Жыцце і ўзнясенне Уладзіміра Караткевіча
Шрифт:
— Ой, тады пазнаёмце нас асабіста! Зрабіце ласку!
Па дарозе да "Сукеніц" мы распрацавалі план розыгрышу. Падышлі — бачым: стаіць Валодзя ля помніка Міцкевічу, снег з каўняра абтрасае, на гадзіннік паглядае.
І вось падыходзіць да яго жанчына, апранутая ў дарагое футра, і па-руску строга пытае:
— Таварыш Караткевіч?
— Так.
— Уладзімір Сямёнавіч?
— Та-ак.
Вось што, Уладзімір Сямёнавіч, вам прапануецца на працягу дваццаці чатырох гадзін пакінуць межы гэтай краіны. Аб прычынах лепей не пытайце, таму што вы іх добра ведаеце самі.
— Ну… Ну што
Жанчына рассмяялася. І тут Валодзя зразумеў, што яго зноў разыгралі.
— Завошта?! — спытаў ён у мяне меладраматычна, калі ўсё высветлілася.
— А каб не гаварыў, што цябе ўжо больш ніхто не "купіць", не зазнаваўся. Ды і за ўчарашняга "сапраўднага паляка", Валодзечка, за тое, што ты мяне таксама падвёў пад манастырскі мур…
А напярэдадні здарылася вось што. Польскія сябры арганізавалі ў наш гонар "прыём" у кафэ "Літаратурнае" на Плянтах. Прыйшоў з універсітэта прафесар Лужны, нейкі барадаты паэт. Пагаманілі крыху, выпілі па маленькаму кілішачку такайскага віна.
— Паседзімо дзе яшчэ! — рашуча запрапанаваў мне Валодзя, калі пачалі разыходзіцца.
— Дужа няма часу.
— Знойдзеш той час! — калі Караткевіч упарціўся, спрачацца з ім не мела сэнсу. — Пойдзем у "Кухцік"!
— Тады — лепш у "Міхаліковую яму". Аформлена яшчэ мастакамі "Маладой Польшчы". Выспяньскі там бываў. Цыганскі хор спявае…
У "Міхаліковай яме" было чамусьці пуставата. За суседнім столікам сядзеў сівы мужчына з "арліным носам". Пацягваючы моцную каву і пітны мёд, Валодзя заўважыў:
— Відаць, так выглядаў Юльян Тувім, калі быў жывы.
Наш сусед пачуў, што пра яго гаворым. І калі мы выйшлі, спачатку стаяў у гардэробнай чарзе перад намі, а потым — за намі. Як вынікала з наступнай размовы, ён зразумеў, што паміж сабой мы гаворым не па-руску, а вось ці на ўкраінскай, ці на беларускай мове — да яго не дайшло… На вуліцы ён дагнаў нас і адразу пачаў браць быка за рогі:
— Але ж і памыі вы, панове, пілі ў гэтай "яме"!
— Чаму — "люра"? — здзівіўся Валодзя. — Нішто сабе пітны мёд. Стары. Трайны.
— Калі хто прыязджае ў Польшчу з Украіны або з Беларусі, то павінен піць не мёд… Вы… ведаеце генерала Залатарова?
— Здаецца, быў такі. А што?
— Я — той слаўны лейтэнант Сокал, які пад яго началам змагаўся на ўкраінскай і беларускай зямлі за вашу і нашу вольнасць! І калі хто прыязджае з Украіны ці з Беларусі, то запрашаю на сапраўдны польскі пачастунак! Не на такія памыі.
Валодзя штурхнуў мяне ў бок: нарэшце натрапілі на "сапраўднага паляка"! Але мне нешта ныла ў сэрцы, і я пачаў рашуча аднеквацца.
— Няма часу. Спяшаемся!
— Я ведаю, што калі хто прыязджае з Украіны або з Беларусі, то заўсёды не мае ні часу, ні грошай. Я запрашаю, я стаўлю! Ад чыстага польскага сэрца.
— Але ж…
— Ніякага "але", Адасевіч, нельга крыўдзіць чалавека! — заўпарціўся Караткевіч.
І мы пайшлі ў вялікае "гумно" пад назвай "Гавэлка", дзе наш новы знаёмы выкупіў тры ўступныя білеты па дзесяць злотых (на нашыя гэта было тады па пяцьдзесят капеек) і, сеўшы за столік, гучна паклікаў афіцыянта:
— Гэта нашы савецкія госці! Мусіце іх абслужыць на вышэйшым узроўні! — і прашаптаў
Неўзабаве на стале з'явілася цэлае "мора". І нейкая мізэрная закусь: агурок, капуста.
— Але ж пан і многа грошай патраціў, — бянтэжыўся Валодзя. — Адомас, пашукай у сваім партфелі які сувенір, — шапнуў мне.
— Які пан! Дай пысу! Вып'ем на "брудзя"! — гарлапаніў "лейтэнант Сокал". На пласцінку з беларускімі песнямі, дзе мы паставілі свае аўтографы, нават не звярнуў увагі. Знішчаў заказанае з шалёным імпэтам. Прыставаў да жанчын за суседнім столікам. Нарэшце неяк абвяў. Я папрасіў у афіцыянта рахунак, і той прынёс — нешта на чатырыста восемдзесят злотых.
— У мяне толькі дзесяць, — прамармытаў "Тувім". — Але затое ёсць ашчадная кніжка, я зараз збегаю, здыму тысяч з пяць — і тады па-сапраўднаму пагуляем!
У дзесяць гадзін вечара ён пойдзе ў ашчадную касу! Смеху варта… Я ціхенька разлічыўся з афіцыянтам, і мы падаліся да дзвярэй. А "лейтэнант Сокал" тым часам прыстройваўся за суседні столік, адкуль яго гналі…
Ноччу, гадзіны ў чатыры, Караткевіч, расказваў потым сам, раптоўна, нібы ад штуршка, абудзіўся і доўга не мог заснуць: вечна гэтых беларусаў нехта крыўдзіць: то шведы, то французы, то немцы, а цяпер яшчэ і палякі…
Назаўтра пан Нядзеля ўспрыняў нашы нягоды з гумарам:
— Не толькі ж у вас водзяцца "дзеці лейтэнанта Шмідта"… Будзь, Валодзю, асцярожны, у выпадку чаго не купляй Вавельскі замак ці які помнік, — і расказаў нам гісторыю, як аднаму амерыканцу ў Варшаве "прадалі" калону Зыгмунта. Стаіць мільянер, любуецца. Падлабуньваюцца двое: "Падабаецца?" "О йес!" "Купіць хочаце?" "О йес!" Умомант абставілі ў нейкай кватэры бюро, плакаты расклеілі, машыністка ляпае. Прывялі туды амерыканца, заплаціў наяўнымі. "Назаўтра пачнем пакаваць", — абяцалі. Назаўтра прыходзіць, глядзіць: стаіць калона цэлая! Тады кінуўся ў міліцыю: "Ашукалі!" "Хто вам мог прадаць нацыянальную рэліквію?" — здзівіліся там. Пайшлі шукаць бюро, знайшлі нарэшце. А там — звычайная кватэра ўжо: дзеці плачуць, сабака бегае. "Якое, пане, бюро?" — здзіўляюцца. — "Мусіць, прыснілася".
— Ото малайцы, — па-свойму разважыў Караткевіч, забыўшы пра ўчарашнюю крыўду. — Устаўлю ўсю гісторыю ў "Расказы з каталажкі". Уяўляеце сабе: прыязджае амерыканец ў дарэвалюцыйны Магілёў ці Вільню. І яму прадаюць, скажам, помнік Мураўёва-вешальніка або Кацькі. Што тут пачнецца…
Каб ужо закончыць з забаўнымі здарэннямі ў Кракаве, згадаю яшчэ адно. Дакладней, унясу пэўныя карэктывы ў вельмі цікавыя і эмацыянальныя ўспаміны Дануты Бічэль-Загнетавай "Сустрэчы, аўтографы…" (Літ. і мастацтва. 1986, 3 кастрыч.). "Сядзяць Караткевіч і Мальдзіс у мяне на кватэры па вуліцы Паповіча, — гаворыцца там, — і расказваюць розныя літаратурныя анекдоты. Напрыклад, пра тое, як Валодзя ў Беластоку ці Варшаве адной польскай паненцы хацеў сказаць камплімент па-польску і ў яго атрымалася: "Вы капнента Данута Бічэль". І як паненка пакрыўдзілася. І як ён яе перапрошваў. Бо словам "капнента" у польскай мове абзываюцца, лаюцца, а кампліментаў не гавораць. А ён хацеў сказаць "выкапaная"… Праўда, іншым разам яны расказвалі гэтую гісторыю з варыянтам: "Вы — капнента Вольга Іпатава…" Так з імі здаралася…"