Уліс з Прускі
Шрифт:
— Ну як, спадабалася?
— Каб так было заўсёды! — прашаптаў ён.
— Ах, мой ты Кужалёк!..
Праз дзірку ў страсе на іх пазірала начная зорка.
— Бачыш, якая я ў цябе…
Ён, нічога не адказаўшы, ізноў пацягнуўся да яе.
— Давай паспім з паўгадзіны, — прапанавала яна.
Аднак Лявонка не мог заснуць, усю ноч яго будзіў пах яе цела. Ганна, амаль раскрытая, спала побач. У клуні пачало святлець, і толькі цяпер ён угледзеў яе цёмна-ружовыя саскі і пяшчотны пух на ўлонні. Ужо пад ранак ён таксама заснуў ды так моцна, быццам
— Ты будзеш маім, — сказала Ганна з жаночай рашучасцю, мякка, але неадступна.
Ён нічога не адказаў і зноў раптоўна праваліўся ў сон.
— Не спі! Ісці трэба…
Лявонка падняў галаву. Ганна сядзела каля яго ўжо апранутая. Прыгладзіла непакорлівую пасмачку валасоў, што віхурыліся над яго лбом.
— Пайду я, а ты па-за клунямі ідзі, каб, крый божа, ніхто не ўбачыў!
— Не бойся, не ўбачаць…
— Ой, любы ты мой…
Ганна знікла за шырокімі дзвярыма клуні, і праз колькі хвілін Лявонка пачуў, як яна загрукала ў акно, просячы маці адчыніць дзверы. Трэба збірацца і самому.
Выйшаўшы з клуні, ён адчуў, як зямля поўніцца радаснымі гукамі. З усходу пачала ўжо займацца зара. За клуняю, калі ён выйшаў на паветра, зашумеў вішняк. Ад травы сачыліся ранішні халадок і бадзёрасць.
Па вуліцы, з касою на плячы, прайшоў Назар Хомка, але Лявонку не заўважыў.
Маці ўжо не спала.
— Назар пайшоў касіць, а Лявонка наш ужо накасіўся… — пасміхнулася Марыля, убачыўшы сына. — Захапіўся ты ёю, сынок.
Лявонка прамаўчаў. «Мабыць, ведае, — падумаў ён. — Ад яе нічога не ўтоіш…» Пасля бяссоннай ночы з якой бы асалодай ён паспаў, але якраз пад сняданак з'явіўся Піхта. Прыехаў вярхом на кані, увёў яго на панадворак і адразу ж зайшоў у хату, прынёсшы з сабой пах цыганскага табара.
— Добры дзень!
— Дзень добры! — быццам пагадзіўся Кірыла.
— Выручу я цябе, Кірыла. Глянь у акно! — У зялёных кашачых вачах цыгана гралі радасныя іскрынкі.
Выходзіць, стрымаў цыган слова: па панадворку хадзіў маленькі конік рыжай масці. Выйшлі з хаты.
— Барон дазволіў! — патлумачыў Піхта, нібы жадаючы сказаць, што ў гэтай справе няма нічога супрацьзаконнага.
Конік меў даволі здатны яшчэ выгляд: кароткія, моцныя ногі, тоўстая шыя, ёмкае, але не абвіслае чэрава. Кірыла ўзяў у Піхты пугу і пастукаў ёю па капытах. Цыган засмяяўся з сялянскай недаверлівасці, пахлопаў каняку на хрыбце.
— Пародзісты, бацю, конь, цыганскі!
— Жвавы конік, — згадзіўся Кірыла.
Але ж усе ведаюць, што цыган чалавека вакол пальца абвядзе, што ён, калі не абмане, не пражыве. Кірыла не раз чуў прымаўку «На паповай дачцэ не жаніся і каня ў цыгана не купляй». А што, калі не згадзіцца з гэтай
— От і конь, сам да хлява прыйшоў,— Масей, як заўсёды, засмяяўся шчарбатым ротам.
Важна падышоў Пракоп. Прытупаў Мікіта Чапёрка. Вестка хутка разнеслася па Прусцы. Прыбег аднекуль і Трахімка, без якога нішто не адбывалася.
— Глядзі, каб сапаты не быў. Вунь Марка Замагільны сапатага купіў,— папярэдзіў каваль і як бы знянацку рвануў каня за хвост.
Для жывёліны гэта было нечаканасцю, і яна са страху затупала капытамі і пусціла газы. У натоўпе засмяяліся.
У пяску ля плота капашыліся дзве курыцы і пра нешта ажыўлена між сабой перамаўляліся. Пачуўшы дзіўныя гукі, тут жа разбегліся.
— Зайграй — дык ён танцаваць пачне! — выйшаў са становішча Піхта.
— Пуздро невялічкае, — як бы падтрымаў яго Масей, заглянуўшы каню пад бруха.
— Маленькі — есці будзе менш! — рагатнуў Трахімка.
Піхта абвёў прысутных сваімі кашачымі вачыма:
— Конь харошы, нават і грошы браць за яго ніякавата — столькі з ім пражылі!..
Думкі, аднак, былі розныя — ад прускаўцаў не ўтоіш і недахопаў.
— Галава ў яго велікаватая… — сказаў Галёнка, прыгледзеўшыся да коніка.
— Бо разумны — таму і мелкаватая! — у цыгана на ўсё было вычарпальнае тлумачэнне.
— Паглядзі добра, ці не сляпы ён, — параіў абачлівы Ляксей Каленік, які таксама, пачуўшы гаману, завітаў на панадворак да Кужалёў.
— Тым лепей! — засмяяўся Трахімка. — Будзе есці салому, а думаць, што сена.
— Чольт яго не возьме! — сказаў Гамон — невядома ў якой сувязі з тым, што адбывалася.
— Колькі ж ты хацеў бы за яго, — асцярожна закінуў Кірыла, цярэбячы сябе за бараду.
— Няшмат.
Усе насцярожыліся, а найбольш — Кірыла з унукам.
— Рублёў трыццаць, як з цябе, — сказаў цыган і дадаў: — Добры ты чалавек.
— Падхадзяшча! — азваўся Масей, хоць яго згоды ніхто не пытаў.
Конь стаяў, зрэдку абмахваючыся хвастом. Кірыла, не спяшаючыся, абмацаў у яго пад сківіцамі, ці няма якога гуза.
— Глядзіце, каб не ашукаў! — нібы падстрахоўваў, а можа, і пацвельваў з Кірылы Трахімка.
— Можа, сыдземся на пятнаццаці?
— Дваццаць — і па руках! — махнуў шырокай далонню цыган. — Дзе наша не прападала!
На тым і сышліся, размашыста ляпнуўшы далонямі. Відаць, адчуўшы завяршэнне торгу, конік падняў хвост і пачаў апроствацца, з-пад хваста паляцелі на дол конскія яблыкі. Гэта лічылася добрым знакам, калі конь, пасля таго, як купцы прыйдуць да згоды, выпаскудзіцца.
Кужалі былі радыя.
— Дзякуй, Піхта, вялікі дзякуй!
— Будзеш рабіць гэтым канём, будзеш ездзіць і цыгана добрым словам успамінаць!
— Маленькі ён надта…
— Не ў велічыні конская сіла. Ты вось таксама з выгляду не асілак, але ж вунь які моцны!..