Заходнікі
Шрифт:
Кураглядаву спадабаліся гэтыя справядлівыя словы, але ён абачліва змаўчаў, параіў толькі яшчэ выпіць. Ка-лі ён прынёс яшчэ адну пляшку, Сяргееў усцешыўся:
— I куплёную маеш! — Маю, Іванавіч. Вып'ем за наша шчаслівае жыццё! Выпілі, спрабуючы падчапіць відэльцамі астылыя скрылікі бульбы.
— I мне, Лукіч, усё жыццё не шанцавала на баб, — паспачуваў Сяргееў. — Ужо жанаты, мужчына, павёз я аднойчы ў горад прадаваць парасяты. Прадаю патроху. Апошнюю свіначку купіла маладая дамачка. «Гаспадар, — кажа мне вельмі ж ласкава, апускаючы вочкі, — будзь добры, падвязі парася да майго дома». — «А што будзе?» — скалю зубы, як і кожны заскаліў бы.
— Я, Іванавіч, лепш улавіў дыялектыку жыцця! — адказаў Кураглядаў. — Помніш, новая ўлада нам дала зямлю? На, бяры — працуй, багацей. Тады наша вялікая сям'ішча падзялілася, мой бацька і яго браты пачалі жыць асобна. Старэйшы дзядзька, Яўграф, зашчыраваў, як кажуць, хутка аперыўся, куркулём стаў, дык яго пазней сход беднаты пастанавіў раскулачыць і выслаць з Ветрава.
— Сход «беднаты», «пралетарыяў»! — хмыкнуў Сяргееў. — Гэта так нам, дурням, тады ў галаву ўбілі! Па-сённяшняму — сход усіх няўдаліц, гультаёў і зайздроснікаў на чужое дабро! Яны пастанаўлялі «абашчэствляць» не толькі «арудзія труда», быдла, але і кажухі, валёнкі, маслабойкі, самавары, радыё — усё, чаго самі не мелі!
— Ну ты! Фармуліруй як след!
— Скажы чэсна, Лукіч: не з-за зайздрасці ты асабіста нават Яўграфа, дзядзьку, трыбушыў?!
— Не! Найперш з-за класавай свядомасці. Кажу ж, я змоладу адчуў дыялектыку… — «ідэйна» апраўдаўся Кураглядаў. У яго было ўжо за правіла: чым болей выпіваў і чым болей мог абы-што мянціць дурны язык, тым болей ён змушаў сябе прамаўляць толькі бальшавіцкімі лозунгамі. Гэта берагло і беражэ яго ад небяспечных даносаў. — Я свядома памагаў дзядзьку выкарчоўваць. Як кулака. Як варожы сацыялізму элемент.
— Які ён кулак?
— Кулак! Уласніцкае, а гэта значыць буржуазнае нутро ў яго было, кулацкая філасофія і псіхалогія, нянавісць да калгасаў і ўвогуле да нашага ладу.
— Не, Лукіч. Гаспадар быў Яўграф! Дбайны і талковы!
— А я кажу: кулак! Ён майго бацьку-бедняка не любіў, прылюдна класава абражаў: абібок, табе нельга даваць зямлю! Ты толькі марнуеш яеі Калі хочаш хлеб круглы год есці, аддай зямлю мне і ідзі да мяне ў парабкі!
— Хіба гэта не праўда, Лукіч? Яўграф накарміў бы і сябе, і вас, і яшчэ шмат прадаваў бы!
— Бацька мой не меў уласніцкай прагнасці, не нёс патэнцыяльнай пагрозы сацыялізму і камунізму. I нас да яе, прагнасці, не вучыў.
— Помню, — пахітаў галавой Сяргееў. — Ты змалку ўхіляўся ад чорнай работы, але спрабаваў уварваць
— Я рана паказаў усім: я — не жаўтароцік, не олух, я — барацьбіт за новы лад, я — сіла, звязаная з вялікай вышэйшай сілай! — заківаў пальцам Кураглядаў. — Мяне, Іванавіч, Бяздомны, наш камсамольскі важак, што прыехаў з горада, агледзеў і настроіў на патрэбны лад. Якраз па яго падказцы я і на дзядзьку Яўграфа напаў, засведчыў сваю свядомасць і адданасць, і табе, старэй-шаму, памагаў калгас у Ветраве ўсталёўваць.
— Памагаў, Лукіч. Сярдзітыя мы з табой былі на кулакоў і на іхняе дабро. Помніш, колькі іхніх кажухоў, валёнак, коўдраў сабе забралі, а то прапілі? А мёду, зерня? Аднойчы ты нават ледзь не згарэў ад гарэлкі.
— Малады зусім быў, не загартаваны.
— А я…
— Не крыўдзься, Іванавіч, але ты не ўмеў мысліць дыялектычна, — перапыніў яго Кураглядаў. — Ты не народжаны для наменклатуры. Ты то задумваўся, то перажываў, калі мусіў рабіць не тое. Ведаючы, што нічога не зменіш, што цябе многія асуджаюць, ты заліваў душу гарэлкай, падаў, як кажуць, з трыбуны і цвёрда не вёў лінію. Піць — пі, але… Прачынайся, пакутуй ад учарашняга, ачухвайся і гні-гні лінію далей! Цісні, даві ўсіх незадаволеных і няўгодных! Калі трэба, то — і свайго дзядзьку ды бацьку! Вось тады ты — кіраўнік!
— Спачатку і я, Лукіч, не шкадаваў нікога і нічога, рабіў усё, што загадвалі, — захліпаў Сяргееў. — Але я ці то адумаўся, ці то паў духам, калі мяне пасадзілі. За тое, што быў занадта паслухмяны, што мая башка «закружылася ад поспехаў». За тое, што не сябе, а мяне зрабілі дурнем, ворагам у вачах сваіх людзей! Хіба за гэта яны не змеі? Не паганцы? Не прахвосты?
— Але ж цябе хутка выпусцілі.
— Зміласцівіліся. Але ў душу наплявалі. Нават больш — мяне зламалі. Свае ж, «дарагія і родныя». Спажылі і з агідаю адкінулі!
— Ерунда! Каб ты лепш зразумеў лінію, дыялектыку, служыў верна і далей, ты зноў бы падняўся. Ты ж, кажу, запіў. Па-чорнаму, дзіка, да адключкі.
— А чым іншым, скажы ты мне, разумны, наш чалавек можа заліць боль змучанай душы?
— I я, Іванавіч, не святы, як ты кажаш, часамі заліваю гарэлкай свае пакуты, але ад лініі не адстаю, не збочваю, устойваю на нагах на ўсіх паваротах.
— Я — нягоднік, а ты — гад, вырадак! Падліза! Падбрэхіч! Сучка! Каб не такія сволачы, як ты…
— А ты — асёл! Баран! Абэлтух! — Кураглядаў схапіў земляка за грудзіну, але той ужо не збаяўся яго гневу: быў амаль непрытомны, толькі боўтаў галавой ды час ад часу лыпаў вейкамі, гадаючы, дзе ён і з кім. Бачачы гэта, Кураглядаў павалок таго ад стала ў суседні пакой, але апусціў не на ложак, а на ходнік каля яго; ведаў, што п'яны госць можа набурыць у пасцель.
Сяргееў яшчэ штосьці адчуваў, мармытаў, спрабаваў брыкацца нагамі, але ні з сабой, ні з ім саўладаць ужо не мог.
Кураглядаў жа накіраваўся зноў да стала. Ён мог і ха-цеў кульнуць яшчэ чарку-другую. Але толькі ўзяўся за пляшку, як застукалі з цёмнага двара ў шыбіну.
Хітнуўся за акно, намацаў у кішэні наган:
— Хто?
— Мы, Лукіч. Друззя. Клопікаў і Навуменкаў.
— Што вы хочаце?
— Хочам зайсці да вас, Лукіч. Пагаварыць, — адказаў Клопікаў.
— Мяне няма дома.