Таямнічы надпіс
Шрифт:
— А цяпер вось вазьму і зашыю.
— Паглядзім, — Міхась схаваўся ў будане, выйшаў адтуль у трусах, працягваючы штаны Тані: — На, зашывай.
— А ты хутчэй касцёр распалі, нам жа трэба вячэру гатаваць. Інакш што нашы будуць есці?
Міхась сеў да кастра і пачаў чыркаць запалкамі. Сапсаваўшы апошнюю з іх, ён вырашыў: «Пайду, знайду крэмень і выкрасаю агонь. Як людзі ў старажытнасці рабілі».
А Таня дастала іголку і ніткі, узяла ў рукі штаны і задумалася: «Сапраўды, як гэта зашываюць?»
Міхась тым часам знайшоў два каменьчыкі, вярнуўся да кастра і ўзяўся высякаць іскру.
Гледзячы, як няўмела ён гэта робіць, Таня засмяялася.
— Відаць, мы з табой аднолькавыя ўмельцы.
— Я мужчына, і шыць для мяне неабавязкова.
— Але ж ты і агонь выкрасаць не ўмееш.
— А мне і не трэба рабіць гэта крэменем… У наша дваццатае стагоддзе для гэтага ёсць запалкі.
— Тады распалі запалкамі,— пакпіла з яго Таня. — Хто ж табе перашкаджае?
— Добра, давай штаны, пайду на рэчку, можа, сустрэну каго-небудзь, папрашу запалкі.
Міхась надзеў штаны, але Таня зашыла калашыну так вузка, што нага ледзь праціснулася ў яе.
Зрабіўшы некалькі крокаў, Міхась прысеў, і калашына зноў распаўзлася.
— Бачыш, якая ты швачка!
— А ў наша дваццатае стагоддзе, — іранічна заўважыла Таня, — неабавязкова ўмець шыць самой, для гэтага ёсць швейныя майстэрні.
— Майстэрні ёсць, але як жа я ў такіх штанах пайду па запалкі?
— Ты пасядзі тут, я сама схаджу.
— Давядзецца, — цяжка ўздыхаючы, згадзіўся Міхась. — А што ты будзеш варыць на вячэру?
— Давай зварым такі суп, як учора Валя Казлова зварыла. Якраз сёння раніцой Несцер Фёдаравіч шчупака спаймаў… Ён там у вадзе навязаны. Бульба ёсць, цыбуля таксама ёсць, морква… А што яшчэ трэба?
— Патрэбны соль, перац, гарчыца.
— Ведаеш ты столькі, колькі і я. Эх ты! Гарчыцу ж падаюць на стол да гатовых страў, а не кладуць у гаршчок. Давай бярыся за бульбу, а я запалкі пайду шукаць і па ваду збегаю.
Гледзячы, як Міхась наразае бульбу кружочкамі, потым ачышчае кожны кружочак паасобку, Таня са здзіўленнем спыталася:
— А навошта ж ты яе кружочкамі наразаеш?
— У Валі Казловай таксама бульба была нарэзана кружочкамі.
— Дык яе ж потым так наразаюць. Эх ты!
— А можа, у мяне свой метад, — абіраючы бульбу па-свойму, адказаў Міхась.
— Ой, навошта я толькі засталася дзяжурыць, лепш пайшла б зграбаць сена!..
— Ты ж баялася ногі пакалоць.
— А чаму ты не пайшоў сена вазіць?
— Баяўся, каб жаба мяне не ўбрыкнула, — усміхнуўся Міхась.
— А я ведаю, чаму. Баяўся, што ўбачаць, які ты няўмека.
— Ха-ха-ха! Вось дык сказала.
— А я раней думала, што ты
— Што ты да мяне прычапілася?.. Умееш, не ўмееш… Ідзі лепш па запалкі.
Калі Таня, узяўшы чайнік, пабегла да ракі, Міхась задумаўся: «Але ж сёе-тое я ведаю. Вось, напрыклад, ведаю, што на сасну, елку, наогул на мяккія пароды дрэў трэба, каб адбой у пілы быў вялікі, а на дуб і іншыя цвёрдыя пароды — меншы, тады пілаваць лягчэй… А вось як зварыць юшку? Колькі бульбы для гэтага трэба?»
У гэты час пачуўся крык: «Ой, ратуйце!» Міхась кінуў свой занятак і памчаўся да ракі. Там ён убачыў незнаёмага хлопчыка, які вёў пад руку Таню.
— Дзякуй яму, — звярнулася Таня да Міхася, абтрасаючы мокрую сукенку, — калі б не гэты хлопчык, добрая была б мне ванна. Нахілілася браць ваду, не ўтрымалася і паляцела.
— Там не вельмі глыбока, — сказаў хлопчык.
— Пра гэта я потым даведалася, калі ў вадзе апынулася.
— Дык чаму ж ты крычала «ратуйце»? — спытаў Міхась.
— Плаваць я зусім не ўмею. Напалохалася.
— Чаго там баяцца?
— Вядома, тут і ты смелы.
— Пры чым тут смелы? Проста я плаваю добра.
— А ці не такі ты плывец, як і повар?
— Шмат ты разумееш. Я на спаборніцтвах па плаванню не раз другое месца займаў.
— Правільна, — з'едліва заўважыла Таня, — а першае месца займала сякера.
— Калі б гэта сказаў хлопчык, яму давялося б пазнаёміцца вось з гэтым, — і Міхась паказаў кулак.
— Ох, як страшна! — І, звяртаючыся да хлопчыка, Таня дадала: — Мы з Міхасём сёння цэлы дзень спрачаемся…
— Што з табой спрачацца… — І, перавёўшы размову на іншую тэму, сказаў хлопчыку: — Мы — чырвоныя следапыты, ідзем па цікавым маршруце, па месцах, дзе ваяваў партызанскі атрад дзядзькі Сцёпы.
— Чуў я пра гэты атрад. Шмат яны пабілі фашыстаў… А хто ў вас кіраўнік?
— Настаўнік батанікі Несцер Фёдаравіч, у атрадзе дзядзькі Сцёпы быў начальнікам разведкі, у яго шмат узнагарод.
— Мы хочам, — дадала Таня, — напісаць нарыс пра партызанаў-герояў нашага раёна. Мы сустракаемся з былымі партызанамі і з камандзірамі атрадаў.
— А чаму вы спыніліся тут?
— Бераг гэтай рэчкі,— адказаў Міхась, — таксама гістарычнае месца: тут была жорсткая сутычка партызанаў з фашыстамі.
— Акрамя таго, — сказала Таня, — нам трэба знайсці тут аднаго хлопчыка, пра якога пісала піянерская газета.
— Чым жа ён праславіўся, што нават у газетах пра яго пісалі? — зацікаўлена спытаў хлопчык.
— Ён вядомы юннат. Мы хочам паглядзець яго сад, распытаць, як і што ён робіць.
— Гэта, брат, табе не тое, што выцягнуць дзяўчыну з лужыны, — з'едліва сказаў Міхась.