Уліс з Прускі
Шрифт:
— Добра было б пачытаць, але дзе ж яе возьмеш?
— Не ваша справа!
І тут Анатоль, па-змоўніцку павёўшы вачыма, перайшоў на амаль бязгучны шэпт:
— А на чыё прозвішча выпішам?
Сябрукі пераглянуліся паміж сабой.
— Хай будзе на маё, — адважыўся Лявонка.
— А не баішся?
— Не.
— Сырою печанню цябе ў дзяцінстве кармілі, ці што? — рагатнуў Анатоль.
— Можа, і кармілі.
Вядома было (але праўда гэта ці не — хто яго ведае), што баязлівым дзецям, каб не палохаліся страхаў, давалі есці сырую печань.
— Глядзі ж, не падвядзі, а то тады ўсім крышка! Могуць і выключыць…
Чакаць давялося не так і доўга. Аднойчы, на нейкае свята, калі Лявонка знаходзіўся на занятках, у хату да Нохіма пастукалася незнаёмая дзяўчына.
— Хто тут
— Есць такі. Кватарант наш, — насцярожыўся Нохім.
— Яму вось перадаюць…
— Пакіньце, ён хутка прыйдзе, — ужо больш ветліва адказаў гаспадар.
Дзяўчына пайшла, пакінуўшы нейкі пакунак.
Вечарам, калі Лявонка вярнуўся з вучылішча, Нохім яшчэ на парозе сустрэў яго незвычайнай весткай:
— А табе падарунак! — Шавец паказаў пальцам на скрутак, загорнуты ў паперу і перавязаны крыж-накрыж шнурком. — Нейкая прыгажуня прынесла і прасіла перадаць.
Лявонка аднёс скрутак у свой пакойчык і з хваляваннем разгарнуў. Там былі тоненькія кніжачкі-брашуры: «Женщина и социализм» Аўгуста Бебеля, «Манифест Коммунистической партии» Карла Маркса і Фрыдрыха Энгельса, «Как освободиться рабочему народу?» Льва Талстога, «Половой вопрос» Аўгуста Фарэля і іншыя. Ніколі не думаў, што гэтых брашурак столькі напісана. Чытаў усю ноч, паабяцаўшы сплаціць гаспадыні за спаленую газу. Пад раніцу са здзіўленнем думаў пра тое, што недзе ёсць іншы свет, іншыя людзі, якія могуць разважаць зусім не так, як прывык ён. У галаве зашкрабліся думкі: «Якое шматаблічнае гэтае жыццё. Чаго толькі ў ім няма! І якая нязгода, барацьба!..» Унутры яго нешта як бы прачнулася, ажыло і завіравала, шукаючы выйсця, каб спалучыцца з усім навакольным жыццём, вялікім і пакуль што невядомым. Назаўтра пра кнігі паведаміў сябрам.
Чыталі ўпотай, каб ніхто не ведаў, бо, зразумела, маглі пакараць, нават выключыць з вучылішча, але цікаўнасць брала сваё. Аўгуст Бебель патрабаваў свабоды для жанчын. Лявонка дзівіўся, як складна і доказна ён выкладаў свае думкі. Не менш здзівіла і тое, што гэты вядомы на ўвесь свет Аўгуст Бебель паходзіў з простых людзей і доўгі час працаваў токарам. Аўгуст Фарэль выступаў за роўнасць правоў жанчын і мужчын. Хлопцы жартавалі над наіўнасцю гэтага аўтара — чалавека, здавалася б, разумнага. «Маніфест» — адно, што яны зразумелі,— заклікаў усіх простых людзей гуртавацца і стаяць заадно. Але найбольш уразіла крытыка рэлігіі Львом Талстым, з кніжачкі якога вынікала, што і самога Бога як быццам бы няма. Вечарамі, з свайго пакойчыка, Лявонка, калі яшчэ не спаў, не раз чуў, як Нохім маліўся, размаўляючы з Богам. Пачынаў ён неяк ціха і стомлена, але памалу, пакрысе гэтая размова набірала сілы, чулася нават спрэчка і нязгода, голас старога шаўца гучаў часам надта настойліва і патрабавальна. Уражанне было такое, што Бог знаходзіцца недзе зусім побач. Каб і не хацеў, то паверыш у яго існаванне. І дома казалі: без Бога не да парога! «Няма Бога?» — ад такой думкі валасы на галаве ўставалі. Дзіўны гэты Леў Талстой: граху не баіцца! Успомніўся раптам Казімір Лышчынскі, які ўкрыўдзіў Бога, і гэта каштавала яму жыцця. А той стары «Катэхізіс» Іасафата? Дзе праўда? Хто мае рацыю?
Што ў Талстога спадабалася, дык гэта думка, што ўсе людзі — браты, толькі забылі пра тое… Хвалявалі і прыцягвалі ўвагу незнаёмыя словы: пол, пралетарыят, капіталізм. Зноў уразіла слова «дэмакрат». Гэта слова ён запомніў яшчэ ў першы прыезд у Камянец, пачуўшы яго ад Нохіма. Тады шавец назваў дэмакратам свайго нечаканага зяця Івана Залатоўскага.
Хлопец сам сябе не пазнаваў, нешта дзіўнае рабілася ў галаве, наплывалі новыя думкі і адчуванні. Ён некалькі дзён хадзіў заклапочаны, а потым падзяліўся сваімі непамыслотамі з Нохімам, бачачы, як той шчыра спраўляе свой шабас. Якраз прыйшла Малка. Пацяплела. Хмарнае неба ўжо нагадвала аб вясне, але местачковыя вуліцы з раніцы яшчэ пакрываліся тонкай ледзяной плёнкай.
— Малка, ты не пакаўзнулася часам? — спытаў Нохім, глянуўшы на яе ўзверх акуляраў.— На дварэ такая склізата.
— Не, не бойся, я стараюся хадзіць павольна.
Яна паставіла на стол сподачак — некалькі зліплых цукерак-манпансье. Паглядзела на Лявонку:
— Пакаштуй, а то ты салам жывот надарвеш.
— Не, не надарву — колькі
— Прыйдзе пятніца — я цябе пачастую фаршырованай рыбай.
— Дзякуй! — хлопец памаўчаў.— Скажыце, калі ласка, што такое дэмакрат?
Гаспадары пераглянуліся паміж сабой. Нохім доўга крактаў, скроб лысіну, намагаючыся нешта патлумачыць, нарэшце паціснуў плячыма і паглядзеў на Малку. Малка лічыла сябе больш дасведчанай у гэтым пытанні, ды і зяця свайго яна не надта шанавала. Зяць? Да гэтага часу не паказаўся…
— Дэмакраты — гэта палітыкі,— растлумачыла яна больш мужу, чым Лявонку. — Ім усё ніпачом, бо нікога яны не слухаюць і ніякіх законаў не прызнаюць!
— Так ужо і не прызнаюць… — усумніўся шавец.
— Не прызнаюць! — стаяла на сваім Малка.
— Ой, каб я ведаў раней, што мая жонка ведае пазней, — паківаў галавой шавец.
— Нохім! Нохім змоўк.
Лявонка адчуў сябе вінаватым, што закрануў такое пытанне.
А Малка дадала:
— Ад іх можна чакаць чаго хочаш. Яны ўсё могуць… Нохім доўга і сумна пазіраў на Лявонку, як бы гаворачы:
«Вось такія, брат, справы».
Нічога пэўнага з Малкінага тлумачэння прускавец, аднак, не зразумеў…
ІІ
Сонца паднімалася ўсё вышэй. Заіскрыліся паміж снегу першыя, яшчэ не смелыя ручаіны. З кожным днём яны станавіліся шырэй, а снег цямнеў і асядаў. Пачыналася вясна вады. На Лосьне зашумеў крыгаход. І як бы ні паланілі Лявонку кнігі, але вясна разварушыла і яго. Ноччу ў вокны Нохімавай хаты ціха струменілася зеленаватае святло сакавіцкіх зораў, а выйдзеш з хаты — запахне свежасцю ранішняя далячынь. У Прусцы ў гэты час хлапчукі, ды і дарослыя таксама, выходзілі за царкву, на пагорак, глядзець разліў. Лосьну было не пазнаць — такой шырокай яна рабілася. Разліўшыся па ўсёй даліне, яна адлюстроўвала ў сваёй вадзе навакольныя лугі і палі, лясы і пералескі, вёскі, што там-сям туліліся да яе берагоў, прасторы падвышанага неба. Вада па-вясенняму мутная, з пенай і смеццем, адламанымі з дрэў і кустоў галінкамі. Смялейшыя з дзецюкоў, хоць ад вады і цягнула зімовым холадам, падцягвалі да берага крыгі, узбіраліся на іх і, радасна-ўзбуджаныя, плавалі па лугавой пойме. З усіх звычайна вылучаўся Трахімка — жартам яго не было канца: любіў разгайдаць крыгу так, што сам на ёй утрымліваўся, а сябрук валіўся ў ваду.
Як хацелася быць у роднай Прусцы!
Зноў успомнілася Ганна. Узмоцнены марозам сарамлівы румянец на яе шчоках — у той калядны вечар. Крыху задзірыстая, але такая прыемная ўсмешка на попрадках. Каса яе, мусіць, яшчэ даўжэй стала, вырасла. Эх, каб яна была побач!..
Аднойчы пазванілі на перапынак, і Змітрок Зуб выцягнуў сябра на вуліцу.
— Давай на Лосьну глянем, як пасы сплаўляюць!
— Баюся, у вучылішча спознімся, — завагаўся Лявонка.
— Мігам — туды і сюды!
Разам пабег і Яшка Пац, які звычайна трымаўся крыху адасоблена, з падкрэсленай саліднасцю, і за гэта сябрукі яго крыху недалюблівалі. Вясна, відаць, разварушыла і яго.
У паветры выразна адчуваўся пах талай зямлі, і прыемна было развітацца з зімою — снегам, маразамі, завірухамі. Пасвятлела неба, набыўшы прыгожы бліскуча-блакітны колер. Як бы хто яго вымыў. Пад промнямі сонца ажывалі дрэвы і кусты, варушыліся пупышкі. Свет выглядаў новым, пасвяжэлым. Хутка свята Абрацення — як сказаў айцец Нікадзім.
У суботу, на перапынку паміж урокамі, хлопцы выбеглі на пагорак, на якім стаяў стоўп, паглядзелі ўніз, на раку. Лосьна ачысцілася ад крыг, але вады было нароўні з берагамі, нават крыху больш. Радаваліся жыццю жабы: «Крум — крум, р-рэк— р-рэк!» Удалечыні, за ракой, віднеўся лес, ахутаны туманнай смугой. Якраз гналі дрэва — пасы, як тут называлі плыты. З Белавежскай пушчы — па Лосьне — сплаўлялі іх у Буг, а там і далей, да самага мора. На плыце, на носе і па баках, стаялі астачы з доўгімі бусакамі — вялі плыт паміж паўнюткіх берагоў Лосьны. Пасярэдзіне паса гарэў касцёр, ля якога завіхаўся малады хлопец, зусім яшчэ юнак, і віўся тонкі дымок. Тут жа ўзвышаўся будан, у якім можна было адпачыць і схавацца ад дажджу. У канцы паса, на бярвеннях, стаяў цалёвы, з калком у руках, і ўважліва сачыў за ходам плыта, каб, крый божа, не занесла куды на мель і не ўтварыўся затор.