Закрываўленае сонца
Шрифт:
Пракоп разьвёў рукамi, пацiснуў плячмi й сеў.
– Ага, ну да, - прыняў да ведама Пракопаву гутарку Скаруповiч.
– Нада было кабыле ажарабiцца i вапшчэ... Ну што сiчас, стала быць пасьля таго, як ваша кабыла ажарабiлася? Вы апяць... вапшчэ... паехалi дрэва вазiць?
– Дык казаў-жа вам, - тлумачыў Пракоп, ужо не ўстаючы, - што кабыла зацiганая, ня можыць... Улегцы падзiржаць яе трэба, каб падужэла.
– Сколька врэмя таму, як кабыла ажарабiлася?
– насядаў Скаруповiч.
– Дык ужо цi ня месяц будзiць... Я-ж кажу...
– Дык вы думаеце кабылу ў хлеве дзiржаць, ужо цэлы месяц дзержыце, а лесу вапшчэ ня думаеце вазiць?
– павысiў Яўхiм голас.
– Я-ж кажу, - баранiўся Пракоп, - што слабая яшчо.
– Вы мне кажаце!
– крыкнуў Яўхiм, - вы мне не кажыце! Я вам буду казаць i вапшчэ... панiмаiця? А вы маўчыце i мае распаражэнiя спалняйце!
Гэткi Скаруповiчаў выбух паралiжаваў шэпты ў залi. Людзi спачувальна пазiралi на Пракопа й няпрыхаваная варожасьць да фiнагента зьявiлася ў некаторых сялянскiх вачох. Нiколi дагэтуль не давялося Пракопу быць аб'ектам публiчнага ганьбаваньня. Ён апусьцiў галаву, глядзеў як дрыжэлi рукi, тыя самыя рукi, што калiсьцi ў глыбока-засьнежанай пушчы тузалiся зь вялiзнымi чурбанамi першакляснага дубу цi бярозы, якую пасьля ў "саюзную Гiрманiю" высылалi.
Янук сядзеў побач Дунi. Яшчэ напачатку сходу паклiкала яго да сябе дзяўчын. Гутаркi як i ня было. Паўслова, мiрг вока васiлька, штурхель у бок, дробненькая ўсьмешка, кепiкi, вось i ўсё. Здавалася Януку, што быў зьдзек i падман, абяцаньне нязьведанага й таўханьне пад бок. Усё гэта адбывалася ў вялiкай цеснай грамадзе, мiж завязаных кутамi пад бароды хустак, поту ад тыднямi нямытага цела, недахопу сьвежага паветра. Вабiлi пад шаўковай сукенкай у модным пальце тугiя грудзi, прынаджвала цяпло дзявочага цела, дурманiла галаву ейнае дыханьне.
А там за сталом гаспадарыў нахабна-валадарны й дурнаваты ў гэтай ролi Скаруповiч. Збоку смуродзiў самакруткай басяк Пятух. Гарой напокуцi стаяў фiнагент i голас свой вайстрыў не на каго iншага а на яго бацьку. Пракоп стаяў пры пярэдняй лаве, азiраўся на бакi, стараўся вытлумачыць тое, што ўсiм у вёсцы даўно ясна было. Якраз як тады, перад пабiтым абразом Прадславы, бацька выглядаў скорчаны, панiжаны, прыбiты. I Скаруповiчаў крык-загад недарослага гарлапана-ўраднiка, каторы адно ў пух абрастаў, нiчога пра жыцьцё ня ведаў, выклiкаў лiтоўскага селянiна на паядынак.
– Ты знаеш што? Нi крычы на мяне!
– сыкнуў i выпрастаўся Бахмач.
– Цi ты, жаба зялёная, думаеш, што я кабыле што загадаю? Хочаш дык завяду цябе ў хлеў, сам паглядзi, цi кабылу можна сягоньнiка ў ваглоблi запрэгчы. Можа яшчо лепi будзiць, калi да жарабя прыгледзiшся... Вуньдзiка яшчо цяпер на ногi цяжка ўстаець, хоць ужо болi як месяц мiнуў... А чыя вiна? Нашто пёрлi? Нi маглi даць тыднi тры-чатыры, каб кабыла вынасiла? Вы, - сам-жа кажаш, народная ўласьць. Калi так, дык ня толькi з народу браць мусiце, але й памагаць людзям трэба. А гэта-ж таму, што вы не далi кабыле вынасiць то цяперака двух калекаў у маiм хлеве. А цi-ж ты ня вiдзiш, - хiба-ж ты нi гаспадароў сын, - што бiз каня гаспадаркi нiма нiякай? Га? Дык скажы, што я цяперака рабiць маю? I ты, цаца вялiкая, гэттака прыехаў ганьбаваць мяне за тое, што я хворую кабылу на забой у лес нi пацягнуў? Га?
Грымеў Пракопаў голас. Змалеў за сталом ураднiк Скаруповiч. Гэтта нiяк i нiчога ў "сiсьцему" нi ўкладалася... Вось яно простае, голае, рухлiвае, бурлiвае й запраўды несхвальшаванае жыцьцё. Нязьбiтыя доказы. Як да гэтага датарнаваць iнструкцыi партыi й "сiсьцему"?
I стаяў у Януковых вачох бацька родны, вялiкi й пагрозьлiвы. Выскраблi ягонае цярпеньне цi ня больш, чым тады, як iкону Прадславы пабiлi. Дзесьцi была тая глыбiня, зь якой вырастаў поўны, маестатычны, пагрозьлiвы i ў гэтай пагрозьлiвасьцi дужы й небясьпечны Пракоп. Сумленны й працавiты чалавек, намагаючыся дагадзiць "народнай уласьцi", натужваўся, зьгiнаўся ў крук, браў над сiлу, навет калечыўся. Хрысьцiянска-беларускай душы чужым было ўсялякае круцельства. За натугi мо спадзяваўся пахвалы, а ў найгоршым выпадку спагады й падтрымкi. Гэтта-ж яму плацiлi брутальнымi дакорамi, лаянкай, пагрозамi, публiчным ганьбаваньнем. Усё гэта ў iмя некага "наймудрэйшага з мудрых, найлучшага з лучшых, найлюбiмейшага атца ўсiх народаў", ды нейкай агульнасправядлiвай "сiсьцемы", значыцца такога ладу, што даў раду ўсiм вялiкiм i малым жыцьцёвым праблемам, зазiрнуў у найглыбейшыя западзiны жыцьцёвай цемры ды ўсё-ўсенькае гарачым сонейкам "сталiнскай канстытуцыi" асьвяцiў. Адно вунь тая "сiсьцема" на помач вялiзным танкам, грузавым аўтамашынам i гусянiчным чалябiнцам мусiла Пракопаву жарэбную кабылу падпрэгчы, пакалечыць i матку i жарабя. У халоднай канюшнi яно кволае й дрыжачае цяпер на ногi ледзь-ледзь устане, як п'янае хiстаецца, спрабуе хадзiць ды зноў падае.
Пракоп сеў. Цi гэта з гарачынi ў поўнай залi, цi з паднечаньня закруцiла ў галаве. Расшпiлiў суконку, рукой памацаў грудзi й адчуў як зь вялiкага напружаньня прысьпяшыла ход сэрца. А ў залi панавала мёртвая цiшыня, стрыманае дыханьне. Пракоп зiрнуў на бакi. На яго й гэнага "сiсьцемнага" гарлапана за сталом глядзела дзясяткi вачэй. Вельмi душна ў сермязе зрабiлася. Сьцiскалiся вусны й вочы. Вось-вось набягуць сьлёзы. Чаму нi дадумаўся, нi дагледзiў? Чаму наадрэз не адмовiўся й ня даў кабыле вынасiць? Нахай-бы паскакаў-патэпаў гэты брыда Сымон. Што-б ён зрабiў? А цяпер як кабылу й жарабя выратуеш? Можа матка й выхадзiць, але як паставiш на ногi роджанага недалугу? Уквэкаўся дый годзе. I ўсяму вiной звычайная дурнота. Жаль распiраў Пракопавы грудзi й млоснасьць потам на лбе выступiла. Вялiкiм намаганьнем стрымлiваў сьлёзы.
– Таварышч Бахмач, - прачысьцiў горла й цiхiм голасам пачаў сельсавецкi фiнагент, - прысутствуюшчыя выслушалi вас. Думаю, што сягоньня ня будзiм болi задзержывацца на вашым неiспалненьнi палан. Я далажу аба ўсiм у сiльсавет i пушчай з вамi разьбiраюцца. Сьледуюшчыя, - пачаў Скаруповiч чытаць прозьвiшчы лiтоўскiх гаспадароў i працэнты, што зарабiлi за вываз дрэва.
– Хачу вас iзьвясьцiць, што па зарплату нужна ў сiльсавет явiцца. Там заработаныя дзеньгi за вываз дрэва палучыце. А сiчас, - гэтта Скаруповiч спынiўся, уважна прыгледзеўся прысутным i даўжэй затрымаўся на седзячым сьпераду рыжавусым Захаруку, - хачу ў прымер усiм вам паставiць аднаго чалавека, каторы дажа норму пiравыпалнiл, патаму што вапшчэ выпалнiл на сто пяць працэнтаў. Для гэтага чалавека наша народная ўласьць прызначыла прэмiю i вапшчэ... Но пака этага самага, пака прэмiю пiрадам, хачу нескалька слоў аб бальшым значэнii пiравыпалненi плана сказаць. Панiмаеце, што наша савецкае гасударства ня толька трэбуiць ад людзей чэснага труда для нашага обшчага блага й вапшчэ, но i атнасiцельна вазнаграждаiць гэты труд. Таму што, як я вам раньшэ сказаў, наша правiцельства й лiчна таварышч Сталiн...
Скаруповiч наўмысна спынiўся на прозьвiшчы дыктатара. Заля маўчала. Фiнагент глытнуў камяк сьлiны.
– ...i лiчна таварышч Сталiн ня раз указывалi й сiчас указываюць, што бяз труда ня было й ня будзiць атнасiцельнага прагрэсу.
Абтрапанае, нуднае й нястраўнае манатонным голасам падарожнiчала з гарляка фiнагента, вандравала мiж чатырох сьценаў i глохла мiж завязаных пад бароды хусьцiнак, сермягаў, кажухоў. Можна было падрамаць i нiчога важнага ня страцiць аж да моманту, пакуль гэны манатонны голас ня падымецца на ўрачыстую ноту, спаткнецца на перапынках i ажно тады прынясе нешта новае. Гэтак вось i цяпер. Пасьля добрых хвiлiн дзесяцi нуды, фiнагентаў голас затрымаўся, гарляк кашлянуў.
– Сiчас хачу аб'явiць гражданiна, з каторага саветую ўсiм браць прымер i вапшчэ... На сто пяць працэнтаў план пiравыпаўнiў таварышч Захарук Пётр Паўлавiч!
– Маладзец!
– сказаў голасна звычайна маўклiвы Аўдолiн Тодар.
– Цi-i-iха ты!
– сыкнула на яго жонка.
– Стала быць, Пётр Паўлавiч, - прадаўжаў Скаруповiч, - я хачу паблагадарыць вам ад iмя сельсавету. I яшчо вапшчэ надзеiмся, што ў будушчым тожа будзiце выпаўняць i пiравыпаўняць нормы плана й будзеце прымерам усей вашай дзярэўнi й вапшчэ...