Уліс з Прускі
Шрифт:
— Ганначка! Давай вось што зробім: не будзем чакаць апоўначы. Пойдзем у лес, сядзем каля куста папараці і свайго не ўпусцім! Дажджэмся!
— Ты так думаеш?
— Пра гэта мне дзядуля расказваў. Толькі так можна дачакацца, калі яна зацвіце. Дзядуля ведае!
У начным сутонні ён заўважыў, як здзіўлена ўзняліся Ганніны тонкія броўкі.
— Маці сёння ў лес хадзіла, зёлкі збірала, а пра папараць нічога не казала…
— А раптам пашанцуе!
— Хлопцы! — гукнуў нехта з гурту. — Апаўночы хутка! Пабежымо ў лес!
— А можа,
Гурт ажыў, заварушыўшыся.
— Як убачыш, што зацвіла, — тут жа рві! — настаўляў некага Піліпко. — І жаданне прыдумай!
Паміж высокай травы замільгалі дзявочыя белыя кофтачкі з вышытымі рукавамі. Лявонка з Ганнай пабеглі, узяўшыся за рукі. Начны лес сустрэў густым цемрывам і насцярожлівым маўчаннем; пругка дыхнула ў твар водарным настоем траў, імхоў, папараці. Востра запах чабор.
— Каб на лесуна не натрапіць, — затрывожылася дзяўчына.
— Не бойся, не натрапім.
Ля іх ног шамацелі зараслі дзікага малінніку і ажыны. Нарэшце пад месячным святлом заблішчэлі кусты папараці, і яны адшукалі самы высокі і разложысты куст.
— Глядзі ўважліва. Як толькі загарыцца кветка, адразу, не бойся, рві! — усхвалявана шаптаў хлопец. — Сарвеш — да лба прыкладай! — Яны адначасова прыселі ля куста на кукішкі, і ён адчуў, як локцем дакрануўся да яе грудзей і як Ганна не адхінулася ад яго.
Пачуўся пошчак салаўя. Недзе ўспырхнула начная птушка, скрозь дрэвы відаць было, як узышоў маладзік і абліў усё навокал ціхім святлом.
— Хто ўпільнуе кветку, — зноў усхвалявана зашаптаў хлапчына, — будзе разумець мову звяроў і раслін, будзе ведаць, пра што яны размаўляюць!..
Такія выпадкі здараліся. Казалі, аднойчы парабак пана Падгурскага хадзіў у купальскую ноч — шукаў коней. І не заўважыў, як наступіў на папараць, а тая якраз зацвіла ў гэты момант, і цвет яе ўпаў яму ў чаравік. Дык пасля гэтага парабак і коней знайшоў, і ведаў ужо, дзе скарбы схаваны. Усёведным зрабіўся! Але прыйшоў дадому, а пан адабраў ад яго гэтую кветку.
— Лявонка! — у Ганніных вачах палалі страх і захапленне. — Мне здаецца, да нас у гэтым лесе ніхто не быў — мы першыя!
— Нехта хадзіў,— усміхнуўся хлопец.
— Хто?
— Лясун.
— Ой, я баюся…
Ён абняў яе, прытуліў да сябе, прыхіліўся бліжэй, удыхнуў пах яе валасоў. Яна ціхенька засмяялася.
— А казаў, што нясмелы… Ах ты, Кужалёк… — жартам папракнула яна, упершыню дазволіўшы абняць сябе. — І пра кветку забыўся!
— Не, не забыўся. — Ён таксама адчуў, як і яна пяшчотна абдымала яго. Падумаў, што гэтыя рукі яшчэ ніколі, мусіць, не абдымалі мужчыну.
— Апаўночы ўжо мінула, ужо, мусіць, не зацвіце, — уздыхнула Ганна.
Яна пацалавала яго першая, неяк далікатна і сарамліва, і ў гэтых яе дотыках былі нясмеласць і прагнасць адначасова. Ён спрабаваў адказаць тым жа, але адчуваў, што не надта ўмее. Было нават крыху сорамна ад гэтага — ад таго, што ён яшчэ не ведаў жанчыны, але рука няўцямна пацягнулася
— Не, не зараз! — Яна ўстала, за ёй падняўся і ён. Так яны і стаялі, абняўшыся, каля куста нерасцвілай папараці.— Паглядзі, ранак хутка! — апомнілася дзяўчына.
Купальская ноч сапраўды кароткая. Не паспее патухнуць вячэрняя зара-зараніца, як займецца заранка на ўсходзе.
— Што гэта там — коні, ці што? — Ганна паказала рукой на паляну, што віднелася паміж соснаў.
— Туман.
Світанак перасільваў цемру ночы і туман. Дзявочы твар станавіўся выразнейшы. «А яна сапраўды прыгожая — вельмі прыгожая, такая, што і вачэй, здаецца, не адвесці…»
— Пайшлі! — Яна тузанула яго за руку.
З лесу купкамі выходзілі хлопцы і дзяўчаты і кіраваліся да ракі, дзе ўчора гарэла вогнішча. Было яшчэ вельмі рана. З глыбіні, з рачнога дна, сачылася цёплае, блакітнае свячэнне і ўзнімалася ўверх, у небную вышыню. Усё навокал свяцілася нейкім прывідным святлом, якое надавала навакольнаму краявіду незвычайны, казачны выгляд. Па сенажаці ўжо хадзілі белыя чырвананогія буслы, выглядаючы сваю спажыву. Над ракой са свістам праляцелі дзікія качкі.
Трава, кветкі, дрэвы, кусты таксама здаваліся жывымі, толькі што не гаварылі па-чалавечы, а па-свойму: спявалі, шапталі, дыхалі.
Ён паглядзеў на Ганну: яна таксама была атулена з усіх бакоў нейкім святлістым ранішнім арэолам…
Пасля ночы пераклікаліся птушкі — хрыплівымі світальнымі галасамі. Гэтае дзіўнае ўзаемапранікненне паветра і вады, дня і ночы, цішыні і птушынага шчэбету ўсё наскрозь было напоена пахамі нейкага граху, што стаіць на пачатку чалавечай першароднасці…
Над сенажаццю трывожна мітусіліся, кігікалі і плакалі кнігаўкі, быццам прадвяшчаючы нешта непазбежнае і небяспечнае. Прачнуўшыся, боўтнуўся ў затоцы першы шчупак.
На Купалле прускаўскія дзяўчаты мылі твар жытняй расой. Лявонка бачыў, як і Ганна, і Гэлька Бочка, і Груша Чапёрка, і Хомкава Волька, і Луша Гальяшова, і іншыя, нагнуўшыся і падаткнуўшы падалы, мачылі рукі ў роснай траве і абмывалі свае твары, каб адшукалася ў іх больш свежасці і прыгажосці. Разыходзіліся ўжо зусім пад ранак. Лявонка з Ганнай ішлі ззаду.
— Стамілася я, Лявонка, паднёс бы ты мяне! — жартавала Ганна.
Ён бы з задавальненнем гэта зрабіў, калі б яны былі адны.
Дома сустрэла Ганніна маці.
— Нарэшце прыйшлі! Ці хоць не забылі расой памыцца?
— Не, не забылі.
VI
Каня зноў давялося прасіць у дзядзькі Хведара. Сена якраз падсохла, і прускаўцы звозілі яго ў клуні, набівалі застаронкі. Кірыла стаяў на возе, унук падаваў. Накласці хуру і прыціснуць яе рублём, каб па дарозе не растрапалася, не простая справа, патрэбны вопыт, майстэрства. Воз пераязджаў ад адной капіцы да другой. Да свежага сена прымешваўся пах дзёгцю, якім Кірыла шчодра падмазаў восі.