Уліс з Прускі
Шрифт:
— Скажы сваім, каб заўтра ішлі да пана бульбу перабіраць.
Лявонка пайшоў у двор.
Падгурскія па даўняй звычцы з раніцы пілі каву. Давялося чакаць. Паслужлівы пакаёвы падаваў на стол сыр і «цясткі», ставіў у шырокім слоіку сочыва.
— Прыйшоў Кужаль Леан! — папярэдзіў Аўтух.
Пан Адольф выйшаў на ганак. У пакоях ён насіў падшываны паўхалат — так у ім і выйшаў да Лявонкі, з лясачкай у руцэ.
Лявонка няўпэўнена зірнуў на яго зямлісты твар з доўгімі, абвіслымі вусамі. Ранейшай пыхі ўжо не было, але чалавек ён быў па-свойму адметны. Свайго брата Адася ён не любіў.
Пан Адольф выслухаў Лявонку і, калі той замаўчаў, засвістаў нейкую мелодыю, круцячы пальцамі ляску, нібы гуляючы з ёю.
— А збіраецеся без паноў пражыць!
Лявонка маўчаў — а што ён мог на гэта адказаць?
— Ты ж, Леан, здаецца, яшчэ за зямлю не разлічыўся…
— Паночку! Я абавязкова разлічуся! — Лявонка нізка пакланіўся.
Пан Адольф любіў павагу, і яна, відаць, спадабалася яму ў наведвальніку.
— І колькі ж табе трэба?
Лявонка пачухаў патыліцу.
— Хаця б рублёў чатырыста.
— Дык ты ж, здаецца, і вінаваты чатырыста. То разам — восемсот!
Дадому Лявонка вярнуўся ў настроі.
— Удобрыў, значыць, — сказаў Кірыла, убачыўшы ўнука.
Потым яны яшчэ доўга абмяркоўвалі гэтую падзею.
— Атрымліваецца, што паны ўсё ж такі неблагія людзі… могуць зразумець чалавечую бяду!
Кірыла прамаўчаў.
ІІІ
Перад жнівом Лявонка паехаў на заробкі ў Берасць. Дачуўся пра будаўнічыя работы ў Брэсцкай крэпасці.
— А-ё-ё-ёй! Куды ён едзе! Аж да Берасця! Адзін там будзе — ні радні, ні знаёмых… — турбавалася Марыля.
Берасць не так і далёка: кіламетраў пяцьдзесят. І знаёмыя былі! Лявонка разлічваў спыніцца ў даўняга сябра па вучылішчы Анатоля Зайца. А там — і працы пашукаць. Крэпасць перабудоўвалі, рыхтавалі да новых ваенных патрэб.
Паехаў ён з раніцы, яшчэ прыцемкам, на сваім кані і возе. Пад вечар быў ужо ў горадзе. Некалі ён, гэты горад, зваўся Берасцем — пакуль у канцы XVIII стагоддзя не адышоў да Расіі. Вялікі горад быў — з цэрквамі, касцёламі, манастырамі, замкамі ды палацамі. Ратуша высокая стаяла. Склады купецкія! Нідзе ва Усходняй Еўропе не было такога прыгожага і магутнага горада, як Берасць! Дык вось гэтую былую магутнасць Літвы цар сцёр з зямлі. На месцы Берасця крэпасць пабудаваў — таксама магутную! Вядома, з сваіх інтарэсаў зыходзячы.
Берасць адсунуўся на ўсход, пабудаваўся новы горад. Цар назваў яго Брэст-Літоўскім. Некалькі гадоў назад горад вынішчыў пажар, пакінуўшы без даху над галавой добры дзесятак тысяч яго насельнікаў. Даводзілася адбудоўвацца. На пачатку дваццатага стагоддзя аблічча Берасця хутка мянялася — ужо існаваў гарадскі водаправод, тэлеграф, будавалася электраўстаноўка, узнікалі новыя школы, гімназіі, установы. Прыязджалі на гастролі славутыя артысты.
Тут, ужо не першы год, працаваў кінематограф (фільмы прывозіліся з Парыжа і Варшавы). Праўда, наведаць яго прускаўцу не было як, бо не дзеля гэтага прыехаў.
Сям'я Зайцаў жала на Граеўцы. Анатоль, яшчэ халасцяк, працаваў кандуктарам на цягніку. Ездзіў ажно ў Варшаву. Ад яго Лявонка пачуў, што забаставала Брэсцкая чыгунка.
Падрадзіўся вазіць цэглу. Цагляны завод каля Трышына, таму даводзілася ехаць праз увесь горад. Едучы, углядаўся ў людскія твары. Сустракаў розных людзей — мужчын, жанчын. Цяпер Лявонка ўсіх жанчын міжвольна параўноўваў з Ганнай і знаходзіў, што яна прыгажэй. З асалодай успамінаў тыя хвіліны, калі быў з ёю.
Вечарам, стомлены, валіўся на пасцель і засынаў.
Зямлю вазілі тачкамі, размешвалі вапну, падавалі разам з цэглай наверх, спрытна працавалі каменшчыкі і муляры. Будавалі, падвышалі Холмскія вароты. «Нібыта Вавілонскую вежу ўзводзяць», — думаў ён, успомніўшы біблейскую гісторыю, пра якую так запамінальны расказваў некалі камянецкі бацюшка айцец Нікадзім…
Беглі дзень за днём, падобныя адзін да аднаго, але аднойчы… Яно тады і адбылося — гэтае знаёмства, якое потым дзіўным чынам уплялося ў ягоны лёс. Аднойчы пад вечар, у суботу, калі завяршаўся працоўны тыдзень, на воз да яго ўскочыў малады, стройны хлопец у мультановай касаваротцы без пояса. Гэта здарылася ў самой крэпасці, каля Холмскіх варот, на будаўнічай пляцоўцы. У вачах хлопца з-пад густых броваў скакалі іскрынкі нейкага вясёлага шалу. На грудзях палымнеў чырвоны бант. Побач з возам сталі некалькі чалавек з такімі ж бантамі. Прускавец ад нечаканасці аслупянеў, спрабаваў нешта сказаць, але яго апярэдзіў незнаёмец.
— Тава-арышы! — гукнуў незнаёмец і адразу пайшоў, як кажуць з месца ў кар'ер: — Вы думаеце, што цар — наш прыяцель? — У адно імгненне ён абвёў прысутных вачыма: — Не, мусіць, не так! У студзені людзі пайшлі да цара прасіць дапамогі. Думаеце, дапамог? Гэта было крывавае васкрасеніе!
Навокал пацішэла.
— Дзевятага студзеня ў Пецярбургу загінулі каля ста чалавек. Ішлі мірныя людзі, але цар не пашкадаваў — аддаў загад страляць!
Натоўп захваляваўся, чалавечыя твары пабляднелі ад здзіўлення і жаху.
— Мы павінны скінуць самадзяржаўе! Усіх памешчыкаў і капіталістаў! Гэта — паразіты! Яны жывуць за кошт рабочых. Рабочыя забяспечваюць ім усе раскошы! А самі? Нішчыя! Галадаюць! Пара ўзяцца за розум! Раздаць зямлю народу і ўстанавіць новае жыццё! Новы лад!
Чалавек гаварыў горача, імкнучыся пераканаць сваіх слухачоў, якія пакуль што, відаць было, мала цямілі ў тым, што ён казаў.
— Трэба змагацца! Для працоўнага чалавека няма выйсця, акрамя як змагацца і перамагчы злыдня, — у абліччы прамоўцы былі напружанасць і перакананасць. Пышныя, кучаравыя валасы спадалі на высокі лоб, і чалавек увесь час адкідаў іх рукою назад.
Блізка ад Лявонкі стаяў сухі, як жэрдка, муляр. Пад падбародкам з маршчыністай шыі моцна выпіраў кадык. Чалавек, мусіць, недачуваў, бо ўвесь час прытуляў да вуха выпацканую ў гліне далонь і настаўляў у бок прамоўцы.
Той перавёў дыханне і загаварыў зноў:
— Ці чулі вы пра Усерасійскую стачку ў кастрычніку? Два мільёны чалавек удзельнічалі ў ёй. У Лібаве паўсталі матросы! Ачнуліся нарэшце людзі! У Варшаве вунь ваеннае палажэнне, вязні ў Павяку галадоўку аб'явілі! Бастуе Лодзь!