Страла Зэнона (Рытмалягічны трактат)
Шрифт:
Спрэчак аб паходжаньні Багдановічавай александрыны быць ня можа: гэта «шасьціступовы ямб» у характэрнай ламаносаўскай інтэрпрэтацыі. Ніхто не сумняецца ў плённым засвойваньні беларускім паэтам францускае літаратуры, але рытмавыя стэрэатыпы, выхаваныя тэарэтычна, а найперш — яшчэ з маленства — тэксталягічна, пераадолець вельмі цяжка. Калі б Багдановіч вучыўся ў польскай традыцыі — хутчэй за ўсё, ён пісаў бы па-беларуску трынаццаціскладовікам. Калі б ён зьвярнуўся да арсэналу нашаніўцаў, дык за адпаведнік александрыны мог бы ўзяць разгляданы вышэй дванаццаціскладовік. Калі б ён ведаў тэорыю вершаваньня павярхоўна, гэтаксама, як савецкія аўтары, наагул ня здолеў бы ўпільнаваць цэзуры. А калі б ён, як Трэдзіякоўскі, паспрабаваў беспасярэдне перастварыць францускі прататып у «ямбе», дык пісаў бы менавіта такім «ямбам», у якім няма перасмыкаў:
Начлежнікі пяюць. // Над вогнішчамВедама, Бядуля наўрад ці ставіў сабе за мэту перастварэньне францускага або якога іншага ўзору. Хутчэй за ўсё, ён пісаў «на слых», стараючыся ўкласьці ўражаньні ў напеўны твор. Глянуўшы на гэты тэкст, мы бачым: як раней паўрадкі дванаццаціскладовіка паўтаралі радкі шасьціскладовіка, таксама тут паўрадкі «шасьціступовага ямбу» паўтараюць гатовыя схемы анакрэонтыка.
Вось жа, калі беларускі «шасьціступовы харэй», супраць расейскага, выкшталтаваў на арганічным этапе свайго станаўленьня адумысную мадуляцыю пераліваў, дык у «ямбе» нічога падобнага не назіраецца. Напрацаваная расейскаю літаратураю традыцыя, а ў нейкай ступені і тэорыя (якая ў «харэі», аднак, праявілася «крыху» па-іншаму) надалей схіляюць беларускіх паэтаў культываваць у якасьці клясычнага, прыдатнага для санэтаў ламаносаўскі «шасьціступовы цэзураваны ямб» зь перасмыкамі (гл. 2-ы і 3-і радкі):
А ў вёсцы блізкай дзед // старэнькі бае, сівы, (1) Пра страхі розныя, // што там таяцца й дзівы (2) Начніц, што пацеркі // нанізваюць з расы (3) І на шляху снуюць // і сеюць сьпеў жуды; (4) Ды аб княжне дзіўной, // нябачанай красы, (5) Ў замковай вежы век // згубіўшай малады. (6) Уладзімер ЖылкаДагэтуль усе разгляданыя цэзураваныя «доўгія» памеры так ці інакш лучыліся зь нецэзураванымі «кароткімі». Істотна адрозную ад іх прыроду мае сымэтрычны (5+5) дзесяціскладовік польскага ўзору. Далей мы яго будзем называць дзесяцьцёвік, каб адрозьніваць ад сэрбскага асымэтрычнага (4+6) памеру, што здаўна ведамы як дзесяцерац. Дзесяць складоў — гэта тая граніца даўжыні радка, якая ня можа за раз успрымацца на слых і дзеля таго мусіць падавацца «порцыямі», аддзеленымі адна ад адной цэзураю:
Кажуць старыя, // калі даць веры, (1) Што былі пушчы, // лясы бязь меры, (2) Пчол надта многа, // мёду — як гліны, (3) Птаства бязь ліку, // процьма зьвярыны, (4) Дзікоў, мядзьведзяў, // гусяў і лосяў… (5) Цяпер жа нешта // усё зьвялося… (6) Стары ЎласДаўжыня кожнага паўрадка ў пяць складоў, пры простай кляўзуле, не дазваляе пульсанце аддаліцца больш чым на два роўні, і, як вынік, інварыянтам дзесяцьцёвіка ёсьць два дзьвюхступовыя дактылі (3-і радок). Часамі пульсанта рэгрэсійна адхіляецца, ці, інакш, ссоўваецца ў бок канстанты, фармальна ўтвараючы «дзьвюхступовы ямб», а фактычна — пераліў (6-ы радок). Першыя два склады — гэта адзіны абсяг віхтаньня пульсанты. Іншыя акцэнты, што ўсутыч набліжаюцца да канстанты, ператвараюцца ў сысталы, у супарат якім могуць разьвівацца дыясталы (першы паўрадок 2-га радка). Але нават інварыянтныя, чыста «дактылёвыя» адцінкі дзесяцьцёвіка становяць сабою дактыль нестандартны з абсечанаю цэзураю, нечым падобны да «харыямбу». А ўсё разам — і ўемны дактыль, і «ямбавыя» пералівы — стварае тое непаўторнае энэргічна-пералівістае гучаньне дзесяцьцёвіка, зь якім ня можа параўнацца ні дольнік, ні лягаэд.
Беларускі дзесяцьцёвік — ня міт і ня байстар, як лічаць нашыя вэрсолягі, ім напісана нямала прыгожых лірычных вершаў. Гэты памер вельмі падобны да свайго польскага прататыпу, але супраць апошняга мае куды большыя абсягі ў вар’яваньні кляўзулаў. Беларускія паэты добра адчувалі гэтыя мажлівасьці і таму побач з простымі кляўзуламі свабодна карысталіся тупымі:
Вось посьле бурнай // жніўнай пары Верасень хмурны, // як дзед стары, З торбаю поўнай // да нас ідзець. Малыя пеўні // ўжо сталі пець. Замільгацелі, // як не былі, І адляцелі // ў вырай буслы. Стары ЎласЧыста колькасна, за кошт тупых канчароў, кожны радок тут утрымвае толькі дзевяць складоў. Але было б дзіўна, калі б мы пачалі сьцьвярджаць, дзей гэтыя вершы якасна розьняцца ад цытаваных вышэй. А тым часам «сылябічная» догма «сыляба-таністаў» вымагае менавіта такога прачытаньня. Як бачым, абкарачэньне пасьляканстантавых складоў насамрэч не мяняе дактылёвага інварыянту, як раней не мяняла пэонавых.
Сярод доўгіх памераў дзесяцьцёвік — сама кароткі, таму ён мала калі дзеліцца на драбнейшыя, пяціскладовыя адзінкі. Аднак наяўнасьць у ім цэзуры падставу для падзелу дае. Калі ж нутраныя рымы ўзмацняюць цэзуру, як было ў апошнім прыкладзе з Старога Ўласа, дык дзяленьне хаця-нехаця напрошваецца само. Цікавы ўзор дзесяцьцёвіка спатыкаецца ў беларускай калядцы XVIII стагодзьдзя: тут парныя рымы злучаюць то паўрадкі, то радкі, то адначасна тое і другое, намяркоўваючы (///) ці паслабляючы (//) патэнцыйны падзел:
З радасьці оны /// чэрнцы паклоны Ныне злажыці /// к Богу бяжыце. І вы, чарнічкі, /// у чаравічкі Абуйце ногі /// з радасьці многі. Вы, небажаты, /// малы хлапчаты, Сьпяшайце к Богу /// ў стайню убогу. Кушняры, з футра /// надрэце кутра, Краўцы, прастаньце // скраўкі хаваці: Сам Бог работу // рачыць вам даці. Кавалі гвозьдзі // зрабеце з копу, Абы абіці // тую там шопу. Гантары, гонтаў // і лат дадайце, Сталяры, дзьверы // хутка гатуйце, А вы, сьлясары, // іх прырыхтуйце. Усе шныцары, /// купна з маляры, Да тае шопы // робце аўтары. Шкляры, балоны /// да шопы оны Папрыпраўляйце, /// чэсьць Богу дайце.Спраўджаньне такога падзелу і пераўтварэньне яго паўрадкоў у самастойныя радкі пяціскладовіка можна бачыць на наступным прыкладзе:
Сьнегу ў калена І белы шлях. Там дзяцька сена Вязе ў санях. Стары ЎласНяўважлівы вершазнаўца пяціскладовік можа лёгка зблытаць зь дзьвюхступовым дактылем, які становіць яго інварыянтнае з’ішчаньне, ці дзьвюхступовым «ямбам», які становіць з’ішчаньне варыянтнае. Пазьней на гэтай падставе ў «сыляба-танізьме» адбылося раздваеньне пяціскладовіка на «дактыль» і «ямб».