Уліс з Прускі
Шрифт:
Частка другая
І
Вучоба Лявонкі пасоўвалася сваім парадкам і даволі паспяхова, цікавасць да заняткаў не змяншалася. Ён вельмі перажываў, калі аднойчы спазніўся і давялося прастаяць амаль гадзіну ў калідоры, пакуль скончыцца ўрок. Матэматык Савелій Яўхімавіч — той, што прымаў уступны экзамен, — накрычаў і не пусціў. Непрыемна было стаяць у калідоры і адчуваць сябе вінаватым як бы нават і не па сваёй віне. Што зробіш — праспаў! А матэматык надта, як ён сам казаў, любіў парадак.
Пасля заняткаў, вярнуўшыся на сваю Рымарскую вуліцу, кватарант скрушна паскардзіўся гаспадару:
— Спазніўся. Настаўнік на ўрок не пусціў. Дома ў нас певень будзіць. А тут няма.
— Шкада цябе будзіць.
— Будзіце! — папрасіў пастаялец.
У хаце панаваў устойлівы і цяжкі пах смажанай цыбулі, алею, селядцовага ляку і моцных прыпраў.
На вячэру ў гаспадароў звычайна фішбульбэ — бульба з цыбуляй і перцам. Малка ўмее прыгатаваць яе так, што па смаку яна нагадвае рыбу.
Нохім, мяркуючы па ўсім, знаходзіўся ў добрым настроі.
— Не пераймайся надта! — Ён паправіў ярмолку, што сядзела ў яго на самай макаўцы. — Певень у нас ёсць! — шавец зрабіў націск на слове «ёсць».
— Нешта я не бачыў вашага пеўня. Дзе ж ён у вас?
— Ну, не. ў нас — у суседа. А якая розніца? Гэта ж побач…
— Дык што ж ён маўчыць — певень той? Чаму не спявае?
— Спяваць — ён спявае, але на паўгадзіны пазней!..
Шавец меў схільнасць да смехатлівых анекдотаў.
— Шкада-а… — у тон яму сказаў кватарант. — Дзіўны нейкі певень.
— Трэба было б яго падрамантаваць!
— Пеўня?
— Пеўня! А што? Аднесці да гадзіннікавага майстра!
Лявонка зарагатаў. Ён ведаў, што Нохім вельмі марыў пра гадзіннік з ланцужком, і нарэшце здагадаўся, пра што ідзе гаворка.
— Пеўня?
— Герцэле Астраполер у такім выпадку так і рабіў!
Лявонка тады яшчэ не ведаў, што Герцэле Астраполер — жартаўлівы персанаж многіх яўрэйскіх казак і анекдотаў. Жарт дапамагаў людзям жыць. Скрухі як і не было.
Спадабалася маладому прускаўцу наведваць бібліятэку пры вучылішчы. Прачытаў паэму «Адысея» грэчаскага паэта Гамера. Столькі кніг яму даводзілася бачыць упершыню. Творы класікаў — расійскіх і замежных. «Кабзар» Тараса Шаўчэнкі. «Вечары на хутары каля Дзіканькі» Гогаля. Вершы Кальцова і Някрасава. У бібліятэцы меліся таксама некалькі гадавых камплектаў часопісаў «Нива» і «Вокруг света» з рознымі дадаткамі, з якіх асабліва папулярнай была серыя прыгодніцкіх раманаў. Сярод аўтараў гэтых кніг былі Фенімор Купер, Жуль Верн, Густаў Эмар, Луі Бусенар, Луі Жакаліо, Віктор Гюго… Аднойчы да яго трапіла тоненькая кніжачка Францішка Багушэвіча. Не бібліятэчная, праўда, — Змітрок Зуб даў пачытаць, папярэдзіўшы, што кніжачка недазволеная. Адкуль яна ў яго, Лявонка не ведаў. Здзівіў верш «Дурны мужык, як варона». Пасля, у думках, не раз вяртаўся да яго: чаму ж так здарылася, што чалавек гэтак здурнеў, хто адабраў у яго розум?
І яшчэ адна кніга запомнілася — пачарнелая ад часу, у тоўстай скураной вокладцы. Колькі ёй было гадоў, ніхто не ведаў, але, пэўна, больш, чым сто. Пад вокладкай,
«Которые суть учінкі міласерные телесные?» — назідальна пытаўся аўтар і тут жа даваў адказ з сямі пунктаў:
«1. Алчущего накормити
2. Жаждущего напоити
3. Нагого приодети
4. Вязня откупити
5. Недужного наведити
6. Странного в дом принята
7. Умершего погрести».
Праз колькі старонак пералічаліся шэсць грахоў супроць Святога Духа:
«1. Празмернае спадзяванне на Божую міласэрнасць.
2. Роспач ды паслабленне надзеі на выратаванне.
3. Непакорлівасць Хрыстовай навуцы.
4. Зайздрасць бліжняму ў Божай ласцы.
5. Закамянеласць у грахах.
6. Жыццё без каяння».
Не, старажытным людзям не адмовіш у мудрасці!
Добрыя адносіны склаліся ў вучняў з выкладчыкам гісторыі Станіславам Арцёмавічам. «Край свой трэба ведаць», — паўтараў настаўнік, жадаючы, відаць, прывіць сваім выхаванцам цікавасць да роднай гісторыі і даўніны. Быццам бы ім рухала незаўважная для яго самога энергія — энергія нейкага абнаўлення, і яна міжвольна перадавалася вучням. Расказваючы пра даўнія часы, пра Вялікае княства Літоўскае, ён звычайна дадаваў: «О, тады было інакш!» Вучні, праўда, у тым ліку і Лявонка, не надта разумелі, чаму тады было «інакш», але спытаць саромеліся. Даўні апанент Станіслава Арцёмавіча — бацюшка айцец Нікадзім, які не мог пагадзіцца з яго словамі пра тое, што ў беларусаў здаўна быў свой уласны шлях праваслаўя. «Думкі ў вас, аднака, ярацічаскія…» — выгаварваў святар маладому настаўніку.
Амаль побач з вучылішчам стаяў славуты стоўп. Аднойчы па ўнутраных лесвіцах яны са Змітраком Зубам і Яшкам Пацам — рослым дзецюком, сынам заможнага селяніна з Вуглян — залезлі на самы верх. І Змітрок, і Яшка — таксама цікаўныя хлопцы.
— Ці бачыш сваю Пруску?
— Не, нешта не бачу.
— А я свае Бабічы бачу! Вунь яны! Нават хату, дзе стаіць, бачу!
— Можа, і бацьку бачыш — ля хаты ходзіць?
— Не смейся, праўду кажу. Са Змітраком яны даўно сябруюць — яшчэ са школы. Узнікалі і новыя знаёмствы. Разам са Змітраком яны зблізіліся з Анатолем Зайцам з Брэста. Звычайна сціплы і малапрыкметны Анатоль неяк сказаў:
— Жывем мы тут і не ведаем, што ў вялікім свеце робіцца…
— Што ж там можа рабіцца? Тое, што і ў нас! — смеючыся, адказаў Змітрок.
— Тое, ды не тое…
— А што? — зацікавіўся прускавец.
— Скажу вам, толькі паміж намі: я ведаю адрас, па якім можна выпісаць літаратуру…
— Якую літаратуру?
— Ну, тую, недазволеную, нелегальную.
— Нелегальну? — Змітрок ад здзіўлення шырока расплюшчыў вочы.
Пра такую літаратуру ні ён, ні Лявонка не чулі, за выключэннем хіба што кніжачкі Францішка Багушэвіча. У хлопцаў параскрываліся раты.