Таямнічы надпіс
Шрифт:
— Адтуль.
— А як жа ты цераз граніцу?
— Адна дзяржава дапамагла, — загадкава прашаптаў Антак. — Яна таксама ў гэтай справе зацікаўлена.
— Адчулі, што золатам пахне?
— Тфу, дурны! — сярдзіта сплюнуў Антак. — Яны яшчэ нам па шапцы золата адваляць, калі ім пашчасціць здабыць пакет Брунера.
— А што ў тым пакеце? — недаверліва спытаў Болцікаў.
— Спісы, — ледзь чутна прашаптаў Антак. — Спісы і фатаграфіі людзей, пакінутых тут маёрам. Што будзе, калі яны трапяць у чужыя рукі? Бяда! А тая дзяржава таксама вельмі зацікаўлена, каб захаваць гэтых людзей.
Той, прыкметна прыпадаючы на левую нагу, пацягнуўся да бочкі і пачаў напампоўваць піва. Антак толькі цяпер заўважыў, што ён кульгае.
— Дзе гэта цябе?
— У Румыніі. Назваўся груздом — лезь у кош, — незадаволена ўсміхнуўся Болцікаў.— Мала ім аказалася маіх партызанскіх заслуг, давялося і ў пяхоце паваяваць.
— О-го! — іранічна працягнуў Антак. — Вось гэта біяграфія!
— А як дабірацца будзем? — быццам не заўважаючы іроніі былога начальніка паліцыі, спытаў Болцікаў.
— Да Бярозаўкі цягніком, а там аўтобусам на Раманавічы. Я гэта ўсё разведаў, пакуль пра цябе дазнаўся. Кіламетраў васемнаццаць пешшу давядзецца тупаць, ды гэта дробязі.
— А за табой не сочаць?
— Можа, і сачылі, ды я так сляды заблытаў, што сам чорт галаву зломіць. Быў ваенным — стаў цывільным, быў барадатым — стаў голеным. Усё, браце, прадугледжана.
— І ўсё ж, Антак, у мяне душа не на месцы. Я ўжо і багацця гэтага не хачу. Не-не, я ведаю, ты мяне не пакрыўдзіш. А можа, усё ж ты як-небудзь сам?
— Магу і сам, — абыякава сказаў Антак. — Толькі справа ў тым, што ў спісах Брунера і тваё прозвішча ёсць.
— Маё? — Болцікаў падскочыў, як уджалены. Цяпер ён быў разбіты канчаткова. Так, ад гэтага нікуды не ўцячэш. Альбо расплочвацца за здрадніцтва, альбо ісці далей.
Калі немцы адступалі, Болцікаву з групай паліцэйскіх было загадана ўзарваць мост, па якім праходзілі апошнія фашысцкія часці. З заданнем ён не справіўся: пад носам у гітлераўцаў на іх напалі партызаны, перабілі ахову і самі ўзарвалі мост, адрэзаўшы на ўсходнім беразе цэлую дывізію мотапяхоты. Аднаму Болцікаву цудам удалося выратавацца. Без малога месяц вандраваў ён па лясах, аброс, счарнеў. Даганяць немцаў не адважыўся: яму б не даравалі промаху на мосце. Аднойчы ён натрапіў на труп забітага партызана, у якім пазнаў Сцяпана Казімірава. І тады ён вырашыў прысвоіць сабе яго імя. Так і жыў пад чужым імем. Першы час не спаў па начах, уздрыгваў ад кожнага шолаху, баязліва хрысціўся, пачуўшы стук у дзверы. Потым гэта адышло, стала далёкім, амаль забылася. І вось Антак… Калі гэты здолеў адшукаць яго, значыць, нічога яшчэ не скончылася, значыць, альбо расплочвайся, альбо ідзі далей. А расплочвацца Болцікаву вельмі не хацелася.
З нянавісцю гледзячы на Антака, ён глуха вымавіў:
— Добра… Чаму быць, таго не абмінуць.
Раніца. Па лясной дарозе ідуць Антак і Болцікаў. Матавым дываном ляжыць на высокай траве раса.
— Да чаго памяць дрэнная стала, — скардзіцца былы начальнік паліцыі.— І тыя як быццам месцы, і не тыя. Хутка ўжо, здаецца, павінен быць і дваццаць шосты.
— А ты па карце паглядзі,— раіць Болцікаў.
Антак дастае старую ваенную карту, звяраецца з мясцовасцю.
— Ідзем быццам правільна, — няўпэўнена гаворыць ён. — Вось ужо за той павароткай пачынаецца дваццаць шосты.
Яны крочаць далей. Раптам Антак спыняецца.
— Што за чорт! А дзе ж дуб?
— Відаць, не дайшлі яшчэ, — мяркуе Болцікаў.
— Ды яго тут за вярсту было відаць — высачэзны такі.
— Тады, можа, спілавалі,— выказвае здагадку Болцікаў.— Давай пройдзем далей.
Дарога непрыкметна збягае ў лагчынку, пятляе ў кустах. Нечакана справа ад яе адкрываецца агароджа, якой не відаць ні канца, ні пачатку.
— Гэта што яшчэ за навіны? — разгублена мармыча Антак і накіроўваецца ўздоўж агароджы. Болцікаў кульгае за ім.
— Стой, хто ідзе? — раптам раздаецца вокліч.
Антак і Болцікаў маўчаць. З-за кустоў выходзіць вузкаплечы стары з чырвоным мясістым тварам і маленькімі заплыўшымі вочкамі.
— Вы чаго тут не бачылі? — падазрона пытаецца вартаўнік.
— Ды вось ходзім па памятных месцах, — проста тлумачыць Антак. — Партызанілі тут. Цікава паглядзець, як усё змянілася. Курыце? — Антак працягвае старому раскрыты партсігар, запалку. — Вось тут некалі магутны дуб стаяў. Пры-ыгажун!
— Стаяў,— пацвярджае вартаўнік.
— А цяпер яго няма.
— Няма, — згаджаецца стары. — Маланкай разбіла. Усю верхавіну знесла. Адзін ствол тырчаў, дык людзі на дровы спілавалі.
— Агароджа тут нейкая з'явілася… — працягвае Антак.
— Не нейкая, а будаўнічая, — не без гонару папраўляе стары. — Дрэваапрацоўчы камбінат будзе. І бадзяцца тут чужым асобам строга забараняецца.
— Зразумела, — гаворыць Антак.
Яны з Болцікавым адыходзяць крыху ў бок, потым Антак вяртаецца дзед, а рабочая сіла на будаўніцтве патрабуецца?
— А як жа ж? Вунь, — вартаўнік махае рукой уздоўж агароджы, — там, ля прахадной, на варотах, і спіс вісіць — якія спецыялісты патрабуюцца. Толькі з гэтым пытаннем трэба звяртацца не да мяне, а ў аддзел кадраў.
Антак і Болцікаў адыходзяць, не даслухаўшы яго да канца. У кустах Антак парывіста хапае Болцікава за руку і пытаецца:
— Ты, акрамя піўной помпы, якімі-небудзь інструментамі валодаеш?
— А што?
— На работу давядзецца ўладкоўвацца, — спяшаецца растлумачыць свой план Антак. — І ўвогуле не бяда, калі цябе ніякаму рамяству не навучылі. Будзеш вартаўніком. Гэта лепш за ўсё — ночы будуць нашы. У цябе інвалідныя дакументы ў парадку?
— У парадку.
— Вось і прасіся ў вартаўнікі. А я шафёр першага класа, мне прасцей уладкавацца.
Невысокі кульгавы вартаўнік, з якім размаўлялі Толік, Васілёк і Жэнька, і быў Болцікаў. Дзякуючы таму, што на будаўніцтве не хапала людзей, Антаку і Болцікаву даволі лёгка ўдалося ўладкавацца на работу.