Злая зорка
Шрифт:
Неўрапатолаг яшчэ даўжэй выстукваў сваім малаточкам, прымушаў высоўваць язык, ашчэрваць зубы, прысядаць, згінаць рукі, ногі. Усё гэта рабілася ў той жа паслядоўнасці многа разоў. Запісвалі ў гісторыю i нічога не казалі. I гэта Глеба асабліва раздражняла. Астатнія спецыялісты хоць разважалі ўголас, аналізы паведамлялі. Неўрапатолаг i псіхіятр глыбакадумна маўчалі. Ад гэтага здавалася, што толькі яны выявілі галоўную хваробу — такую, пра якую i гаварыць страшна нават паміж сабой, у сваім асяроддзі.
Пракансультавалі Глебавых суседзяў — нельга ж было аднаго яго. Павел разумеў, што ix — за кампанію, i
Анколаг сцяла вусны. Неўрапатолаг дакорліва ківаў галавой. Толькі экс-міністр i Пыльчанка падтрымлівалі Паўлавы жарты. Вольгу Андрэеўну абурала перш за ўсё мужава несур’ёзнасць: знайшоў дзе блазнаваць! Сама яна з хваляваннем, ад чаго ажно перасохла ў роце, i з асаблівай увагай лавіла кожнае слова дактароў навук не толькі тады, калі яны варажылі над Глебам, але, можа, з яшчэ большай увагай — калі выслухоўвалі i мацалі іншых. Ей здавалася, што нехта з ix расслабіцца i міжволі выкажа тое, чаго не выказаў наконт хвароб яе сына. Яе спалохала, што Глеб пасля аптымістычных заключэнняў уролага звяў. Ляжаў, падсунуўшы рукі пад палыселую галаву, i быў абыякавы да таго, што рабілася навокал, наўрад ці слухаў, пра што гаварылі i ўрачы i сябры яго.
Размову вялі ў кабінеце галоўнага ўрача. Але без маці. Чаму ніхто не запрасіў маці? Звычайная няўважлівасць, якая стала нормай? Прафесары больш уважліва чыталі гісгорыю, перакідваліся спецыяльнымі тэрмінамі. Зрабілі ў тоўстай гісторыі запіс, усе трое паставілі свае подпісы. Выканалі прафесійны абавязак.
Вясёлы ўролаг на гэты раз сур’ёзна i паважліва сказаў Пыльчанку:
— Ну, што мы вам, Уладзімір Паўлавіч, мусім сказаць? З поўнай згоды ўсіх, — іранічна пасміхнуўся, — што нячаста бывае. Адно цвёрда можна сказаць, суцяшальнае: анкалагічнага захворвання няма. I хворыя i блізкія ix перш за ўсё баяцца гэтага. Ix можна зразумець, хоць у цэлым страхі перабольшаны…
— Дык мала ж часу прайшло, — сказаў Пыльчанка.
— Я не пра аварыю. Пра анкалогію ўвогуле. Я дам статыстыку, колькі мы вылечваем. А там, на захадзе, працэнт удвая большы. Праклятыя буржуі абганяюць нас.
— Мяне цікавіць мой сын.
— Разумею. Адкіньце страх! Той, найбольшы.
Тут Уладзімір Паўлавіч падумаў, што дарэмна не ўзяў жонку.
— Але разам з тым не будзем таіць праўды. Хвароб у хлопца букет. Ці ўсе з’яўляюцца вынікам апрамянення — я не адважыўся б сцвярджаць.
— Хлопец рабіў на станцыі.
— Хапіў ён дозу немалую — гэта так. Але ў анамнезе запісана, што ў маленстве ён перанёс нямала хвароб. Так? Так. Паталогія была, — прафесар звярнуўся да калег. — Мы зараз многа ломім коп’яў, але ў адным згаджаемся: апрамяненне перш за ўсё парушае імунную сістэму. Зніжае ахоўныя функцыі. Во гэта, можа, самае сграшнае. Шумы ў сэрцы ў яго маглі быць i раней, I кішэчнік. I ныркі,— прафесар заглянуў у гісторыю хваробы. — Зніжаны зрок. Але калі ён правяраў вочы? Зніжэнне зроку — хвароба большасці людзей. Вось так i іншае, — галоўнаму ўрачу: — Трэба сабраць усе гісторыі хвароб гэтых людзей.
— На Пыльчанку запыталі Кіеў, Чарнобыль — пакуль што ніякага адказу.
— Наш стыль! —
— Скажыце там у сваёй акадэміі! На хворых такіх патрабуецца поўная інфармацыя. Так нельга працаваць! — амаль узлавана кінуў уролаг акадэміку.
— Чаму ён палысеў? — спытаў Уладзімір Паўлавіч, бо тое, што Глеб страціў валасы, i яго моцна ўразіла i спалохала.
— Гэта карціна знаёмая. I гэта не самае страшнае.
— Целеш схапіў не менш. Аднак у яго вунь якая чупрына. Лічыць: толькі i страты — што жонка выскубла.
— Палысець чалавек можа ад стрэсу, — сказала анколаг.
— Ну, гэта праблематычна, — не згадзіўся акадэмік.
— Валасы адрастуць, — запэўніў уролаг. — Увогуле, Уладзімір Паўлавіч, скажу вам яшчэ адно для заспакаення: крызісны перыяд мінуў. Невылечных паражэнняў не адбылося. Але мушу сказаць i суровую праўду: лячыцца Глебу прыйдзецца доўга. Будзе трымацца астэнія — павышаная стамляльнасць. Небяспечная ўспрымальнасць да інфекцый. Карацей кажучы, пэўны час бацьку сямейства трэба будзе берагчыся, як малому дзіцяці. Добра, што ў яго жонка ўрач. У Светлагорску? Во там няхай i сядзіць, калі выпішацца адгэтуль. У ваш «праслаўлены» раён няхай наведваецца як можна радзей. Што хочуць дадаць мае калегі?
Калегі дадалі нямала, асабліва неўрапатолаг, па частцы радыяцыйнай медыцыны, дыягназу Глебавых хвароб, прагнозаў яго i ўвогуле прагнозаў здароўя людзей.
Яны былі нібыта i суцяшальныя, прагнозы. Уладзімір Паўлавіч падзякаваў медыкам. Але ўвогуле размова зрабіла на яго цяжкае ўражанне. Не разумеў, не ўмеў растлумачыць — чаму? Не прафан ён у радыяцыі. За паўгода многа пазнаў — прачытаў, паслухаў спецыялістаў многіх галін навукі — фізікаў, біёлагаў, медыкаў… I аднак… Ніякія веды не ратуюць ад душэўных пакут, калі хварэе тваё дзіця. Тут ён разумеў маці i падумаў ужо інакш: добра, што не прысутнічае Вольга. Няхай лепш даўжэй пабудзе з сынам, аптыміст Павел Целеш заспакоіць яе лепш, чым пяць урачоў.
III
Выляталі «гракі» часта. Але палёты кароткія. На такой хуткасці можна за дзве гадзіны ў Ташкент злётаць. А радыус ix зоны дзеяння абмяжоўваецца сотняй кіламетраў, рэдка кідалі далей — для масіраваных удараў па скапленні маджахедаў. Але ў тым i бяда, што скапліваліся яны хіба для штурму гарадоў i, у выпадку няўдачы, разляталіся, што ўзняты смерчам пясок. Няўлоўныя.
Кароткія вылеты пілотаў не радавалі. Пра гэта апошнім часам не баяліся гаварыць начальству. Лічылі прыніжэннем на такой машыне ганяцца за дзесяткам апранутых у лахманы, барадатых людзей, хоць i ўзброеных самымі новымі англійскімі аўтаматамі.
Больш ахвотна выляталі на разведку, тут хоць «прагон» большы — «начарціць сетку». I работа — фотаздымкі.
З азартам выконвалі хіба адно баявое задание — падавіць ракетныя ўстаноўкі маджахедаў. На гэтую сучасную зброю мелі злосць. Ракеты неаднойчы абстрэльвалі ix схаваны паміж гор у вузкай даліне аэрадром. Загінулі таварышы. Ракетамі бамбяць Кабул, іншыя гарады. Гінуць дзеці, жанчыны.
«Стынгеры» збіваюць часам не толькі транспартнікаў, але i «Су» i «МІГі». Толькі зяўні, не зрабі належны манеўр — i гэтая змяя выйдзе на твой цеплавы след i будзе ісці па ім, пакуль не дагоніць. I тады нішто ўжо цябе не ўратуе. Катапультавацца не паспееш.