Стамбульскi экспрэс (на белорусском языке)
Шрифт:
Майет прысеў, потым iзноў паглядзеў на гадзiннiк, iзноў падняўся. Ён хваляваўся. "Ах ты, дурань, - падумаў ён, - у ёй няма нiчога надзвычайнага: мiленькая, добрая, але праставатая - такую можна сустрэць у любы вечар на Спанiердз-роўд". Аднак, нягледзячы на такiя думкi, ён усё адно адчуваў, што ў гэтай прыгодзе было нешта незвычайнае. Магчыма, справа тут толькi ў абставiнах: падарожжа з хуткасцю сорак мiль у гадзiну на палiцы шырынёй крыху болей двух футаў. Магчыма, прычынай было яе прызнанне за вячэраю знаёмыя яму дзяўчаты не адважылiся б вымавiць такiх слоў, яны б сказалi: "Я кахаю цябе", толькi калi б iх запыталi перад гэтым,
– Заходзьце, - запрасiў Майет, - заходзьце.
Ён узяў у яе сакваяж, засунуў яго пад палiцу i потым схапiў яе за рукi.
– Ну, вось я i прыйшла да вас, - з усмешкай сказала яна.
Нягледзячы на гэту ўсмешку, яму здалося, што яна напалохана, i ён не мог зразумець чаму. Ён адпусцiў яе рукi, каб завесiць фiранкi на шкляных дзвярах у калiдор, i яны засталiся адны ў цеснай каробачцы купэ. Ён пацалаваў яе i адчуў, што яе вусны, халаднаватыя i мяккiя, няўпэўнена падатныя. Яна апусцiлася на сядзенне, ператворанае на ноч у ложак, i спытала:
– Вы сумнявалiся, цi прыйду я?
– Вы ж абяцалi!
– А магла б i перадумаць.
– А чаму?
Майета ахапiла нецярплiвасць. Яму мала было проста сядзець i весцi размовы: яна махала нагамi, i дастаючы iмi да падлогi, i гэта яго распальвала.
– Мы цудоўна прабавiм час.
Ён зняў з яе туфлi, i рукi яго пабеглi ўверх па панчохах.
– Вы чалавек вопытны, праўда?
Ён пачырванеў.
– А вам гэта непрыемна?
– О, не, я рада, вельмi рада. Я б проста не перанесла гэтага, калi б вы не былi такi спрактыкаваны.
Яе вочы, вялiкiя i напалоханыя, яе твар, бледны пад цьмянай блакiтнай лямпачкай, спачатку забаўлялi яго, потым здалiся прывабнымi. Ён хацеў, каб яе адчужанасць змянiлася палкасцю. Iзноў пацалаваўшы яе, ён паспрабаваў спусцiць сукенку з яе плеч. Цела дзяўчыны трымцела i варушылася пад сукенкаю, нiбыта кошка, завязаная ў мяху. Раптам яна падняла твар i пацалавала яго ў падбароддзе.
– Я на самай справе кахаю вас, праўда.
Незвычайнае пачуццё ўсё болей ахоплiвала яго. Ён нiбыта выйшаў з дому на штодзённы шпацыр, мiнуў газавы завод, прайшоў цагляным мостам цераз Уiмбль, перасёк два палеткi i раптам аказаўся не на сцяжынцы, якая вяла на ўзгорак, да новай дарогi з загараднымi дамамi, а на паляну ў нейкiм невядомым лесе, на цянiстую дарожку, па якой ён нiколi не хадзiў, i вяла тая дарожка бог ведае куды. Ён зняў руку з яе плячэй i, адсунуўшыся крыху ад яе, сказаў:
– Якая вы мiлая, - а потым здзiўлена дадаў: -Якая родная.
Нiколi раней ён не ўсведамляў, як у iм нарастае жаданне i як яно ўзмацняецца якраз таму, што ён разумее гэта. Раней яго любоўныя прыгоды заўсёды пачыналiся з прымiтыўнага ўзбуджэння.
– Што мне рабiць? Распранацца?
Ён кiўнуў - яму цяжка было гаварыць - i ўбачыў, як яна паднялася з ложка, пайшла ў куток i пачала распранацца, павольна i вельмi старанна здымаючы кожную рэч паасобку: блузку, спаднiцу, сарочку, станiк - i складаючы ўсё гэта акуратна на сядзенне насупраць. Назiраючы за яе няспешнымi, засяроджанымi рухамi, ён разумеў, якое ў яго недасканалае цела.
– Вы такая цудоўная, - сказаў ён, злёгку
Калi яна прыйшла да яго з другога канца купэ, ён зразумеў, што памыляўся: яе спакой быў падобны да нацягненай струны, твар яе гарэў ад узбуджэння, а вочы глядзелi спалохана, i яна не ведала, смяяцца ёй цi плакаць. Але тут яны кiнулiся ў абдымкi адно аднаму ў вузкай прасторы памiж палiцамi.
– Няблага было б патушыць святло, - сказала Корал. Яна стаяла, шчыльна прынiкнуўшы да яго, а ён гладзiў яе, i абое злёгку пагойдвалiся ў такт руху цягнiка.
– Не, а мне б наадварот хацелася запалiць усё святло, - запярэчыў ён.
– Сапраўды, так было б лепей, - сказала яна i цiха засмяялася сабе. Яе смех, нiбыта ледзь прыкметная крынiчка, быў амаль не чуцен на фоне грукатання i пыхкання экспрэса, i, размаўляючы, яны, замест таго каб нашэптваць адно аднаму пяшчотныя словы, мусiлi былi вымаўляць iх гучна i дакладна.
Пачуццё незвычайнасцi не знiкла i пасля звыклага для яго зблiжэння: лежачы на ложку, яна аказалася нейкая таямнiчая i па-дзiцячы недасведчаная, i гэта ўразiла яго. Яна болей не смяялася, прычым смех яе не спынiўся спакваля, а раптам абарваўся, як толькi Майет падумаў - пэўна, ён прыняў за яе смех скрып колаў цягнiка.
– Набярыся цярпення. Я зусiм нявопытная, - раптам сур'ёзна сказала яна.
I потым ускрыкнула ад болю. Калi б нават з'явiлася ў купэ здань, захутаная ў старамоднае адзенне, якое насiлi яшчэ да таго, як быў вынайдзены паравоз, Майет не быў бы так здзiўлены. Ён адсунуўся б ад яе, калi б яна сама не ўтрымала яго рукамi i не сказала ледзь чутным голасам, амаль зусiм заглушаным грукатам цягнiка:
– Не iдзi ад мяне. Прабач. Я не хацела...
Потым цягнiк, якi раптоўна спынiўся, адкiнуў iх адно ад аднаго.
– Што здарылася?
– спытала Корал.
– Станцыя.
– Чаму ж гэта якраз цяпер?
– жаласлiва вымавiла яна.
Майет крыху прыадчынiў акно i выглянуў. Цьмяны ланцуг агеньчыкаў асвятляў толькi некалькi футаў зямлi каля чыгункi. Тоўстымi сумётамi наўкол ужо навалiла снегу. Недзе ўдалечынi мiгацеў чырвоны агеньчык, ён то запальваўся, то знiкаў у белай завеi.
– Гэта не станцыя. Толькi семафор. Ён нас затрымаў.
Скрып колаў спынiўся, i навiсла начная цiшыня. Яе парушаў толькi свiсток паравоза. У цягнiку пачалi прачынацца людзi, яны выглядалi з вокнаў i перакiдвалiся памiж сабой словамi. З вагона трэцяга класа ў самым канцы цягнiка данеслiся гукi скрыпкi. Матыў быў немудрагелiсты, вясёлы i дакладны. Праходзячы скрозь iмглу i снегапад, ён рабiўся ўсё меней дакладны, але ж выцяснiў з свядомасцi Майета пачуццё разгубленасцi i спагады.
– Я ж нiчога не ведаў. Як я мог здагадацца?
I тут жа, у вагоне, памiж iмi ўзнiкла такое цёплае пачуццё, што ён, не зачынiўшы акно, укленчыў перад ложкам i пачаў гладзiць яе твар, кранаючы яго цiкаўнымi пальцамi. I зноў iм авалодала невядомае раней пачуццё: "Якая мiлая, якая родная". Яна ляжала цiха i няроўна дыхала ад болю i хвалявання.
У адным вагоне трэцяга класа нехта пачаў па-нямецку лаяць скрыпача, гаворачы, што гукi скрыпкi не даюць яму заснуць. Ён, вiдаць, не разумеў, што моцна спаў пад грукат цягнiка i яго разбудзiла цiшыня, на фоне якой сталi чутны ясныя гукi скрыпкi. Скрыпач адказаў лаянкай i працягваў пiлiкаць, некалькi чалавек загаварылi адначасова, нехта засмяяўся.