Страла Зэнона (Рытмалягічны трактат)
Шрифт:
Сказаць, што першыя васьміскладовыя радкі (а даўжыня іх аптымальная) маюць цэзуру, было б перабольшаньнем. Цэзура тут хіба толькі намяркоўваецца. Але патэнцыйна, дзякуючы дыярэзе ў першым радку, верш «гатовы» да цэзуры, нават глыбейшага распаду, што і паказвае рэшта страфы. Варта зацеміць: у аснове цэзуры ляжыць падзел слоў, часьцей за ўсё рэгулярны, аднак далёка ня ўсякі падзел, нават рэгулярны, дае цэзуру. Цэзура ўтвараецца агульным заданьнем вершу, і пры патрэбе, у якасьці кампэнсатарнае анамаліі, гэткае «паэтычнае вольнасьці» можа праходзіць нават праз слова. У вылучэньні цэзуры, так ці інакш, ёсьць момант суб’ектыўнасьці.
Разгледзім яшчэ адну дыхатамічную страфу:
Рвіце,У Алены васьмірадковая частка страфы цальнейшая, чым у Гаруна, бо яе нітуе радковая сынэрэза. Надзвычай цікава ў страфе вылучаюцца і чатырохскладовыя радкі. Яны ўсе (апрача 1-га) маюць інвэрсіяваны харэй. І хоць падзел слоў тут фармальна дае дыярэзу, аднак інвэрсія стрымвае мажлівасьць далейшае дыхатаміі. Рытмічнасьці ж вершу яна яўна ня шкодзіць.
У выніку чарговы раз нельга не пагадзіцца з А. Квяткоўскім, што двухскладовыя ступы наагул немажлівыя як адзінкі рытму. Нават у сыляба-танічнай дактрыне яны не існуюць, а толькі даўнімаюцца, бо служаць спосабам (не зусім дасканалым) вэрыфікацыі рытму. Ямб і харэй не ўзьнікаюць пры вольным чытаньні вершу, а толькі пры штучным скандаваньні. Зрэшты, як зазначае той жа А. Квяткоўскі, ёсьць шэраг вершаў, што чыста інтанацыйна, дзеля патрэбаў сэмантыкі, вымагаюць скандоўлі. Але вынятак толькі пацьвярджае правіла: умоўнасьць існаваньня двухскладовых ступ. Часьцей за ўсё гэта дзіцячыя лічылкі ды адпаведныя стылізацыі:
— Чыжык, / чыжык, / дзе ты / быў? — Я на / Белай / Русі / жыў: Бачыў / сьлёзы, / жалю / крык, Як га/руе / там му/жык… Гальяш ЛеўчыкСкандоўля можа быць удалым спосабам гукаперайманьня і належнага эфэкту дасягае тады, калі падзел ступ падкрэсьлівае дыярэза:
Звоны / звоняць, / звоняць, / звоняць Ў час начны… Грукат, / гоман, / звоняць / ў звоны Званары. Зінаіда БандарынаРаз двухскладовая амплітуда націскаў становіць сабою інфраструктуру чатырохскладовых памераў, дык адразу ўзьнікае пытаньне — ці заяўляе яна аб сабе хоць якім спосабам у памерах трохскладовых? З гэтае нагоды раскажу цікавае здарэньне з практыкі. Неяк адна кандыдатка расейскае філялёгіі (сёньня ўжо доктарка), якая выкладала мне ў унівэрсытэце, заўважыла, што ня любіць Я. Яўтушэнкі за верш:
Идут белые снеги, как по нитке скользя… Жить и жить бы на свете, да, наверно, нельзя.Маўляў, у адным радку ён умудрыўся двойчы парушыць нормы расейскае літаратурнае мовы, ужыўшы формы идут і снеги замест идут і снега. Я доўга пераконваў сваю ўнівэрсытэцкую настаўніцу, дзей слова идут трэба чытаць звычайна, бо верш напісаны анапэстам і два першыя склады стаяць у слабой пазыцыі. Сёньня я магу дадаць: нават калі б паэт і ўжыў пераакцэнтуацыю, усё роўна меў бы на тое права, бо менавіта такі націск трываў за норму ў расейскай паэзіі XVIII ст., і варыянт идут можна ўважаць за паэтызм ці архаізм. Няведаньне паэтыкі і гісторыі мовы — досыць сьмешная падстава для снабізму і пурызму. Але адзінае, у чым я не магу ўпікаць свае суразмоўцы, — гэта тонкі слых, добрая інтуіцыя мовы.
Рэч у тым, што доўгая двухскладовая анакруза анапэсту — гэта ледзь не адзіная прастора ў трохскладовых памерах, дзе рэгулярна дае аб сабе ведамасьць пульсацыя слабых іктаў. Тое, што муляла чуйны слых у вершы Я. Яўтушэнкі, ня што іншае як «эфэкт спандэю» ў трохскладовым памеры. Калі ў тэрмінах часоў Трэдзіякоўскага разьвіваць думку далей, дык на добры лад тут мусіў стаяць «харэй» або «пірых». Вось яшчэ адзін узор падобнае інтуіцыі ў анапэсьце:
Сонцам змытая і аблітая, Ўся у кветачках — наша сьцежачка! Аркадзь МоркаўкаЧаму аўтар паставіў ў пасьля коскі на пачатку радка? У яго ж была мажлівасьць, практычна нічога не мяняючы, унікнуць неўласьцівага беларускай мове каўтаньня гуку:
Уся ў кветачках — наша сьцежачка!Хутчэй за ўсё, гэта ня проста неахайнасьць, а жаданьне ўнікнуць таго самага «спандэю», ці, фармальна, «моласу» («трымакру»), які для паэта выглядаў жахлівейшым за каўтаньне ў на пачатку радка, і таму ён выбраў «харэй», а фармальна — «амфімакр». Выходзіць, слабыя ікты трываюць ня толькі ў пэонах, ня толькі ў сылябіцы, але зрэдку і ў трохскладовых памерах. Ведама, антычнымі ступамі гэтую зьяву мы пазначаем умоўна, бо ўсякая іншаякасная ступа толькі парушае адзінства рытмавага працэсу. «Молас» тут ёсьць звычайнаю сысталаю, а «амфімакр» — свайго роду «рэха» рытму. Дарэчы, Г. Шэнгелі некалі статыстычна давёў, што паэты ў пачатку анапэстаў досыць ахвотна тарнуюць «амфімакры» і ўхіляюцца ад «моласаў», прыкладам:
Ждаў вясны, бач, — і сьнег распусьціўся, Шум пайшоў па раках, па лясах; Сьвет вясеньняга сонца разьліўся Па ўсіх чыста зямельных вуглах. Іван ПіліпаўВось жа, на кожным кроку мы ўпэўніваемся, што тэорыя ступ і сыстэм вершаваньня ў тым выглядзе, у якім яна дагэтуль бытуе, уступае ў яўную супярэчнасьць з матэрыяй вершу. Заразом з апісаньняў не зусім зразумела — скуль бярэцца інварыянт, чаму ён дапускае інвэрсіі, колькі сэгмэнтаў вершу можа абымаць інвэрсія? Хоць пад тое мы чамусьці дакладна ведаем, што інварыянтам гэтых радкоў, наскрозь інвэрсіяваных, трэба ўважаць менавіта пэон трэці, які тоесны «чатырохступоваму харэю»:
З а й г р а й, з а й г р а й, хлопча малы, І ў с к р ы п а ч к у і ў цымбалы, А я з а й г р а ю у дуду, Б о ў К р о ш ы н е жыць ня буду. Паўлюк Багрым5. Сума сынхраніі вершаваньня
Можна заўважыць, што ўсе пададзеныя вышэй апісаньні вершаў зьяўляюць нам радкі ці паўрадкі як нейкую мінімальную завершаную існасьць, якая, паўтараючыся і вар’юючыся, задае інварыянт рытму і ў пэўнай ступені адпавядае інтанацыйнаму, сынтаксычнаму, сэмантычнаму ды лягічнаму адзінству.