Тры таварышы
Шрифт:
— Можна мне заўтра патэлефанаваць, каб даведацца, як справы? — спытаў я.
Яна адказала не адразу.
— Мы, ініцыятары гэтай п'янкі, нясём пэўную адказнасць, — гаварыў я. — Асабліва я, з тым сваім ромам.
Яна засмяялася.
— Ну добра, калі вам так хочацца. Тэлефануйце: Захад — 2796.
На дварэ я адразу запісаў сабе нумар. Мы паглядзелі ўслед машыне Біндзінга і выпілі «на пасашок». Потым зароў наш «Карл». Ён імчаў праз лёгкі сакавіцкі туман, мы дыхалі часта, горад набліжаўся насустрач нам — вогненны і хісткі ў марыве. Раптам, як карабель у моры, выплыў асветлены, стракаты бар Фрэдзі. Мы кінулі якар. Золатам іскрыўся каньяк, джын блішчаў, як аквамарын, а ром быў само жыццё. Мы сталёва сядзелі на высокіх сядзеннях бара, музыка плёскалася, існасць была светлая і надзейная; сілай наліваліся нашыя
ІІ
Назаўтра была нядзеля. Я позна спаў і прачнуўся, калі промні сонца ўпалі мне на пасцель. Я хутка саскочыў з ложка і адчыніў вокны. На дварэ было свежа і ясна. Я паставіў прымус на лаўку і пачаў шукаць каву. Мая гаспадыня, фраў Залеўскі, дазволіла мне варыць каву ў пакоі. Тое, што яна падавала, было занадта слабое. Асабліва з пахмелу. Я ўжо два гады жыў у пансіянаце Залеўскі. Месца мне падабалася. Было куды пайсці — побач Дом прафсаюзаў, кавярня «Інтэрнацыяналь» і рэстаран, дзе адбываліся сходы Арміі выратавання. Перад домам, акрамя таго, былі старыя могілкі. На іх раслі дрэвы, як у парку, і спакойнымі вечарамі можна было падумаць, што жывеш у вёсцы. Але спакой наставаў вельмі позна, бо побач з могілкамі была шумная плошча з каруселямі і арэлямі.
У скарбонку фраў Залеўскі могілкі прыносілі надзейны прыбытак. Яна хваліла свежае паветра і шырокія далягляды і за гэта брала больш высокую плату. Пры рэкламацыях яна настойвала:
— Але, панове, падумайце толькі — якое месца!
Я апранаўся вельмі павольна. Гэта надавала мне адчуванне нядзелі. Я ўмыўся, пахадзіў па пакоі, пачытаў газету, згатаваў каву, пастаяў каля акна і паназіраў, як паліваюць вуліцу, паслухаў спеў птушак у высокіх дрэвах на могілках — яны спявалі, як маленькія срэбныя флейты святога бога, далучаючыся да ціхага пяшчотнага буркатання меланхалічнай шарманкі на плошчы. Я выбіраў сарочку і шкарпэткі, хоць выбіраць асабліва не было з чаго, з некалькіх сарочак і пар шкарпэтак я выбіраў так, быццам іх было ў дваццаць разоў больш; насвістваючы, я павыкідваў усё з кішэняў: дробязь, нож, ключы, цыгарэты, і раптам — учарашняя паперка з імем дзяўчыны і нумарам тэлефона. Патрыцыя Хольман. Дзіўнае імя — Патрыцыя. Я паклаў паперку на стол. Няўжо гэта сапраўды было ўчора? Як далёка ўсё адышло, амаль забылася ў шэрым тумане алкаголю… За выпіўкай жыццё было цудоўнае— ты хутка рабіўся цэльным, але паміж вечарам і раніцай зноў утвараліся прагалы, як быццам міналі гады.
Я сунуў запіску пад стос кніжак. Патэлефанаваць? Магчыма… а магчыма, і — не. Днём усё выглядала інакш, чым вечарам. Шчыра кажучы, я жыў спакойна і быў задаволены. Даволі хапіла шуму ў апошнія гады. «Толькі не падпускаць нічога блізка да сэрца, — гаварыў Кёстэр. — Тое, што падпусціш, захочаш утрымаць. А ўтрымаць нельга нічога…»
У гэты час у суседнім пакоі пачаўся ранішні вэрхал. Я шукаў капялюш, які я, відаць, учора некуды закінуў. На хвілінку я прыслухаўся. Сварыліся муж з жонкай Хасэ. Яны ўжо пяць гадоў жылі тут у маленькім пакойчыку. Гэта былі нядрэнныя людзі. Калі б яны мелі трохпакаёвую кватэру, з кухняй для гаспадыні, ды каб яшчэ дзіця — магчыма, гэта была б шчаслівая сям'я. Але кватэра каштавала шмат грошай, а дзіця ў гэтыя ненадзейныя часы — хто яго мог сабе дазволіць! Яны ўвесь час натыкаліся адно на аднаго, жонка стала істэрычкай, а муж увесь час баяўся страціць сваё месца. Тады б — капцы. Яму было сорак пяць гадоў. Беспрацоўнага яго ўжо больш ніхто не прыняў бы. У гэтым была бяда. Раней чалавек страчваў пазіцыі паволі, і заўсёды з'яўляліся новыя магчымасці, каб падняцца. А сёння за кожным звальненнем — адразу прадонне вечнага беспрацоўя.
Я хацеў ціхенька ўцячы, але ўжо пачуўся стук у дзверы. У пакой уваліўся Хасэ.
Ён плюхнуўся ў крэсла.
— Я больш не вытрываю.
Гэта быў па сутнасці мяккі чалавек з абвіслымі плячыма і маленькімі вусікамі. Сціплы, старанны служачы. Але якраз такім было сёння цяжэй за ўсіх. Ды ім, бадай, было заўжды найцяжэй. Сціпласць і стараннасць ацэньваюцца належным чынам толькі ў раманах. У жыцці іх выкарыстоўваюць, а потым адкідваюць прэч.
— Толькі падумайце, у канторы зноў два звальненні. Наступны — я, вось убачыце: я! — У гэтым страху ён жыў з пачатку месяца да наступнага. Я наліў яму чарку гарэлкі. Ён тросся ўсім целам. Некалі ён зламаецца, гэта было відавочна. Больш у яго не было пра што гаварыць.
— Ды яшчэ гэтыя заўсёдныя папрокі, — прашаптаў ён. Магчыма, жонка папракнула яго за сваё вартае жалю існаванне. Ёй было сорак два гады, яна ўжо амаль адцвіла і расплылася, але не выглядала такой зношанай, як муж. Яе прыгнятаў страх недалёкай старасці.
Нешта раіць не мела сэнсу.
— Слухайце, Хасэ, — сказаў я. — Пасядзіце тут спакойна, колькі вам захочацца. Мне трэба пайсці. Калі вам больш да густу каньяк, ён — у шафе. Тут — ром. Там ляжаць газеты. А пад вечар пойдзеце куды-небудзь з жонкай з гэтых чатырох сцен. Хоць бы ў кіно. Гэта будзе каштаваць вам столькі ж, колькі дзве гадзіны ў кавярні, а атрымаеце куды больш! Сёння галоўнае: забыцца! А для гэтага — не разважаць! — Адчуваючы дакоры сумлення, я паляпаў яго па плячы. Няхай сабе, кіно заўседы выручае. Там кожны можа памарыць.
Побач дзверы былі адчынены. Жанчына ўсхліпвала так гучна, што можна было пачуць знадворку. Я ішоў праз калідор. Наступныя дзверы былі прачынены. Адтуль падслухвалі. Пахла духамі. Тут жыла Эрна Бёніг, сакратарка. Выгляд мела занадта элегантны як на сваю зарплату — адзін раз у тыдзень шэф дыктаваў ёй да раніцы. Назаўтра ў яе бываў вельмі дрэнны настрой. Затое яна кожны вечар хадзіла на танцы. Каб не было танцаў, не варта было б і жыць, гаварыла яна. У яе былі два сябры. Адзін кахаў яе і прыносіў кветкі. Другога кахала яна і давала яму грошы.
Побач у пакоі жыў ротмістр граф Арлоў — расейскі эмігрант, кельнер, статыст на кіназдымках, платны партнёр у танцах, кавалер з сівымі скронямі. Ён выдатна іграў на гітары. Кожны вечар ён маліўся Казанскай Божай Маці, каб атрымаць пасаду метрдатэля ў якім-небудзь заняпалым гатэлі. На падпітку быў плаксівы. Наступныя дзверы. фраў Бэндэр, медыцынская сястра ў доме малюткі. Узрост — пяцьдзесят гадоў. Муж загінуў на вайне. У 1918 годзе двое дзетак памерлі ад недаядання. Мае рабую кошку. Больш нікога.
Яшчэ побач — Мюлер, казначэй-пенсіянер. Сакратар таварыства філатэлістаў. Жывая калекцыя марак, больш нічога. Шчаслівы чалавек.
У апошнія дзверы я пастукаў.
— Як справы, Георгі? — сказаў я. — Нічога новага?
Георгі Блок пахітаў галавой. Ён быў студэнт другога курса. Каб закончыць гэтыя чатыры семестры, ён працаваў два гады ў рудніку. Заробленыя грошы скончыліся; іх хопіць яшчэ месяцы на два. На руднік ён не мог вярнуцца — там цяпер ужо хапала сваіх беспрацоўных. Ён спрабаваў так і сяк дзе-небудзь уладкавацца. Тыдзень ён распаўсюджваў рэкламныя лісткі маргарынавай фабрыкі. Але фабрыка збанкрутавала. Неўзабаве ён атрымаў месца разносчыка газет і ўздыхнуў быў з палёгкай. Праз тры дні яго спынілі двое ў касках, адабралі газеты, падралі іх і растлумачылі, што гэты занятак не для яго. Няма чаго лезці. У іх саміх хапае беспрацоўных. І ўсё-такі ён выйшаў наступнай раніцай, хоць ужо давялося заплаціць за падраныя газеты. Нехта збіў яго роварам. Газеты паляцелі ў гразь. Зноў заплаціў дзве маркі. Ён пайшоў трэці раз і вярнуўся з разадраным касцюмам і разбітым тварам. Тады ён здаўся. Зараз у адчаі сядзеў у пакоі і зубрыў як вар'ят, быццам гэта мела нейкі сэнс. Ён еў раз на дзень. Пры гэтым не мела значэння, закончыць ён астатнія курсы ці не — на працу можна было разлічваць не раней як праз дзесяць гадоў пасля заканчэння.
Я падаў яму цыгарэты.
— Кінь ты гэта глупства, Георгі. Як я. Потым пачнеш спачатку.
Ён пахітаў галавой.
— Я ўжо тады заўважыў, пасля рудніка. Калі не займацца кожны дзень, адразу саб'ешся з тропу. А на другі раз мяне ўжо не хопіць.
Бледны твар і вушы, якія тырчаць, і блізарукія вочы, хударлявая постаць з запалымі грудзьмі… д'ябал забяры ўсё!
— Ну, бывай, Георгі.
Бацькоў у яго не было.
Кухня. На сцяне — галава дзіка. Памяць пра нябожчыка Залеўскі. Тэлефон. Паўзмрок. Пах газу і дрэннага тлушчу. Дзверы з шэрагам таблічак каля кнопкі званка. І мая між іншых. «Роберт Локамп, студэнт філасофіі. Званіць два разы». Яна была брудна-жоўтая. «Студэнт філасофіі»! Гучыць! Шмат вады сцякло. Я спусціўся па прыступках у кавярню «Інтэрнацыяналь».