Закрываўленае сонца
Шрифт:
Анi Янук, анi Мiкола ня чулi раней, каб бацька малiўся так проста й шчыра, сваймi словамi. Такой малiтвы ня чулi з вуснаў нiякiх сьвятароў у нiякiх мясцовых сьвятынях. Гэта стоячы, злажыўшы рукi, сыны пытальна перазiрнулiся. Нешта новае варушыла iх сэрцы. Бацькаў твар, зьвернуты да абразоў напокуцi, ажыў нейкай няведамай сiлай, што перахапiла яго празрыста-пакорны зрок. Пасьля, шмат пазьней, ужо зусiм у iншых абставiнах паўстане ў Януковым уяўленьнi велiчнай явай гэта бацькава постаць i гадаць будзе гаротны Бахмач пра сэнс многа чаго вiдавочнага, а мо больш яшчэ адно спанатронага, падсьведама тады адчутага.
А бацька прадаўжаў:
– Вялiкi, дужы й справядлiвы Хрыстос наш, каторага нарадзiны сягоньня сьвяткуем. Радуемся прыходу
Пракопаў голас дрыжэў. Здавалася, што вось-вось абарвецца, засядзе дзесьцi ў сухiм горле.
– Спачатку, Госпадзi, прашу даць вечны спакой i прыхiнуць у ласцы Тваей нябожчыцу нашу, гаротнiцу Алену. Калi памiнаю яе тутака за гэтым сталом, дзе толька можа трэба Твайму прыходу радавацца, дык гэта таму, што яшчо нi загаiлiся й надта баляць раны з таго лета. Паспагадай нам, Госпадзi, памiлуй яе, нашу дарагую й добрую, каторую чужы гвалтаўнiк на той сьвет паслаў...
– Яшчо, Госпадзi, сягоньнiка народжаны Iсус Хрыстос, прашу даць здароўя сямейцы маей, каторая гэттака ля стала. Даруй нам грахi нашы, зрабi нас дужымi, дай нам руку Тваю, паддзержы нас, слабых, каторым так лёгка з дарогi зьбiцца можа найболi цяперака, як прыйшлi да нас тыя, што ганяць Цябе, навуку Тваю топчуць, абразы Твае б'юць, дамы малiтвы паскудзяць i зачыняюць. Прашу Цябе, Госпадзi Божа наш, выслухай гэтую прастую малiтву нашу, нi пакiдай, а паддзержы ўсю сямейку нашу...
– Сьвятая Прадслава, Апрасiньня Полацкая, Нябесная Заступнiца наша, прашу Цябе, малiся за нас, крыўджаных i панiжаных, прасi ў Госпада Айца Нябеснага ласкаў i помачы для нас,. Як Ты некалi на зямлi памагала нам i заступалася за нас, так цяпер i на небе нi забывайся аб нас у малiтвах сваiх.
– Яшчо, Госпадзi Божа, прашу паслаць сакавiты ўраджай на нiвы нашы, каб гумны поўныя дабра былi каб у хлявох прыплод вёўся i ў вагародах ды садох каб добра й спорна расло. Нiякая травiна на полi, нi рыба ў рэчцы, анi яблык на дрэве нi расьцець бяз волi Тваей, Госпадзi. Дык прашу Цябе, даруй нам грахi нашы, прыспор нам дабра ды дзяржы нас у ласцы й апецы сваей, Госпадзi. Божа няш, памiлуй нас, грэшных. Iсус Хрыстос, памiлуй нас. Нiхай сьвятло навукi Тваей вечна жывець мiж нас, каб жылi й працавалi мы так, як Ты нам загадаў. Благаславi, Госпадзi, гэту яду, што на стале. Слава Айцу й Сыну й Сьвятому Духу, амiнь.
Перахрысьцiўшыся, Бахмачы селi. Колькi часiн маўчаў Пракоп, пасьля зiрнуў на сыноў i стравы на стале. Крыху пачало хлiпаць, а пасьля параўнела жоўтае полымя сьвечкi.
Узялiся за куцьцю. Елi маўклiва. Пасьля куцьцi прыйшла чарга на селядцы, вiнiгрэт i iншае. Ужо недзе па чацьвертай страве загаварыў Янук:
– Гэткага, прызнацца, тата, я яшчо нiколi ня чуў.
– Чаго?
– Такiх малiтваў.
Накладаючы вiнiгрэт, бацька зiрнуў на сына.
– Я кажу, тата, што нiколi ня чуў, каб хто так проста, як ты, малiўся. Ну знаiш... моляцца з кнiжак пацаркоўнаму, алi-ж нi от так проста панашаму, што толька свая галава выдумаiць. Нi праўда, Мiкола?
– Я таксама нiколi такога ня чуў, - згадзiўся брат.
Бацька спакойна перажваў- i глынуў ежу ў роце, выпiў квас i абцёр вусы, уважна зiрнуў на сыноў.
– Знаеце што? Я нiколi, мусiць, нi расказваў вам гэтага... Як я некалi ў тым Пiтраградзе жыў, дык пазнаў аднаго чалавека нашага. Такi от сабе просты вясковы дзяцюк быў, там з-пад Полацку недзiка. От, значыцца, працаваў ён там на хвабрыцы, чытаць i пiсаць кумекаў трошка, алi ўжо ў тых яцях i iжыцах нi разьбiраўся саўсiм... Гэта, знаiця, пры цары такiя дзьве сьмешныя буквы былi, каторыя трэба было доўга вучыцца, каб ведаць дзе iх паставiць, а дзе няможна. Ну я нейкi-ж там пiсар быў, хоць i нiвялiкi, дык тыя яцi й iжыцы знаў. Ну алi я нi пра iх,
– Значыцца, жыў ён нi так далёка ад мяне й мы, бывала, у тэй самай царкве калi спаткаемся. Адзiн раз гэтак стаю я ў царкве, людзей кругом поўна ну й значыцца гляджу, - збоку лi мяне гэты самы Полацкi. А стаю блiзка лi яго i от чую, што молiцца. Тамака-ж, вядома, хор недзе высака на клiрасе пяець, сьвяшчэньнiк сваё, а дзяк - сваё, а гэты, - чую яго збоку, - молiцца. Ну людзi моляцца. Што-ж там, сказаць, спiцыяльнага, што хто ў царкве молiцца? На тое-ж яна i ёсьць царквой, каб у ей малiлiся людзi. Ды нешта мне на вуха папала, што гэты нi так тыя малiтвы кажыць, як другiя...
– Бярыце во, нальiвайце, запiвайце квасам, - паказаў Пракоп сыном на гладыш. Мiкола ўзяўся налiваць квас.
– Надта-ж смачны, такi сьвежанькi, дзякуй Богу, удаўся, - паясьнiў Бахмач.
– Ну й што далей?
– пытаўся Янук.
– Што далей, значыцца, пытаешся... От наставiў я тады вуха й чую, што гэты Полацкi цярэбiць сабе пад нос во гэткай гаворкай як мы тутака, нi раўнуючы, мiж сабой... Ён гэта ня тое, каб выпiнаўся, каб каторыя людзi чулi, ну алi-ж я гэттака саўсiм збоку лi яго, дык добра чую... Я калi спанатрыў, што гэты дзяцюк простай гаворкай сабе пад носам, дык падумаў, от добра гэта помню, каб з гэтага месца нi зышоў, калi нiпраўду кажу, - што можа ён от так сабе што якое ды ў царкве вярзець. Ажно чую, што не, гэта ён так да Бога гаворыць. I пабажуся, што ня тое, каб ён патрапляў тым напiсанным i кнiгах малiтвам, алi што са сваей галавы выдумаiць. Трэба прызнаць, што надта-ж складна ў яго выхадзiла. Я гэта, - як вам сказаць? ня тое, каб зьнiякавеў, цi што, алi от, думаю сабе, а гэта што за дзiва такое... Гэта я спачатку так трошачкi падумаў. Мне тады ўжо, трэба вам ведаць, дзесьцi пад дваццаць пятку падбiралася, нi маленькi ўжо значыцца, сёе-тое ў жыцьцi я ўжо вiдiзiў. Алi-ж, прызнаюся шчыра, - нiхай мне нованароджаны Хрыстос будзiць сьветкай, нiколi ў галаву нi прышло, што можна сваей простай гаворкай i так пасвоему, як умеiш, да Бога малiцца. Калi чалавек аб гэтым калi думаў, дык мусiць здавалася, што малiтвы ўлажылi людзi мудрыя, у Бога дастойныя, ну й яны сваё дзела зналi. Чалавек проста браў малiтоўнiк, цi можа якую малiтву калi ў школе вызубрыў, ну й малiўся. Нiколi ў галаву нi прыходзiла, што можна накш рабiць. Тады-ж, у гэнай царкве, збоку ля гэтага чалавека стоячы, я пачаў думаць. Скажу шчыра: спачатку сьмешным гэта здалося, ято ён рабiў, алi калi задумаўся далей, дык i не.
– Алi от, думаю, што будзiць тоя нiхай будзiць, а я вазьму й запытаюся яго чаму ён так робiць. А чаму-ж-бы не? Калi ён так да Бога папростаму асьмелiўся гаварыць, дык, пэўне-ж, чалавек ён адважны i ўдумлiвы, душой можа ня скрывiць i мне скажа. Скончылася, значыцца, у царкве, выходзiм i тады я да яго. Паздароўкалiся. Ну i я так ня тое, каб адразу з гэтым пытаньнем выскачыў. Iдзём па вулiцы, перакiдваем трасянку пра тое, як жывецца... Кажу я тады да яго: - Скажы мне, Мiкалай, чаму гэта ты ў царкве так малiўся? Я от збоку лi цябе стаяў i, даруй мне, падслухаў.
– Як гэта, кажаш, так?
– ён мне ў вадказ.
– Ну знацца нi па кнiжнаму, так простай гаворкай, - кажу. А ён мне на гэта: - А што, няможна?
– Я гэтта, прызнацца вам, зьнiякавеў. Можа, думаю сабе, нi скажа дзяцюк. Я-ж хацеў ад яго даведацца, а ён пытаецца цi можна... Алi гэта анiчуць мяне нi асадзiла.
– Мiкалай, - кажу, - я-ж гэта нi таго, каб разьбiраццацi можна цi няможна. Мяне от цiкавiць, чаму ты так рабiў. Я гэткае, знаiш, першы раз чуў... Усе-ж тыя малiтвы гаворуць, каторыя з царкоўна-славянскiх кнiжак наўчылiся. Алi, - кажу, - надта-ж пекна ў цябе выходзiла.
– Спачатку, як гэта я яго выпытваць пачаў, дзiржаўся як вожык, можа адразу нi скумекаў, што я бiзь нiякiх заднiх думак... Алi як пахвалiў я яго, што так складна ў яго выходзiла, дык гляджу - дзяцюкоў твар паясьнеў i тады ён мне так проста й папрыяцельску ў вочы мае глянуў.