небудзь гарачае... я еду машынай, прывязу халодную закусь i вiно.
– Завiсла паўза.
– Так памятайце, вы адказваеце за ўсё.
– За такую супрацьзаконную акцыю...
– пачаў быў маёр Петкавiч.
– Не, не, не, - сказаў голас.
– Я, вядома, меў на ўвазе снеданне.
– У Белградзе ўсё спакойна?
– нацягнена спытаў маёр.
– Моцна спяць, - адказаў голас.
– Магу я задаць яшчэ адно пытанне? Алё, алё, алё, - паўтарыў раздражнёным тонам маёр Петкавiч i потым з грукатам кiнуў трубку.
– Дзе той салдат? Хадземце са мной.
Iзноў разам з Нiнiчам i сабакам ён акунуўся ў холад, перасек пуцi, прайшоў праз каравулку i зачынiў з трэскам за сабой дзверы пакоя. Потым вельмi хутка накiдаў некалькi запiсак i загадаў Нiнiчу аднесцi iх па прызначэннi. Ён так спяшаўся i быў такi раздражнёны, што дзве забыўся запячатаць. Нiнiч, вядома, iх прачытаў - вечарам жонка будзе ганарыцца сваiм мужам. Адна запiска была адрасавана начальнiку мытнi, але яна была запячатаная, другая - капiтану ў казарму з загадам неадкладна падвоiць ахову станцыi i выдаць кожнаму салдату па дваццаць абоймаў патронаў. Нiнiчу зрабiлася нiякавата: цi не азначала гэта, што пачалася вайна, што наступаюць балгары? Цi чырвоныя? Ён нагадаў падзеi ў Белградзе i вельмi ўстрывожыўся. Зрэшты, чырвоныя - гэта ж нашы людзi, яны беднякi, у iх ёсць жонкi i дзецi. Апошняя запiска была аддасавана повару ў казарму - гэта была падрабязная iнструкцыя пра сняданак на траiх, якi трэба падаць у кабiнет маёра ў гадзiну трыццаць. "Майце на ўвазе, гэта на вашу асабiстую адказнасць", - так заканчвалася запiска.
Калi Нiнiч выйшаў з кабiнета, маёр Петкавiч iзноў пачаў чытаць стары нямецкi падручнiк па стратэгii i кармiць сабаку кавалачкамi кiлбасы.
2
Корал Маскер заснула задоўга да таго, як цягнiк прыйшоў у Будапешт. Калi Майет пачаў асцярожна выцягваць сваю здранцвелую руку з-пад яе галавы, яна прачнулася. Была шэрая, як мёртвы зыб свiнцовага мора, ранiца. Потым жвава злезла з палiцы i пачала апранацца, кожны рух усё болей аддаляў яе ад утомных падзей мiнулай ночы. Ад хвалявання i спешкi ёй не адразу ўдавалася знаходзiць патрэбныя рэчы. Апранаючыся, яна весела напявала: "Як мне пашчасцiла, як пашанцавала!" Рывок цягнiка адкiнуў яе да акна, але яна хуценька толькi кiнула позiрк на пахмурнае ранiшняе неба. Тут i там спакваля гаслi агнi, але было яшчэ недастаткова вiдно, каб распазнаваць асобныя будынкi. Асветлены лiхтарамi мост цераз Дунай зiхацеў, нiбыта спражачка ад падвязкi. "Куды мне трэба, я iду i сваю песеньку пяю". Недзе на беразе ракi свяцiўся белы дом. Яго можна было прыняць за ствол дрэва ў фруктовым садзе, калi б не два светлыя агеньчыкi ў пакоях на нiжнiм паверсе. Пакуль яна сачыла за iмi, агеньчыкi патухлi. "Пэўна, засядзелiся за святочным сталом. Цiкава, што там зараз адбываецца?" - падумала яна i ўсмiхнулася, адчуваючы сябе далучанай да ўсяго дзёрзкага, адважнага, маладога. "Усё, што трывожыць цябе - мяне зусiм не трывожыць. Лета змяняе вясну - ты бачыш усмешку маю". Цяпер яна ўжо надзела на сябе ўсё, апроч туфель, i павярнулася да ложка i да Майета.