Уліс з Прускі
Шрифт:
— І не баіцеся вартаўнікоў?
Трахімка рагатнуў:
— А чаго іх баяцца? Спаткалі мяне аднойчы вартаўнікі. Адзін кажа: «Зарэжам». Другі кажа: «Павесім». А я ім: «Рабіце, кажу, як лепш». А сам — цераз плот і ходу. Толькі яны мяне і бачылі.
Лявонка і не заўважыў, як аказаўся побач з Ясевым Грышкам. Той выглядаў вінавата.
— Неяк дарэмна мы тады патузаліся, — Грышка апусціў вочы.
Лявонка ўздыхнуў, а потым неяк няпэўна прамовіў:
— Калі ўсе крыўды будзем памятаць, то дабра не чакай!
Падышоў шумлівы Трахімка. У начным сутонні віднеліся яго белыя зубы.
— Ну
— Гэта, можа, у цябе, а ў мяне — не, — жартам на жарт адказаў Лявонка.
Пасля вяселля, якое зацягнулася далёка за поўнач, цыганы, змарыўшыся, пападалі хто дзе, паснулі.
Пачала разыходзіцца і моладзь.
— Дзяўчаты! Каторая ў клуню возьме? — жартаваў Трахімка.
Усе дружна зарагаталі.
VIII
Лявонка праводзіў Ганну. Дзяўчына не ўтрымалася і ціха спытала:
— А ты кахаеш мяне?
Замест адказу ён абняў яе і пяшчотна прытуліў да сябе. Яна, мусіць, адчувала і ведала, што ён яе любіць, кахае, але спрабавала даўмецца, за што. За што ён агарнуў яе такім моцным пачуццём? Колькі ні думала, не магла знайсці здавальняючага адказу на гэтае пытанне. Сам жа ён здаваўся ёй прыгажэй за ўсіх на свеце, і, магчыма, таму душу казытала трывога.
— Ой, не ведаю нават, верыць табе ці не.
Не змаўляючыся, яны падышлі да Васілёвай клуні, што высокай гарой узвышалася на фоне начнога неба. І ён адважыўся. Ціха дакрануўся да засаўкі, і дзверы пачалі павольна расчыняцца, але раптам зарыпелі так гучна, што, здалося, пачула ўся Пруска. І ён, і яна застыглі ў здранцвенні. Запахла свежым сенам…
Жыццё цялеснага, плоцевага «нізу» ў прускаўцаў было ахутана маўчаннем. Аб палавым жыцці больш думалі, чым гаварылі. Хіба што ў мужчынскай кампаніі які-небудзь дурань пахваляўся сваімі перамогамі. Часцей пра жанчыну можна было пачуць сярод падлеткаў-пастушкоў, зрэдку — у кампаніі больш дарослых хлопцаў. Прыродная чалавечая сарамлівасць брала верх над спакусай пажадлівасці. І ўсё ж такі прускаўцы, назіраючы за акаляючай прыродай і знаходзячыся з ёю ў глыбокім адзінстве і сувязі, з нейкай затоенай самапавагай адчувалі свой пол. Па меры прыходу сталасці абуджаўся старадаўні інстынкт і няўтольная прага засяваць, апладняць, зачынаць, раджаць. Выпадкі нараджэння дзяцей па-за шлюбам былі не такія ўжо рэдкія. Да нявесты, якая да замуства паспела страціць нявіннасць, адносіліся даволі цярпіма. Асабліва моладзь, якая адчувала сябе ў гэтых адносінах больш свабодна. Але неабходныя перашкоды цялесным страсцям і патрэбам заставаліся. Кожны старанна таіў той пахатлівы агонь, які ў ім палаў, робячы пры гэтым выгляд, што нічога такога няма і не адбываецца. Прускаўскія дзяўчаты саромеліся распранацца дагала нават у сваім жаночым асяроддзі. Нярэдка здаралася нават так, што муж і жонка за ўсё жыццё ні разу не бачылі адно аднаго голымі. Пачынаючы з вяселля, клаліся ў пасцель у начной бялізне і абавязкова гасілі святло…
Ганна пайшла ў цемрадзь клуні першая. Счакаўшы крыху, за ёю падаўся Лявонка. Яшчэ мацней запахла маладое духмянае сена. Водар быў такі, што ажно заказытала ў носе. «Гэта тое, што дзядзька Васіль нядаўна вазіў,— падумаў хлопец, — уперамешку з рачным аерам». І яшчэ запахла яблыкамі.
— Хадзі бліжэй, а то страшна…
— Дзе ты? — Ён пайшоў на голас і ўбачыў яе толькі тады, калі апынуўся побач.
Ганна стаяла ў глыбіні клуні, стаіўшыся за шулам і трывожна прыслухваючыся, як шалясціць пад яго нагамі сена. Здавалася, што гэта не сена, а лёс, наканаванасць, тое, чаго ёй, дзяўчыне, не пазбегчы. Ён абняў яе і прыгарнуў да сябе. Яна паслухмяна прыльнула да яго, прыціснулася ўсім целам. І тут ён адчуў прыліў пажадлівасці. Ганна, відаць, зразумела і ціха засмяялася.
— Хочаш? — і зноў ледзь чутна засмяялася.
Ён пяшчотна туліў яе да сябе.
— Ой, Лявонка, нельга…
— Нічога, усе так робяць! Што тут такога… Давай прысядзем…
Яны апусціліся на сена, і ён лагодна правёў рукою па яе грудзях, пагладзіў калені, зноў абняў за шыю, адчуўшы мяккасць вільготных і зблытаных валасоў, прынік да вуснаў. Спрактыкаванасці — ніякай, рухамі кіравала каханне і спрадвечны прыродны інстынкт.
— Ой, не трэба! Што маці скажа…
Яна спрабавала мякка адштурхнуцца ад хлопца, але ўжо з той хвіліны, як адчула яго побач з сабою, салодкая стома аднекуль знутры накацілася і на яе. Гэта была нейкая гарачая хваля, што ўзнялася знізу, пачала расці і вось ужо дасягнула грудзей, ударыла ў галаву. «Будзь — што будзе!» Кроў запульсавала ў скронях так моцна, што падалося, быццам нехта ходзіць вакол клуні, тупаючы цяжкімі ботамі. Зашамацела прымятае сена.
— Ой, што ты робіш, Лявонка?
Але ён і сам не ведаў, што робіць і што робіцца з ім самім. Губы яе здаліся горкімі, але ён прагна цалаваў іх, шыю, грудзі. Цалуючыся, яны моцна стукнуліся зубамі, ажно зазвінела ўвушшу.
— Ой, любы ты мой!.. — выдыхнула яна і горача аддалася абдымкам, адчуўшы ў сабе нешта пругкае, што паступова і неадольна ўваходзіла ў яе нутрыню, шчыльна запаўняючы яе чымсьці чужым і нязвычным. — Ты не забудзеш мяне, ты не забудзеш мяне? — страсна, з нейкім хрыпам шаптала яму каля вуха, нібыта жадаючы яшчэ раз, нават пры такіх вось інтымных абставінах, упэўніцца ў яго каханні.
Ён не адказваў, бо, мусіць, нічога і не чуў, і не цяміў — усё навокал нібы перастала для яго існаваць. Не пачуў і таго, як яна ціха, адначасова як бы ад болю і асалоды глуха застагнала. Кроў біла ў галаву, засціла вочы. Цалуючы, мусіць, ад хвалявання, незнарок укусіў за губу, але Ганна гэтага нават не заўважыла. Яна забылася на ўсё і ўсёй істотай адклікалася на яго ласкі. Асалода ад кахання і захапленне ім спалучыліся ў адно непадзельнае адчуванне. Час, здавалася, спыніў сваю хаду і цешыўся разам з імі.
Зноў пачулася салаўінае: «Цёх-цёх-цёх!», вярнуўшы хлопца да свядомасці. Толькі цяпер ён заўважыў той мяккі рытмічны рух, які валодаў іх целамі і спалучаў іх у адну істоту. Здалося, што пад імі гайдаецца сама зямля, падкідваючы разам з клуняй і ўсім наваколлем у вышыню цёмнай ночы да месяца і зор. Летняя ноч купала іх у сваіх цёплых наплыўных хвалях. Нарэшце, знямогшыся і стаміўшыся ад гэтай салодкай працы, і хваляванняў, ён асунуўся побач з ёю. Яна, таксама знясіленая, ляжала з распушчанай касой.