За волю
Шрифт:
– Тады я ведала, што скора ён возьме верх, я ня маю сiлы баранiцца, але неяк спрамаглася i з апошнiх сiлаў моцна крыкнула. У мяне ўжо ня было сiлаў, я так баялася гэтага зьвера. Ён схапiў мае абедзьве рукi, трымаў iх як клешчамi, а мяне крывёй абмазаў. Ён выглядаў так страшна, так пагражаў, што адабраў у мяне рэшту сiлы. Ня помню добра, што было пасьля, мусiць пацямнеў для мяне сьвет... Нейкая мiтусьня ў пакоi i тады ягоны, Джова, бацька нахiлiўся нада мной i спытаўся цi я окэй. Мацi таго гарылы старалася захiнуць мяне, бо на
Вера змоўкла. Бачыў Алесь у ейных вачох наплыўшыя сьлёзы. Але трэба-ж было ўдакладнiць.
– Ну i як, удалося яму?
– Што цi ўдалося?
– Ну тое, чаго ён хацеў...
– Не, дзякуй Богу, - цiха сказала дзяўчына.
– Бедная ты, мая дарагая. Дык ты, значыцца, дзеўка, - сказаў Алесь i адразу шкадаваў сваiх словаў.
– Алесь, як табе ня брыдка! Пасаромся!
– злосна сыкнула Вера. Твар ейны налiўся чырваньню а вочы глядзелi кудысьцi ўбок.
– Ты-ж гэта хацела падкрэсьлiць. Цi-ж ня так?
– настайваў Алесь.
– Я хацела табе расказаць, што на мяне гарыла напаў i моцна пакрыўдзiў. Я тады была вельмi маладая. Гэта ня жарты былi. Ад таго часу я баялася хлапцоў, ня мела нiколi бойфрэнда i нiколi нiкому не дазваляла дакрануцца да сябе. Я старалася наўмысна не малявацца i ня прыкрашвацца, як iншыя дзяўчаты, значыцца ня ўжывала памады для вуснаў цi якой iншай касмэтыкi таму, што не хацела каму на вока выстаўляць сябе. Да мяне ўсёроўна хлопцы лезьлi, але я нiколi нi зь кiм не хадзiла. Я не магла пазбыцца страху ад таго брутальнага нападу. Тады, як ты прыйшоў, я старалася быць добрай i ты бачыў як гэта выйшла.
– Ты бедная, дарагая мая, - суцяшаў яе Алесь пабачыўшы, што гэтая споведзь скалыхнула Веру да глыбiнь. Пад квяцiстай сукенкай рухалiся захiнутыя ў "крос-май-гарт-бра" поўныя грудзi. Адкрытасьць i поўная шчырасьць у вачох. Такая шчырасьць паўстае пасьля разладаваньня вялiке эмоцыi i душэўнага цяжару.
– Я хацела табе расказаць, каб ты зразумеў чаму той першы раз, як ты хацеў пацалаваць мяне, чаму я не магла... Я нiколi й нiкому раней гэтага не расказвала.
– Ну дык што? Хочаш, каб даў табе мэдаль за адвагу?
– сказаў Алесь.
– Алесь, як ты можаш так казаць?
– дакарала дзяўчына.
– Выбач, я не падумаўшы...
Доўга маўчалi. Лёгкi вецярок забаўляўся дубовымi лiсьцямi. Непадалёку на траве спынiўся робiн, нахiлiў галоўку, быццам прыслухоўваўся, дзеўбануў нешта ў траве ды выцягнуў вялiкага дажджавога чарвяка, пырхнуў i зьнiк у гушчы лесу. Дзесьцi за ўзгоркам раскрычалiся павы. Там у загарадцы гарадзкi гаспадар парку трымаў некалькi жывёлаў i птушак для малечы.
– Алесь, - цiха, ледзь чутна сказала Вера.
– Што?
– Раскажы пра сябе.
– Што ты хочаш цяпер ведаць?
– Калi я цябе раней прасiла дык ты ўсё зьвёў на жарты. Я запраўды хацела-б ведаць што сталася ў вайну...
– Цi гэта так важна?
– насьцярожыўся Якiмовiч. Ён ня змог-бы
– Так, Алесь, я-б хацела ведаць.
Вера адчула вялiкую палёгку калi падзялiлася з Алесем сваiм мiнулым, няхай сабе малым кавалкам яе, - нiбы выспавядалася. Спадзявалася, што Якiмовiч нейкiм падобным чынам адудзячыцца ёй. У гэны час Капшун i ягоная банда ня прысутнiчалi ў ейных думках, хаця й пытаньне ейнае было народжанае калiшнiм загадам разьведаць пра гэтага "фашыста", што побач.
– А што ты хацела-б ведаць?
– Ну пра вайну, дзе ты быў, што рабiў? Усё...
– Слухай, Вера. Давай, ня псуй прыгожага дня. Навошта гаварыць пра вайну, калi мы можам займацца каханьнем? Давай пра гэта... Перш за ўсё дай мне цалусiка!
– Не, Алесь! Я хачу, я прашу цябе мне расказаць!
– Ня маю таго настрою, - сказаў Алесь зь вялiкiм нацiскам на апошняе слова.
– Цi-ж я ў цябе чаго замнога прашу?
– насядала дзяўчына.
– Я-ж во расказала пра маё самае важнае...
Цяпер яна поўнасьцю ўсьведамiла моц каханьня, якое нарадзiлася ў ейным сэрцы да гэтага прыгожага дзяцюка. Недзе ў нутры падазрэньне, пасеенае Капшуном, iмкнулася да выясьненьня, каб запярэчыць, што хлапец мог быць такiм, якiм яго Капшун намаляваў.
– Ну, ведаеш, я-ж казаў табе, што гэта ня так важнае нешта, - тлумачыў Алесь зь нецярплiвасьцю ў голасе.
– Скажы, навошта так насядаеш?
– Ты мне дарагi, я цябе кахаю. Я-ж табе расказала пра сябе.
– Божа мой! Цi-ж мала табе таго, што я пра сябе ўжо расказаў?
Недзе парвалася струна, голас павысiўся. Гэта нядобра. Прычына ляжала недзе ў мiнулым. Узьненавiдзеў усякiх сьледавацеляў-iнквiзiтараў.
– Ня крычы на мяне, Алесь! Я хацела...
– Ты хацела, каб я перад табой выспавядаўся. Ты сама пачала сваю споведзь, хоць я i не хацеў слухаць...
– Добра, Алесь, я ня буду цябе змушаць. Я бачу, што ты мяне не дацэньваеш.
Голас дрыжэў. Яна была пры сьлёзах. Раптам устала i хуткiмi крокамi пайшла прэч.
– Вера, вярнiся!
Дагнаў дзяўчыну, схапiў яе за руку, але яна адпiхнула яго.
– Iдзi ад мяне! Я нiколi не хачу цябе бачыць!
У голасе дзяўчыны была такая рэзкасьць, якой раней ад яе ня чуў. I ў тым - поўная фiнальнасьць. Зьбянтэжаны такiм нечаканым паваротам, Алесь стаяў быццам прылеплены нагамi да сьцежкi, кроў малаткамi бушавала ў скронях, слабая млоснасьць разьлiлася ля ног i ззаду калi той "цудоўны рамонак" зьнiк за пагоркам на сьцежцы. Рука палезла ў кiшэню й выцягнула сярэбраную папяросьнiцу. Едкi дым ускалыхнуў лёгкiмi.