Тры таварышы
Шрифт:
— Жанчына не назвала свайго імя?
— Не, — сказала Фрыда.
— А які ў яе быў голас? Крыху прыглушаны і нізкі і як быццам хрыплаваты?
— Не ведаю, — адказала Фрыда так флегматычна, быццам я і не даваў ёй маркі.
— Цудоўны пярсцёнак у вас на пальцы, сапраўды прыгожы, — сказаў я. — Ну, падумайце добра, ці не прыпомніце…
— Не, — адказала Фрыда. Зласлівасць адбівалася на яе твары.
— Каб ты павесілася, чортаў венік, — вылаяўся я і пайшоў.
Роўна ў шэсць гадзін вечара я быў дома. Калі я адчыніў дзверы, я ўбачыў нязвыклую сцэнку. У калідоры стаяла медсястра фраў Бэндэр у акружэнні
— Падыдзіце да нас, — сказала фраў Залеўскі.
Прычынай сходу было ўпрыгожанае банцікамі немаўля, якому было не больш за паўгода. Фраў Бэндэр прывезла дзіця са свайго прыюта ў дзіцячым вазку. Гэта было нармальнае дзіця. Але жанчыны нахіляліся над ім у такім вар'яцкім захапленні, быццам гэта было першае немаўля на свеце. Яны булькалі, пстрыкалі пальцамі перад вочкамі маленькай істоты і складвалі вусны ў трубачку. Нават Эрна Бёніг у кімано з драконамі ўдзельнічала ў гэтай оргіі платанічнага мацярынства.
— Прывабнае стварэнне? — пыталася фраў Залеўскі, паглядаючы з замілаваннем.
— Пра гэта можна будзе сказаць дакладна праз гадоў дваццаць — трыццаць, — выказаў я меркаванне, скоса пазіраючы на тэлефон. Я спадзяваўся, што ён не зазвоніць зараз, калі тут усе ў зборы.
— Вы паўзірайцеся на яго як след, — прапанавала мне фраў Хасэ.
Я паглядзеў. Немаўля як немаўля. Што там можна было заўважыць асаблівага? У крайнім выпадку — надзвычай маленькія ручкі. Няўжо і я быў калісьці такі?
— Бедны чарвячок, — сказаў я. — Ён і не ўяўляе, што яго чакае. Хацелася б ведаць, на якую вайну ён якраз паспее…
— Грубы чалавек, — запратэставала фраў Залеўскі. — Няўжо ў вас няма сэрца?
— Яшчэ якое, — адказаў я. — Інакш бы ў мяне не з'явіліся такія думкі.
Я падаўся ў свой пакой.
Праз дзесяць хвілін зазваніў тэлефон. Я пачуў сваё прозвішча і выйшаў. Канечне, уся кампанія была яшчэ тут. Яна не адступіла і тады, калі я паднёс да вуха слухаўку і пачуў голас Патрыцыі Хольман, якая дзякавала за кветкі.
А дзіця, якое, відаць, было самае разумнае з усіх прысутных і якому абрыдла гэтае крыўлянне, раптам зараўло.
— Прабачце, — сказаў я з адчаем у слухаўку. — Я вас не разумею, тут раз'юшана крычыць дзіця. Але яно не маё.
Дамы зашыпелі, як гняздо гадзюк, каб супакоіць дзіця. Яны дамагліся толькі таго, што яно раз'юшылася яшчэ больш. Толькі цяпер я заўважыў, што гэта сапраўды было незвычайнае немаўля. Відаць, яго лёгкія даставалі аж да ног, інакш чым можна было растлумачыць яго грымучы голас? Я трапіў у цяжкае становішча. Вачыма я злосна пазіраў на кола мацярок перада мной, а ў слухаўку стараўся вымаўляць зычлівыя словы. Ад галавы да пят ува мне бушавала бура, ад носа да падбародка — сонечны вясенні пейзаж. Заставалася загадкай, як насуперак усяму я змог дамовіцца на сустрэчу назаўтра ўвечары.
— Вам трэба ўстанавіць гукаізаляваную тэлефонную будку, — сказаў я фраў Залеўскі.
Яна таксама за словам у кішэнь не лазіла.
— Навошта? — спытала яна з іскрамі ўваччу. — У вас столькі сакрэтаў?
Я замаўчаў і адступіў. Нельга пачынаць спрэчку з чалавекам, які расхваляваны ад мацярынскага пачуцця. На яго баку мараль усяго свету.
Мы дамовіліся сустрэцца вечарам у Готфрыда. Я павячэраў у маленькім шынку і пайшоў да яго. Каб адзначыць гэты дзень, па дарозе
Каморка Готфрыда была славутасцю. Яна ўся была завешана сувенірамі, якіх ён навёз з Паўднёвай Амерыкі. Стракатыя цыноўкі на сценах, некалькі масак, засушаны чалавечы чэрап, незвычайныя гліняныя збаны, дзіды, а галоўнае — выдатная калекцыя фатаграфій, якая займала ўсю сцяну: дзяўчаты — індыянкі і крэолкі, прыгожыя, смуглявыя, гнуткія істоты выключнай прывабнасці і пяшчоты.
Акрамя Ленца і Кёстэра былі яшчэ Браўмюлер і Граў. Тэа Браўмюлер з загарэлай, чырвонай, як медзь, лысінай прыладзіўся на валік канапы і з захапленнем разглядаў фотакалекцыю Готфрыда. Ён быў гоншчыкам-выпрабавальнікам аўтазавода і даўно сябраваў з Кёстэрам. Шостага ён удзельнічаў у гонках, на якія Ота заявіў «Карла».
Фердынанд Граў, ужо на падпітку, сядзеў за сталом — масіўны і азызлы. Калі ён убачыў мяне, шырокай лапай падцягнуў да сябе.
— Робі, — сказаў ён, запінаючыся. — Што табе трэба тут сярод страчаных людзей? Табе тут няма чаго рабіць. Ідзі адсюль. Ратуйся. Ты яшчэ можаш уратавацца.
Я зірнуў на Ленца. Ён падміргнуў мне.
— Фердынанд у лепшай форме. Ён ужо два дні прапівае дарагую нябожчыцу. Прадаў партрэт і адразу атрымаў грошы.
Фердынанд Граў быў мастак. Але ён даўно памёр бы з голаду, калі б не знайшоў сабе спецыялізацыі. Ён па фатаграфіях маляваў вельмі жывыя партрэты памерлых. З гэтага ён жыў, нават вельмі добра. Яго выдатных пейзажаў ніхто не купляў. Гэта надавала яго выказванням крыху песімістычнае адценне…
— На гэты раз я атрымаў заказ ад шынкара, Робі, — сказаў ён. — У шынкара памерла цётка, якая гандлявала воцатам і алеем. — Ён здрыгануўся. — Жахліва.
— Слухай, Фердынанд, — запярэчыў Ленц. — Не варта ўжываць такія рэзкія выразы. Ты ж жывеш з аднаго з выдатнейшых чалавечых пачуццяў — з жалобы.
— Лухта, — заявіў Граў. — Я жыву з пачуцця абавязку. Жалоба — гэта не што іншае, як пачуццё абавязку. Людзі хочуць апраўдацца за тое, чаго яны жадалі і што яны прычынілі нябожчыкам пры жыцці. — Ён паволі правёў рукой па полымнай лысіне. — Як ты думаеш, колькі разоў мой шынкар жадаў смерці сваёй цёці — а за гэта ён заказвае яе лірычны партрэт і вешае яго над канапай. Так яна яму падабаецца больш. Жалоба! Чалавек прыпамінае пра свае нешматлікія добрыя якасці толькі тады, калі ўжо позна. Тады ён крануты думкай, які высакародны мог бы ён быць, і лічыць сябе дабрадзейным. Зычлівасць, дабрыня, высакародства, — ён махнуў сваёй магутнай лапай, — гэтыя рысы пажадана бачыць у іншых, каб узяць верх над імі.
Ленц з'едліва ўсміхнуўся.
— Ты падрываеш асновы чалавечага грамадства, Фердынанд!
— Асновы чалавечага грамадства — сквапнасць, страх і карупцыя, — адказаў Граў. — Чалавек — злосны, але ён любіць дабрыню, калі ёй надзелены іншы.
Ён падставіў Ленцу сваю чарку.
— Вось так, а цяпер налі мне і не балбачы ўвесь вечар… дай і іншым слова сказаць.
Я пералез да Кёстэра. Мне раптам прыйшла ідэя.
— Ота, зрабі ласку. Заўтра вечарам мне патрэбны «кадзілак».
Браўмюлер перапыніў уважлівае вывучэнне амаль голай крэолкі-танцоўшчыцы.