Тры таварышы
Шрифт:
— Як гэта — як дурні?
— Ну, быццам на падпітку. Балбочуць, нясуць лухту і хлусяць.
Ленц зарагатаў.
— Ах, сынок! Усё — гульня. Чароўная гульня мамы прыроды. Паглядзі на гэтую сліву. Яна таксама падманвае. Робіць сябе прыгажэйшай, чым будзе потым. Было б жахліва, калі б каханне нечым было звязана з праўдай. Дзякуй богу, усё могуць гэтыя заклятыя маралісты — але не прымушаць.
Я выпрастаўся.
— Ты думаеш, што без хлусні ўвогуле немагчыма?
— Немагчыма, дзіцятка.
— Але ж тады можаш выставіць
Ленц заўсміхаўся.
— Запомні сабе адно, хлопчык: ніколі, ніколі, ніколі не выставіш сябе смешным перад жанчынай, калі робіш нешта дзеля яе. Нават у самай банальнай камедыі. Рабі што хочаш: стой на галаве, пляці несусветную лухту, хваліся, як гусак, спявай пад яе акном, толькі аднаго не рабі: не будзь дзялком. Не будзь разважлівы!
Я ажывіўся.
— А што скажаш на гэта ты, Ота?
Кёстэр засмяяўся.
— Відаць, так яно і ёсць.
Ён устаў і адкрыў капот «Карла». Я прынёс сваю бутэльку з ромам і яшчэ адну чарку і паставіў іх на стол. Ота завёў машыну. Матор гудзеў нізка і стрымана. Ленц з нагамі залез на падваконнік і ўзіраўся ў двор. Я падсеў да яго.
— Ты прыходзіў калі-небудзь да жанчыны п'яны?
— Часта, — адказаў ён, не варухнуўшыся.
— І што?
Ён скоса зірнуў на мяне.
— Ты маеш на ўвазе, калі нешта ўчворыў? Ніколі не прасі прабачэння, дзіця. Ніколі нічога не гавары. Паслаць кветкі. Без запіскі. Адны кветкі. Яны загладжваюць усё. Нават магілы.
Я зірнуў на яго. Ён не варушыўся. Яго вочы іскрыліся ў водбліску белага святла з вуліцы. Матор усё яшчэ ціха вуркатаў.
— Відаць, магу спакойна крыху выпіць, — сказаў я і адкаркаваў бутэльку.
Кёстэр заглушыў матор. Потым ён звярнуўся да Ленца.
— Месяц свеціць даволі ясна, каб не згубіць шклянку, Готфрыд. Выключы ілюмінацыю. У першую чаргу «форда». Жывёліна напамінае мне косы пражэктар, напамінае вайну. Тады было не да смеху, калі яны намацвалі твой самалёт.
Ленц кіўнуў.
— А мне гэта напамінае… а-а… усё роўна. — Ён устаў і выключыў пражэктары.
Месяц свяціў над фабрычным дахам. Ён свяціў усё ярчэй і цяпер, як жоўты папяровы ліхтар, вісеў паміж галін слівы. Галінкі ціха гойдаліся пад слабым ветрам.
— Дзіўна, — праз хвіліну сказаў Ленц. — Навошта ўсякім людзям ставіць помнікі? Чаму б не паставіць месяцу або квітнеючаму дрэву?
Я рана пайшоў дамоў. Калі я адчыніў дзверы ў калідор, пачуў музыку. Іграў грамафон Эрны Бёніг, сакратаркі. Спяваў чысты жаночы голас. Потым рассыпаліся прыглушаныя гукі скрыпак і пічыката на банджа. І зноў голас — настойлівы, мяккі, нібы да краёў напоўнены шчасцем. Я прыслухаўся, стараючыся разабраць словы. Ціхая песня жанчыны кранала, асабліва тут, у цёмным калідоры, паміж швейнай машынкай фраў Бэндэр і валізкамі сям'і Хасэ. Я глянуў на дзікаву галаву над дзвярыма кухні.
Я чуў, як служанка звінела посудам.
— …Як
Я паціснуў плячыма і пайшоў у свой пакой. Побач я пачуў раздражнёную лаянку. Праз некалькі хвілін у дзверы да мяне пастукалі. Увайшоў Хасэ.
— Не перашкоджу? — спытаў ён стомлена.
— Ані, — сказаў я. — Вып'еце?
— Не хочацца. Толькі пасяджу.
Ён тупа ўзіраўся перад сабой.
— Вам добра, — сказаў ён. — Вы адзін…
— Што за глупства, — адказаў я. — Невялікае шчасце — увесь час сядзець у адзіноце. Можаце мне паверыць…
Ён расслаблена сядзеў у крэсле. Яго вочы шалёным бляскам свяціліся ў паўзмроку. Пакой быў асветлены толькі святлом ліхтароў знадворку. Вузкія, апалыя плечы…
— Жыццё мне ўяўлялася зусім інакш, — сказаў ён праз нейкі час.
— Не толькі вам, — адказаў я.
Праз паўгадзіны ён зноў пайшоў у свой пакой на перагаворы з жонкай. Я даў яму некалькі газет і паўбутэлькі апельсінавага лікёру «кюрасаа», што стаяў у мяне невядома з якога часу на тумбачцы — непрыемнае, салодкае пітво, але для яго якраз. Ён усё роўна не разбіраўся.
Ён выйшаў ціха, амаль бязгучна, цень ценем, быццам ужо пагас. Я замкнуў за ім дзверы. З калідора, нібы стракатая шоўкавая хусцінка, заляцеў урывак музыкі — скрыпкі, прыглушаныя банджа.
«…як бы я жыла без цябе…»
Я сеў да акна. Могілкі ляжалі ў сінім святле месяца. Стракатыя квадраты светлавой рэкламы чапляліся за кроны дрэваў, са змроку мігцелі надмагільныя камяні. Яны былі маўклівыя і не навявалі жаху. Міма іх праносіліся, сігналячы, аўтамашыны, святло фараў слізгала па выцвілых надпісах.
Я сядзеў даволі доўга і шмат перадумаў. Я прыпомніў, як мы вярнуліся з вайны, маладыя, знявераныя, нібы гарнякі з засыпанай шахты. Мы хацелі строем выступіць супроць хлусні, эгаізму, сквапнасці, вяласці душы — супроць усяго, што пакалечыла наша жыццё. Мы ачарсцвелі, нікому не верылі, акрамя сваіх самых блізкіх таварышаў. Мы верылі толькі таму, што нас ніколі не падманвала: небу, табацы, дрэву, хлебу і зямлі… Але што з гэтага атрымалася? Усюды — запусценне, падман, забыццё. А хто не мог забыць, таму заставаліся бяссілле, абыякавасць і гарэлка. Час вялікіх людскіх і мужчынскіх мараў мінуўся. Верх узялі дзялкі. Карупцыя. Галеча.
«Вам добра, вы — адзін», — сказаў Хасэ. Усё цудоўна. Хто адзін, той не можа быць пакінутым. Але часам, вечарамі, штучны будынак разбіваўся, жыццё ператваралася ў плаксівую, імклівую мелодыю, у вір дзікага суму, жадання, песімізму і надзеі вырвацца з гэтага атупення, якое не мае ніякага сэнсу, рынуцца абы-куды з гэтага балота вечнай мітусні… Ах, гэтае вартае жалю жаданне цеплыні… ці не дастаткова было б дзвюх далоней і схіленага да цябе твару? Ці гэта — таксама падман, адмаўленне і ўцёкі? Ці ёсць што, акрамя адзіноты?