Таямнічы надпіс
Шрифт:
— Ну, гэтая іх настаўніца…
— А-а, — абыякава махнуў рукой Антак. — Што яна можа ведаць! Яна ў вайну яшчэ дзяўчынкай была. А што глядзіць недаверліва, дык гэта зразумела.
— Зразумела?
— Пайшлі, я табе раскажу.
Яны накіраваліся да вялікай павеці, пад якой стаяла машына Антака. Антак дастаў з-пад сядзення камеру і пачаў манціраваць скат. Болцікаў падышоў бліжэй.
— Дык вось, — пачаў Антак. — Ты ведаеш, адкуль ім стала вядома пра сейф?
— Не, — паматляў галавой Болцікаў.
— Я аднаго з іх распытаў… З дзённіка Сцяпана Казімірава. Яны нейкім чынам знайшлі
— Таго, сапраўднага? — белымі вуснамі вымавіў Болцікаў.
— Атрымліваецца, што так.
— Дык я ж прапаў, як піць даць прапаў! — схапіўся за галаву Болцікаў.
— Ці мала людзей з аднолькавымі прозвішчамі на свеце, — спакойна сказаў Антак. — Чаго ты ўжо ў паніку кідаешся!
— У мяне з ёй спатканне прызначана, — безнадзейна прашаптаў Болцікаў.— Размовы будзем размаўляць…
— Пра што? — насцярожыўся ўжо і Антак.
— Пра мае баявыя подзвігі.
— А, ч-чорт! — вылаяўся Антак. — Значыць, нешта падазрае.
Ён на момант задумаўся, потым ненатуральна бадзёрым тонам загаварыў:
— Усё роўна нічога страшнага няма. Толькі ўжо іграць давядзецца да канца. Ніякіх аднолькавых прозвішчаў. Ты і ёсць той самы Сцяпан Казіміраў. Выжыў, уцалеў. У палоне быў. А наконт «подзвігаў» не турбуйся, — Антак кісла ўсміхнуўся. — Гэтага Казімірава я ведаю лепей за цябе. Я табе ўсё раскажу, а ты ёй перадасі. А каб пераканаўча было, і пра дзённік раскажаш. Быццам ты яго закапаў у хвіліну небяспекі, а як прыехаў зноў у гэтыя мясціны, хацеў адкапаць, ды не знайшоў — яго ўжо не было.
Болцікаў ухапіўся за гэтую думку.
— Вось бы дзённік дастаць. Хоць на адну ноч…
— Так, было б нядрэнна, — згадзіўся Антак. — Толькі як ты яго дастанеш? Я нешта не магу прыдумаць… — ён памаўчаў, потым злосна заўважыў: — І які чорт панёс цябе да яе з гэтай заметкай?! Не было б ніякіх страхаў.
— Дык я ж хацеў, як лепш… Думаў падазрэнні адвесці. А то мне чамусьці ўвесь час здаецца, што за намі сочаць. — Болцікаў раптам выпрастаўся, выцер насоўкай спацелы лоб. — Ведаеш, Антак, адпусці ты лепш мяне да майго піва. І мне спакайней будзе, і табе менш клопатаў…
— Дурань!..
— Сам дурань, — вяла агрызнуўся Болцікаў. Ён ведаў, што Антак усё роўна яго не адпусціць.
Васілёк кіруе экскаватарам
Позні вечар. Цьмяна гараць электрычныя лямпачкі, нягуста раскіданыя па тэрыторыі будоўлі. Толькі катлаван, дзе працуе экскаватар, азораны магутным і роўным святлом пражэктараў. Але вось машына змаўкае, гаснуць пражэктары — экскаватаршчык скончыў работу.
Не паспеў яшчэ растаць у цемры яго няясны сілуэт, не паспелі адгучаць крокі, як адна дошка ў агароджы ссунулася ўбок і ў шчыліну прасунулася хлапечая галава. Вось ужо маленькая фігурка, крадучыся, набліжаецца да слупа з электрычным рубільнікам. Ды гэта ж Васілёк! Азірнуўшыся па баках, ён уключыў рубільнік. Успыхнуў пражэктар. Васілёк ужо смялей падышоў да экскаватара, па прыступках ускараскаўся ў кабіну, сеў за рычагі кіравання. Экскаватаршчык не дазволіў яму пакіраваць машынай. Ну і не трэба. Ён сам… Вось кнопка пускацеля. Націснуў — і матор запрацаваў. Васілёк перавёў адзін рычаг — коўш пачаў павольна апускацца. А які ж рычаг цяпер? Не, з аднаго позірку
— Дзядзечка, пусціце! — адчайна крыкнуў ён, пазнаўшы ў цемры шафёра з таго вялікага самазвала.
— Цс-с-с! — шафёр, а гэта быў Антак, моцна заціснуў яму рот. — Не крычы! Як цябе зваць?
— В-васіль… — цяжка вымавіў Васілёк сваё імя.
— Та-а-к, Васіль… Значыць, шкодніцтвам займаешся?
— Я… х-хацеў толькі паспрабаваць…
— Ведаем мы гэтыя «паспрабаваць»… Кажы, хто падаслаў цябе?
— Ніхто не падсылаў… Я сам пайшоў.
— Ну добра, пойдзем да начальніка, там разбяруцца.
Васілёк не ведаў, што рабіць, адкуль чакаць выратавання. Нават не спрабуючы бегчы, ён пакорліва ішоў паперадзе шафёра. Раптам Антак спыніўся.
— А можа, не казаць начальніку? Нешта шкада мне цябе стала… А?
— Н-не ведаю, — прамямліў Васілёк.
— А ў цябе знойдзецца тысяч дзесяць на рамонт?
— Н-не…
— Ну, тады пойдзеш у турму. — Антак гаварыў спакойна, быццам аб якіх-небудзь дробязях. — Гадкоў на пяць… З піянераў, вядома, вылеціш. — Ён азірнуўся навокал. — Акрамя мяне, ніхто цябе не бачыў. Калі не казаць нікому, дык, можа, усё і абыдзецца…
— Дзядзечка, не кажыце, — пачаў прасіцца раптам Васілёк. — Я больш ніколі не буду нічога чапаць, што забараняецца… Н-ніколі не буду!
Антак памарудзіў з адказам.
— Ну што ж, магу і памаўчаць. Толькі ўмовімся: паслуга за паслугу. Я табе добрую справу зраблю, а ты — мне… Згодны?
— Згодны! — з радасцю адказаў Васілёк.
— Ты, здаецца, у адным будане з настаўніцай жывеш?
— Не.
— Э-э, — расчаравана працягнуў Антак, — тады справа складаная. Але, калі ты сапраўдны мужчына, справішся.
— А-а што вы хочаце? — усё яшчэ дрыготкім голасам спытаў Васілёк.
— Што хачу? Я табе зараз скажу. Вы, я чуў, знайшлі дзённік партызана Сцяпана Казімірава…
— Знайшлі,— з гатоўнасцю пацвердзіў Васілёк. — Цяжка было, а ўсё ж знайшлі.
— Гэта я ведаю. Малайцы, хлопцы! — Антак моцна сціснуў Васільку руку вышэй локця. — Таму я да цябе і звяртаюся з просьбай. Бачу, з кім маю справу. Мне б вельмі хацелася паглядзець гэты дзённік. Можа, ты возьмеш яго ў настаўніцы? Я потым вярну… пачытаю і вярну.
— Добра, я папрашу ў яе, — згадзіўся Васілёк.
— Э, не, — Антак памахаў пальцам ля яго носа. — Па некаторых меркаваннях мне б хацелася, каб ты гэта зрабіў непрыкметна, каб яна нават не ведала, што ты браў дзённік. А потым ты пакладзеш яго на месца. Ну як, зробіш?
— Пастараюся, — нізка апусціўшы галаву, ледзь чутна прашаптаў Васілёк.
— Ну, тады ідзі! — Антак адпусціў хлопчыка. — Толькі глядзі, нікому ні-ні… А калі прагаворышся… — Антак не скончыў сваёй пагрозы. Ён моўчкі сціснуў руку Васілька, сціснуў так, што ў таго вырваўся глухі стогн.