Уліс з Прускі
Шрифт:
Могілкі знаходзіліся непадалёку. Назар, трымаючы лейцы, панукаў Орліка, які, напружваючы жылістую шыю, цягнуў калёсы праз глыбокія выбоіны. Следам, цяжка сапучы, ступаў айцец Глеб. Побач з ім — дзяк Садоўскі з крапідлам. Хомчыха з Васіліхаю і Прузына вялі пад рукі абяссіленую Марылю — цяпер ужо ўдаву. Крыху далей — дзядзька Хведар, прускаўскія мужчыны і жанчыны. Паперадзе ішоў Пракоп — нёс свежы драўляны крыж. Нарэшце наблізіліся да таго месца, дзе павінна было знаходзіцца вечнае Міхалёва прыстанішча. Каля магілы — гурбы жоўтага жвіру.
— Упакой, Госпадзі,
Пятро Ламака з Масеем Галёнкам ужо прыладжвалі да труны вечка. Дыхтоўна, учэпіста ўгрызаліся ў дрэва цвікі. Лявонка няўцямна сачыў за іхнімі рухамі. «Няўжо і мяне гэта ўсё чакае?» — ізноў падумаў ён. Адказам на яго думкі былі грудкі зямлі, што сцвярджальна забарабанілі па вечку труны. Глухі гук незваротнасці. Пачуў, як сказаў Кірыла:
— Бывай, Міхалка, і, таго, мяне там чакай!
Паставілі драўляны крыж з выразаным на ім надпісам:
Здесь покоітся рабъ божій
Міхаілъ Кужаль
Пракоп патаптаўся вакол крыжа, умяў пясок нагамі. Некаторыя пайшлі па могілках глянуць на магілкі сваіх… Потым усе вярнуліся ў Міхалаву хату памянуць нябожчыка. Прывезлі і айца Глеба з дзяком Садоўскім, якія, распрануўшыся разам з усімі, памаліўшыся, моўчкі выпілі па кілішку самагонка Закусілі. Елі моўчкі, але шчыльна. Мужчыны хвалілі характар нябожчыка.
— Каб усе былі такія, як Міхаль, справядлівыя, дык людзі б і клопату не ведалі,— сказаў Пракоп, прыладжваючыся вузлаватымі пальцамі да жалобнага кілішка.
— Колькі ж яму было — Міхалку нашаму? — спытала Хомчыха.
— Трыццаць дзевяць гадочкаў,— уздыхнуў Кірыла, які стараўся трымацца стрымана, і раптам заплакаў.
— Без пары ў зямлю лёг, — паспачувала Васіліха.
Марыля, стоячы ля печы, ціха заплакала. Лявонка і дочкі, як маглі, супакойвалі маці.
— Жыў чалавек і памёр… — дадаў Назар, выціраючы вусы пасля выпітай чаркі.
— Яму яшчэ прадстаіць сустрэча з Богам, — азваўся са свайго кутка дзячок Садоўскі і паказаў пальцам уверх.
Пабыўшы яшчэ трохі, ён і святар пакінулі хату.
Застукаў у вокны краплісты дождж.
— Шкадуе нас Міхаль, — сказала Марыля, набраўшыся сіл, і зноў заплакала.
— Марыля, сэрца надарвеш плачам, не плач, — супакойваў сястру Хведар.
Спачатку нехта наладзіўся быў таксама плакаць, але, пачуўшы Хведаравы словы, як бы адумаўся, спыніўся. Аціхла і Марыля.
Пракоп з дзядзькам Хведарам ціха пра нешта перамаўляліся.
Хведар павярнуўся да пляменніка:
— Ты цяпер, калі што, да мяне звяртайся. Я дапамагу, калі што якое…
Салому з пасцелі Міхаля спалілі на агародзе.
Пасля сарака дзён наладзілі сарачыны. Душа нябожчыка да сарака дзён, кажуць, ходзіць па зямлі, развітваецца з гаспадаркай, з вёскай, дарогамі, полем. На сарачыны завітаў Кузёмка. Да бляску выглянцаваныя боты дзівака напэўна не надта імпанавалі гэтай нагодзе — сарачынам, але прускаўцы да Кузёмкавых ботаў прывыклі. Дзівак
— Як ён памёр?
— Цяжка, — скрушна сказала Марыля. Боль не адпускаў сэрца жанчыны.
— Гэта, аднака, у яго хутчэй за ўсё нанос, — выказаў нейкую сваю здагадку Кузёмка і сумна ўсміхнуўся сваім думкам.
— Падбіўся ў дарозе, — разважыў Кірыла, які, здавалася, патроху звыкаўся са стратай сына.
Гарэлкі Кузёмка не піў, але перакусіць узяў.
— Не ведаў я, што на мантулы [4] траплю… Што ж, як у Пісанні сказана: «Лепш пайсці ў дом плачу, чым у дом гаравання», — у Кузёмкі з усялякай нагоды ёсць што сказаць. Акінуўшы вокам прысутных, ён пачаў:
4
Памінкі (мясц.)
— Даўней людзі ведалі той час, калі да іх смерць прыйдзе, а цяпер, апроч Бога, ніхто не ведае.
Усе паглядзелі на Кузёмку.
— Як гэта зрабілася? Ішоў Бог па дарозе і бачыць: гародзіць чалавек саломай плот. «Чаму ты гародзіш саломай плот?» — пытаецца Бог у чалавека. «Вядома чаму, — гаворыць чалавек, — вот хутка памру, дык нашто мне мацнейшы плот? Гэтага даволі будзе на мой век». Вот Бог і пазнаў, што нядобра тое, што чалавек ведае час, калі ён памрэ. Што ж? Кожны столькі сабе робіць, колькі на век свой, а на даўжэй і не хоча. Падумаў Бог, падумаў,— нядобра гэтак! Нічога не будзе. Вось чаму Бог і зрабіў, каб чалавек не ведаў, калі памрэ.
Людзі ківалі галовамі, дзівіліся з таго, што расказваў дзівак.
— Ой, людкове, — не без гонару працягваў той, — я бачу многае, чаго, можа, і не відаць…
— Кажуць, ёсць недзе краіна, дзе людзі жывуць, як у раі,— сказаў Хведар-свішчовец, які таксама прыехаў на саракавіны.
— Я ведаю, — адразу ж азваўся Кузёмка, — на поўдні, дзе цяпла шмат і чарназём.
«Кузёмка ўсё ведае, усё роўна, як гісторык Станіслаў Арцёмавіч, нічым яго не здзівіш, — падумаў Лявонка, — але дзіва што: вандруе па свеце…»
Пабыўшы крыху, вандроўнік сабраўся ў дарогу.
— Куды спяшаешся? Пабыў бы ў нас, — хацеў спыніць яго Кірыла.
— Пайду, пайду. Трэба свет ратаваць.
— Куды ж ты пойдзеш?
— Куды Бог пашле.
Кірыла і Лявонка паціснулі плячыма.
Кузёмка насунуў на галаву шапку, выйшаў за парог і зачыніў за сабою дзверы.
— Убогі чалавек — што з яго возьмеш! — развёў рукамі Кірыла.
IV
Смерць бацькі абарвала Лявонкаву вучобу. З вучылішчам давялося развітацца, каб заняць месца старэйшага ў сям'і нароўні з дзедам Кірылам. Мала ён і павучыўся ў тым Камянцы — усяго год. Але нічога не зробіш. Такі ўжо лёс. Юначая натура, абуджаная дакрананнем да свету ведаў, супраціўлялася гэтаму вяртанню, але мусіў вяртацца. Перад Кужалямі стаяла пытанне: як жа цяпер жыць? Уголас яго выказала Марыля.