Стамбульскi экспрэс (на белорусском языке)
Шрифт:
"Там будзе прэса, - думаў Цынер, i перад яго вачыма паўстала журналiсцкая ложа на працэсе над Камнецам: людзi ў ёй нешта шпарка пiсалi, а адзiн накiдваў алоўкам партрэт Камнеца.
– Цяпер гэта будзе мой партрэт. Суд будзе апраўданнем доўгiх гадзiн, праведзеных мною на халоднай пляцоўцы для прагулак, дзе я шпацыраваў туды-сюды, разважаючы над тым, цi правiльна я зрабiў, што пакiнуў радзiму. Кожнае маё слова павiнна быць неабвержным, мне трэба ясна ўсведамляць, за што я змагаюся, памятаць, што справа не толькi ў бедняках Белграда, а ў бедняках усёй зямлi". Шмат разоў ён пратэставаў супраць нацыяналiстычных поглядаў ваяўнiчай фракцыi сацыял-дэмакратычнай партыi. Нават iх выдатная песня "Iдзiце, славяне, iдзiце!" была нацыяналiстычная -
– Тушаная курыца! Смажаная цяляцiна!
– iдучы па вагоне, гучна крычалi афiцыянты: яны парушылi хвiлiннае маўчанне. Усе раптам загаманiлi.
– Я лiчу, што венгры вельмi лёгка прызвычаiлiся да крыкета. У мiнулым сезоне ў нас адбылося шэсць матчаў.
– Гэтае пiва зусiм не лепей. Мне проста захацелася шклянку "Гiнеса".
– Я, прынамсi, спадзяюся, што гэтыя разынкi...
– Я кахаю вас.
– Наш прадстаўнiк... Што вы сказалi?
– Сказала, што я вас кахаю.
Анёл цiшынi адляцеў, а экспрэс, запоўнены бадзёрымi галасамi, грукатам колаў, брынканнем талерак, размовамi, бразганнем шклянак, праносiўся мiма доўгiх радоў хвой i зiхатлiвага Дуная. У кабiне машынiста стрэлка манометра паказвала, як павялiчваецца цiск пары, машынiст павярнуў ручку рэгулятара, i хуткасць цягнiка адразу павялiчылася на пяць мiль у гадзiну.
3
Корал Маскер на хвiлiнку затрымалася, стоячы на жалезных лiстах пераходу з вагона-рэстарана ў вагоны другога класа. Трасенне цягнiка дзейнiчала ёй на нервы, яе нудзiла, яна не магла сябе прымусiць пайсцi i забраць сакваяж з купэ, дзе былi мiстэр Пiтэрс з сваёй жонкай Эймi. Забыўшыся на грукат металу, на стук буфераў, яна ў думках падымалася па лесвiцы ў сваю кватэру, захутаная ў футра. На стале ў гасцёўнi - кошык руж з аранжарэi i картка "Ад Карла, з любоўю" - яна вырашыла называць яго так. Нельга ж казаць: "Я кахаю цябе, Карлтан", а вось вымавiць "Я горача люблю, я проста закахалася ў цябе, Карл" - зусiм iншая справа. Яна гучна засмяялася i запляскала ў далонi, раптоўна зразумеўшы, што каханне - справа няпростая i вось з чаго яно складаецца: з пачуцця ўдзячнасцi, падарункаў, звыклых жартаў, кватэры, служанкi, - а яшчэ: няма патрэбы зарабляць сабе на пражытак.
Яна пабегла па калiдоры, стукаючыся то аб адну сцяну, то аб другую i не зважаючы на гэта. "Прыйду ў тэатр, спазнiўшыся на тры днi, i спытаю: "Магу я бачыць мiстэра Сiднея Дана?" Але швейцар - ён, вядома ж, будзе турак толькi буркне нешта скрозь кашэчыя вусы, таму давядзецца самой прабiрацца па калiдорах у грымёрныя, пераступаць цераз раскiданыя паўсюль пажарныя шлангi. Я ўсуну галаву ў агульную грымёрку, скажу: "Воng jоur"* i спытаю: "Дзе Сiд?" Ён, магчыма, будзе рэпецiраваць на авансцэне, тут я i выгляну з-за кулiсаў, ён убачыць мяне i спытае: "Хто вы такая?" - працягваючы адбiваць такт, а "Дзяўчынкi Дана" ўсё скочуць, скочуць, скочуць. "Корал Маскер".
– "Чорт пабяры, вы спазнiлiся на тры днi, што гэта такое?" А я скажу: "Я проста завiтала да вас, каб папярэдзiць, што я звальняюся". Аднак ад грукату цягнiка яе словы, вымаўленыя з удаванай храбрасцю, прагучалi
* Добры дзень (ламаная фр.).
– Прабачце, - звярнулася яна да мiстэра Пiтэрса - ён трохi пераеў за абедам i цяпер драмаў у кутку, выцягнуўшы ногi ўпоперак купэ i замiнаючы ёй.
– Прабачце, - паўтарыла яна. Мiстэр Пiтэрс прачнуўся i папрасiў прабачэння.
– Вярнулiся да нас? Правiльна зрабiлi!
– Не, я прыйшла па сакваяж.
Эймi Пiтэрс, скурчыўшыся на сядзеннi, з мятнай таблеткай у роце, ублыталася ў iх размову з нечаканай злосцю:
– Не гавары з ёй, Герберт. Хай забiрае свае транты. Строiць з сябе немаведама каго - бач, мы ёй не кампанiя.
– Я толькi хачу ўзяць свой сакваяж. Чаго вы на мяне накiнулiся? Я i слова не сказала.
– Не хвалюйся з-за дробязей, Эймi, - сказаў мiстэр Пiтэрс.
– Гэта не наша справа, як паводзiць сябе гэтая маладая дама. Вазьмi яшчэ адну таблетку. Гэта ўсё яе страўнiк. У яе нястраўнасць, - растлумачыў ён Корал.
– Скажаш: "маладая дама". Распуснiца - вось хто яна такая.
Корал ужо выцягнула сакваяж з-пад сядзення, але тут жа з сiлай апусцiла яго на ногi мiстэра Пiтэрса. Яна ўперла рукi ў бокi i павярнулася да жанчыны, адчуваючы сябе вопытнай, упэўненай у сябе i рашучай: iх сварка нагадала ёй мацi - як тая, узяўшыся ў бокi, усчыняла сварку з суседкай, якая ўпiкала яе за шашнi з кватарантам. У гэты момант Корал ператварылася ў сваю мацi: лёгка, нiбы сукенку, яна скiнула з сябе тое, чаму навучыла яе жыццё штучную вытанчанасць тэатральнага свету i асцярожную манеру размаўляць.
– Паглядзi на сябе: хто ты такая?
– Яна ведала сапраўдную цану гэтым людзям: крамнiкi ў адпачынку, едуць у Будапешт з турысцкай групай агенцтва "Кука" - гэта ж крыху далей, чым Остэндэ, дома яны потым будуць выхваляцца, якiя яны заўзятыя падарожнiкi, паказваць усiм яркiя наклейкi танных гатэляў на сваiх чамаданах. Раней i на яе гэта зрабiла б уражанне, але цяпер яна ўжо навучылася не надаваць значэння такiм рэчам, не дазваляць сабе абводзiць вакол пальца, быць пранiклiвай.
– З кiм гэта ты так гаворыш? Я не якая там ваша прадаўшчыца. Не з тых, каго вы прымаеце з задняга ходу.
– Ну, даволi ўжо, - сказаў мiстэр Пiтэрс, крануты за жывое яе здагадлiвасцю.
– Няма прычыны сварыцца.
– Ах, няма! А вы чулi, як яна мяне абразiла? Пэўна, бачыла, як вы ладзiлiся да мяне.
– Ну, вядома ж, ён табе не пара. Лёгкi заробак, вось чаго ты хочаш. Не думай, не вельмi ты нам патрэбная ў гэтым вагоне. Я ведаю, дзе тваё сапраўднае месца!
– Вымi з рота гэтую штучку, калi гаворыш са мной!
– На Орбакл-авеню. Ловiш мужчын проста з цягнiка на Падынгтонскiм вакзале.
Корал зарагатала. Гэта быў тэатральны рогат яе мацi, ён звычайна запрашаў суседзяў прыйсцi i паглядзець на свару. Ад узбуджэння пальцы Корал сцiснулiся на сцёгнах, яна так доўга паводзiла сябе ўзорна, правiльна вымаўляла словы, не выхвалялася сваiмi паклоннiкамi, не гаварыла: "Вельмi прыемна вас бачыць!" Шмат гадоў няўпэўнена яна кiдалася памiж двума рознымi класамi i нi да таго, нi да другога не прыстала, яна належала толькi таатру. Яна страцiла прыроджаную прастату, але i натуральная вытанчанасць была ёй недаступная. А зараз яна з задавальненнем вярнулася да сваiх вытокаў.
– Не хацела б я быць такiм пудзiлам, нават калi б ты мне заплацiла. Нiчога дзiўнага - з такой храпай у любой жывот забалiць. Зразумела цяпер, чаму твой стары бегае ад цябе да iншых.
– Ну, хопiць ужо, супакойцеся, дамы.
– Аб цябе ён рукi мараць не стане. Брудны жыдок - вось i ўсё, чаго ты вартая.
Корал раптам заплакала, хоць рукi ў яе ўсё яшчэ рвалiся ў бойку, у яе ледзьве хапiла голасу, каб адказаць:
– Не чапай яго.
Аднак словы мiсiс Пiтэрс, нiбыта дымок паветранай рэкламы, што спакваля знiкае ў небе, азмрочылi яе светлыя надзеi.