Уліс з Прускі
Шрифт:
— Зараз мы паправім справу! Васіль мой хварэў быў, дык я яго хутка паставіла на ногі. Прастуда!
Яна тут жа загадала Марылі націснуць соку з старых буракоў. Націраючы хвораму спіну і паясніцу, лекарка нешта нашэптвала. Вакол чорных яе зрэнкаў мітусіліся ледзь улоўныя жаўтаватыя праменьчыкі, а на скулах, відаць, ад шчырага старання выступілі ружовыя плямы.
Міхаля смажыла, і яго папаілі бураковым сокам. Нарэшце закуталі ў коўдру, зверху акрылі кажухом.
— Хай прэе!
На развітанне шаптуха абяцала даць зёлак, з якіх
Вечарам, як яна і раіла, на грудзі хвораму паклалі кампрэс з нацёртага маладога хрэну, які Кірыла накапаў у агародзе.
…Прайшло некалькі дзён. Міхаль згасаў на вачах. Не дапамагаў і адвар з Васілішыных зёлак. Кірыла ўзяў сына за руку, каб хоць крыху падбадзёрыць, і з жахам адчуў, што яе амаль пакінула жыццёвая сіла.
— Не мітусіцеся, — ціха, але выразна прамовіў хворы, — паміраць буду. — Ён цяжка дыхаў, як бы не хапала ў хаце паветра. — Усё. Заказвайце паніхіду, — прашаптаў ён звялымі вуснамі.
Паслалі ў Камянец па Лявонку. Сын прыехаў пад вечар. Яшчэ з вуліцы пачуў, як пад паветкай каля хлява, у якім стаяў конь, тоненька выў Курцік. Звычайна лашчыўся, кідаўся на грудзі, а цяпер як бы нешта нядобрае чуе.
Вакол Міхаля сабралася сям'я, каб выслухаць апошнюю волю паміраючага.
Бацька гаварыў ціха, з цяжкасцю:
— Ох, хату вам не паставіў, не паспею…
Лявонка пагладзіў ягоную руку. Адчуўшы, што сын побач, Міхаль хацеў павярнуць галаву ў яго бок, але не хапіла сілы, і ён толькі з нейкай асаблівай скрухай уздыхнуў:
— Лявонка, сынок, слухайся ва ўсім дзеда і маці. Жыві так, як яны казаць будуць.
Марыля ціха заплакала. У хаце запанавала маўчанне, як бы спыніўся час. Лявонка адчуў сваю поўную бездапаможнасць.
Міхаль гаварыў як бы ў паўзабыцці:
— Ямку выкапайце глыбокую…
Сэрцы сямейнікаў сціскаліся ад жалю і ад жаху.
— …каб не чуць людскіх скаргаў…
Паведамілі папу, каб паспавядаў. Айцец Глеб заявіўся, пасабораваў, даў прычасце.
Ля дзвярэй паставілі крыж і чорную харугву. Малую Барбарку аднеслі да суседзяў.
Калі айцец Глеб падняўся ад паміраючага, у хаце загаласілі, але Кірыла спыніў: хай памрэ спакойна. Лявонка бачыў, як бацькавы вочы станавіліся як бы шклянымі і нарэшце зусім патухлі. Кірыла асцярожна дакрануўся да іх пальцамі і апусціў павекі. У рукі Міхалю ўклалі запаленую грамнічную свечку — агонь ачышчае і не падпускае злых духаў.
Лявонка плакаў, па-дзіцячы выціраючы слёзы кулаком.
Сумная вестка хутка абляцела Пруску. Чутно было, як Назар скідаў з гарышча дошкі на труну.
Звонам азвалася прускаўская царква. Скрушна было слухаць, як ён стагнаў, велічна і адначасова бязлітасціва, раўнадушна, аплакваючы чалавечую смерць і нагадваючы жывым, што заўтра зазвоніць і па іх.
У сумных пахавальных справах дапамагалі суседзі —
У хату патроху збіраліся людзі. Прыйшлі, сумна ўгнуўшы плечы, каваль і іншыя мужчыны: Масей Галёнка, Захар Відэрка, Гаўрыла Швед, Пятро Ламака, Васіль Каленік… Труна стаяла ў покуці на шырокім услоне. У ёй ляжаў Міхаль, апрануты ў новую сарочку. У кутку над узгалоўем гарэла вялікая свечка, кідаючы водбліск на аблічча нябожчыка, складзеныя на грудзях рукі. На твары застыў выраз задаволенасці. Усім сваім воблікам нябожчык быццам бы гаварыў: «Ну вось, нарэшце я ўсё адолеў і прыйшоў да мэты».
Подых смерці прымусіў Лявонку тужліва задумацца. Як і кожны, ён баяўся смерці. «Дык вось яна якая… Няўжо і я таксама памру?» — падумаў ён і здрыгануўся.
На пахаванне швагра прыехаў Марылін малодшы брат Хведар — невысокі, плячысты дзяцюк, апрануты ў даматканую світку і зрэбныя парткі, у ботах. Дзядзька Хведар жыў на хутары Салавей паміж Свішчовам і Царкоўнікамі.
Убачыўшы брата, Марыля сашчапіла рукі і пачала галасіць як не сваім голасам. Хведар стаў яе супакойваць: «Неяк яно будзе». Матчына ўтрапенне перадалося дочкам.
Раптам вырвалася ў Тоні:
— Ой, татачка-татачка, чаму ж вы нас пакінулі?! Адкуль вас цяпер выглядаці?! Не ступяць больш вашы ножанькі цераз парог, не будуць хадзіць па сцежачках!
— Ой, татачка-татачка-а! — уздыхала Фядорка.
Зноў падхапіла Марыля:
— Не глянуць ужо больш твае Бочачкі на жыцейка ў полі! — і, крыху счакаўшы, як бы перавёўшы дых, працягвала: — А другіх жа мужыкі б'юць, а ён жа мяне ніколі не біў…
Ад жалю разрывалася сэрца.
А Тоня з Фядоркай не змаўкалі:
— Чаму ж вітэ, татачка, да нас не адазвецеся?! На каго вітэ нас, сірацінак, пакінулі?!
Марыля ўпала на труну, абняла нябожчыка за ногі.
— Хай бы ты, Божа, мяне лепш забраў,— з болем вымавіў Кірыла ў наступіўшай цішыні. Ён трымаўся мужна, як бы падаючы прыклад астатнім.
Нехта падказаў пакласці ў труну трошачкі жыта, на тым свеце, маўляў, спатрэбіцца. Мужчыны пайшлі капаць магілу.
Разам з іншымі з'явіўся і Ясё. Як-ніяк сусед. Патаптаўшыся ля парога, спачувальна пацмокаў губамі і пайшоў.
Сярод людзей стаяла і Ганна. Лявонка, хоць і быў як непрытомны, заўважыў…
Прыйшоў дзячок Садоўскі з псалтыром у руках, пачаў чытанне. Ля нябожчыка сядзелі ўсю ноч. Назаўтра труну адвезлі ў царкву. З'явіўся айцец Глеб, апрануты паверх падрасніка ў жалобную пахавальную рызу. Увайшоўшы ў царкву, адразу пачаў адпяванне:
— Все бо ісчезаем, все умрем, царі же і князі, судьі і насільніцы, багатае і убогіе і все естество человеческое. Со святымі упокой!..
Тры разы абышоў вакол труны, акурыў прысутных ладанам, акрапіў свянцонай вадой.