Уліс з Прускі
Шрифт:
Кірылу Піхта пазнаў здалёк:
— А Міхаль як? — ён ведаў Кірылавага сына.
Кірыла глыбока ўздыхнуў і сумна пакруціў галавой.
— Памёр.
Піхта паглядзеў на Лявонку. Бялкі яго асалавелых ад гарэлкі вачэй — у чырвоных пражылках.
— Дык ты Кірылаў унук?
— Унук, — замест Лявонкі адказаў Кірыла.
— І ты, Пракоп, тут, — Піхта заўважыў каваля, які падышоў да іх.
Павіталіся.
— Эй, нясіце сюды чарку! — Піхта махнуў рукой цыганам, сярод якіх стаяў важак.
Лявонка прыкмеціў яго адразу. Важак вылучаўся
Да гурту далучыліся Каленікі — дзядзька Васіль з братам Ляксеем, а за імі і сусед Фёдар Тупчык.
Праз гоні якія стаяў Дармідонтаў хутар. Лявонка паглядзеў у той бок. Самога Дармідонта пакуль што не відаць — недзе, мабыць, у лесе. Ды і сыноў яго — Трахімкі і Цімошы — таксама няма.
Цыганы самі весяліліся і частавалі кожнага, хто прыходзіў у табар, — налівалі шклянку гарэлкі, на закуску давалі сала з хлебам. Цыганы, як вядома, надта любяць сала, а яшчэ з гарэлкай! Адчувалася, што гэты народ не думаў ні пра мінулае, ні пра будучыню, жыў сённяшнім днём. Табар весяліўся. Хіба што толькі важак, абцяжараны сваім адказным становішчам, пагардліва паглядаў навокал і не спрабаваў ні з кім гаварыць.
— Кірыла, расказвай, як жывеш! — не сунімаўся Піхта.
— Якое там жыццё без каня…
— Няма каня? — здзівіўся цыган.
— Пайшоў за гаспадаром услед…
Піхта ажно прысвіснуў, потым спачувальна пацмокаў языком.
— Пачакай, бацю, можа, як дапаможам… — і ўсміхнуўся: — Цыганы — багатыя!
Кірыла з недаверам паглядзеў на яго.
— Не бойся, я не канакрад. Каб я ім быў, дык барон не трымаў бы мяне каля сябе. А наш барон — чалавек!
Барон якраз выйшаў з шатра і перамінаўся з нагі на нагу. Гэта быў поўны, каржакаваты мужчына сярэдняга росту. Ён ляніва паазіраўся навокал, паблажліва ўсміхаючыся і паказваючы некалькі залатых зубоў. Заўважыўшы барона, заспявала скрыпка, і амаль адначасова стаў пастукваць бубен, які ў нечым згаджаўся з ёю, а ў нечым быццам бы і пярэчыў. Каля вогнішча закруцілася маладзенькая цыганка з каралямі на тонкай стройнай шыі. Закінула назад галаву і расставіла рукі.
Эх, зорачка, Паўночная-я. А я дзевачка Непарочная-я…— Ружа спявае! — кіўнуў у бок цыганкі Піхта.
Апранута спявачка ў яркае чырвонае адзенне. Кофта з шырокім выразам і спадніца стракацяць непрывычнымі для тутэйшага вока зыркімі кветкамі. На шыі, на руках забразгаталі маністы і браслеты. Па твары пераліваўся водсвет кастра.
— Чавэло! — вясельны табар дыхнуў нейкай абвостранай пачуццёвасцю.
Да цыганкі падскочыў і затросся ў танцы малады цыган у шырокай чырвонай кашулі. Не ўтрымаўся і Піхта і таксама пайшоў у пляс, лоўка ўдараючы далонямі па халявах. Цыган-скрыпач падышоў да Кірылы (чамусьці выбраў менавіта яго) і
У натоўпе аб'явіліся прускаўскія хлопцы — Трахімка з Цімошам і Грышкам, пачаліся смех, жарты. Прывалокся Гамон. Потым прыбеглі Піліпко з Цімошкам. Непаспешлівы Назар Хомка далучыўся да гурту.
— Гэй, Ружа, хадзі сюды. Пан да нас прыйшоў, пагадаць хоча, — паклікаў яе Піхта, які зноў апынуўся каля Кірылы з Лявонкам. Ён засопся пасля заліхвацкага плясу.
— Абмане яна, — ухмыльнуўся Трахімка, выдыхнуўшы дым ад тоўстай самакруткі.
— Абмануць таксама трэба ўмець, — патлумачыў Піхта. — І ведаць, каго абмануць. Добрага чалавека не трэба — грэх. А вось калі ён ды нядобры…
Лявонка стаяў з краю, і цыганка падышла да яго, узяла за руку, пяшчотна пагладзіла і раптам усёй постаццю прыльнула да хлопца:
— Ой, які ты!
«П'яная!» — асуджальна падумаў Лявонка, аднак не адступіў.
— О-о! — ажывіўся гурт.
Мякка зазвінелі каралі, у гарачым дыханні цыганкі чулася незразумелая ўзбуджанасць. Потым яна, нібы апамятаўшыся, адхінулася і падняла яго руку, далонню уверх, да сваіх вачэй.
— Кажы праўду, пустога не мялі! — крыкнуў ззаду нехта з прускаўцаў, здаецца, усё той жа Трахімка.
— Як цябе зваць, хлопец?
— Лявон.
— Вось твая лінія, Лявон. Бачыш? Шмат пражывеш. Доўгая дарога табе суджана. Далёка завядзе яна цябе. Шмат дзіўнага пабачыш на белым свеце…
Лявонка адчуў яе пах — цыганка, відаць, націралася нейкім духмяным зеллем.
— У цябе добрыя лініі. Лінія сэрца, лінія галавы…
Ізноў чамусьці падумалася пра Амерыку, пра тое пытанне, якое задала нядаўна Ганна: «Няўжо я калі-небудзь паеду? Не, мусіць, такога не здарыцца ніколі».
— А тут, здаецца, яшчэ адзін паварот, у другі бок!
Варажбітку акружыў натоўп, большасць — прускаўцы.
— Далёка ад радзімы будзеш жыць, ад бацькавай хаты. Нетутэйшая жанчына цябе пакахае.
— О-о! — здзівіўся Гамон.
Прысутныя зарагаталі. Разам з усімі засмяяўся і ахмялелы Піхта. Цыганка не выпускала Лявонкаву далонь са сваіх мяккіх, але ўчэпістых рук.
— Цяжка хварэць будзеш, але хвароба пройдзе, паранены будзеш — выратуешся, — варажбітка яшчэ ніжэй схілілася над яго далонню. — Але памрэш у роднай хаце.
Усе прымоўклі.
— І губляецца лінія!..
Хлопец і верыў, і не верыў цыганчыным словам, ён сунуў руку ў кішэню і аддаў ёй усё, што там было, — некалькі капеек.
— Нейкая яна непадобная на вас, — сказаў Кірыла Піхту.
— А як інакш? — матлянуў галавой той. — Яна з далёкага табару.
У цыганоў такое здараецца спрадвеку. Піхта стаў казаць яе гісторыю. Аднойчы ноччу знянацку, калі яна ішла з вёскі да сваіх, на яе накінуліся, схапілі і павезлі, і яна вымушана была выйсці замуж за чужога цыгана. Сам барон гэта ўхваліў: загадваў голас прыроды, бо ў табары ўсе перарадніліся і трэба была свежая кроў. Даведаліся бацькі — развялі рукамі: «Што паробіш — доля наша такая, цыганская…»