Уліс з Прускі
Шрифт:
«Нялёгка ж, відаць, гэта — жыць сярод чужога народа, — у думках разважаў Лявонка, — але чаго толькі лёс не робіць з чалавекам…»
Да кастра наблізілася старая цыганка з шэрымі, як дым, валасамі, што выбіваліся з-пад хусткі, прыпаліла ад жарынкі люльку і пачала яе раскурваць.
З начнога цемрыва выбрыў і падышоў да кастра пан Адась — малодшы сын пана Падгурскага. Ён меў хмурны выгляд і бледны, як у сухотніка, твар. Сівавалосая цыганка курыла люльку, абыякава аглядаючы наваколле. Паніч моўчкі працягнуў ёй далонь.
Цыганка паўзіралася ў яе, трымаючы люльку ў зубах, і, пыхнуўшы дымам, сказала:
— Ой, чалавеча, кароткая твая лінія…
Па бледным твары
Маладзенькая цыганка заспявала зноў:
Галубо-о-чак, Летуно-очак, Эх, да навучы ты Мяне лятаць! Эх, невысо-ока. Эх, не далё-ёка, Ліш бы мілага відаць!Пачуўшы песню, пан Адась адарваў позірк ад кастра, прыслухаўся, паглядзеў кудысьці паверх вогнішча. Некалькі гадоў назад ён пакахаў старэйшую дачку пана Бяльчынскага (яго маёнтак быў у Вайской) Лёдзю. Чаму — невядома, але Лёдзя тая не адказала яму ўзаемнасцю, і Адась доўга перажываў. Пасля гэтага ён увесь аддаўся вынаходніцтву. Спачатку працаваў над перпетум мобіле, але, так і не рэалізаваўшы яе, з такім жа імпэтам узяўся за лётню, маючы намер, як ён і абяцаў Лёдзі, прыляцець да пана Бяльчынскага па паветры. Казалі, што нарэшце ўсё ж такі нібыта вынайшаў тую лётню.
Ноч пахла скошанай прывялай травой. Дзесьці ў прырэчных лозах скрыпеў драч. Прускаўцы, якія прыйшлі паглядзець, не маглі надзівіцца вясёламу цыганскаму вечару.
Піхта смяяўся разам з падвяселенымі мужчынамі:
— Пан прапаноўвае нам работу — катлы і каструлі паяць.
— Бо вы ж майстры! — з павагай сказаў Пракоп.
— Не пойдзем!
— Чаму? — дзівіўся Кірыла.
— Паглядзіце на птушак, — разышоўся Піхта, — яны не сеюць і не жнуць, але ж неяк жывуць! Дык чаму цыган не можа жыць? Толькі што ўдачу трэба мець…
— Нездарма ад цыгана ветрам пахне, — паддзеў Піхту Трахімка.
— А ад цябе чым пахне, га? Дай панюхаю, — павярнуўся да яго цыган.
Пачуўся смех.
— Ведаем мы гэту ўдачу, — уступіў у размову Масей Галёнка, выпіўшы толькі што паднесеную чарку.
Грамада змоўкла, наважыўшыся слухаць.
— Вось калісьць у Бабічах было. Таксама цыганы прыехалі. Пазычце, кажуць, барану — раку баранаваць будзем. Бабіцкія мужыкі зарагаталі, як дурні, а Марка Замагільны пытае: «А нашто ж яе баранаваць?» — «Наша справа». Той не адстае: «А ўсё-такі скажыце: нашто?» — «Рыбу лавіць будзем». Бабіцкія зноў зарагаталі: «Чым лавіць — баронамі?» — «Не, мы толькі бераг баранаваць будзем, а рыба сама ў гэты час з ракі павыпаўзае».
Пачуўся рогат.
— Гэта, можа, калі невад коньмі цягнуць. Невад цягнуць цяжка, — выказаў сваё меркаванне Назар Хомка.
— Не-е! — засмяяўся Масей. — Не ў тым справа! Ну, пазычылі бабіцкія ім барану. Збеглася ўся вёска глядзець на той цуд. «Ха-ха, ха-ха», — цыганы, маўляў, дурныя. А яны не дурныя, — тут Масей зрабіў невялікую паўзу. — Як высыпалі ўсе бабіцкія на бераг баранаванне тое глядзець, цыганкі тым часам па хатах пайшлі. Так што потым і курэй, і каўбас не далічыліся…
Усе навокал зарагаталі.
— Гэта, бацю, выдумаў ты, — махнуў рукою Піхта, — цыганы гэтак не робяць. Але здараецца, вядома, усякае. Неяк стаялі мы каля адной вёскі. Ну і людзі, скажу я вам, кубак вады не выпрасіш. Пайшоў я да папа. Якраз такою парой сена касілі,— расказчык дастаў з глыбокай кішэні люльку, закурыў.— Наняўся і я сена касіць. Я, кажу,
Усе дружна засмяяліся.
Вяселле працягвалася, а прускаўцы пачалі развітвацца.
— Да мяне заходзь! — запрасіў на развітанне Піхту Кірыла.
— Дзякуй! — цыган засмяяўся, бліснуўшы вачыма, — Можа, і сапраўды зайду. Чарку рыхтуй!
Моладзь засталася пры вогнішчы, ля якога, задумаўшыся, сядзеў пан Адась.
Трахімка разам з Цішкам, не звяртаючы ўвагі на прысутнасць Адася (як бы таго паніча і не было), пайшлі ў панскі сад па яблыкі. Гамона, які хацеў ісці разам з імі, не ўзялі.
— Не да Падгульскага! Вы да Кастантага ідзіце — сёння яго дома няма, паехаў некуды, — раіў ім Гамон, — у яго белы наліў!..
— Не, да Кастантага не пойдзем! — пакруціў галавой Трахімка. — З ураднікам лепш не звязвацца.
«О, Трахімка не ўломак! Разумее, што да чаго… — падумаў Лявонка і пашукаў вачыма Ганну, якую яшчэ раней заўважыў у купцы моладзі.— А дзе ж яна? Можа, з хлопцамі куды пайшла? Як яна магла? Дзе ж яна?» Але як толькі ўбачыў яе мілы тварык і ўсмешлівыя вочы, дык адразу папракнуў сябе за празмерную рэўнасць. Доўгія, прыгожыя вейкі сарамліва апускаліся, калі хто з хлопцаў асабліва ўважліва паглядаў у яе бок. Душа Ганны — маладая, неспазнаная. Пакуль што, пэўна, і яна сама не ведае, чаго хоча і якія глыбінныя жаданні ў ёй стоены.
Ён спыніўся каля яе.
Ганна сказала, як бы і не глянуўшы на Лявонку:
— Не інакш — цыганку ўпадабаў…
— Ты ж бачыла — яна сама падышла.
— І мне цыганка варажыла! — Яна павярнула тварык да Лявонкі.
— Праўда?
— Глядзіць на далонь і кажа: спачатку даведаешся, што такое шчасце, а потым і гаркоту спазнаеш. Сумная хадзіць будзеш…
— Ну, а далей што?
— Пра каханне, кажа, забудзеш і доўга жыць будзеш!
— І ўсё?
Завіточкі на Ганніных скронях страпянуліся, і дзяўчына ўсхвалявана зашаптала:
— А што далей — не скажу. А ты хацеў бы даведацца?
— Хацеў.
Вярнуліся Трахім з Цішкам, прынеслі поўныя запазушшы яблык. Першага пачаставалі пана Адася. Ён па-ранейшаму сядзеў ля кастра, у якім, патрэскваючы, дагарала апошняе голле. І дзяўчаты ахвочыя да яблыкаў.
— Адно толькі даў. Дай два — каб пара была, а то палец саб'еш! — патрабавала Гэлька Бочка, калі Цішка пачаў абдзяляць іх панскаю садавінаю.
Пабегла да сябровак і Ганна і таксама захрумсцела свежым яблыкам.