Тры таварышы
Шрифт:
На шчасце, Фрэд ведаў сваю справу. Ён прынёс мне замест маленькага напарстка сапраўдны кілішак, напоўнены па край. Цяпер яму не трэба будзе бегаць туды-сюды, ды і не так будзе кідацца ў вочы, колькі я п'ю. Мне неабходна было выпіць, інакш я не мог пазбавіцца ад гэтай гнятлівай цяжкасці.
— Можа, заказаць яшчэ марціні? — спытаў я дзяўчыну.
— А што вы п'яце?
— Ром.
Яна зірнула на мой бакал.
— Тое ж самае вы пілі і надоечы.
— Так, — адказаў я. — Я звычайна п'ю ром.
Яна пахітала галавой.
— Не магу ўявіць сабе, што нехта знаходзіць
— Які ў ім смак, я ўжо даўно забыўся, — сказаў я.
Яна зірнула на мяне.
— Навошта ж вы тады п'яце?
— Ром, — сказаў я, узрадаваўшыся, што знайшлася тэма гаворкі, — ром п'юць не дзеля смаку. Ён не проста пітво, ён хутчэй за ўсё — сябра. Сябра, які аблягчае ўсё. Ён змяняе свет. Вось чаму п'юць… — Я адсунуў ад сябе келіх. — Але ці заказаць вам яшчэ марціні?
— Лепш рому, — сказала яна. — Мне таксама хочацца пакаштаваць.
— Добра, — адказаў я. — Але не гэтага. Гэты напачатак занадта цяжкі… Прынясі кактэйль «бакардзі», — крыкнуў я Фрэду.
Фрэд прынёс келіхі. Да кактэйля ён падаў салёны міндаль і смажаныя зярняты кавы.
— Пакінь тут бутэльку, — сказаў я.
Паступова ўсё набыло адчувальнасць і бляск. Знікла няўпэўненасць, словы нараджаліся самі, і я больш не звяртаў увагі на тое, што гавару. Я піў і адчуваў, як мяне накрывае вялікая мяккая хваля, як пустая шарая гадзіна напаўняецца вобразамі і, нібы ў казцы, над абыякавымі шэрымі ўчасткамі быцця з'яўляецца бязгучны шэраг летуценняў. Сцены бара расхінуліся, і ўжо гэта быў не бар, а куток свету, прытулак, паўзмрочны акоп, вакол якога грымела адвечная бітва хаосу і дзе мы бяспечна сядзелі, прыгнаныя загадкавым ветрам змяркання. Дзяўчына скурчылася ў сваім крэсле, чужая і таямнічая, як занесеная сюды з другога жыцця. Я чуў, што нешта гавару, але здавалася, што гавару не я, а нехта іншы, той, кім я хацеў бы стаць. Словы ўжо не адпавядалі думкам, яны зрушваліся, яны пранікалі ў іншыя, больш стракатыя сферы, чым тыя, у якіх адбываліся дробныя падзеі майго жыцця. Я ведаў, што яны ўжо не былі праўдзівыя, што яны — выдумка і хлусня, але мне было ўсё роўна — праўда — безуцешная і бляклая, і толькі пачуццё і адбіткі мары — жыццё…
На медзі бара адбівалася святло. Час ад часу Валянцін падымаў чарку і мармытаў сабе пад нос дату. За сцяной прыглушана шумела вуліца. Гул машын напамінаў крыкі драпежных птушак. Вуліца ўрывалася ў пакой, калі хто-небудзь адчыняў дзверы. Яна ўскрыквала, як зайздрослівая сварлівая старая кабета.
Ужо сцямнела, калі я праводзіў Патрыцыю Хольман дадому. Я паволі вяртаўся. Раптам я адчуў сябе адзінокім і пустым. Церусіў дробны дожджык. Я прыпыніўся каля вітрыны. Цяпер я заўважыў, што выпіў зашмат. Не таму, што я хістаўся… я адчуваў гэта выразна.
Мне раптам зрабілася невыносна горача. Я расшпіліў плашч і ссунуў капялюш на патыліцу. Чорт! Зноў я завёўся. Што я ёй наплёў? Я не адважваўся нават прыпамінаць. Я ўжо нічога не памятаў, гэта было горш за ўсё. Тут, аднаму, на халоднай вуліцы, дзе гулі аўтобусы, усё выглядала зусім інакш, чым у паўзмроку бара. Я праклінаў сябе. Зайздроснае ўражанне, пэўна, вынесла ад мяне дзяўчына! Ёй жа, пэўна, кінулася ў вочы.
Божа літасцівы! Я павярнуўся і сутыкнуўся з тоўстым нізенькім чалавекам.
— Ну! — сказаў я раз'юшана.
— Разуйце свае глядзелкі, вы — казёл набіты! — брахнуў ён.
Я ўтаропіўся ў яго.
— Мусіць, даўно людзей не бачылі, ці што? — гаўкаў ён.
Ён мне трапіў пад гарачую руку.
— Людзей бачыў, — сказаў я, — а вось піўных бочак на шпацыры — не.
Таўстун не мог апамятацца. Ён стаяў і надзімаўся.
— Ведаеце што? — зашыпеў ён. — Ваша месца ў звярынцы. Летуценным кенгуру няма чаго рабіць на вуліцы.
Я зразумеў, што перада мной майстар высокага класа ў лаянцы. Трэба было, нягледзячы на дрэнны настрой, зберагчы гонар.
— Каціся сваёй сцежкай, псіхічны неданосак, — сказаў я і ўзняў руку для благаславення.
Ён не звярнуў увагі на маю прапанову.
— Каб табе мазгі залілі бетонам, засохлая малпа! — брахаў ён.
Я адказаў яму «плоскаступнёвым вылюдкам». Ён мяне абазваў папугаем, а я яго беспрацоўным мыйшчыкам нябожчыкаў. Тады ён, ужо паважліва, ахарактарызаваў мяне як каравячую галаву, што хворая на рак. А я, ужо жадаючы скончыць лаянку, назваў яго бадзяжнымі могілкамі біфштэксаў. Яго твар раптам праясніўся.
— Могілкі біфштэксаў — гэта добра, — сказаў ён. — Яшчэ не чуў. Бяру ў свой рэпертуар. Бывай! — Ён прыўзняў капялюш, і мы з узаемнай павагай разышліся.
Лаянка мяне ўзбадзёрыла. Але злосць засталася. Калі я стаў цверазець, яна нават узмацнілася. Я здаваўся сабе выкручаным мокрым ручніком. Але паступова злосць пераходзіла і на дзяўчыну. Яна была прычынай, што я напіўся. Я наставіў каўнер. Няхай яна думае пра мяне, што хоча, мне цяпер усё роўна. Ва ўсякім разе адразу зразумела, з кім мае справу. А як па мне — няхай усё ідзе да д'ябла: што было, тое было. Нічога не зменіш. Магчыма, нават і лепш.
Я вярнуўся ў бар і набраўся да чорцікаў…
IV
Надвор'е стала цёплае і вільготнае, некалькі дзён запар ішоў дождж. Потым праяснілася, пачало прыпякаць сонца, і калі я ў пятніцу раніцай прыйшоў у майстэрню, я ўбачыў у двары Мацільду Штос, якая стаяла з венікам пад пахай. Твар у яе быў як у расчуленага кракадзіла.
— Ну, паглядзіце, пан Локамп, якое хараство! Гэта ж проста цуд!
Я спыніўся як зачараваны. Старая сліўка каля заправачнай калонкі за ноч расцвіла.
Яна ўсю зіму стаяла голая, скрыўленая, мы вешалі на яе старыя пакрышкі і надзявалі на голле слоікі з-пад алею на прасушку. Яна была для нас проста прыдатнай вешалкай на ўсё — ад анучы да капота. Яшчэ некалькі дзён назад на ёй матляліся вымытыя сінія камбінезоны. Учора яшчэ на ёй нічога не было бачна — і вось раптам за ноч яна чароўна ператварылася ў мігатлівае ружова-белае воблака, у воблака белых кветак, быццам у наш забруджаны двор заляцеў рой матылькоў.
— А пах, — летуценна прамовіла Мацільда і закаціла вочы, — цудоўны, зусім як той ром.