Тры таварышы
Шрифт:
— Чаму вы думаеце так?
— Ну, так мне здаецца…
Яна хутка зірнула на мяне.
— Можна паспрабаваць.
— Добра. — Я рашуча перакрэсліў усю праграму. — Тады я ведаю, што рабіць. Калі вы не баязлівая. Мы пойдзем да Альфонса.
— Альфонс… гучыць выдатна, — адказала яна. — Сёння вечарам я не баязлівая.
— Альфонс — шынкар, — сказаў я. — Лепшы сябра Ленца.
Яна засмяялася.
— У Ленца, відаць, усюды сябры.
Я кіўнуў.
— Ён лёгка збліжаецца. Вы ж бачылі гэта на прыкладзе Біндзінга.
— Так, бог сведка, — адказала яна. — Гэта здарылася маланкава.
Мы
Альфонс быў мажны, спакойны чалавек. Пашчэнкі выпіралі. Маленькія вочкі. Закасаныя рукавы. Рукі доўгія, як у гарылы. Усякага, хто быў непажаданы ў яго шынку, ён выкідваў сам. Нават членаў спартовага таварыства «Адданасць радзіме». Для вельмі дужых кліентаў у яго пад стойкай ляжаў молат. Шынок быў размешчаны ўдала: побач з бальніцай. Альфонс эканоміў на транспартных выдатках.
Валасатай рукой ён выцер светлы яловы стол.
— Піва? — спытаў ён.
— Гарэлкі і закусіць.
— А даме?
— Дама таксама хоча гарэлкі, — сказала Патрыцыя Хольман.
— Не слаба, не слаба, — сказаў Альфонс. — Ёсць свіныя скабкі з квашанай капустай.
— Сам закалоў свінню? — спытаў я.
— Вядома.
— Але дама, напэўна, з'ела б нешта лягчэйшае, Альфонс.
— Вы, відаць, жартуеце… Спачатку гляньце на скабкі.
Ён паклікаў кельнера, каб той паказаў порцыю.
— Была шыкоўная свіння, — сказаў ён. — Лаўрэатка. Дзве першыя прэміі.
— Ну, гэтага ніхто не зразумее, — адказала яму Патрыцыя Хольман, на маё здзіўленне, з такой упэўненасцю, быццам яна ўжо гадамі наведвае гэты шынок.
Альфонс падміргнуў.
— Дык дзве порцыі?
Яна кіўнула.
— Выдатна! Сам выберу.
Ён пайшоў на кухню.
— Бяру назад свае сумненні, ці туды мы трапілі, — сказаў я. — Вы Альфонса паланілі імгненна. Ён сам выбірае толькі заўсёдным кліентам.
Альфонс вярнуўся.
— Дадаў вам яшчэ свежай каўбаскі.
— Нядрэнная ідэя, — сказаў я.
Альфонс паглядзеў на нас зычліва. Прынеслі гарэлку. Тры чаркі. Трэцюю — Альфонсу.
— Што ж, на здароўе, — сказаў ён. — За тое, каб у нашых дзяцей былі багатыя бацькі.
Мы выпілі. Дзяўчына таксама выпіла да дна.
— Не слаба, не слаба, — сказаў Альфонс і вярнуўся за стойку.
— Смачная гарэлка? — спытаў я.
Яна здрыганулася.
— Моцная. Але ж я не магла зняславіцца перад Альфонсам.
Свіныя скабкі былі на славу. Я з'еў дзве вялікія порцыі, ды і Патрыцыя Хольман ела больш, чым можна было чакаць. На маю думку, яна цудоўна стасавалася з маім настроем і не вылучалася ў гэтым шынку. Яна без крыўляння выпіла з Альфонсам яшчэ адну чарку.
Ён неўпрыкмет падміргнуў мне: усё нармальна. А Альфонс ведаў толк. Магчыма, не ў тым, што датычыла прыгажосці і культуры, але ў тым, што да сутнасці і зместу.
— Калі вам пашанцуе, вы ўбачыце і чалавечыя слабасці Альфонса, — сказаў я.
— Цікава, — адказала яна. — Мне здалося, што ў яго іх няма.
— Ёсць. — Я паказаў на стол побач са стойкай. — Вунь…
— Што? Грамафон?
— Не грамафон. Харавыя спевы. У Альфонса слабасць да харавых спеваў. Не танцы, не класічная музыка, толькі хоры: мужчынскія, змешаныя хоры, на ўсіх пласцінках, якія вы бачыце, — толькі хоры. Вось гляньце, ён ідзе.
— Смачна? — спытаў Альфонс.
— Як у роднай маці, — адказаў я.
— А
— Лепшых свіных скабак з роду не каштавала, — адважна заявіла дама.
Альфонс задаволена кіўнуў галавой.
— Зараз пастаўлю новую пласцінку. Вам на здзіўленне.
Ён падышоў да грамафона. Зашыпела іголка, потым магутна загучаў мужчынскі хор, які моцнымі галасамі спяваў «Маўчанне ў лесе». Гэта было надзвычай гучнае маўчанне.
З першых тактаў у шынку зрабілася ціха. Альфонс рабіўся небяспечным, калі хто непачціва паводзіў сябе. Ён стаяў за стойкай, абапёршыся на яе валасатымі рукамі. Яго твар мяняўся пад уздзеяннем музыкі. Ён задумаўся — так, як можа задумацца гарыла. Харавы спеў меў над ім незвычайную ўладу. Ён рабіўся пяшчотны, як маладзенькая лань. Ён мог улезці ў крывавую бойку, але як толькі харавы спеў кранаў яго слых, ён нібы зачараваны кідаў усё, прыслухоўваўся і быў гатовы памірыцца. Раней, калі ён быў больш запальчывы, пад рукой жонкі заўседы напагатове ляжалі яго любімыя пласцінкі. Калі рабілася небяспечна і ён з молатам у руках выходзіў з-за стойкі, яна хуценька апускала іголку, і Альфонс апускаў молат, слухаў і супакойваўся. З часам такой патрэбы не стала: жонка памерла, яе партрэт, падарунак Фердынанда Граў, якому ў знак удзячнасці заўсёды быў вольны столік, вісеў над стойкай, ды і Альфонс пастарэў і астыў.
Пласцінка закончылася. Альфонс падышоў да нас.
— Чароўна, — сказаў я.
— Асабліва першы тэнар, — дадала Патрыцыя Хольман.
— Правільна, — пацвердзіў Альфонс і ўпершыню ажывіўся. — Вы разбіраецеся! Першы тэнар — высокі клас!
Мы развіталіся з ім.
— Прывітанне Готфрыду, — сказаў ён. — Няхай заходзіць.
Мы стаялі на вуліцы. Ліхтары перад дамамі адкідвалі неспакойныя водбліскі і цені ўверх, у галлё старога дрэва. На галінках ужо быў лёгкі зялёны бляск, і дзякуючы мігатліваму невыразнаму святлу знізу дрэва здавалася больш магутным і высокім. Здавалася, што крона губляецца ў змроку, як вялізная рука з растапыранымі пальцамі, якая з надзвычайнай жалобай учапілася ў неба.
Патрыцыя Хольман зябка ўздыхнула.
— Вам холадна?
Яна ўзняла плечы і схавала рукі ў рукавы курткі.
— Толькі спачатку. Там было даволі цёпла.
— Вы занадта лёгка апрануліся, — сказаў я. — Вечарам холадна.
Яна адмоўна пахітала галавой.
— Я не люблю цяжкай вопраткі. Дый хочацца, каб нарэшце пацяплела. Не выношу халадоў. Асабліва ў горадзе.
— У «кадзілаку» цёпла, — сказаў я. — На ўсякі выпадак я ўзяў плед.
Я дапамог ёй сесці ў машыну і накрыў калені пледам. Яна падцягнула яго вышэй.
— Цудоўна! Вось так — выдатна! Холад наводзіць сум.
— Не толькі холад. — Я сеў за руль. — Пакатаемся крыху?
Яна кіўнула.
— Ахвотна.
— Куды?
— Проста паедзем паволі па вуліцах. Усё роўна куды.
— Добра.
Я завёў машыну, і мы паволі і без мэты паехалі па горадзе. Быў час пік. Мы несліся амаль бязгучна, так ціха працаваў матор. Здавалася, што машына — карабель, які нячутна імчыцца па стракатых каналах жыцця. Вуліцы праносіліся міма, светлыя парталы, агні, рады ліхтароў, салодкая, мяккая, вячэрняя мітусня быцця, мяккая ліхаманка асветленай ночы, а над усім, паміж краямі дахаў — жалезна-шэрае, вялікае неба, якое адкідвае сваё святло на горад.