Тры таварышы
Шрифт:
— Адкуль вы такая, казачная? Я ж увесь час назіраў за дзвярыма.
Яна паказала направа.
— Там ёсць яшчэ адны дзверы. Але я спазнілася. Вы даўно чакаеце?
— Не, дзве-тры хвіліны, не болей. Я таксама толькі што прыйшоў.
Аматаркі кавы за маім сталом прыціхлі. Я адчуў, як патыліцу свідруюць пагардлівыя позіркі чатырох салідных маці.
— Застанемся тут? — спытаў я.
Дзяўчына хутка зірнула на стол. Вусны яе таргануліся. Яна весела зірнула на мяне.
— Баюся, што кавярні ўсюды аднолькавыя.
Я пахітаў галавой.
— Найлепшыя тыя, дзе нікога няма. Вось гэтая — нейкая
— У бар? Няўжо бываюць бары, якія працуюць сярод белага дня?
— Ёсць адзін, — сказаў я. — Ва ўсякім разе там вельмі спакойна. Калі вы не супроць…
— Для разнастайнасці…
Я зірнуў на яе. Адразу я не змог зразумець, што яна мае на ўвазе. Я не супроць іроніі, але не ў свой адрас. На душы ў мяне было нядобра.
— Тады пайшлі, — сказала яна.
Я паклікаў кельнера.
— Тры двайных каньякі, — гыркнуў гэты пугач такім голасам, быццам патрабаваў разлік з нябожчыка ў магіле. — Тры трыццаць!
Дзяўчына павярнулася да мяне.
— Тры каньякі за тры хвіліны? Нядрэнны тэмп!
— Два я выпіў учора.
— Які хлус, — прашаптала атлетка за маёй спіной. Ёй абрыдла маўчаць.
Я павярнўўся і пакланіўся.
— Блаславёных каляд, панны.
Я хутка выйшаў.
— Вы паспрачаліся? — спытала мяне дзяўчына на вуліцы.
— Нічога асаблівага. Раблю нядобрае ўражанне на салідных дам.
— Я таксама, — сказала яна.
Я глянуў на яе. Здавалася, яна з'явілася з іншага свету. Я ніяк не мог сабе ўявіць, хто яна і як жыве.
У бары я аказаўся ў сваёй стыхіі. Калі мы ўвайшлі, Фрэд, бармен, стаяў за стойкай і да бляску цёр вялікія чаркі. Ён павітаўся са мной, як быццам бачыў мяне ўпершыню, а не цягнуў два дні назад на сабе дадому. У яго была выдатная школа і вялізны вопыт. Толькі адзін столік быў заняты. Там сядзеў, як заўсёды, Валянцін Хаўзер. Я ведаў яго яшчэ з вайны. Мы былі ў адной роце. Праз загараджальны агонь ён прынёс мне аднойчы пісьмо на перадавую, падумаўшы, што яно ад маёй маці. Ён ведаў, што я чакаю пісьма, бо маці перанесла аперацыю. Але ён памыліўся — гэта быў усяго толькі рэкламны лісток пра падшлемнікі з крапіўнай тканіны. Калі ён вяртаўся назад, яго паранілі ў нагу. Неўзабаве пасля вайны Валянцін атрымаў спадчыну. З таго часу ён яе прапіваў. Ён сцвярджаў: ён п'е за тое, што ацалеў. Няважна, што ўжо прайшло шмат гадоў. На яго думку, такое свята можа цягнуцца вечна. Ён быў адзін з тых, у каго вельмі трывалая памяць на вайну. Іншыя шмат пра што забыліся. Ён жа памятаў кожны дзень і кожную гадзіну.
Я заўважыў, што ён ужо шмат выпіў. Цяпер ён з адсутна-задумлівым позіркам сядзеў у кутку. Я памахаў рукой.
— Салют, Валянцін.
Ён зірнуў і кіўнуў.
— Салют, Робі!
Мы селі ў кутку. Падышоў бармен.
— Што вып'ем? — спытаў я дзяўчыну.
— Мусіць, марціні, — адказала яна. — Сухога марціні.
— У гэтым Фрэд спецыяліст, — сказаў я.
Фрэд дазволіў сабе ўсмешку.
— Мне, як заўсёды, — сказаў я.
У бары панавалі прахалода і паўзмрок. Пахла разлітым джынам і каньяком. Гэты востры водар напамінаў пах ядлоўцу і хлеба. Пад столлю вісеў драўляны макет парусніка. Сцяну за стойкай упрыгожвала медная чаканка. Няяркае
Я быў крыху збянтэжаны і не ведаў, з чаго пачаць размову. Я ж увогуле не ведаў гэтай дзяўчыны і чым больш глядзеў на яе, тым больш чужой яна мне здавалася. Я даўно ўжо ні з кім так не сядзеў, я страціў навык. Больш практыкі ў мяне было ў абыходжанні з мужчынамі. Там, у кавярні, для мяне было зашмат шуму, а цяпер, тут, раптам здалося занадта ціха. Кожнае слова дзякуючы цішыні набывала такую важкасць, што цяжка было размаўляць нязмушана. Мне ўжо здавалася, што лепш было б вярнуцца ў кавярню.
Фрэд прынёс чаркі. Мы выпілі. Ром быў моцны і свежы. У яго быў смак сонца. Гэты было якраз тое, што ўтрымлівала. Я выпіў чарку і адразу зноў аддаў яе Фрэду.
— Вам тут падабаецца? — спытаў я.
Дзяўчына кіўнула.
— Лепш, чым у той кавярні?
— Я ненавіджу кавярні, — сказала яна.
— Чаму ж менавіта там мы павінны былі сустрэцца? — спытаў я здзіўлена.
— Не ведаю. — Яна зняла шапачку. — Іншае не прыйшло ў галаву.
— Тым лепш, што вам тут падабаецца. Мы часта бываем тут. Вечарам тут амаль што наш дом.
Яна засмяялася.
— Ці не сумна гэта?
— Не, — сказаў я. — Адпавядае часу.
Фрэд прынёс мне другую чарку. Ён паклаў на стол у дадатак зялёную «гавану».
— Ад пана Хаўзера.
Валянцін кіўнуў са свайго кутка і падняў чарку.
— 31 ліпеня 17-га года, Робі, — сказаў ён, запінаючыся.
Я кіўнуў яму і падняў чарку ў адказ.
Яму заўсёды хацелася піць за чыёсьці здароўе. Бывала, што вечарам я сустракаў яго, калі ён піў да месяца або да бярозавага куста каля вясковага шынка. А потым ён прыпамінаў якісьці дзень з акопнага жыцця, калі было асабліва цяжка, і быў удзячны за тое, што выжыў і можа сядзець тут.
— Гэта мой сябра, — сказаў я дзяўчыне. — Таварыш па акопах. Ён — адзіны знаёмы мне чалавек, які з вялізнага няшчасця зрабіў сабе маленькае шчасце. Ён не ведае, што рабіць са сваім жыццём, таму ён проста радуецца, што жывы.
Яна ў задуменні глянула на мяне. Палоска святла коса перакрэсліла ёй лоб і рот.
— Гэта мне зразумела, — сказала яна.
Я зірнуў на яе.
— Як вы можаце зразумець? Вы замаладая для гэтага.
Яна засмяялася. Гэта была лёгкая, трапяткая ўсмешка — смяяліся толькі вочы. Твар амаль зусім не змяніўся, ён толькі пасвятлеў, нібы засвяціўся з сярэдзіны.
— Замаладая, — сказала яна. — Што гэта за слова? Мне здаецца, нельга быць замаладым. Заўсёды — занадта стары.
Я хвіліну памаўчаў.
— Тут ёсць процьма контраргументаў, — запярэчыў я і падаў Фрэду знак прынесці што-небудзь выпіць.
Дзяўчына была такая ўпэўненая і натуральная. Я адчуваў сябе каля яе бервяном. Мне весці б лёгкую, гуллівую размову, такую размову, якая звычайна прыдумваецца толькі потым, калі застаешся адзін. Гэтак размаўляць умеў Ленц. А я рабіўся ў такіх выпадках няўклюдным і цяжкім. Готфрыд не без падставы сцвярджаў, што як субяседнік я недзе на ўзроўні паштовага сакратара.