Уліс з Прускі
Шрифт:
— Ад Лібавы да Нью-Йорку на ўсім гатовым — сто рублёў! — казаў Масей Галёнка, які пра ўсё даведваўся першы. — Танна!
«Самыя танныя білеты і самыя лепшыя ўмовы» — хваліліся прадстаўнікі кампаніі «Карлсберг».
Пра Амерыку ішлі чуткі, што гэта залатое дно! Там на платах бліны вісяць, і тут жа збанок са смятанкай стаіць — макай і еш! Прускаўцы пасміхаліся, але поўнага даверу не было. Што і казаць: цяжкадумы па натуры.
Пра ад'езд дзядзькі Васіля ён пачуў ад самой Ганны ў час выпадковай сустрэчы:
— На наступным тыдні бацька ў Амэрыку
Гэта была ўжо канкрэтная дата. Паспелі і азіміну скасіць, і ярыну і цяпер вось ад'язджалі.
«Значыць, — думаў Лявонка, — і нашых прускаўцаў пацягнула перайначыць ці хаця б неяк расхістаць тое, што спрадвеку наканавана…» Ён таксама прыйшоў развітацца з дзядзькам Васілём. Ганнін бацька, цесць, можна сказаць. Народу назбіралася шмат. Ды і Ляксей таксама ж не чужы чалавек — аднавясковец! Ляксей ужо стаяў ля воза, гаварыў з мужчынамі. Жонка была побач з ім, ціха плакала, ражком хусткі выціраючы вочы.
— Доўга мы там не затрымаемся — вясною вернемся. Сеяць жа трэба будзе! — супакойваў Ляксей.
Падышоў другі Ганнін дзядзька, па маці, Сцяпан. Ён, як і ўсе, крыху на падпітку. Гукнуў на маладую свінку, што вылезла з падваротні. Свінка, не звяртаючы на яго ўвагі, пабегла ўздоўж дарогі.
Нарэшце ў канцы вуліцы паказаўся дзядзька Васіль з драўляным сундучком, у пінжаку з даматканага сукна. За гаспадаром выйшлі жонка і дачка. Адна і другая — са слязьмі на вачах. Васіль кінуў сундучок у воз, павярнуўся да аднавяскоўцаў, з кожным пачаў непаспешліва развітвацца за руку. Следам за ім з усімі развітваўся Ляксей. Прыпазніўся крыху прускаўскі стараста Мітрафан Давыдзюк, але яму гэта паложана па чыне.
— У Амэрыцы нават самы бедны есць пірагі! — сказаў Трахімка, як быццам ён у той Амерыцы ўжо пабываў.
Яго падтрымаў Масей Галёнка:
— Золата там лапатай грабуць! — Ён паглядзеў на здзіўленых аднавяскоўцаў і дадаў: — Вось так! Бярэш лапату і грабеш!
На развітанне дзядзька Васіль моцна абняў і пацалаваў жонку, потым дачку, абвёў поглядам усіх, хто праводзіў, і ўскочыў на воз. Лявонку здалося, што дзядзька Васіль вылучыў яго з усіх і нават падміргнуў.
Усе глядзелі ўслед, аж пакуль воз з седакамі не знік за павароткай. Чутно было, як задрыжэў пад конскімі капытамі масток праз Плісу.
Ляксей Каленік з цягам часу вернецца, пабудуе ветраны млын, а Васіль так і застанецца там, і невядома, які яго напасцігне лёс…
Праз колькі дзён Лявонка сустрэў Ганну.
— Як вы там з маці? Цяжка?
Дзяўчына ўздыхнула.
— Пакуль што нічога. Круцімся.
— Можа, дапамагчы што?
— Паклічам, калі што якое…
Потым яны яшчэ доўга гаманілі, і яна прызналася:
— Я ўдзячная табе, з табой я ўпершыню жанчынай сябе адчула.
Ад'езд бацькі ў Амерыку зблізіў іх яшчэ больш. Зноў пачалі бачыцца штовечар, і з кожнай сустрэчай цягнула да яе ўсё мацней. Побач з ёю ён адчуваў, што адолее ўсё, нават самае цяжкае. І ёй прыемна было ад думкі, што ёсць на свеце чалавек, гатовы дапамагчы ў нялёгкую хвіліну, і што ён кахае яе.
У
Частка трэцяя
І
Прайшоў яшчэ год, яшчэ адна зіма. Вясна дадала новых клопатаў. У Кужалёў на падворку з ранку да вечара грукаюць сякеры. Ставяць новую хату. Старая дажыла свой век і струхлявела неяк у адначассе, раптоўна. Такой старой, здаецца, яна ніколі і не была. Дах усё больш выгінаўся і пагражаў наогул абрынуцца ўніз. Яшчэ Міхаль збіраўся ставіць, але так, бедны, і не паспеў.
З грошай тое-сёе мелі, прадалі да таго ж частку збожжа з новага ўраджаю і купілі ў пушчы казённага лесу. З лесам дапамог Дармідонт, хоць і ўзяў добрую дайку. Бярвенне звозілі талакой — ніхто не адмовіўся дапамагчы. Ездзіў нават сусед Ясё, што было нечаканасцю, бо Кужалі не лічылі яго сваім зычліўцам. З бярвёнаў спілавалі аполкі, зрабілі брусы. Нанялі цесляроў — прыйшоў Нічыпар Дойлід з двума сынамі. Цесляры знакамітыя, не адну хату паставілі. А неўзабаве і дзядзька Хведар з Свішчова з'явіўся. Затахкалі сякеры, загучэлі пілы. На падворку прыемна запахла смалой і свежымі трэскамі.
З самых тоўстых бярвёнаў паклалі падрубы, абапёршы іх з кожнага вугла на магутныя валуны, якія, ужо прыпасеныя, прыкацілі з-за клуні. Падрубы клалі не спяшаючыся, з веданнем справы, нават урачыста. Каб прыставала шчыльней, давялося там-сям і гэблікам пахадзіць.
Побач, на мяжы з Ясевым гародам, ужо цвіў вішняк. Пад візгатлівы енк пілы ціха асыпаліся пялёсткі, быццам кагосьці безнадзейна шкадуючы. Але майстрам няма часу любавацца імі, бо шмат работы.
— Гаспадыня, дзе будзеш дзверы рабіць? — спытаў Нічыпар падчас вячэры, пагладзіўшы далонню шырокую лысіну, што паспела ўтварыцца на галаве ў яго яшчэ не старым узросце.
Елі гарачую, толькі што адвараную бульбу. Марыля засмажыла яе дробнымі скваркамі, паліла тукам. Смачна!
— Каб на падворак выходзілі!
— Там, дзе сені, паміж хатай і каморай, — удакладніў Кірыла.
— А на які вугал зруб будзем класці?
Кірыла паскроб патыліцу, глянуў на ўнука.
— Хай будзе чысты вугал, як у Камянцы, — выказаў прапанову Лявонка.
— Як у мястэчку? Ну то добра, — пахваліў Лявонкаў густ дзядзька Хведар.
— Вокны вялікія не рабіце! — папярэдзіла Марыля. — Дзе ж таго шкла набярэшся? Ды і зімою цяплей…
Паступова рос зруб, па якім увішна лазілі ўчэпістыя, як павукі, цесляры. Два акны глядзелі на вуліцу, два — у двор. Занятыя справай цесляры і не згледзелі, як нехта зайшоў на панадворак, стаў ля хаты.
— Божа памага-ай!
Гэта — Кузёмка. Майстры ўбачылі яго, калі той зазірнуў у праём акна.
— Сказаў Божа — хай сам паможа! — зарагатаў Хведар-свішчовец.
— Я, ведаеце, спяшаюся!
— А куды? — Нічыпар зашчаміў сякеру ў бервяне і змахнуў з шырокай лысіны буйныя кроплі поту.